Ліфт
|
Ён зайшоў у людны весцібюль знаёмага хмарачоса. Камерцыйныя кампаніі, акцыянерныя таварыствы, грамадскія аб’яднанні, спартыўныя залі, залі для фітнэсу, лазня з джакузі, інтэрнэт-кафэ - усё тут, пад адным дахам вялікага мурашніку. Тут валадарыць хуткасць. Усе некуды спяшаюцца, перагаворваюцца на лёце, размаўляюць па мабільніках, бягуць з дакументамі на подпіс. Хутка на цокальным паверсе пабудуюць біржу, вось тады тут пачнецца сапраўдная мітусьня, а зараз так... працоўная атмасфера ў вялікім будынку. Простыя прыемныя сцены, выкананыя ў стылі шклянога рэалізму, псеўдамармуравая падлога, прыгожыя, заўсёды святочныя секрытаршы - гэта адно з сотні падобных збудаванняў... і ён працаваў тут. Але яго цікавіў ліфт. Як заўсёды, некалькі хвілін пад'ёму і прыбыццё на месца працы. Ён не любіў падымацца пехам, увогуле мала хто любіць падымацца па лесвіцы на апошні паверх саракапяціпавярховага хмарачоса. Падарожжа, нават, забаўляла, але не вельмі. Ён крыху баяўся ліфта, гэтай дзіўнай кабіначкі на тросіку, якая асацыявалася з труною на лентах у магіле. Вось знаёмая клявіша вызава, ужо ззяе чырвоным святлом, а значыць: кабінка хутка прыбудзе сюды і адчыніць усю сябе спяшаючымся пасажырам. Кабіна сапраўды прыпаўзла хутка. Салідны мужчына з трывалым заробкам і нетрывалым страўнікам выйшаў першым. За ім выплыла маладая супрацоўніца ў шалёна кароткай мініспадніцы і на шалёна высачэзных абсцасах. Яна праплыла міма яго, прывабна хвалюючы бёдрамі, але гэта яго мала цікавіла. Трэцяй была старая загадчыцца ўправы кадраў газавай кампаніі, што арэндоўвала ўвесь сёмы паверх хмарачоса. Гэткая сцерва ў гадах. Такія, напэўна, не перавыхоўваюцца, вечна будуць глядзець воўкам на простых людзей, ганарыста трымаючы галаву, даючы зразумець усім астатнім іх сапраўднае сацыяльнае становішча.Нічога, хай чакае свайго Бальзака. Чацвертым быў сам Бальзак у руках журналіста нейкай газеты. Ён лічыў іх, ён заўсёды рабіў гэта, бо яму падабалася запамінаць твары, адзенне, звычкі, аднолькавыя рухі. Падабалася адбіваць усе гэтыя акалічнасці ва ўласнай памяці. Ён зайшоў разам з трыма бізнесменамі, якія працавалі ў брокерскай кампаніі. Іх таварыства займала розныя офісы на трох паверхах будыніны. Адзін на чатырнаццатым, два на дзевятнаццатым і, напэўна, тры на дваццаць першым. Ён іх добра памятаў, яны заўсёды падымаліся ў гэты час, у дзевяць транаццаць, роўна па секундах, ніколі не спазняючыся, без аніякіх апярэджванняў. Прывінчаны сертыфікат выклікаў дзіўныя думкі у час падарожжа: " Ліфт правераны 5.04.95, наступная праверка 8.04.05, подпіс службовай асобы. Хм, яшчэ тры гады да наступнай праверкі, а раптам ужо нешта сапсавалася, нешта выйшла са строю, перацерлася, збілася, ці скруцілася ўшчэнт. Можа трос, які падымае гэту рыпячуую кабінку, даўно прагніў ад вільгаці, счасаўся, ці яго падпіліў псіхованы самагубца. А што..." Бізнесмены выйшлі. Гэта іх - дзевятнаццаты паверх. Далей ён едзе адзін. " А што, хіба не? Вось адмовіла яму прыгажуня, а ён, адмарозак, надраўся пад завязку, прыпёрся на працу, адамкнуў дзверы недзе на транаццатым, пачакаў кабінку, спрыгнуў і пілуе зараз. Пілуе, пілуе, як тыя неўрастынічныя вавёркі ў псіхадэлічных мульціках. Пілуюць ветку на якой сядзяць. А разам з ім і пасажыры ў ліфце закончаць жыццё... бр-р, жах і толькі". Трыццаты паверх. " Не, ён жа сертыфікаваны, значыць нехта адказвае за бяспечнасць, значыць нехта правярае ўсе сістэмы, перыядычна глядзіць на стан тросаў, перадач. Некаму ж плацяць грошы. А што, калі не? А што, калі абходчык не заўважыў дыфекту, ці яму мала заплацілі ў гэтым месяцы, таму ён адносіцца да працы з фрывольнасцю. А можа ён лянівы, хапае ж на свеце лайдакоў. Не, усё ж такі ён адчувае адказнасць