РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Зьміцер Смалякоў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Здзек
...
        "Я гляджу ў прастору. Цямрэча. Я еду ў дзіўным вагоне чырвонага колеру. Праз дзіркі наверсе я бачу халодныя зоры, якія зіхоцячы, свецяць мне ў твар. Сёння ў мэтро вельмі мала народу. Свята. Ніхто не едзе па справах. Усе засталіся дома. Я еду ў вагоне адзін. Цёмны бясконцы тунель. А зоры не знікаюць, хутка павінна з'явіцца поўня. Так-так, сёння дзень поўні, трэба весяліцца, трэба ўжываць віно, трэба бачыць Цябе! Твой твар адбіваецца ў шкле, дзіўным адлюстраваннем майго твару. Дзіўная люстра - гэта цёмнае шкло з бялюткім надпісам "не датыкацца". Я спрабую прыгадаць Цябе, але нічога не атрымліваецца. Ты расплываешся перад маімі вачамі, знікаеш некуды ў цемру, а я застаюся адзін і мне дрэнна. Мне становіцца кепска і я плачу, наракаючы на лёс... і цішыня, ня чутна аніводнага гуку... амаль як там, на станцыі."
        
        
        - Доктар, ваш пацыент прачнуўся. Шалёна плача. Вам неабходна хутчэй да яго!
        
        - Дзякуй Света. Я зараз.
        
        Бялюткі пакойчык. Чысты і мяккі. Аніводнага вострага прадмета, аніводнага вугла, аніводнай ніткі, аніводнай вяровачкі. Няшчасны сядзіць на падлозе падобны да расліны. Вільготная тканіна перад ім, як прыкмета салёных слёз. Ён тыкае пальцам у падлогу і нешта ціхенька шэпча. Прачнуўся... лепей бы спаў.
        
        - Як ты, дружа?
        
        У адказ схліпы і нічога больш. Пацыент нават не паглядзеў на асобу ў белым халаціку, якая ўвайшла ў вечна зачыненыя дзверы.
        
        - Бачу ты не ў лепшым стане! Супакойся... Давай-ка зробім укольчык і будзем спаць. Пакладземся спаткі, а заўтра зноўку зоймемся практыкаваннямі. Будзем гуляцца з кубікамі, будзем размаўляць. Ты чуеш? Давай-ка руку.
        
        Няшчасны працягнуў руку. Доктар зрабіў яму ін'екцыю і выйшаў за дзверы. Хворы сядзеў яшчэ некалькі імгненняў, а потым зваліўся і заснуў дзівосным сном.
        
        
        - Табе лепей? Як ты сабе адчуваеш.
        
        Хворы злёгку ўсміхнуўся і пашматаў галавой.
        
        - Я рады, што табе лепей. Ты бачыў нешта ўчора раніцай? Не, а чаму тады ты плакаў? Не скажаш, добра, не буду пытацца. Бяры кубікі. Сёння будзем будаваць пірамідку... Сястра, прыгатуйце калі ласка сённяшнюю дозу, дзякуй.
        
        
        "Твой твар! Прыгожы, чысты, Твой твар. Я памятаю кожную ямку, кожную маршчынку, кожную вяснянку. Ты тут, са мною... Я адчуваю цябе, Тваё цяпло! Нажаль не бачу. Ты ў цямрэчы, схавалася за буйным габіленам. Тысячы свячэй асвятляюць пакой, а Ты ў цямрэчы... Ты недасягальна для мяне. Я здатны толькі адчуваць і я адчуваю Цябе. Ратуюся толькі пачуццям. Плыву па рацэ, плыву па радзіме пераній. Рака чырвоная ад крыві. Яны з'ядаюць усё, што можна з'есці. А я плыву... плыву да Цябе. Ты недзе там, за габіленам. Я ўспрымаю Тваё цяпло. Яго немагчыма не ўспрымаць! Мне ня трэба вочы, бо нешта ўбачыць я не здатны. Цішыня. Не чутна нават скрэжэту зубоў ружовых рыбак. Нажаль не сустрэцца нам. Ты на волі, я ў замкненні! Ты ў сваім свеце, я ў чужым... стаю перад габіленам, пераплываючы рэку, чырвоную ад крыві, радзіму ружовых рыбак - пераній."
        
