РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гарбарства
Рамяство па вырабу скур для пашыву абутку. Сыравінай служылі скуры рагатай жывёлы (быкоў, цялят, кароў – ялавак, авечак, коз), зрэдку коней, свіней. Сырыя скуры кансервавалі метадам салення (мокрасалення, сухасалення) і сушэння. Для мокрасалёнай кансервацыі бахтарму (мяздру) пасыпалі соллю або пагружалі скуру ў канцэтраваны раствор солі. Пры сухасалёным метадзе скуру пасля засолкі сушылі, пры прэснасузім – сушылі беззасолкі. Традыцыйная тэхніка вырабу скур уключала падрыхтоўчыя аперацыі (мачэнне, заленне, мяздрэнне, ачыстка ад шэрсці, абяззольванне, квашанне), дубленне і апрацоўку. Усе аперацыі праводзіліся ўручную. Мачылі скуры ў рацэ або ў чанах (драўляных бочках), потым апрацоўвалі водным растворам попелу і вапны. Са скур ачышчалі шэрсць і мяздру звычайнай касой ці нажамі з адной ці дзвюма ручкамі (скобля, струг) на калодзе (пласе, кабылцы) – нахіленай паўкруглай дошцы. Адна- і двухручныя прылады вядомы са старажытнасці (бел. археолагамі знойдзены нож – тупік 12 ст., Дзярж. Музей БССР). Атрыманы паўфабрыкат – галлё – абяззольвалі, каб скура не была ломкай, цвёрдай. Для гэтага яе старанна паласкалі ў вадзе, “квасілі” ў водным растворы вотруб’я або мукі (аўсянай, жытняй, пшанічнай, ячнай), кухоннай солі. У нар. Практыцы часта квашанне адсутнічала, а на Палессі замест залення практыкавалі “паценне” ў гноі. Дубленне скуры праводзілася, каб яна стала вільгаценепранікальнай, мяккай, эластычнай (для верху абутку) або, наадварот, цвёрдай, каб не стоптвалася (для падэшвы). Апрацоўка скур уключала фарбаванне, пакрыццё тлушчам (“жыроўка”), глянцаванне (лашчэнне), струганне, мяцце. У 19 ст. на Беларусі для фарбавання юхты ў чорны колер ужывалі жалезны купарвас, брызэль, чорны сандал, а саф’ян, акрамя купарвасу, фарбавалі яшчэ цындрай (жалезнае пілаванне), індыга і інш. У якасці тлушчу выкарыстоўвалі бярозавы дзёгаць, алей, ялавічны тлушч, ворвань. Падэшвенную скуру не тлушчылі і не фарбавалі. Прасушаную пасля тлушчэння скуру стругалі ( апрацоўвалі мяздру). Потым яе мялі, выкачвалі, глянцавалі драўлянымі качалкамі з нарэзамі, каткамі, бялянам. Гатовыя скуры адрозніваліся па гатунках: юхт (скура для верху абутку), падэшвенная, апойка (скура з цяляці – сысунка), саф’ян (мяккая скура з казліных, цялячых, авечых скур), замша (авечая ці аленевая скура без верхняга пласта), лайка (з авечых скур). Юхт і апойку выраблялі белага, шэрага і чорнага колераў, саф’ян – часцей каляровы (чырвоны, жоўты, зялёны, чорны).
 
Г. было пашырана пераважна ў мястэчках і гарадах, а з сярэдзіны 19 ст. – і ў вёсках, калі заможныя сяляне пачалі шыць скураны абутак. У канцы 19 – пач. 20 ст. гарбарная вытворчасць развівалася як фабрычна – заводская і саматужная (апошняя пераважала). Тыповымі былі невялікія гарбарні, у якіх працавалі гаспадар з 2 – 4 рабочымі або членамі сям’і. Для вясковых майстроў Г. – дапаможны занятак. Пашырана было амаль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Найбольшымі цэнтрамі Г. былі Гродна, Мір, Ліда, Пружаны, Кобрын, ашмяны, Смаргонь, Віцебск, Полацк, Лепель, Усвяты, Магілёў, Шклоў, Крычаў, клімавічы, Давыд – Гарадок, Тураў, петрыкаў, слуцк, Мазыр, Брагін, Рэчыца. Высокай якасцю славіліся магілёўскія і мазырскія скуры, якія карысталіся вялікім попытам і за межамі Беларусі. У 1920 – 40-я г. саматужнае Г. было забаронена. У 50-я г. кааператыўна – прамысловыя арцелі рэарганізаваны ў дзярж. Прадпрыемствы. Скуры для абутку вырабляюць Бабруйскі гарбарны камбінат, Мінскі, Магілёўскі і Гродзенскі гарбарныя заводы, Пінскі завод штучных скур. У гарбарнай вытворчасці выкарыстоўваюць рацыянальныя элементы нар. Вопыту, а тэхналагічны працэс апрацоўкі скуры захоўвае ўсе асноўныя традыцыйныя аперацыі; аперацыі залення вапнай, дублення дрэвавай карой і некаторыя інш. амаль не змяніліся.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2019. Беларусь, Менск.