за людзей! Ён проста павінен адчуваць яе, гэтую старую паважаную адказнасць, адказнасць за іх жыццё, здароўе... ці можа не?" Ліфт спыніўся. Яго - апошні. Што ж, час працаваць. І ён пайшоў працаваць. Назад ён ніколі не вяртаўся на ліфце. Марудна спускаўся па лесвіцы, гэта працэдура яму падабалася, так ён трымаў сябе ў форме. Спуск займаў каля трыццаці хвілін, але яму не было шкада часу. Час увогуле не тая рэч, якую трэба шкадаваць на думкі, па крайней меры, так лічыў ён. Прынамсі, на лесвіцы не адчуваеш боязі за трос, на якім трымаецца кабінка, за працу, якую нехта павінен быў выканаць, за лёс... свой лёс. Таму зараз ён быў вясёлы. Фаталічныя думкі зніклі, зніклі да наступнага дня, да наступнага падарожжа на ліфце. Зноў весцібюль, шкляныя сцены, мармуравая падлога, прыгожыя секрытаршы, клявіша... Бізнесменаў няма, яны будуць праз хвілін пяць, ці шэсць, ён не браў сёння гадзіннікаў. Дзверы адчыняюцца і адтуль выходзіць вясёлы гурт студэнтаў, зусім маладых, шчаслівых, гучных. Яны ўсьміхаюцца, жартуюць, здымаюць на фотакамеры адзін аднога. 9 чалавек усяго. " А што адчувае чалавек, калі ліфт зрываецца з тросу? – ліфт марудна пачаў пад’ём. - Боль? Млосць? Жах? А можа ён нічога не адчувае, можа мозг проста адключаецца і чалавек памірае да таго, як кабінка разлятаецца на кавалкі ўнізе? Гэтакі кампрэсійны ўдар, ад хуткасці ціск павялічваецца, - дзверы адчыніліся, але ніхто не ўвайшоў. - Ліфт набірае хуткасць вольнага падзення і людзі ў кабінцы трапляюць у бязважкасць, амаль, як касманафты, вось толькі не касманафты яны, а кабінка не аварыйны апарат з трыма авіяцыйнымі парашутамі, - цікава адкуль вечна такія думкі? - Не, чалавек проста не можа гэтага адчуць, - сёння ён едзе адзін. Першы раз за ўвесь час працы ў гэтым будынку, ён ужо прызвычаіўся хоць да якой хвіліннай кампаніі, - бо ліфты не падаюць! Ёсць жа спецыяльныя прыдахраняльныя сістэмы, механізмы, дадатковыя тросы, тармаза, сродкі запавольвання. Сертыфікат, нарэшце, не абы-што, выдома ж не проста так яго тут вешаюць. Хіба ж дошачка, каб адпісацца? Людзі працуюць, зарабляюць на хлеб, спадзяюся, працуюць добра, па крайней меры, пакуль не выйду з гэтага замкнёнага пекла, буду спадзявацца. У любым выпадку, надзея знікне разам са мной". Апошні - яго. Зноў усё па-старому. Цяжкі пад'ём на ліфце скончаны, можна заняцца улюблёнай працай... і ён працаваў. Зноў спуск. Так, лесвіца доўгая. Сёння трэба набыць смятаначцы, ды і маслам не пагрэбываць трэба. Не забыць бы кветак для жонкі. І квіткі ў тэатр, яна даўно імкнецца туды. Тэатралка, цап яе за нагу. Не забыць бы... працоўны дзень. Народ вясёлы, ужо чакае адпачынку. Ён ужо бачыць адпачынак у сваіх марах і снах. Бычыць праз шкляныя сценкі хмарачоса, адчувае на смярдзючых, забруджаных вуліцах горада. Ім ужо чуюцца дзіўныя гукі прыроды: шапацценне травы, хуткі бег ветрыка між шыкоўных кронаў дрэў, ці пляж на ўскраіне доўгай касы, імклівы рух чаяк, альбатросаў, бурчанне пыласосу, нарэшце. Каму як. Усім трапіцца па пасадзе, зарплаце і фантазіі. Але гэта усё будзе, будзе заўтра, а сёння праца, інтэнсійная, цяжкая праца, на якую страчваецца столькі моцы, нерваў, здароўя, чорт яго бяры. Ён сёння тут. Заўтра вечарам запланаваны паход у тэатр. Прыяжджае нейкая расейскай трупа, вельмі знакамітая і квіток не з таннейшых. Але жонка прасіла, прасіла даўно, шчыра. Як, можна ёй адмовіць, гэта ж яго суцэльны галаўны боль днём і яе ноччу! Легалізаваны шантаж, нават тэрарызм, рабаўніцтва і толькі. Да праўды, яму самому патрэбна была разрадка, нейкая забава, вясёлае часаправоджанне. Ён зусім запрацаваўся. Нарэшце, ён звальняўся. Ён зарабіў дастаткова, каб пажыць крыху. Затым можна ўладкавацца некуды ізноў. Але пасля, пасля