РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Воўна
 
(Авечае руно)
У міфалогіі выступае як сімвал урадлівасці, часам атаясамліваецца з вобразам Сусветнага дрэва. У антычным міфе пра арганаўтаў фігуруе авечае руно, якое вісіць на дрэве ў свяшчэнным гаі і ахоўваецца драконамі. Старажытныя грэкі прыносілі ў ахвяру Дэметры нямытую авечку В. У Афінах аліўкавую галінку абгортвалі авечай В., абвешвалі садавінай, посудам з мёдам і віном і неслі ў храм Апалона.
 
У беларускіх паданнях звычайна апавядаецца, што выток ракі ці крыніцу ведзьма (чараўніца, шведка, цыганка і інш.) заткнула В. (мяшком В.). У Верхаўлянах Бераставіцкага р-на, паводле падання, у крыніцы калісьці ўтапіўся сын ведзьмы. За гэта ведзьма заткнула крыніцу мяшком з В. У Поразаве Свіслацкага р-на ручай высах ад таго, што цыганка кінула ў яго выток жмут авечай В. і загадала больш не цячы. Паводле беларускіх казак, пры абрадзе выклікання цудоўнага каня спальвалі В. трох колераў – шэрую, вараную і рыжую. Яшчэ ў хецкіх рытуалах разам згадваюцца змяя і В. Згодна з беларускім і літоўскім фальклорам Змей, праціўнік Грамавіка, ляжыць каля каранёў трохчасткавага Сусветнага дрэва на чорнай В. У беларускіх замовах ад гадзюкі, вужакі, сліўня “змяя змяіная” ляжыць пад дубам на чорнай В.
           Л. Дучыц, Э. Зайкоўскі

Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.