РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кавалі
Майстры, якія займаліся коўкай металу. У старажытнасці адначасова былі гутнікамі – майстрамі па выплаўцы жалеза з балотнай ці азёрнай руды, з якога потым выкоўвалі прылады працы, зброю, хатняе начынне, упрыгожанні і інш. У 11-13 ст. К. адасобіліся ад гутнікаў, у 14-17 ст. дыферэнцыраваліся ў шэраг вузкіх спецыяльнасцей: мечнікаў, замочнікаў, рагатнікаў, лучнікаў, нажоўчыкаў і інш. Гарадскія К. належалі да саслоўя мяшчан і з 16 ст. мелі права аб’ядноўвацца ў цэхі рамеснікаў. У 2-й пал. 17 ст. шмат К. з Беларусі працавалі ў Маскоўскай дзяржаве. Навучанне кавальскаму рамяству працягвалася ад 3 да 7 гадоў, пасля чаго вучні станавіліся чаляднікамі (падмайстрамі). Для атрымання статусу майстра К. павінны былі зрабіць “вандроўку” па рамесніцкіх цэнтрах (ці заплаціць за яе) і выкаваць пэўны выраб (“зрабіць штуку”). Сельскія К. задавальнялі патрэбы навакольнага насельніцтва ў неабходных прадметах хатняга ўжытку, сельскагаспадарчых прыладах і інш. Перадача майстэрства адбывалася шляхам вучнёўства, часта ў сваіх бацькоў (калі рамяство было спадчынным) ці ў местачковых К. Да канца 19 ст. К. працавалі часова ці пастаянна па найму ў грамадскіх кузнях, пазней сталі набываць уласныя і ўсталёўваліся ў вёсках. К канцу 19 ст. ў кожным павеце налічвалася да 50 сельскіх К. Звычайна К. працавалі разам з памочнікам – малатабойцам. Акрамя гарачай ці халоднай коўкі, К. выконвалі зварку, загартоўку, а таксама слясарныя, бляхарныя, паяльныя і інш. Работы. У час Вял. Айч. Вайны многія К. ў партызанах выраблялі і рамантавалі зброю. У наш час К. працуюць у калгасных і саўгасных майстэрнях, рамантуюць сельскагаспадарчую тэхніку, задавальняюць патрэбы ў неабходных вырабах, звычайна валодаюць газа- і электразваркай.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.