РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Падвойнае ткацтва
 
(Двухасноўнае ткацтва)
Тэхніка народнага ткацтва, якая дазваляла атрымліваць падвойныя дывановыя тканіны, а таксама тканіны палатнянага ці рыпсавага перапляцення падвойнай шырыні. Вядома ў многіх народаў. На Беларуці пашырылася ў 2-й пал. 19 ст. (пераважна ў заходняй частцы). Найбольшую вядомасць набылі гродзенскія падвойныя дываны з сюжэтна-арнаментальным малюнкам. Для асновы, якую пракідвалі ў 4 ніты, і для ўтку бралі ніткі двух кантрастных колераў. У выніку складанага коду панажоў утвараліся два слаі асновы верхняга і ніжняга слаёў дошчачкай-бральніцай, пракладвалі ўток і атрымлівалі кантрастны малюнак: карычневы на залацістым фоне, зялёны на чорным, фіялетавы на зялёным, чырвоны на сінім і г. д. У наш час падвойныя дываны ткуць толькі асобныя майстрыхі, змяніўся і знешні выгляд тканін: сюжэтныя кампазіцыі амаль адсутнічаюць, у дэкоры пераважае геаметрычны і раслінны арнамент.
 
Другі больш просты від П. т. выкарыстоўваюць для вырабу посцілак падвойнай шырыні. У наш час ужываецца ў народным ткацтве Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай і Мінскай абл. (рознаколерныя паласатыя посцілкі-радугі). Для асновы бяруць тоўстыя льняныя або баваўняныя ніткі, для ўтку – шарсцяную пражу хатняга ці фабрычнага вырабу (у апошні час – сінтэтычную пражу). Пры тканні карыстаюцца падзяляльнікам асновы (тонкі металічны пруток ці шнурок, які закладваюць у зеў паміж парамі нітоў). Пры парным ходзе панажоў утвараюцца адначасова 2 зевы – верхні і ніжні. У залежнасці ад ходу чаўнака атрымліваецца тканіна падвойнай шырыні (чаўнок прапускаецца праз верхні і ніжні зеў, а потым у адваротным напрамку) або мяшковую тканіну (чаўнок прапускаецца праз верхні і ніжні зеў, не мяняючы напрамку).
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2019. Беларусь, Менск.