РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гужавы транспарт
Від сухапутнага транспарту, дзе ў якасці цягі выкарыстоўвалася рабочая жывёла. На Беларусі асноўнай цяглавай сілай здаўна быў конь, у паўд.-зах. частцы – і вол. Жывёлу запрагалі ў вазы з дапамогай вупражы (гл. Запрэжа). Канструкцыя і знешняя форма Г. т. адлюстроўвалі сезонныя ўмовы, функцыянальнае прызначэнне, сацыяльную прыналежнасць і рэгіянальныя асаблівасці вытворчай культуры. У залежнасці ад пары года сродкі Г. т. падзяліліся на колавыя, або летнія (калёсы, мажара, фургон, тарантас, роспускі, брычка, карэта, бяда і інш.), і палазныя, або зімнія ( простыя сані, развалкі, кары, вазок, падсанкі). Паводле функцыянальных асаблівасцей тыя ж сродкі падзяляюцца на грузавыя і выязныя (пасажырскія). Выязныя экіпажы (карэты, брычкі, фаэтоны, фурманкі, дыліжансы) былі ва ўласным карыстанні і на рэгулярных паштовых маршрутах. Г. т. на Беларусі быў асноўным відам сухапутнага транспарту са старажытных часоў і да 1880-х г. і адпавядаў тагачаснаму ўзроўню вытворчых сіл і стану шляхоў зносін. У сельскай гаспадарцы адыгрываў істотную ролю да сярэдзіны 20 ст. У наш час Г. т. выкарыстоўваецца для перавозкі малагабарытных і сыпкіх грузаў на кароткія адлегласці пераважна ў кааператыўных і асабістых гаспадарках.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.