Ты ведаеш, розна бывае ў змаганьні,
цябе я вітаю з-за крат...
Успомні, дзяўчына, вясну, і каханьне,
і сьцежкі, і жыта, і сад...
Успомні, як ночы плылі і міналі
пад звонкую трэль салаўя.
Успомні, дзяўчына: тады прысягалі,
што буду я твой, ты - мая.
Хай кінула доля турму, як завалу,
зваліла на сьцежак прасьцяг,
вер: іскра каханьня, што ў сэрца запала,
ня згасьне ў астрожных мурах.
Калі не загіну ў няроўным змаганьні,
на волю зноў выйду з-за крат.
Запомні, дзяўчына, вясну, і каханьне,
і сьцежкі, і жыта, і сад...