 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Асінае гняздо
|
Даўно ўжо асталяваліся тут восы. Ні для кога гэта не было ні дзівам, ні клопатам вялікім: ну, жывуць — няхай сабе здаровыя жывуць. Чым, напрыклад, аса горш ад авадня або сляпня! І то брыда, і то брыда. Але калі прырода пусціла іх на свет, то, можа, яна мела на гэта свой погляд. Не мы будзем папраўляць тое, чаго недарабіла або перарабіла натура. Кепска было толькі адно — восы залішне высока неслі сябе і ўсім у вочы казалі, што восы — гаспадары над усімі мошкамі на свеце, і крыху прыціскалі другую машкару. Карысным дзелам, як, напрыклад, збіраць па крышанчыку мёд, ім [займацца] не хацелася, яны часта заляталі ў вуллі, паквапныя на дарэмшчынку, і кралі або разбоем забіралі гатовае. Праўда, не заўсёды ўдавалася ім гэта зладзейская работа, але клопату рабілі даволі працавітым і спакойным пчолкам. А іншы раз пчолкі прытвараліся, што нічога не бачаць, каб толькі не рабіць калатні, і дазвалялі ім жыць у тых закутках, дзе жылі і самі. Другая людская мошка сказала б за гэта дзякуй, а восы пазіралі на гэта іначай, бо былі надта хванабэрыстыя. — Э, — казаў ім самы галоўны, — будзьце смелымі: бачыце, як усе дагаджаюць нам. Але каб быць смелым, то для гэтага трэба быць дужым, а каб быць дужым, то трэба мець цвёрды грунт пад нагамі і ясна пачуваць і ведаць, дзеля чаго ты жывеш на свеце. Чаго мы жывём? Жывём, каб панаваць. А каб магчы панаваць, то трэба другіх заправіць служыць сабе. Дык дзе ж наш грунт? У чым наша сіла? Восы маўчалі. Я пэвен у тым, што некаторыя з іх ведалі адказ на гэта пытанне, — прынамсі, такі, які вымагаў асіны цар, але маўчалі: яны хацелі паказаць, што іх самы галоўны і ёсць самы разумны. Колькі часу маўчаў і самы галоўны. Пераканаўшыся, што ніхто з яго залежных не сцяміць адказаць, асіны цар павярнуўся да сваіх залежных задам, паставіў угару вусы, вынуў джала і сказаў: — Во ў чым наша сіла! Усё асінае гняздо так і загуло ад радасці. І пачалі восы гадаваць свае джалы. Пайшла трывога па ўсім царстве ўсялякіх кузурак: нядобрае, відаць, задумляюць гэтыя разбойнікі восы. На каго ж яны першыя накінуцца? На каго рыхтуюць свае джалы? Пчолы думалі, што на іх. Пакідалі і яны збіраць мёд, давай таксама вастрыць джалы. Няма чаго есці зімою, прыходзіцца часамі з голаду пухнуць. Чмель, той самы спакойны і разважны чмель, што так хораша звінеў вясною над краскамі, пастанавіў: — На нас, чмялёў, точаць свае зубы чортавы восы. Дык хвароба ж вам і скула ў бакі! Давай і чмялі глыбей рыцца ў зямлі, таўшчэй высцілацца мохам. — Будзе бура, біцца будзем, — гуў цяпер сярдзіта чмель. Мухі лёталі, як шалёныя, не ведаючы, за што ўляпіцца, і давай без толку грызці жывёлу і чалавека. Нават камар і той збіраў сілы, не ведаючы сам навошта. Цяжка стала мошкам. Восы, бачачы ўсё гэта, яшчэ больш захванабэрыліся. Каб крапчэй чуць пад нагамі грунт, схаўрусаваліся яны з шэршнямі. Яшчэ большая трывога пайшла між машкары: шэршань — гэта не жарты. Перш-наперш веліч яго кідалася ўсім у вочы — амаль не з вераб'я ростам. Сам такі рыжы — жывот ды галава. Праўда, шчэплены яны вельмі тандэтна: варта было толькі крэпка стукнуць у гэтага ідала, каб галава і жывот параскідаліся кожнае па сабе. Цяжка стала жыць мошкам. Толькі і гутаркі было ў іх, што аб восах, аб іх хаўрусе з шэршнямі. Да гэтай гутаркі сталі прылучацца чуткі аб тым, што восы пачалі накідацца і кусаць другіх мошак. А шэршні ўляцелі ў дупло асіны і выгналі адтуль камароў і мошак, і самі сталі там жыць. — Не, — гаварыў камар, — далей так жыць няможна... Што з таго, што ў мяне доўгі нос, якім я пракусваю скуру людзям і жывёле, калі ім карыстацца нельга, бо за восамі свету няма? Аж заплакаў, бедны. — У нас у вуллі вятры веюць, а збіраць мёд баімося, — жаліліся пчолкі. — Між гэтых лясоў лётаць небяспечна, — гаварылі тысячы другіх мошак. А восы і шэршні важна гулі ў жэрале старасвецкага дуба, што рос над крыніцай. Старому дубу за доўгія часы абрыд усякі шум, — старому хацелася крыху адпачыць ужо, а тут навязаліся гэтыя дармаеды. Учуў стары дуб гутаркі мошак, скалыхнуўся магутнымі сукамі, усміхнуўся і сказаў: — Чым так жыць, то лепш памерці вам! — А што рабіць? — Што рабіць? А навошта вам вашы джалы? — Так, так, так! — загулі мошкі. — Скарыстаем нашы джалы! Стары дуб радасна ўсміхнуўся. Згінуць восы і шэршні, спакайней будзе на свеце.
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|