РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Камора4
Вясельны абрад першай шлюбнай ночы. Адбываўся пераважна ў доме маладога ў канцы вяселля. Называлася таксама пакладзіны. Маладых пасля кароткай вячэры, а часам і не заходзячы ў хату, вялі ў халодную будыніну (камору, клець, гумно). Пасцель прывезеную ад маладой, слалі родныя маладых. На зямлі рассцілалі некалькі неабмалочаных снапоў жыта, клалі ў пасцель хмель і розныя зёлкі, часам побач ставілі каравай. Вывернутым кажухом засцілалі парог, часам і пасцель. Маладых да К. вялі на ручніку сват або свацця (ці сястра маладога), за імі ішлі ўдзельнікі вяселля з песнямі, музыкай, скокамі. Згодна са звычаем маладая разувала маладога і брала з яго ботаў спецыяльна пакладзеныя туды грошы. Зачыніўшы маладых, вясельнікі спявалі жартоўныя песні, скакалі, пляскалі ў далоні, білі ў бубен, патэльню, бегаючы вакол К. Будзіць маладых у К. першай заходзіла свацця або сястра маладога, каб засведчыць цнатлівасць маладой (паглядзець “на калінку”). За захаванне нявестай цнатлівасці адказваў увесь яе род, страта цнатлівасці лічылася ганьбой. У такіх выпадках яе бацьку (хроснаму бацьку або яе брату) надзявалі конскую вупраж і вадзілі па вёсцы, маці давалі піць з дзіравага чарапка, сваякі маладога спявалі адпаведныя песні, яго вароты і хату абмазвалі дзёгцем, нявесту аблівалі вадой, білі. Калі ж яна была цнатлівай, у К. маладым прыносілі смажаную курыцу або яечню, вады памыцца, апраналі іх у чыстую бялізну, а кашулю маладой выносілі на паказ усім прысутным. Затым у рукавы кашулі насыпалі жыта, клалі грошы, перавязвалі чырвоным поясам і разам з бутэлькай чырвонай салодкай гарэлкі, заткнутай калінай ці мяцёлкай аўса і перавязанай чырвонай стужкай, аддавалі маладому, які разам са сваім сватам ехаў дзякаваць яе бацькам. У яе гонар на хаце маладога вывешвалі чырвоную хустку або пояс, каля варот ставілі куст каліны. Бацькі і сваякі маладой, падперазаўшыся чырвонымі паясамі, упрыгожыўшы дугі стужкамі, а сябе калінай, з песнямі, гіканнем імчаліся на конях да маладой. Іх каля варот сустракалі дачка, бацькі маладога, з вялікай пашанай запрашалі ў хату за стол, частавалі чырвонай салодкай гарэлкай і салодкай кашай з мёдам. Вясельнікі спявалі песні (т. зв. Калінкі) пра добрую нявесту і яе чырвоную каліну. Іншы раз сваякі маладой скакалі на лавах, білі посуд, а бацькі маладога ўсё гэта ім выбачалі. Такое баляванне таксама называлася калінкамі або салодкімі ражкамі (пірагамі, кашай), салодкай або чырвонай гарэлкай. У наш час традыцыйны абрад К. не бытуе.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.