РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жалейка
 
(Дудка2, Пішчык2, Ражок, Чаротка)
Старажытны духавы язычковы музычны інструмент. Канструкцыя Ж. пры захаванні вызначальнай адзінкі – адзінарнага язычка – пішчыка – дапускае варынтнасць інш. элементаў. Мясцовыя разнавіднасці Ж. адрозніваюцца матэрыялам (дрэва, саломіна, гусінае пяро, чарот, рог), колькасцю адтулін (4 – 12, ёсць і без іх), адсутнасцю або наяўнасцю раструба, прынцыпамі вырабу і мацавання язычка (бывае наразны або прывязаны), памерамі (100 – 360 мм ). Гучанне моцнае, рэзкае, круху гугнявае. Ігралі на Ж. сола і ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі, гармонікам паасобку або ў розных камбінацыях, часам далучалі і барабан. У рэпертуары жалеечнікаў песенныя і танцавальныя мелодыі, вясельныя маршы, часам пастухоўскія сігнальныя найгрышы. Інструмент быў пашыраны па ўсёй Беларусі ў музыкантаў – прафесіяналаў і пастухоў; дзеці выкарыстоўвалі Ж. для забавы. З сярэдзіны 19 ст. інтэнсіўна выцясняецца кларнетам. У наш час трапляецца рэдка. Ж. апета ў бел. нар. песнях і ў прафесійнай паэзіі (упамінаецца ў ананімнай паэме 1-й пал. 19 ст. “Тарас на Парнасе”; першы зб. вершаў Я. Купалы названы “Жалейка”). Ж. – важны канструкцыйны элемент дуды.
 
Пішчык – лакальная назва адной з раднавіднасцей жалейкі, што вырабляецца са сцябліны спелага жыта. Вызначаецца характарам гучання – вібрыраванага, пранізліва рэзкага, моцнага. Зафіксавана ва ўсіх раёнах Брэсцкага Палесся.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.