РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зажынкі
Старадаўні земляробчы звычай, звязаны з пачаткам жніва. Яго абрадавы сэнс быў скіраваны на тое, каб забяспечыць добры збор ураджаю. У зажынкавых абрадах і звычаях адлюстравана пашана селяніна да хлеба, своеасаблівы яго культ. У абрадзе першага снапа (“гаспадара”) бачны элементы анімістычнага светапогляду, земляробчай магіі, заклінання. З. уласцівы рэгіянальныя асаблівасці. Звычайна іх спраўлялі ў суботу вечарам. Перад тым прыбіралі хату і двор, стол засцілалі белым абрусам, клалі бохан хлеба і ставілі соль. Зажынальніцкай выбіралася жанчына “лёгкая на руку”, каб усё жніво прайшло спраўна. Часцей зажынала гаспадыня з дочкамі або нявесткамі, часам на ніву адпраўляліся адны дзяўчаты, бралі з сабою хлеб і свежы сыр.. Зажынальніца віталася з нівай:”Добры дзень, ніўка, ядронае жыта!”. Потым зжанала некалькі сцяблін, скручвала перавясла і падпярэзвалася ім, а першы сноп жыта ставіла са словамі “Стаўлю сноп на сто коп, на тысячу мерак”, клала пад яго хлеб і сыр. У першы выхад на ніву нажыналі невялікі сноп жыта, перавязвалі яго чырвонай стужкай, неслі да хаты і ставілі на покуці; зерня пасля з яго дамешвалі да насення.У дзень З. рыхтавалася святочная вячэра, у час якой сям’я з’ядала хлеб і сыр, прынесеныя з нівы. За сталом спявалі зажынкавыя песні, у якіх чулася скарга збажыны на тое, што ёй надакучыла “ў полі стаяці, коласама махаці”, гучалі заклінальныя матывы на добры ўраджай. У некаторых вёсках спраўляюць калгасныя З.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.