РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лямус
Старадаўні тып гаспадарчай пабудовы для захоўвання харчовых прадуктаў, збожжа, адзення, каштоўнай маёмасці, прылад працы, а таксама для жылля ўлетку. Вядомы з 16 ст. Будавалі з дрэва, цэглы, каменю або ў тэхніцы “прускага муру”. Былі 1 – 3-павярховыя (у ніжнім паверсе гаспадарчыя памяшканні, у верхніх – жылыя), прамавугольныя або квадратныя ў плане, завершаныя 2-схільнымі вальмавымі шатровымі або ламанымі стрэхамі. Сцены часам звонку атынкоўвалі. Пад Л. рабілі пограбы. Паводле кампазіцыі Л. падзяліліся на цэнтрычныя і франтальныя. Л. цэнтрычнай кампазіцыі мелі квадратны або шматвугольны (звычайна 8-гранны) план. 2-і і 3-і паверхі былі з балюстраднымі галерэямі па перыметры (Ашмяны, в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага, в. Нова – Ясневічы Пастаўскага р-наў). Л. франтальнай кампазіцыі былі звычайна 2-павярховыя, мелі ў плане форму выцягнутага прамавугольніка (радзей квадрата), з галерэямі на галоўным фасадзе (Гродна, в. Завоссе Баранавіцкага р-на) або па перыметры ўсяго будынка. У некаторых замках 18 ст. (г. Камянец) Л. размяшчаліся над брамамі. У канцы 18 – 19 ст. Л. набылі манументальны выгляд: цэнтр галоўнага фасада вылучаўся прамавугольным парталам з калонамі, ашаляваныя звонку сцены былі ўпрыгожаны фрызамі, над будынкамі ўзвышаўся бельведэр (в. Дунілавічы і Крыкалы Пастаўскага р-на).
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.