 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Пушчавік
|
Міфічны ўладар межаваных абшараў у некратнутым лесе (“пушчы – дрымучы”). Уяўляўся калматым, зарослым доўгім мохам па ўсім целе, не выключаючы носа і вачэй, веліканам. Ростам ён вышэйшы за самае высокае дрэва, што дапамагае яму далёка бачыць наваколле. Праз людзей, што ўвесь час высякаюць лес, П. давялося сысці ў векавыя дубровы, і таму ён робіць адно толькі ліха і не шкадуе ні старых, ні дзяцей, ні жанчын, ні знямоглых, ні нават чалавечых памочнікаў – свойскіх жывёлаў. Калі ж нейкая істота зайшла ў пушчу, яе пагібель непазбежная, бо адным сваім выглядам П. здольны забіць ахвяру. Калі мэта была дасягнутая, П. не рагатаў, як Лесавік, не здзекваўся з ахвяры, а спакойна ішоў далей, нібы зрабіў звычайную справу, выканаў акбавязак. Аднак непаваротлівы, лядашчы П. кепска бачыць, што ў яго пад нагамі. Усё гэта дапамагае чалавеку ўцякаць ад П. Калі сустрэча з ім немінучая, трэба рабіць крутыя павароты ў розныя бакі і хутчэй пакідаць пушчу, за межы якой П. не адважыцца ступіць. На шчасце, П. даволі рэдкія, і шмат у якіх пушчах гаспадарылі адны толькі Лесавікі.
|
|
|
Крыніца:
Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І.
Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. –
Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|