РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Невад
Традыцыйная рыбалоўная снасць. Складаецца з сеткавага мяшка (куля) і двух прывязаных сеткавых палотнішчаў (крылаў), па супрацьлеглых баках кожнага працягвалі вароукі (цецівы). Верхняя вяроўка аснашчалася паплаўкамі (з кары дрэў ці бычыных пузыроў), ніжняя – грузіламі (з камянёў, загорнутых у анучы, аплеценых лыкам ці абвітых матузамі). Каб у час руху крылы не скручваліся, на іх канцах мацавалі тоўстыя палкі (клячы, кабылы). З абодвух канцоў да кляч прывязвалі вяроўкі (вілы), якія пры нацягвнні ўтваралі разам з палкамі трохвугольнікі. Пасярэдзіне віл прымацоўвалі другія вяроўкі (кадолы), за якія цягнулі Н. Закінуўшы снасць у ваду так, каб яна ўтварала сеткавую сцяну, уручную або з дапамогай спец. прыстасаванняў (бабы, варатка) Н. працягвалі ў вадзе, а потым выбіралі ў лодкі ці на бераг. Рыбу, што трапіла ў кулі, выбіралі рукамі або вычэрпвалі падсакай. Каб Н. не гнілі, іх прасмольвалі. У залежнасці ад памерў і спосабаў лоўлі вылучалі зімовыя невады (даўжыня крыла каля 200 м, куля каля 30 м; прызначаліся для падлёднай лоўлі рыбы ў азёрах), летнія Н., або падвалокі (у 2 разы меншыя за зімовыя; рыбачылі імі у адкрытай вадзе з лодак), мутнікі і брэдні. Н. вядомы са старажытных часоў. У 19 – пач. 20 ст. летнія Н. і брэдні былі пашыраны па ўсёй Беларусі, зімовыя Н. і мутнікі – у Паазер’і.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.