таго, як ён адпачне па-чалавечы, зноў адчуе радасць жыцця. Клявіша, ліфт. Спачатку на дваццаты - управа кадраў. Ён едзе з трыма найцікаўнейшымі суб'ектамі. Адзін барадаты, двое другіх - лысыя. Гэта яго забаўляе. Ён нават забыўся на сваю боязь. Ён смяецца за шклом сваіх акуляраў. Гэтыя кадры нараджалі ў яго смех, смех, які ён зараз старанна хавае за суровай маскай твару. Дваццаты - яго. Суб'екты пакацілі далей. Доўгі калідор. Дзверка ў канцы - управа кадраў. Вось туды яму і трэба. Сёння дзень зарплаты, як раз зможа аплаціць пэўныя пазыкі, і яшчэ крыху застанецца. Можа, нават, пераедзе ў іншы горад. Нешта перастала яму тут падабацца. А можа ніколі і не падабалася. Вось вёска, вёска зусім іншая размова, вёска тое, што трэба: свежае паветра, цішыня, спевы птушак, свая кароўка, авечачкі, качачкі. Кожны вечар размовы на лавачцы ля плота. Там ён адчуе смагу да жыцця, там ён зноў будзе са сваёй жонкай у добрых адносінах, там усё атрымаецца, там усё будзе проста класна. - Дзень добры, - ён зайшоў не пастукаўшы, - у мяне назначана. - Так-так, заходце, - ён зачыніў дзверы, - вы вырашылі пакінуць нас? - Так, вырашыў. - Можа вас нешта не задавальняе тут? - Не, дзякуй, усё добра, проста здароўе ўжо не тое, мы з жонкай вырашылі з'ехаць у вёску. - А, канешне, канешне. Вось ваша зарплата, распішыціся, - сакратар задумалася, - вы змянілі ўжо шэсць месцаў працы за тры апошнія гады. Нідзе не спадабалася? Нешта бракавала на працяглую працу? - Усё неяк не атрымлівася, можа за горадам будзе лепей, - у яго з’явіўся на лобе пот, цікава, з чаго б гэта? Можа інфекцыя якая патрапіла ў арганізм і ён заўтра зляжа з тэмпературай замест паходу ў тэатр? - Жадаю ўсяго найлепшага, дапабачэння. Ён выйшаў з душнага пакойчыку. Напэўна, кандыцыянер крыху барахліў. Ну і Бог з ім, з кандыцыянерам. Апошні дзень! Апошні дзень! Клявіша, ліфт, дзверы. - Мне на апошні, дзякуй! Калі ён выходзіў на сваім паверсе, ён убачыў знаёмага, яны часам размаўлялі ў ліфце: - Нешта вы часта да нас, - павітаўся служачы. - Сёння апоші раз, я звальняюся. - Сапраўды? Віншую, дапабачэння. Служачы знікнуў у ліфце. Пасля таго, як зачыніліся дзверы, адчуўся характэрны гул і кабінка мерна паплыла ўніз. Апошні дзень! Але трэба працаваць... і ён працаваў сёння... апошні раз на гэтым месцы. Дзень скончаны. Да хаты! Да любай жонкі. Ён бёг па лесвіцы, як ашалелы. Толькі шчасце і радасць былі ў яго сэрцы. Недзе на трэцім паверсе ён пачуў скрэжэт металу, а пасля металічны грукат. Яго аглушыла. Кантузіла. Пакрала дар мовы. Ён згубіўся ў прасторы. Скрэжэт скарожанага метала ўеўся ў яго вушы. На душы аж спёрла ўсё. Зрабілася жахліва. Галава балела ад кантузіі. Нешта вялікае, цяжкае сарвалося і паляцела ўніз з трыццатага паверха. А што ў ліфтавай шахце можа падаць акрамя ліфта? Хм, больш нічога! Калі ён быў у весцібюле, ён ўбачыў раскарожаныя дзверы ліфтавай шахты. Там ужо стаўпілася шмат народу, выгрыбалі смецце, скарожаны метал, даставалі параненыя целы. Ён не падыйшоў туды. Ён не з тых, хто запавольваецца на сваім аўто, каб палюбавацца пейзажам крывавай аварыі. Ён выйшаў з гэтых шкляных сценаў, выкананых у стылі шклянога рэалізму. Ён ведаў, што такое калі-небудзь здарыцца. Не здарма ж ён так баяўся ліфта, адносіўся да яго з асцярогай, трэсся і маліўся ў ліфтавай шахце. Ён тармазнуў таксі. Жоўтае "Пежо" спынілася ля яго. Ветлівы таксіст адчыніў дзверы новаму пасажыру. Ён апошні раз глядзеў на гэты хмарачос, ён болей сюды ніколі не верніцца, ён увогуле ніколі не вяртаўся. Ён зняў сваю блакітную куртку і сеў у таксі, трымаючы ў кішэні пасведчанне аб смерці жонкі. На куртцы яркімі, фосфарнымі літарамі свяцілася: ЛіфтНагляд усталёўка і тэхнічная падтрымка ліфтавага абсталявання
|
|
|