РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сяржук Сокалаў-Воюш
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трасуржык
...
        Жылі-былі дзьве суседкі. Мелі свае гаспадаркі — хаты, хлявы, адрыны. Лясы шумлівыя, нівы засеяныя, гоні разложыстыя ды сады дагледжаныя. Ручаёчкі на іхных абшарах у рачулкі спляталіся, рачулкі ў рэчкі беглі, а тыя — ў мора сіняе.
        І ўсё было ў тых гаспадарках добра, а найлепш — былі дзеці: хлопцы дужыя, дзяўчаты зграбныя (хаця, як напраўду, то былі й нягеглыя і лядашчыя, але ў такой пекнаце жылі, што нягегласьць і лядашчаць тую нават вока стральца ці асочніка не заўсёды бачыла).
        Суседзі іншыя дзіву даваліся з таго як дзьве суседкі гаспадарку вядуць. Раніцай, яшчэ да сонейка, акурат пасьля першага пеўня, ажывалі прасторы. Людзкія галасы, іржаньне коней, шамаценьне зерня ў сявеньках, звон косаў на сенажацях, альбо рып сьнегу пад палазамі, стук сякераў у лесе ды шоргат ськібаў зямлі пад ралом, ды базконцае кавальскае дзынь-бом у кузьнях — і так аж да шумлівага малака ў вечаровых даёнках, да ціхіх песьняў ля вогнішчаў, да скокаў на вячорках, да гарачых пацалункаў і абдымкаў, да салодкага начнога сапеньня — і так з дня ў дзень з тыдню ў тыдзень, зь месяцу ў месяц ды з году ў год.
        І ня было на тых гаспадарках гультаёў. Хаця, як напраўду, гультаі былі і нямала. Але не яны і не за імі...
        — Як ня мы? Як не за намі? Ды вы нам дайце зямелькі хоць з паў-валочкі, дайце конікаў добрых, адсыпце зерня залацістага — тады й пабачым хто чаго, — казалі раз на калі гультаі ды іх ня надта каб слухалі, а тыя, дзякуй Богу, ня дужа й назалялі: ня слухаеце — ня трэба...
        Але аднойчы, а было гэта якраз перад тым, што тое пачалося, зламілася нешта ўв адвечным парадку сьвету. Ці-то гультаям у галовы сонейка напякло, ці-то яны сонейку вочы намазолілі, а хутчэй за ўсё ня першае, не другое й ня трэйцяе (пазьней гультаі казалі, што было й трэйцяе, толькі немаведама куды закацілася) вякнула нейкая балаболка гультаям, што маглі б лепш жыць, каб хаця б пальцам аб палец ударылі. Сабраліся яны на нараду і ўсе рукі паднялі за, а каб лішні раз не падымаць, апускаючы па разу і ўдарылі. Азірнуліся — нічога. Ударылі яшчэ раз — тое самае. Пасьля трэйцяга стуку да гаспадыняў зьвярнуліся, маўляў, так і так: палец аб палец стукаем, во-во да мазалёў даб'ём а ўсё ня мы й не за намі.
        — Палец аб палец, — адказалі гаспадыні — сякерай аб дрэва, молатам аб кавадла, цяпкай аб зямельку.
        — Цяпкай, — паўтрылі гультаі, — цяпкай...
        На тым і скончылі.
        
