РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кушнерства
Промысел па апрацоўцы аўчын і шкурак пушных звяроў. У нар. К. галоўнае месца займаў выраб аўчын для пашыву зімовага адзення – кажухоў, паўкажухоў, шапак. Апрацоўка шкурак упаляваных пушных звяроў (зайца, вавёркі, лісы, куніцы, тхара і інш.) мела другараднае значэнне. Футры выкарыстоўваліся для шапак, каўняроў. Тэхналагічны працэс традыцыйнага К. ўключае некалькі паслядоўных аперацый (адмочванне, мяздрэнне, квашанне, мякчэнне, дубленне). Адмочаную ў вадзе авечую шкуру ачышчалі ад мяздры (мяздравалі) на нахіленай паўкруглай дошцы на дзвюх ножках (калодзе) звычайнай касой, выкарыстоўвалі і скоблю (струг). Пасля прасушвання шкуру заквашвалі (каб яе размякчыць і засцерагчы ад гніення) у “квасе” – кіслым растворы жытняй ці аўсянай мукі з соллю. Вядомы два спосабы квашання: акуначны (“акун”; акуналі ў чан з хлебным растворам) і намазны (“намазь”), калі бахтарму намазвалі кіслым цестам – рошчынай. Шкуры мякчылі драўляным або жалезным крукам (ключом). Дубленне аўчын пачало практыкавацца з 1830-х г., аднак пашырылася толькі ў канцы 19 ст. Нават у пач. 20 ст. побач з дубленымі кажухамі светла – карычневага колеру шырока бытавалі белыя нядубленыя (ад намакання і вільгаці яны пры высыханні станавіліся цвёрдымі і ломкімі, таму селянін паверх нядубленага кажуха надзяваў зімой суконную світу або палатняны “насоў”). У пач. 20 ст. аўчыны пачалі фарбаваць хімічнымі рэчывамі ў карычневы ці чорны колер. Ідэнтычнымі былі асн. Тэхналагічныя прыёмы і пры апрацоўцы шкурак пушных звяркоў. Аднак прылады працы мелі некаторую спецыфіку. Для сушкі і расцягвання шкурак ужывалася дошка – канёк, для мяздрэння, акрамя звычайнай касы, - каса з донцам (сядзеннем) або галіца. Пасля Кастр. Рэвалюцыі вытворчасць бытавала ў выглядзе хатняга промыслу, арцеляў і дзярж. прадпрыемстваў. У гады першых пяцігодак створана дзярж. футравая прамысловасць, дзе выкарыстоўваліся лепшыя нар. традыцыі. У пасляваенны перыяд кушнерскае рамяство прыйшло ў заняпад. У 1980-я г. ў рэспубліцы дзейнічаюць буйныя прадпрыемствы – Віцебскі футравы камбінат, Бабруйскай футравая фабрыка і інш. У наш час у некаторых раёнах мясцовыя жыхары вырабляюць аўчыны і футры на асабістыя патрэбы.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2019. Беларусь, Менск.