РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вялес
 
(Велес, Волас)
Адзін з галоўных багоў паганскага пантэону ўсходніх славян, вельмі шанаваны на Беларусі. У дамове паміж Руссю і Візантыяй (911 г.) гаворыцца, што дружыннікі князя Алега кляліся сваёй зброяй “ и Перуном богом своим и Волосом скотьем богом”. Яго імя згадваецца ў дамовах 907 і 972 гг., у Нестаравым летапісе, дзе ён зваўся “скотьим богом”.
 
З гэтага вынікае, што В. быў богам жывёлагадоўлі і багацця. У спісе багоў, чые ідалы стаялі паблізу церама князя Уладзіміра ў Кіеве, імя В. адсутнічае. Аднак вядома, што ў Кіеве ідал Перуна стаяў на гары, а В. – у ніжняй частцы горада, на Падоле. У “ Слове пра паход Ігаравы” Баян названы Вялесавым унукам, што сведчыць пра сувязь культу В. з абрадавымі песнямі і паэзіяй. Р. Якабсон выказаў меркаванне, што прататып В. належаў да агульнаеўрапейскага пантэону. Як лічыў літоўскі даследнік Н. Велюс, да бога В. блізкія такія персанажы міфалогіі, як літоўскі фальклорны Вяльняс, латышскі Велс, прускі апякун памерлых і жрацоў Паталс, кельцкі бог багацця і жывёлы Езус, ці Велаун, індыйскі вярхоўны бог, захавальнік справядлівасці і пакаральнік вінаватых Варуна, дэманы Ўрытра і Вала ды інш.
 
Значная частка даследнікаў міфалогіі мяркуе, што В. быў звязаны з ніжнімі, левымі полюсамі бінарных апазіцый і супрацьстаяў Перуну як прадстаўніку верхніх полюсаў. Паколькі ніжнія полюсы звязаныя з халодным, вільготным, мокрым, то В. меў дачыненне да зямных водаў, крыніцаў ( ці хаця б часткі іх) і да вытокаў рэк. У беларускіх і літоўскіх казках, якія належаць да сюжэтнай схемы міфа пра Бога Навальніцы, які пераследуе свайго праціўніка, апошні хаваецца менавіта ў зямных водах. Роднасны В. старажытнаіндыйскі Варуна распараджаўся морам, рэкамі, плынямі. Дэман Ўрытра таксамаляжаў у водах. З вадой быў звязаны і літоўскі Вяльняс. Некаторыя рэкі, асабліва Вялля і яе левы прыток Вільня, лічыліся сакральнымі і, магчыма, былі прысвечаны В. Да яго маюць дачынне паганскія жрацы – валхвы. В. быў звязаны і з аграрнымі культамі, пра што сведчыць усходнеславянскі звычай пакідаюць яму ў дар нязжатымі некалькі каласкоў, якія называлі “воласавай бародкай”. З імем гэтага бога перагукаюцца старадаўнія назовы сузор’я Пляядаў – Валасажары, Власожельцы, Валасыні. в. лічыўся таксама богам памерлых, падземнага свету, смерці. Акрамя таго В. лічыўся богам клятвы, дамовы, міру. Ён апякун абшчынна- родавай арганізацыі.
 
Цесная сувязь гэтага персанажа з культам камянёў. Мяркуюць, што яму былі прысвечаны такія катэгорыі сакралізаваных валуноў, як камяні з назовамі “ Вол”, “ Валы”, “ Быкі”, Чортавы камяні, камяні – краўцы і камяні-шаўцы, валуны Сцяпан, Сцёп – камень, Вужыныя і Змеевы камяні. У зааморфным кодзе яму адпавядалі мядзведзь, воўк, бык (вол), змяя.
 
З культам В. звязаныя паданні пра заснаванне населеных пунктаў. Адно з іх – пра заснаванне старажытнага Берасця – падае П. М. Шпілеўскі са спасылкай на М. М. Карамзіна. Паводле падання, места было заснавана адным багатым купцом (госцем), які, загаціўшы бяростаю непралазныя балоты, уратаваўся сам і ўратаваў увесь свій тавар, а на памяць аб гэтым здарэнні пабудаваў капішча В. і прынёс яму шчодрыя ахвяры. На тым месцы пазней і паўстаў горад берасце.
 
Пасля прыняцця хрысціянства заменнікамі В. сталі святыя Улас (Уласій, гл. Аўлас), Мікалай Мірлікійскій, Сцяпан. Асабліва на Беларусі быў пашыраны культ св. Міколы, які ўспрымаўся ў якасці апекуна жывёлы. Лічылася, што ён спрыяе земляробству і пчалярству, звязаны з зямнымі водамі. Існавала цесная сувязь паміж шанаваннем Міколы і мядзведжым культам. Мікола пераняў і шэраг іншых функцыяў, у тым ліку звязаных з валасамі і пазногцямі. Па дадзеных пісьмовых дакументаў, Міколу шанавалі найбольш за усіх святых і ў Сярэднявеччы.
 
Жаночы персанаж, які з’яўляўся сакральнай парай В., у хрысціянскі час, верагодна, аб’ядналі з вобразам св. Кацярыны. Яе рысамі былі валатоўскі рост і сіла, сувязь з вадой, дачыненне да жывёльнага свету, асабліва да мядзведзяў, апякунства над шлюбам і родамі. Кацярына звычайна згадваецца ў пары са Сцяпанам.
 
Такім чынам, В. не толькі адзін з самых старажытных, але і самы шматгранны персанаж беларускай паганскай міфалогіі. Матэрыялы сведчаць, што ў вераваннях ён займаў нават большае месца, чым Пярун.
           Э. Зайкоўскі, А. Райкова, С. Санько

Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.