        
        - Вы ведаеце, што ў вас не здадзена карта?
        - Так. Я пакуль яшчэ не запаўняў палі.
        - Чаму?
        - Трэба яшчэ некалькі сеансаў. Я адчуваю паляпшэнні.
        - Але прылады нічога новага не зафіксавалі.
        - Я бачу прарыў. Бачу ў ягоных вачах.
        - З ім нешта здараецца?
        - Так... Нешта такое ёсць. Ён сцішыўся, часам адказвае на пытанні.
        - Мне здаецца, што ён мацней зачыніўся ў сабе.
        - Не, нічога ў гэтым плане я не назіраў.
        - Вы добра спіце?
        - А што?
        - У вас чырвоныя вочы.
        - Ад працы пэўна.
        - Вам патрэбны вакацыі?
        - Не, я хачу дапрацаваць з ім.
        - Добра, але карты запаўняць трэба!
        - Я буду запаўняць.
        - У вас не хапае на гэта часу?
        - Так... Праца з паперамі не мой лепшы бок.
        - Добра. Вы павялічылі дозу антыдэпрэсантаў?
        - Так.
        - Цікава... Ну, тады вы вольны...
        - Угу.
        - А, так. Зарплата затрымліваецца. Вы ўсё атрымаеце напрыканцы тыдня. Разам з прэміяй. Нічога што так?
        = Дзякуй, усё добра.
        
        
        "Ты ўсё бліжэй, і ўсё так жа далёка. Я адчуваю Твой подых, ціхі, мілагучны, неверагодны. Вялікі мур перад маімі вачыма, хавае Твой пакой. Недзе ў глыбінях скляпення знаходзішся Ты. Сядзіш насупраць каміна і адчуваеш цеплыню полымя. Я гляджу наверх - там свеціць поўня. Яе свет адбіваецца ад сценаў і вартаўнікоў, якія знаходзяцца на тых сценах... Твары іх закрытыя хусткамі. Я б'юся галавой у сценку і сценка паддаецца. Я тут, у пакойчыку, ля мяне кракадзілы - няшчасныя рэптыліі старажытных часоў. Ты недзе там, далёка... Усё бліжэй да мяне і бліжэй. І раптам свет атручвае мой зрок... Сонца! Адкуль у скляпенні Сонца? Гэта Ты... Так, гэта Ты. Выйшла з ценю, глядзіш на мяне, а я адварочваю позірк бо не магу трываць свет. Чысты, белы, ён знішчае мае вочы, забіраючы зрок. Ты тут! Мне ўжо не патрэбныя вочы, бо я дакранаюся да Цябе і адчуваю цяпло. Цяпло пакрыху размяркоўваецца па маім целе, дабіраецца да сэрца, вызваляючы душу! Я прыціскаю Цябе, я ніколі не адпушчу Цябе, Ты будзеш са мною... Кракадзілы прачнуліся. Яны накіроўваюцца да нас, але не могуць падыйсці. Яны так сама аслеплены Тваім святлом. Яны не могуць трываць цяпло, яны чакаюць, пакуль я прымушу Цябе знікнуць, пакуль я пераўтваруся ў іх сабрата. Буду такім жа халодным і крыважэрным. Але Ты трымаеш маю руку і я разумею, што ўсё будзе добра... Але час! Час не чакае жыццё. Час."
        
        
        
        Алкаголь не вельмі добрая рэч для зняцця стрэсу. Ён гэта ведаў, але нічога з сабой парабіць не мог. Ён піў і піў, выпадаючы ў асадак. Час цягнуўся марудна, запаўняючыся новымі фарбамі, дзіўнымі замутненнямі і невядомымі гукамі. Слёзы ліліся ракой і той рацэ не было ані канца, ані краю.
        
        Бутэлька з празрыстай вадкасцю па-крыху спусташалася. спусташаючы арганізм і думкі. Наступіў такі час, калі ён увогуле перастаў думаць. Ён проста сядзеў, глядзеў на пэўную кропку на сценцы і плакаў, плакаў... Пакуль не скончыліся слёзы, тады ён зваліўся на падлогу, больна ляпнуўшыся галавой. Яго насіла па падлозе, ад чаго ён падымаўся і станавіўся на чэтверэнькі з надзеяй спыніць кружэнне. Кружэнне прыпынялася, ён зноў клаўся, але не мог трываць - гайданні вярталіся. Тады ён зноў падкідваўся і бяздумным позіркам углядаўся ў падлогу. Было зусім дрэнна і ў роце ўсё перасохла. Нарэшце, гайданні больш-менш прыпыніліся і ён заснуў... Сноў не было, дзейнічаў алкаголь. Заснуў да раніцы. А раніцай яго чакала смага і жудасны галаўны боль.
        
