РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вітаўт
(1350 – 1430), князь ВКЛ (1392 – 1430). На беларускім этнаграфічным памежжы ў Смаленскай губерні было запісана паданне аб атрыманні В. улады, якое па сваіх матывах вельмі блізкае колу славянскіх гістарычных паданняў. Паданне пра В. не мае аніякага гістарычнага падмурку, але добра адлюстроўвае міфалагічныя ўяўленні тутэйшых насельнікаў аб валадарах.
 
Паданне апавядае, што ў Польшчы памёр нейкм кароль, які не пакінуў нашчадкаў. Яго набліжаныя надумалі пусціць каралеўскага каня з прымацаванай да яго каралеўскай зброяй, каб ён абраў будачага караля. Два месяцы конь ішоў па краіне, пакуль не падышоў і не пкланіўся ў адной вёсцы старому, які віў абрыўкі. Гэты стары зрабіўся каралём, і працяглы час краіна пры ім квітнела. Калі ён адчуў надыход смерці, дык загадаў музыкам граць пры пахаванні, і тады, калі краіне будзе пагражаць небяспека, трэба будзе зноў зайграць, і В. прыйдзе на дапамогу. Але ў словы В. не паверылі, а пасля яго смерці наважыліся праверыць іх праўдзівасць. З’явіўшыся з таго свету, В. разгневаўся і пракляў людзей. Пасля чаго ў польшчы пачаліся бунты.
 
Першая частка падання шчыльназвязаная з агульнаіндаеўрапейскімі ўяўленнямі аб кані, які з’яўляецца вешчуном багоў і дае знак на атрыманне каралеўскай улады: іранскі міф аб прыходзе да ўлады цара Дарыя, грэцкі міф аб Пелопсе ды інш. Звычай, паводле якога цар ідзе за белым канём і падначальвае ўсе землі, на якія ступіць яго нага, мы бачым у Старажытнай Індыі перад абрадам ашвамедхі – прынясенне каня ў ахвяру. У славянскай міфалогіі конь таксама часта вызначае волю багоў у дачыненні да князёў ( польскае паданне аб Лешку II, паданне аб смерці кіеўскага князя Алега ад свайго каня). Найбольш блізкае да беларускага падання аб В. чэшскае паданне пра князя Пржэмысла, якое захавалася ў хроніцы XIIСТ. Чэхі жадаюць мець князя, і вяшчунка дае імя свайго каня з сімваламі сваёй улады, які і прыводзіць чэхаў да іх будучага князя. Ва ўсіх міфах удзел каня ў абрадзе вядзе да ўсталявання новай дынастыі, і гэтую міфалагічную традыцыю працягвае і беларускае паданне, нягледзячы на поўнае разыходжанне гістарычнай рэчаіснасці ў выпадку з В. Цікава і тое, што беларускае паданне дайшло да нас не праз летапісы, як у іншых выпадках, а захавалася ў вуснай народнай традыцыі.
 
Беларускае паданне фіксуе і вельмі пашыраны ў славянскай міфалогіі матыў сялянскага паходжання будучага князя (чэшскі Пржэмысл, польскі Пяст). Занятак старога, калі яму пакланіўся конь, - ён уе вяроўку з абрыўкаў – набывае магічную афарбоўку і суадносіцца з адсутнасцю бунтаў падчас яго кіравання. Апошні матыў падання аб В. нагадвае вельмі пашыраны на Беларусі сюжэт аб курганах з асілкамі ці князямі, якія падчас небяспекі для Беларусі будуць яе абараняць.
 
Акрамя гэтага падання на тэрыторыі Беларусі ёсць шмат геаграфічных аб’ектаў, якія ў народных уяўленнях былі звязаны з паходамі князя Вітаўта (Віта). Так, напрыклад, паходжанне назвы Лошыца (цяпер у межах Мінска) “народная этымалогія” вядзе ад “ложа”, якое ваяры падчас паходу зрабілі князю Віту (Вітаўту).
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2019. Беларусь, Менск.