Скарб
|
У самую бязгодзіцу глыбокай восені, пад дажджом бесперастанку і ўвечары, ехаў я ад станцыі Яшун Палескае чыгункі ўбок вёрст за пятнаццаць. Дрогкія, убогія калёскі, калматая, слабасільная шаўлюжка і пануры, бедны вілянчук-фурманшчык не весялілі вока. Лёгкае паліто пад дажджовай накідкай мала баранілі маё зяблівае цела ад пранізлівае сцюжы з ветрам, і я з жалем глядзеў на акалелага вазніцу ў кароткай і благенькай, зношанай капоце. Вазніца быў маўклівы; маўчаў і я, прыціснуты бясконцай чарадою невясёлых думак. Пакуль цягнуліся ад станцыі ў сасновым лесе, нядоля ў зацішшы здавалася яшчэ не дужа прыкрай. Але вось патанулі мы ў туманным полі... Гусцела цьма. Нямела мокрае надвор’е. Страшыла чорная, без просвецця, марудная дарога. I я пачуў сябе няшчасным у жыцці. «Але, – думаў я сабе, – ёсць на свеце яшчэ болей абяздоленыя людзі». I падумаў пра свайго фурмана, які паедзе гэтаю ж дарогаю назад адзін. Я добра павячэраю, сагрэюся і буду спаць, калі ён, бедны, будзе яшчэ калець на гэтай сцюжы. – Ці часта вам трапляецца так ездзіць? – спытаўся я азызлым ротам, з натугай вымаўляючы слова па слову. – Як калі, – гэтаксама адгукнуўся фурман, – як пасажыры ёсць, тады і еду. То цераз дзень, то разы два на тыдзень. – Ох, няшчасны ж вы чалавек!.. – Чаму няшчасны? Без хлеба не сяджу, патроху зарабляю. «Мабыць, звёўся з гаспадаркі і ўдаўся ў фурманы, – падумаў я аб ім, – мабыць, няздатны гаспадар; такія незадачнікі бываюць між сялян». – Я, бач, братку, зямлі не маю, конь – усё маё багацце, – як угадаўшы мае думкі, сказаў ён мне. – То вы сапраўды няшчасны чалавек... – Чаму няшчасны? Я часам добра зарабляю. – Калі ж гэта вы так добра зарабляеце? – Бывае. Пасажыры бываюць розныя. – «На чай» даюць? – Даюць гасцінца, а вось надоечы, дык пяцьдзесят рублёў за тры вярсты зарабіў. Мяне здзівіла і зацікавіла, які такі шчаслівы выпадак скінуў яму з неба пяцьдзесят рублёў? Я хацеў пытацца, але фурман ажывіўся сам, і я прыслухаўся, што ён мне скажа? – Бачыце, вунь там фальварак? – паказаў ён пугаю некуды ўбок. Я, прызнацца, нічога, апроч чорнай, мокрай цьмы, не бачыў і, як ні напружваўся вачыма, не мог зацеміць ніякага фальварка. – Ну, дык што? – Там жыў калісыді пан, які займаўся чараўніцтвам. Ён даведаўся, што ў тым сасновым лесе, што мы, вось, праязджалі, пранцузы закапалі скрыню грошай. – Ну,ну? – Дык вось шукаў ён таго скарбу праз усё сваё жыццё, ды нічога не мог натрапіць. Так і памёр, нічога не знайшоўшы, але прадаў свой сакрэт немцам за граніцу. Відаць, я гэтых немцаў надоечы і вёз. – Цікава! – Але, братку, дужа цікава! Каб ведаў я, што яны, гэта, скарб едуць шукаць, то не пяцьдзесят рублёў узяў бы з іх. – Значыцца, яны знайшлі? Кажыце па парадку ўсё. – Што ж тут казаць? Відаць, знайшлі, бо столькі грошай мне дарма не кінулі б. Прыехалі яны з вячэрнім цягніком як вось, прыкладам кажучы, і вы. Прыехалі ўдвух, высокія такія, з рыжымі вусамі, і гаворка ў іх ні польская, ні руская, а невядома што, падобна да яўрэйскай. Ды не яўрэі. Са мною гаманілі ломана па-польску. Па далікатнасці відаць, што важныя паны і не тутэйшыя. Дагаварылі яны, гэта, не таргаваўшыся, маю фурманку да фальварка, але, прыехаўшы ў той бор, сказалі мне стаяць. З сабою ж узялі якуюсьці даўгую цяжкую торбачку – штрумэнты былі там ці што, бо троху дзынкала. Запалілі лікстрыцкі ліхтарок і падаліся з дарогі ў лес. I торбачку ўзялі з сабою. Чакаў я іх, мабыць, з гадзіну. Спачатку не дзівіўся, бо паны, вядома, ад іх усякіх штук убачыш. Але, урэшце, дакучыла мне дужа – таксама дождж крапіў – ды і цікавасць забірала. Тут я і сцяміў, што яны, гэта, скарб шукаюць. Вярнуліся, гяргечуць паціхеньку між сабою і нештачка малое ў руках адзін нясе. Другі нёс торбу, а гэты – штось завінуўшы ў чорную хустачку, можа, тую скрыначку пранцузскую з грашыма. Што мяне здзівіла, дык гэта – радасці вялікай на тварах не было відаць. Як і раней, гяргечуць паціхеньку, спакойна між сабою і кажуць заварачываць назад. Я, вядома, завярнуўся і завёз назад на станцыю. Якраз падыходзіў і цягнік на Вільню, яны ўзялі білеты, далі мне пяцьдзесят рублёў ды і паехалі сабе. – Дзіўныя рэчы кажаце! – як крыкнуў я. – Толькі як яны маглі знайсці ў лесе, уночы, у незнаёмай мясцовасці? – Немцы, братку! Мудрыя галовы, хітрэйшыя і ад яўрэяў. Забыўся сказаць, што на вакзале яны ў нейкі план глядзелі і стужку мерную якуюсь мелі пры сабе. А як іх вёз, дык усё на гадзіннік пагаядалі, колькі ўехалі. Пыталіся ў мяне ломана па-польску аб паваротках ад дарогі. – Ай-я-яй! Чаму ж вы не сказалі хоць начальніку станцыі, што немцы нешта ў нашым лесе адкапалі? – Э, панок, лес гэты панскі, а звяжыся з начальнікам, яшчэ ў бяду якую трапіш... Далі мне пяць паперак, я і маўчу. – Ну, а цяпер жа вы шкадуеце? – Чаго шкадую? На іхнюю долю, знацца, шчасце. Трошкі, можа, і шкадую, што не папрасіў хоць сотню. Як думаеце, далі б ці не? – Ай-я-яй! – мог я толькі адказаць, бо сапраўды ўпэўніўся, што немцы выкапалі скарб, закопаны ў 1812 годзе французскім войскам. Нядбаласць кінула мяне; здавалася, як быццам пацяплела, як быццам пасвятлела навакол. Хацелася бегчы даганяць штосьці, намалёванае ўвабражэннем. Ды не надоўга... Фурман змоўк. Паволі сціх і я. Каняка наша шлёпалася, як рак. Ноч яшчэ болей пацямнела, і падарожжа ізноў расціла цярплівую нуду, маруду думак, безнадзейнасць. Дожджык прабіраўся за каўнер, пранізлівая сцюжа ёжылася па спіне. За паўгадзіны апавяданне яго здавалася даўняю, даўняю байкаю ці нечым бачаным ува сне.
|
|
|