        
        - Ты яго бачыў?
        - Так, зусім кепскі... магчыма праца.
        - Ці алкаголь?
        - Ці жонка, якая збегла тры гады таму?
        - А можа ад таго што зарплату затрымліваюць?
        - Я бы ад гэтага з'ехаў дакладна!
        - Ну, бязь зарплаты не жыццё!
        - Ужо пяты!
        - Ага, нейкі не шчаслівы кабінет!
        - Нехта стукаецца?
        - Так-так, хавай куфлікі!
        - Хто там?
        - Вам пошта!
        - Што там? А, дзякуй.
        - Чытай!
        - Ага-ага... так-так, мамачкі!!!
        - Што? Што такое?
        - Аналіз паветра ўзяты ў пэўных памяшканнях вашай установы, выявіў утрыманне І-3-12. Доза пераўзыходзіць норму ў 1251 раз. Пастанова: праветрываць памяшканні! Дадзеная інфармацыя пададзена да карыстання толькі для кіруючага персаналу!
        - Чуў? Я звальняюся!
        - Нельга ж так!
        - Пайшлі хаця бы выйдзем!
        
        "Ты тут... Ты блізка! Ты ля мяне! Я ў белым, светлым пакойчыку, дзе цёпла і ўтульна! Акрамя нас тут нікога няма, толькі мы. Ты і я. Мы абдымаем адзін аднаго, не выпускаем. Сядзім доўга, бо адпусціўшы, мы згубімся назаўсёды! Я не хачу губляць Цябе! Я не хачу зноў адзіноты! Я непакоюся з-за гэтага, бо без Цябе я не змагу існаваць, не змагу жыць, не змагу дыхаць. Ты маё паветра! Пад намі падлога, над намі коўдра, над коўдрай зоры. Пэўна ад іх пакойчык такі бялюткі! Як жа хораша... і ціха! Анічога не чуваць, акрамя Твайго подыху. Дзівосная музыка, што крочыць з Тваіх грудзеў!"
        
        
        - Добры дзень шаноўныя тэлегледачы, у эфіры праграма Пастскрыптум. З некаторых пор, пэўныя колы грамадскасці пачалі непакоіцца за экалагічны стан іх населеных пунктаў, асабліва настырнымі былі жыхары раёна дзе знаходзіцца псіханеўралагічны дэспансэр. Яны сцвярджаюць, нібы дзяржаўнае прадпрыемства па перапрацоўцы хімічных адкідаў, забруджвае наваколле і выкідвае ў атмасферу атрутныя рэчавы. Што ж, спытаем у дырэктара прадпрыемства! Паважаны, Адольф Ізотваіч, што вы можаце сказаць па этаму поваду?
        
        - Ну, што здзесь скажаш. Вся эта нездаровая шуміха вакруг нашага прадпрыяція ачарадная выхадка нашых врагов. Я уверан, что тут замешана і апазіцыя! Я афіцыальная ліцо, патаму афіцыяльна заяўляю. ОАО ХімРэактывы нікакіх врэдных выбрасаў не дзелает! Прадпрыяціе экалагічыскі чыста і совершэнна безапасна! По этому попрашу прыкраціць всякія толкі вакруг этай цемы! Есьлі бы што там і была, так государства даўно бы ўжэ нас закрыла!
        
        - Гэта быў дырэктар ААТ ХімРэактывы, Адольф Ізотавіч Зікункоў. Як мы бачым, нічога небяспечнага няма! Усе размовы, якія вядуцца вакол небяспечнасці выкідаў - чарговая піар выхадка нездаровых колаў! Тым больш, што прадпрыемства працуе ладна, сплочвае падаткі і з'яўляецца працоўным месцам 64ох чалавек! На прадпрыемстве чыста, усё прыбрана, у адрозненні ад тэрыторыі дзе пражываюць нашы "крыкуны". Як мы бачым, жывуць яны у брудзе, смецце выкідваюць дрэнна, мала сплочваюць падаткаў, не клапоцяцца аб дзяржаўных маёмасцях...

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.