Ёсьць у паэта свой аблог цалінны,
Некрануты прастор для баразён,
Дзе ён працуе зь першае хвіліны
І да апошніх вечаровых дзён;
Ёсьць думак прагавітае насеньне,
У жменю назьбіранае з дарог,
Што сьпелага чакае ўвасабленьня,
Заліўшы хваляй жытняю аблог;
Ёсьць сэрца маладое, безь якога -
Без палкага, жывога пачуцьця -
Няма ў яго нічога: ні аблога,
Ні плённых дум, ні самаго жыцьця;
І ёсьць адказнасьць перад строгім вершам,
Перад яго пачаткам і канцом -
Каб баразну, радком пачаўшы першым,
У сноп зьвязаць шаснаццатым радком.