РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Сапраўднае імя Ядвігіна Ш. – Антон Лявіцкі. Ён нарадзіўся 25 чэрвеня 1868 года ў маёнтку Добасьня Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласьці. Бацька служыў аканомам.
         Пасьля заканчэньня Менскай гімназіі Антон Лявіцкі паступіў на мэдыцынскі факультэт Маскоўскага Унівэрсітэта. Закончыць, аднак, універсітэт не ўдалося. За ўдзел у рэвалюцыйных выступленьнях і студэнцкіх хваляваньнях трапіў у Бутырскую турму. У знак пратэсту маладыя людзі сьпявалі ў камэры песьні. Спачатку студэнцкі гімн на лацінскай мове «Haudeamus igitur» («Будзем весяліцца»). Затым гучалі песьні – рускія, польскія, украінскія. Па ўзору суседзяў студэнты Віленскага і Менскага зямляцтваў захацелі засьпяваць сваю, беларускую песьню. Зь цяжкасьцю ўспаміналіся чутыя ў маленстве словы і музыка, але ўсё ж такі ажыла сумная і дарагая сэрцу беларуская мелёдыя. «Пяялі, – успамінаў Ядвігін Ш., – саўсім прыцішаным голасам, як бы баючыся, каб хто не падслухаў іх, каб з чужымі людзьмІ не прыйшлося дзяліцца неспадзеўкі знойдзеным дарагім скарбам...» Дачка пісьменьніка Ванда Лявіцкая ўспамінае, як Ядвігін Ш. пазьней ацэньваў ролю беларускай песьні, прасьпяванай у маскоўскай турме: «Вось тут я пазнаў сябе беларусам».
         «Вясёлых бунтаўшчыкоў» з агульнай камеры паліцыя хутка разабрала. Студэнт Лявіцкі атрымаў «адзіночку». У зьняволеньні ён перакладаў на беларускую мову апавяданьне Гаршына «Сігнал». Вучыцца ва унівэрсітэце пасьля турмы Антону Лявіцкаму ўжо не дазволілі. Ён вярнУўся дадому. Бацька працаваць не мог, цяжка хварэў. Ён памёр праз некалькі дзён пасьля невясёлага сынавага вяртаньня. А ў хуткім часе новая бяда напаткала Лявіцкіх – згарэў іхні дом у Карпілаўцы. Малады гаспадар, аднак, не разгубіўся. Пабудаваўшы невялікую хаціну, Антон Лявіцкі пакінуў маці на гаспадарцы, а сам паехаў у Менск здаваць экзамэн на аптэкара. Пасьля стажыроўкі ён працуе ў Радашкавічах і заадно будуе сабе дом у вёсцы Карпілаўка.
         У Радашкавічах вакол Ядвігіна Ш. гуртуецца мясцовая інтэлігенцыя. Гэта былі патрыёты – прапагандысты беларускай культуры. Яны праводзілі літаратурныя вечары, дэкламавалі вершы Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча. Ядвігін Ш. напісаў п'есу «Злодзей». Мясцовыя аматары паказалі яе на сцэне.
         У 1906 годзе ў Вільні стала выходзіць беларуская газэта «Наша доля». У хуткім часе яна была забаронена. Тады беларускія адраджэнцы сталі выдаваць «Нашу ніву». Ядвігін Ш. актыўна выступаў у друку, а потым ён пераехаў у Вільню і працаваў у рэдакцыі.
         Да Ядвігіна Ш. цягнулася патрыятычна настроеная моладзь. У яго кватэры часта бываў Янка Купала. Малады паэт браў у Ядвігіна Ш. кнігі, разам з гаспадаром яны часта абмяркоўвалі творы Міцкевіча, Ажэшкі, Крашэўскага. Хваляваліся абодва за будучыню свайго народа, яго лёс, зь цікавасьцю ўзіраліся ў гістарычнае мінулае.
         У 1914 годзе пачалася Першая Сусьветная Вайна. Беларусь была ахоплена агнём, па дарогах блукалі і гінулі бежанцы. Пасьля рэвалюцыі на Беларусь прыйшлі інтэрвенты. Ядвігін Ш. цяжка перажываў народную трагедыю, але нават у самыя цяжкія дні ён заставаўся інтэлігентам – чалавекам культуры, праціўнікам гвалту і разбою. Ядвігін Ш. лічыў, што шлях да ўдасканаленьня жыцьця ляжыць праз асьвету і культуру. Ён асудзіў тых рэвалюцыянераў, якія ў грамадстве сеюць варожасьць. У адным з артыкулаў 1905 года Ядвігін Ш. пісаў: «Тыя, хто расьсейвае не яднаньне, а раз'яднаньне, не дружбу, а варожасьць, не любоў, а нянавісьць, тыя не ўсьведамляюць ніякай адказнасьці не толькі перад кім-небудзь, але, я ўпэўнены, і самі перад сабой».
         Ядвігін Ш. зь вялікай адказнасьцю ставіўся да мастацкай творчасьці. Ён імкнуўся ў сваіх творах выказаць праўду пра лёс беларускага народа, абудзіць у людзей патрэбу агульнымі намаганьнямі перайначыць жыцьцё на лепшае. У артыкуле «В. Марцінкевіч у практычным жыцmі» Ядвігін Ш. гаворыць, што беларусам трэба ўзяць прыклад з чэхаў. Пасьля таго, як у XVII стагоддзі вышэйшыя колы чэшскага грамадства зьніклі з палітычнага жыцьця, а іхнія мейсцы занялі немцы, чэшская сьвядомасьць і мова сталі гінуць. У XVIII стагоддзі многія лічылі, што чэшская мова ўжо зьнікла. Чэхі, аднак, дружна ўзяліся за адраджэньне сваёй культуры. Першае правіла, якім яны кіраваліся, было такое: «Кожны чэх няхай стараецца гаварыць добра па-чэшску, высьцерагаецца слоў і зваротаў чужой мовы». Ядвігін Ш. адзначае, што згуртаванасьць і патрыятызм дапамаглі чэхам стаць «высокай культуры народам у славянскай сям'і». Ядвігін Ш. лічыць: «Нам, беларусам, варта вучыцца ў іх вытрываласьці і тых спосабаў, якія яны ўжываюць і цяпер для абароны ад няпрошаных апекуноў».
         Ядвігін Ш. пісаў розныя па форме апавяданьні – псіхалагічныя навелы, прытчы, байкі. Яны друкгваліся ў зборніках «Дзед Завала» (1910), «Бярозка» (1912), «Васількі» (1914). Яго пяру належаць нарысы «Лісты з дарогі», у якіх аўтар расказаў пра сваё падарожжа пяшком па Беларусі, мэмуары «Успаміны» (1921), незакончаны раман «Золата».
         Памёр Ядвігін Ш. у Вільні 24 лютага 1922 года.
2009–2019. Беларусь, Менск.