 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Куфар
(Скрыня)
|
Найбольш выразна К. звязаны з вясельнай абраднасцю, бо ў ім захоўваўся пасаг і іншыя каштоўнасці. Маці, а затым і дачка збіралі ў яго пасаг. На вясельным возе К. у дом маладой везлі кубельнікі (сват або брат маладой), якім наказвалі не згубіць “ ні скрыні, ні пярыні, ні маладой гаспадыні”. Малады павінны быў выкупіць К. (“Скрыня сакоча. // Чаго яга хоча? // Паўтара залатога // ад князя маладога”). К. падчас вяселля даводзілася выкупляць некалькі разоў: пры вынасе з каморы; па дарозе да хаты маладога; калі яго здымалі з воза. Прысутнічае К. у вясельных абрадах засмальвання касы, у пакладзінах ды інш.
Магічная функцыя К. праяўляецца ў радзіннай абраднасці – пры цяжкіх родах у хаце адкрывалі ўсе К. Меркавалі, што гэта аблегчыць стан парадзіхі.
К. часта фігуруе ў паданнях: на К. у падзямеллі ці ў лесе сядзіць прыгожая дзяўчына і расчэсвае валасы; К. ахоўваюць сабакі на ланцугах. Напрыклад, К. з грашыма, які сцерагуць сабакі, з’яўляецца ў святым гаі блізу в. Цераховічы Зэльвенскага р-на. Паводле павер’яў, на некаторых курганных могільніках апоўначы з’яўляецца вялікі К. ( напрыклад, блізу Койданава). Паданні гавораць пра закапаны К. (з грашыма, золатам, зброяй) у кургане, гарадзішчы, затоплены К. у возеры ды інш.
|
|
|
Крыніца:
Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І.
Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. –
Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|