РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Анатоль Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 г. у вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну Гомельскае вобласьці ў сялянскай сям’і. З 1967 вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, потым у суседняй вёсцы Броннае, дзе ў 1977 скончыў 10 клясаў.
         З 1977 да 1982 вучыўся на аддзяленьні рускай і беларускай мовы і літаратуры Гомельскага Дзяржаўнага Ўнівэрсітэта. Пасьля заканчэньня унівэрсітэта прызваны ў армію (служыў на тэрыторыі Польшчы).
         У 1984 працаваў карэспандэнтам раённай газэты «Перамога кастрычніка» ў г. Ветка.
         У 1985 пераехаў у Менск, дзе працуе старшым тэхнікам Рэспубліканскага радыётэлецэнтра.
         Член СП Беларусі з 1988.
         Друкавацца пачаў яшчэ падчас вучобы ў школе ў раённай газэце «Дняпровец». У гады вучобы ва ўнівэрсітэце зрэдку дасылаў паэтычныя творы ў «Гомельскую праўду», «Чырвоную змену». Рэгулярна друкуецца з 1986. Першы самастойны зборнік «Агмень» (бібліятэка часопіс «Маладосць») выйшаў у сьвет у 1988, куды ўвайшлі вершы і дзьве паэмы, напісаныя ў час знаходжання ў войску. Усё, што напісана да службы ў войску, паэт спаліў.
         У студэнцкія гады пісаў пародыі на сяброў і часта дэкламаваў іх на вечарынках.
         У 1989 надрукаваны зборнік «Пан Лес».
         А. Сыс – паэт шчыры, адкрыты, эмацыянальны, патрабавальны да свайго паэтычнага радка, не церпіць пустазвону і шэрасьці ў паэзіі. Тэма асабістага «я» ў кантэксце сучаснага адраджэньня – найбольш блізкая і актуальная ў паэта. У яго балюча абвостраны погляд на сучаснасьць, дапытлівы пошук выйсьця са складанага становішча, у якім апынулася беларуская культура ў апошні час. Штодзённая карпатлівая і бязьлітасная праца душы накіравана на пошук новых літаратурных форм і нетрадыцыйнага самавыяўленьня. Апошні час ён піша мала. Адчувае ўнутраную патрэбу і заклік часу заняцца перакладамі, асэнсаваць беларускую літаратуру ў сьвятле сусьветнае літаратуры.
         Жыў ў Менску.
         Памёр у 2005 г.
        
         © сайт “Родныя вобразы”.
        
         http://sys.knihi.com/ - сайт, прысьвечаны Анатолю Сысу.
2009–2020. Беларусь, Менск.