 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Гаёўкі
|
Міфічныя насельніцы лясоў і гаёў, унучкі Гаюна (Гаёвага дзеда). Маляваліся ў выглядзе маладых гарэзлівых дзяўчат. На зіму яны пакрываюцца густой снежна-белай поўсцю, чыстым застаецца толькі прыгожы твар ды русыя косы. Па вясне поўсць спадае, і Г. становіцца як звычайная дзяўчына, толькі прыгажэйшая. Яны любяць усё жывое: да іх, параніўшыся, звяртаюцца па дапамогу і лось, і птушка, ведаючы, што Г. залечаць іх раны. Злавіць і прыручыць Г. немагчыма. У час небяспекі яны могуць рабіцца нябачныя. Гаёвы дзед забараняе неразумным унучкам выходзіць за межы лесу. Але, даведаўшыся пра гулянне ў недалёкай вёсцы, яны ўцякаюць туды і цішком падглядаюць, як забаўляецца моладзь, у якіх строях і ўпрыгожаннях вясковыя дзяўчаты. Упадабаную сукенку Г. могуць зняць з якой-небудзь адасобленай дзяўчыны, пусціўшы яе ў споднім ці зусім голую. У купальскую ноч Г. выходзяць да святочнага вогнішча, дурэюць у росным жыце, збіраюць зёлкі. Апоўначы яны вяртаюцца ў лес палюбавацца на цвіценне Папараці – кветкі. Чалавек, высачыўшы Г., можа неўпрыкмет пайсці за імі, і тыя прывядуць яго да кветкі шчасця. Г. часткова нясуць у сабе рысы русалак. Згадвалася пра іх на Вілейшчыне.
|
|
|
Крыніца:
Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І.
Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. –
Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|