        Назаўтра раніцай, акурат раса падсохла, а стома і мляўкасьць сабраліся выпаўзаць на сьпякотную вуліцу, вывалакліся гультаі на панадворак. Прыпадкова заўважаны даўна закінуты гародчык (на паў-макавага зярнятка) падаўся ім цалкам прыдатным (дзякуй далёка ісьці ня трэба). Кожны гультай валок за сабой па зямлі цяпку. Калі зайшлі ў гародчык — заўважылі, што цяпкі ўсё ж, мелі ня ўсе. Некаторыя — можа паленаваліся шукаць, а можа й ня ведалі, што бяруць — прынесьлі ляпкі...
        — Цяпкі, ляпкі — якая розьніца, — сказаў Гулько зь левай гаспадаркі.
        — Ніякай розьніцы, — у тон суседу сказаў Гулька з правай...
        Памалу, патрошку — забулькацела праца. «Цяп-ляп, цяп-ляп», — сунуліся гукі зь левага і люстрана адрэшваліся з правага боку. І так з хвіліны ў хвіліну — аж на цэлую гадзіну. Якраз да вечаровай дойкі пасьпелі, шумлівага малачка папілі і спаць палеглі...
        Назаўтра раніцай пасунуліся глянуць, што вырасла... Прыйшлі. Ляжыць зямелька пацяпаная-паляпаная і ні каліва. «Чаму?» — спыталіся гультаі. «Трэба пачакаць», — адказаў ім нехта.
        «Чакаць — не працаваць», — падумалі тыя і паселі... Дзень чакаюць, другі, на трэйці цяжка стала. Стаміліся. Яшчэ дзень пратрывалі — зусім змарнелі, а змарнеўшы пастанавілі пакінуць чаканьне. Ды дзе там! Яно за гэты час думкі ашчаперыла, смольлю ў натуру ўелася, газьзю ў вочы лезе. А найгорш: на іхнае «Што рабіць?» узноў «Чакаць» дасталі.
        Адно чаканьне — бяда, два — гора. Каб не прычакаць трэйцяга вырашылі больш не пытацца, ды й наагул ні зь кім не размаўляць, апрача як паміж собку.
        — Што пасеялі? — пытаюцца ў іх, а яны маўчаць.
        — Чаму не паліваеце? — тое самае.
        — Бог у дапамогу! — а ні гуку...
        Глядзяць на іх людзі хто са шкадобай, хто са спагадай, а хто і са злосьцю. Шкадобнікі ім ежу носяць, спагаднікі — пасядзець прыходзяць, пачакаць разам, адно толькі злосьнікі да гультаёў ні нагой — сваю працу робяць.
        Парайшоў год, а можа й болей. Спагаднікі, што пасядзець прыходзілі ўжо й адыходзіць перасталі, шкадобнікі, што ежу прыносілі — пачалі пасядзець прыходзіць і толькі злосьнікі зацята нічога не мянялі.
        Узьненавідзілі іх гультаі, у розных сваіх бедах падазраваць пачалі, а па нейкім часе да іх і шкадобнікі са спагаднікамі далучыліся...
        Аднойчы пад вечар пачулі чакальнікі рыпеньне колаў. Паўзіраліся ў туманы вечаровыя, прыслухаліся. Колы рапяць, а нікога не відаць... Вусьцішна стала, трывожна. Аж во, па нейкім часе выплыў са смугі возік. Сам шэранькі, а колы — з ісьпіцамі каляровымі. Ув аглоблях конік, таксама шэранькі, але зь нейкім зеленаватым адлівам. У возіку сядзіць маскаль. Шапка набакір, барада шуфлем. І едзе гэты маскаль акурат паміж дзьвюх гаспадарак. Піпачкай пыхкае, з пляшачкі лыкае ды па бакох паплёўвае. І дзе маскаль ня плюне — там зямля варушыцца пачынае...
        Паўскоквалі зь месцаў чакальнікі. Глядзць вочы паказеліўшы, а маскаль ня дбае: як ехаў, так і паехаў.
        Назаўтра раніцай дзікі крык скалануў абшары гаспадарак. Гэта са сваіх палеткаў лямантавалі Гулько й Гулька:
        — Узашло!
        — Расьцёт! Ядры яго ў корань!
        — Сматры как прот!
        — Само сеецца! Само разрастаецца.
        — Што расьцёт?!
        — Дзе?! — крычалі тыя, што стаялі ззаду, але пакрысе і яны заўважылі, а заўважыўшы — заспрачаліся:
        — Жыта!
        — Ды дзе ж жыта, калі — пшаніца!
        — А авёс не хацелі?
        — А я вам кажу, што ня жыта, не авёс і пэўна, што — не пшаніца!
        Зацятая спрэчка ўжо манілася перарасьці ў бойку, як раптам некаму прыйшла ў галаву ідэя і ён выгукнуў:
        — Гулько, а Гулько, ты бліжэй стаіш, што там расьце!?
        — Што расьце, што расьце, ды пэўна ня тое, што вы думаеце, — прамармытаў сабе пад нос Гулько і павярнуўшыся да натоўпу ўрачыста абвесьціў: Эта — РОЖ!
        — Які рож? — сумеліся чакальнікі.
        — Рож і ўсё, — адрэзаў Гулько, — а ўсё што радам с рожжу — сурож, ну — сурожык, суржык. Спрасіцеся ў саседзяў, калі ня верыце.
        Тым часам суседзі маўчалі. Пачварныя расьліны, якія і сапраўды разрасталіся і множыліся выклікалі ў іх непадробны жах. Найбольш тросься Гулька, які стаяў бліжэй, а значыць бачыў лепш і больш, але трэсла й астатніх.
        
        Пранцускі пасол, які гадоў праз 20 пасьля таго ехаў межамі дзьвюх гаспадарак, усё, што навокал бачыў, натаваў у кніжачку. Зь ягонага дазволу я й сьпісаў з тэй кніжачкі колькі словаў...
        «Дзіўнымі мовамі размаўляюць людзі гэтых краёў: суржыкам і трасянкаю. Суржыкоўцы, пры гэтым, з трасяншчыкаў пасьмейваюцца, а тыя ім адпаведным сплочваюць.
        Край гэты багаты лесам, лес — дзічынаю, грыбамі ды ягадамі. А яшчэ багаты ён рэчкамі і вазёрамі рыбнымі і паўнаводнымі, багаты балотамі і ўзгоркамі. І ў кожнай мясьцінцы, у кожным куточку хаваецца тут легенда ці паданьне, казка ці песьня.
        А людзі ў гэтых краях працавітыя ды бедныя, хаця ёсьць і нармалёвыя. (...) У самых бедных конікі зеленавата-шэрыя і бароды шуфлепадобныя, бо так іхны бог выглядае... Вось жа яны найбольш і паслугоўваюцца суржыкам ды трасянкаю. Нармалёвыя ж маюць добрых коней. Іхныя багі, сярод якіх і дзьве жанчыны-гаспадыні, выглядаюць іначай і кажуць гэтыя людзі — мовамі.
        А яшчэ, ходзяць чуткі, што апошнім часам пачаў зьяўляцца тут у вечаровых туманох маскаль на коніку, і што нейкая балаболка намаўляе тутэйшы люд, пальцам аб палец ударыць. Бяднейшыя, кажуць, ужо й рукі на гэта паднялі, іншыя сумняваюцца і толькі нармалёвыя ня дбаюць — сваю справу робяць... Трывожна, вусьцішна. Начамі на памежжы чуваць енкі і стогны. Усе чакаюць навалы і пошасьцяў, чакаюць бедаў вялікіх і канца сьвету — ТРАСУРЖЫКА».

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.