РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрэваапрацоўчыя інструменты
Тыпалагічна разнастайныя прылады і інструменты, прызначаныя для апрацоўкі дрэва. У залежнасці ад выкарыстання падзяляюцца на некалькі асноўных груп. Стругі, скоблі, гэблі ўжываліся для габлёўкі; розныя тыпы сякер, драч – для ачэсвання, адсякання і расколвання; стамеска, долата, цясла, пешня – для даўбення; доўбня, малаток, чакуха – для забівання; свердзел, дрэль, кобра – для свідравання; піла, пілкі, затор – для пілавання; лінейка, цыркуль (размер), шаблоны, вугольнік, драка (зачэртач), рэйсмус, ватэрпас, адвес – для вымярэння і вызначэння неабходных прапорцый. Большасць пазначаных Д. і . у сваю чаргу маюць асаблівасць канструкцыйных форм і выкарыстоўваюцца для больш вузкіх вытворчых аперацый (струг з прамым і авальным лязом; гэблік звычайны, фуганак і калёўка; піла цяслярская, падоўжаная і лучковая і інш.). У кожным з дрэваапрацоўчых рамёстваў (цяслярстве, сталярстве, бондарстве, стальмашным і інш.) ужываўся набор функцыянальна неаднародных інструментаў (стругальных, свідравальных, вымяральных і інш.), якія адпавядаюць розным стадыям вытворчага працэсу – ад падрыхтоўкі і першаснай апрацоўкі драўніны да канчатковага вырабу. Адны з іх – універсальныя, выкарыстоўваюцца ў разнастайных рамёствах (сякера, піла, струг, долата, свердзел, гэблік), другія – спецыялізаваныя, толькі для асобных работ (затор бандарны, гэблік – калёўка, лопацень стальмашны, драч для вырабу дранкі і інш.). Разнастайнасць Д. і. і іх спецыялізацыя адлюстроўваюць шматграннае багацце вытворчых прыёмаў і навыкаў і сведчаць пра высокі ўзровень рамеснай тэхнікі ў беларусаў. У дрэваапрацоўчым рамястве, апрача Д. і., выкарыстоўваюцца блізкія да іх па функцыянальнай ролі вытворчыя прылады і прыстасаванні – варштат сталярны, такарны станок, гантарэзка, гбала (баба), колесня, лябёдка і інш. Многія Д. і. выкарыстоўваюцца ў гаспадарцы і ў наш час.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2019. Беларусь, Менск.