РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ядвігін Ш.
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дачэсныя
...
        З добрым сваім старым знаёмым, каторы акуратна год у год з ласкі сваёй дзярэ з майго статка па адным старым баране і па двое маладых ягнятак падатку, сустрэціўся я нядаўна ў яловым гушчарку. Ён не быў галодны, а я — без стрэльбы — прычыны, як бачыце, важныя, дзеля чаго маглі мы разгутарыцца паміж сабой па-суседску.
        Слова за словам, дабраліся і да жыцця суседа — воўчага. Праўду ці не казаў мне сусед — самі разбірайце.
        Бадай, усе ўжо чулі (таксама — праўду ці не), што даўней воўк быў найлепшым хатнім прыяцелем і вартаўніком і ў ніякія зладзействы і здзірствы не ўдаваўся, ажно пакуль не трапіў да нейкай паганай скупой гаспадынькі на службу. Дакучыла, відаць, ёй карміць хлебам звера, і вось аднаго разу, калі воўк, пасучы цэлую раніцу гаспадарскую стадніну, прыбег на снеданне дахаты, ведзьма тая, мест хлеба цёплага, кінула яму горача напалены камень. З голаду, не разнюхаўшы добра, схапіў бедны ваўчок гарачы камень і так моцна апёкся, што і па сягонняшні дзень ляпа асталася чорнай. Вось з таго часу воўк з жалю і злосці кінуў сваю службу ў людзей.
        Гэта старая гутарка, а цяпер паслухайце, што мой сусед баяў далей новага.
        Адрокшыся службы, воўк пажаліўся сваім сябрукам. Папрабавалі тыя заступіцца за яго, але нічога не дабіліся. Пайшлі тады ваўкі грамадой з жальбай да цара свайго — ільва.
        Леў, выслухаўшы справу, асудзіў так: «Лепш жывіце ў лесе, чым у такой хаце, дзе вам могуць здрадзіць, а як усё жывое без яды не можа абысціся, так і вы, не перабіраючы, што і чыё, хапайце і ешце; на прыпадак жа голаду дам вам даўгавечную карову, карміце і даглядайце яе толькі добра, а малака — яды хваце».
        З таго часу сталі ваўкі жыць у лесе, займацца рабункам, а да таго — даіць сваю карову і дзяліцца малаком.
        Але час ад часу паміж згоднай даўней воўчай сям'і пачаліся звадкі, завялося шальмоўства; харчаваць карову ўсім разам прыходзілася, а як падойдзе дзяліцьба малака, дык адзін так набухаецца яго, што чуць адпаўзе, а іншы зусім з пустым жыватом пасунецца.
        Каб як зарадзіць проціў гэткага ашуканства, склікалі ваўкі сход, на каторым прызналі: на кожны дзень назначыць чароднага ваўка, каторы б даглядаў карову і ўдой увесь ад яе забіраў сабе.
        Цешыліся ваўкі з такога мудрахітрага свайго пастанаўлення, але не доўга. Кожны воўк, як толькі падойдзе яго чародны дзень, разважае сам сабе: на якое ліха мне карміць гэту карову, калі з гэтага харчу прыбудзе малака не столькі мне, колькі заўтрашняму чароднаму, хай жа сабе той і важдаецца з ёй, а я што выдаю — то і маё.
        Як сталі гэтак даглядаць сваю кароўку дачэсныя гаспадары, дык, калі не пажывяцца дзе на старане баранчыкам ці так чым-колечы, зубамі ляскаць прыходзіцца.
        Вось з таго часу і налажылі ваўкі падатак на людзей: з каго авечку, з каго цялё, парасё, гусака і г. д. Апрача таго, карову сваю ўсё ж такі дояць! Не толькі малако дачыста сцягнуць, але ціснуць, ажно пакуль да крыві не дабяруцца, дый апрача таго кожны гэткі дачэсны гаспадар няўзнак — ціхачом, а хоць кавалачак і лыткі з беднай жывёлы ўрве.
        Гэткім парадкам з даўнейшага спакойнага звера стаўся цяпер несуградны* гад прагавіты — воўк.
        
        * Несуградны — несусветны; паводле народнай легенды — такі, якога і град не можа знішчыць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.