РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Абворваньне
Правядзеньне вакол вёскі магічнай баразны, якая, паводле павер’яў, запыняла пашырэньне эпідэмій. У некаторых мясьцінах абрад выконваўся і ў XX ст. У розных раёнах абворваньне рабілі па-рознаму. Найчасьцей старыя кабеты і цнатлівыя дзяўчаты (зрэдку ўдзельнічалі і цяжарныя жанчыны) згаворваліся і зьбіраліся разам, распраналіся, распускалі валасы, упрагаліся ў саху і праводзілі ёю замкнёную баразну вакол вёскі. Адбывалася гэта апоўначы або да ўзыходу сонца. Калі ведалі пра выкананьне абраду, то павінны былі зачыняць вароты, дзьверы і вокны. Калі ж абворваньне рабілася таемна, то той, хто сустракаўся на шляху ўдзельнікаў абраду, мог быць забіты. Сустрэтых ката, сабаку, а то і карову вяскоўцы забівалі. Звычайна праводзілі адну баразну, але бывала і тры баразны. У некаторых мясьцінах наперадзе працэсіі несьлі абраз. Дзе-нідзе ў абрадзе абворваньня удзельнічалі і хлопцы.
 
Часта абворваньне рабілася на валах-блізьнятах або двума братамі-блізьнятамі. На Гродзеншчыне і ў Заходнім Палесьсі, калі ў вёсцы не было блізьнятаў, то запрагалі двух аднагодкаў-цёзкаў з аднолькавым колерам валасоў. У Цэнтральным Палесьсі вядомы выпадкі абворваньня на чорных котках, пеўнях і сабаках. Часта працэсія суправаджалася песьнямі.
 
Як рэцыдыў абраду абворваньня ў XX ст. зафіксавана абворваньне на конях, на трактарох, бывала, плуг цягалі не вакол вёскі, а па вуліцах. Вядома таксама абворваньне культавых камянёў, верагодна, зьвязаных зь Вялесам (Воласам), ахоўнікам жывёлы.
 
Да абраду абворваньня сэмантычна і структурна блізкі абрад праворваньня (дарогі, рэчышча высахлай ракі) з мэтай выкліканьня дажджу.
           Л. Дучыц

Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.