РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Двухнітовае ткацтва
Адна з найбольш старажытных і распаўсюджаных тэхнік народнага ткацтва. Ткацтва на 2 нітах давала магчымасць атрымаць тканіны палатнянага ці рыпсавага перапляцення. Выкарыстоўвалася самастойна і ў спалучэнні з інш. відамі ткацтва (закладным, браным, выбарным, ажурным, пераборным; гл. адпаведны арт.). Двухнітовым спосабам звычайна ткалі льняное палатно (кужаль, зрэб’е, радно), некаторыя ўзорыстыя тканіны (спаднічныя, посцілкавыя) з разнаколеонай ільняной або шарсцяной пражы, ручнікі. Аснова дэкаратыўнага рашэння – клетка і палоска.
 
У канцы 19 – пач. 20 ст. клятчастыя льняныя спадніцы (рабізны, рабакі, рабушкі, рабейкі, саматканкі і інш.) у вёсках насілі амаль паўсюдна. Рэгінальныя асаблівасці выяўляліся ў пераважанні якога – небудзь колеру (напр., на Магілёўшчыне і Гомельшчыне чырвонага, на Віцебшчыне цёмна – сіняга) або вертыкальных ці гарызантальных палос, маштабных клетак. Сярод шарсцяных двухнітовых спаднічных тканін найбольш пашыранымі былі тканіны ў палоску (даматканкі Брэстчыны, андаракі Магілёўшчыны) і клетку ( андаракі Міншчыны і Гомельшчыны). На аснове палатнянага перапляцення атрымлівалі розныя дробныя ўзоры, выкарыстоўваючы каляровыя ніткі асновы і розныя камбінацыі двухчаўночнага ўтку. Так, для спаднічнай тканіны “костачкі” (Віцебшчына, Магілёўшчына) рабілі двухколерную аснову, у якой цёмныя і светлыя ніткі чаргаваліся праз адну. Пры запраўцы красён іх накідвалі ў розныя ніты (напр., цёмныя ў першы ніт, светлыя ў другі), мяняючы месцамі праз роўную колькасць нітак. Светлыя і цёмныя ніткі ўтку чаргаваліся ў тым жа парадку. Пры гэтым атрымлівалі тканіну са штрыхавымклятчастым узорам.
 
У тканінах для фартухоў, ручнікоў і інш. выкарыстоўвалі ўточны рыпс, атрыманы на аснове палатнянага перапляцення (тонкія ніткі ўтку поўнасцю перакрывалі больш тоўстыя ніткі асновы). Такім чынам атрымлівалі палосы шчыльнага ўточнага насцілу (пераважна чырвонага колеру) на белым фоне. Такі спосаб упрыгожвання тканін называўся ператыканнем (Палессе). Шырока выкарыстоўваліся і дробныя двухчаўночныя ўзоры – зубчыкі, шашачкі. Такія ж прыёмы арнаментацыі характэрны для льняных посцілкавых тканін Гомельшчыны (посцілкі “кацавыя”), у якіх рэдкія ніткі асновы (цераз трасціну) поўнасцю пакрываліся ніткамі ўтку. Своеасаблівых дэкаратыўных эфектаў дабіваліся выкарыстаннем утку рознай таўшчыні і рознай шчыльнасці натыкання ўтку (фатрухі Зах. Палесся). Для атрымання вузкіх узорыстых палосак у зеў закладвалі тонкія шнуркі, скручаныя з нітак кантраснага колеру (напр., чырвонага і чорнага, чырвонага і белага і інш.). Такі прыём выкарыстоўвалі ў тканінах для фартухоў, спадніц (Столінскі р-н), ручнікоў (Гомельскі р-н), пазней – пры тканні палавікоў і посцілак.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2019. Беларусь, Менск.