Калі зь зямлі на белай хмары ў неба
Падымецца магутны карабель,
Мы, людзі, будзем думаць: а ці трэба
Шукаць пілотам для Зямлі зямель?
Ці варта круг рабіць ім разьвітальны,
З тугой за кантынентамі сачыць,
Як быццам бачыць кадр дакумэнтальны,
Дзе ім ужо статыстамі не быць?
Няхай, па невядомай нам прычыне,
Не вернуцца яны на касмадром,
Заснуўшы сном касьмічным у кабіне
Ці недзе новы адшукаўшы дом...
Аднак зацьвердзяць посьпеху бясспрэчнасьць
Наш век дваццаты і наступны век,
І будзе фільм Зямлі глядзець не вечнасьць
Вачыма зор сваіх, а чалавек.