РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дарэнне
 
(Абдорванне, Надзяленне)
Вясельны абрад, які выкрнваецца на працягу ўсяго вяселля, пачынаючы ад запоін. Асноўныя віды: абмен падарункамі паміж нявесткай і жаніхом і іх сваякамі (азначае яднанне маладых і іх родаў); Д. раднёй і суседзямі маладым у час падзелу каравая (вынік захавання рэшткаў родавага побыту); Д. жаніхом дробных падарункаў нявечце, яе маці, братам, сёстрам (звязана з рэшткамі стараж. Элементаў формы шлюбу пры дапамозе куплі – продажу); абдорванне маладой пасля пераезду ў дом маладога ўсёй яго радні. Апошні рытуал узнік пазней, калі дары маладога як своеасаблівы выкуп маладой страцілі сэнс; па аналогіі гэты від Д. перанесены на маладога і яго сваякоў. Ад маладой патрабавалася асабліва вялікая колькасць дароў, таму ёй рыхтавалі іх з дзяцінства, дапамагалі сваякі. Падарункі (лён, воўна, маткі нітак, палатно і інш.), якія ўваходзілі ў прыданае, нявеста атрымлівала ад сваякоў і суседзяў пры запрашэнні іх на вяселле. У час запоін і заручын нявеста абдорвала сватоў жаніха ручнікамі, хусткамі і інш.; сваты давалі ёй крыху грошай, стужкі інш. На вяселлі маладых абдорвалі некалькі разоў кожнага паасобку альбо разам. Падарункі звычайна клалі на засланае ручніком века ад дзяжы (пазней – на талерку), пастаўленае на стале перад маладымі. Нярэдка блізкая радня дарыла маладым жывёлу, зерне, гаспадарчыя рэчы і інш. Асоба, якая дарыла, называла дароную рэч, выказвала добрае пажаданне маладым і выпівала чарку. У бел. вяселлі ёсць вялікая колькасць спецыяльных пажаданняў, якія выказваліся ў час Д. асобнымі формуламі, звычайна ў рыфмаванай форме. У песнях Д. і формулах-пажаданнях змяшчаюцца таксама пагрозы, праклёны таму, хто не стрымае свайго слова (“не аддасі – ваўкі з’ядуць”; “звяр’ё паз’ядае”, “па лясах паз’бягае” і г. д.). Маладыя ў сваю чаргу жадалі тым, хто дорыць, каб іх дар кампенсаваўся “ў хлявочку-волікамі, у стаенцы – конікамі, у садочку пчолкамі, а ў пасцелі – жонкаю” і інш. Сучаснае бел. вяселле ў сваёй аснове захавала лепшыя нар. традыцыі Д.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.