РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Падкурванне
 
(Абкурванне)
Магічнае дзеянне, накіраванае перадусім на адгон нячыстай сілы і хваробатворных духаў. Акурвалі як чалавека, жывёлу, так і жытло, гаспадарчыя будынкі. Ачышчальнае і жыццядайнае ўздзеянне П. заснаванае як на сакральнай моцы агню, так і на магічных уласцівасцях падпаленых прадметаў. Пры П. патэльню, ад якой падымаўся дымок, ставілі так, каб ён ахапіў чалавека знізу ўверх ці каб яго можна было ўдыхаць. Для П. скарыстоўваліся грамнічная свечка, скапкі з касцельных свечак або іншыя атрыбуты агню накшталт качаргі. Як у ачышчальнай, так і ў медыцынскай магіі вядучая роля належыць П. раслінамі, сярод якіх – чартапалох, блёкат пры зубным болю, свянцовыя на Яна зёлкі, травы ўрочнік, падпуднік і інш. Пря пярэпалаху падкурвалі лёнам, пажадана леташнім, які абкладвалі вакол хворага кругом і падпальвалі са словамі: “Куды дым, туды ляк”. У асобную групу аб’ядноўваюцца атрыбуты, што маюць дачыненне да сімволікі таго свету – смецце, стопак, які знайшлі на дарозе, дзяркач, салома з чужой страхі, павуцінне з гарышча. Здабыванне смецця станавілася своеасаблівым рытуалам – “адзін шустры сямейнік бяжыць у суседнюю хату, хапае смецце, з той жа хуткасцю бяжыць да другой хаты, там робіць тое ж, і так у трэцяй, і вяртаецца назад з роўнай паспешнасцю. Лепш, каб за гэты час ні з кім не сустрэцца, а калі хто трапіцца, не спыняцца і не адказваць на пытанні”. Маюць значэнне і іншыя спосабы прыгатавання да П.: мох бралі з вуглоў хаты накрыж, гэтак жа саскрабалі з чатырох рагоў стала, накрыж састрыгалі шматок поўсці з галавы жывёлы, што стала прычынай пярэпалаху. П. хворага дымам ад падпаленых валасоў, адзення той асобы, што яго сурочыла ці счаравала, лічылася адным з самых надзейных спосабаў нейтралізацыі псоты. З іншых прадметаў, што прымяняліся для П., вылучаюцца лупіны, з якіх выседзеліся кураняты, нітка, якой змяралі кашульку перапалоханага дзіцяці. Каб палегчыць хвораму пакуты, яго абкурвалі праз рэшата дымам ад ліпавага цвету.
Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.