РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баран
Культ барана характэрны для многіх народаў. На тэрыторыі Усходняй Эўропы пахаваньне чарапоў баранаў (казлоў) у курганох (Гнёздава, Чарнігаў) зьвязваецца са скандынаўскім звычаем. На тэрыторыі Беларусі чарапы бараноў (казлоў) выяўлены побач з касьцяком чалавека ў курганных пахаваньнях блізу вёскі Шо, Залеські, Чарневічы (Глыбоцкі раён Віцебскай вобласьці).
 
Існуюць шматлікія павер’і аб белых баранчыках (козліках), якіх бачаць апоўначы на курганах. Вядомы культавыя камяні, зьвязаныя з баранам: блізу вёскі Гудзеняты (урочышча Баранішкі) Іўеўскага, у гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёнаў. Пра Барашкаў камень блізу вёскі Гудзеняты ёсьць паданьне, згодна зь якім у час швэдска-рускай вайны салдаты на камені смажылі барана. Пасьля прыняцьця ежы шмат швэдскіх салдатаў асьлеплі, яны блукалі вакол каменя і гінулі ў багне.
 
Вядомы абрады ахвярапрыношаньня баранў. Блізу вёскі Рэчкі Шаркаўшчынскага раёна ў сярэдзіне XIX ст. у ноч на Дзяды зьбіраліся старыя сяляне, прыводзілі казла або барана, распальвалі на цьвінтары агонь, рэзалі жывёліну, варылі і ў капліцы з абрадавымі песьнямі рабілі памінальную вячэру. Сьвята з вогнішчамі ў гонар барана адзначалася на гары каля вёскі Варганы Докшыцкага раёна (гл. Гара Варганская). Дасьледнікі зьвязваюць культ барана з культам урадлівасьці.
           Л. Дучыц

Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.