РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Абрадавае печыва
 
(Велікодны пірог)
Пяклі да сямейных і каляндарных свят і абрадаў – ім сустракалі і частавалі гасцей, яго неслі ў поле, ідучы першы раз сеяць, пакідалі ў полі на дажынках, давалі свойскай жывёле, каб добра вялася, ім клікалі вясной буслоў і г. д. На радзіны звычайна пяклі жытнія пірагі (дарылі бабкам-павітухам), якія з жартамі ламалі, каштавалі на смак, елі з баршчом за святочным сталом. Жанчын, што ішлі ў адведкі, частавалі пірагамі (на Брэстчыне захавалася старажытная назва такога пірага – скрушок). На вяселле акрамя каравая пяклі святочныя пшанічныя пірагі маладым – месяц, падручнік, крыж (булка з крыжам). Падручнік і крыж пяклі для маладой, з імі яна ехала да маладога і клала на векі дзежкі свекрыві. Памінальнае печыва заўсёды было прэсным (мёртвы хлеб) – корж, гарачыкі, галушкі. Корж і гарачыкі крышылі ў канун, “ па крошцы” раздавалі ўсім прысутным за жалобным сталом. На Каляды пяклі жытнія пірагі – каляднікі, якімі звычайна абдорвалі каляднікаў. На Саракі выпякалі 40 піражкоў (галушак, варэнікаў) з макам або з фасоляй (на Палессі іх называлі саракаі, бапкі). Сярод вялікага посту пяклі храсцы – крыжыкі, саху, барану (булку, абкладзеную шышкамі), якія бралі ў поле, ідучы сеяць. На Благавешчанне пяклі пампушкі, галёпы, якімі сустракалі буслоў, на Вялікдзень – здобныя пірагі (паскі, калачы). На Юр’я на Палессі пяклі расянік і хадзілі з ім вакол жыта (Пружаншчына), а ў Бярозаўскім р-не гатавалі піражок – юрок, ішлі з ім на поле і клалі ў жыта: калі жыта яго не пакрывала, то гэта прадказвала дрэнны ўраджай. У некаторых мясцовасцях на Юр’я ішлі ў поле з хлебам і інш. частаваннем. На святы пяклі таксама варэнікі з хлебнага цеста з макам або канапляным семем (на Варвару, Міколу), каржы з мёдам (напярэдадні купалля).
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.