Гадзіньнік мой – не сонца, што ў зэніце,
Гадзіньнік мой – не сэрца, што ў грудзях.
Сваім дакладным часам на арбіце
Сама зямля мой вымярае шлях.
Начы і дні адбіўшы чаргаваньне,
На месцы не стаяць мацерыкі –
Па іх жывым і сонечным экране
Бягуць дарог і рэчак ручнікі.
Дыван вясны перацьвітае ў лета,
Завея лісьцяў – у сьняжынак пух;
Я не хачу, каб некалі ўсё гэта,
Хаця б на момант, свой спыніла рух.
Хай сэрца стане, сонца ў хмарах згіне,
А ты, Зямля, няспынным крокам кроч,
Не дай на той мне ўпасьці палавіне,
Дзе дня не будзе, будзе толькі ноч.