РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Зьміцер Смалякоў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прысутнасць
...
        Калі яна варушылася, я прачынаўся і ўжо не мог заснуць. Гэта адбывалася а пятай, перад самым тым момантам, калі было трэба падымацца на працу. Ці то ёй снілася нешта жахлівае, ці то яна наўмысна будзіла мяне раней, каб паспаць больш утульна. Я даўно хацеў змяніць нашую вузкую канапу, але ж усё не было грошай.
        
        Я падымаўся. У цямрэчы цягнуўся на кухню, ставіў на газ імбрык, а затым ішоў у ванну. Вада закіпала – я разумеў гэта па свісце. Тады я выключаў газ і рабіў гарбату. Яна спала.
        
        Піў марудна. Часу састудзіць ніколі не было. Да працы трэба было дабірацца паўтары гадзіны, а працоўны дзень пачынаўся напалову а восьмай. Звычайна я перабіваўся батонам з маслам, а ужо ў абед харчаваўся больш дасканала. Я ніколі не мыў за сабой кубак, наўпрост клаў яго ў ракавіну і пачынаў апранацца. Звячора пакідаў папрасаваную кашулю ў вітальні. Там жа, у шафе віселі нагавіцы і гальштук. Я спрабаваў апранацца ціха, але рэдка ўдавалася. Ёй не падабалася. Я разумеў тое, па цяжкіх стогнах, якія яна выціскала з сябе час ад часу, калі я рабіў занадта ўжо гучныя рухі. Тады я абуваўся і выходзіў, звычайна грукаючы дзвярмі, каб яна зразумела, што я сышоў. Рабіў два абароты ключа і замок спрацоўваў гучна – ёй не трэба падымацца і правяраць ці замкнута, гэтыя шчаўчкі ўсё зробяць за яе.
        
        Ранішні рытуал першыя чатыры гады мяне напружваў. Я адчуваў неверагодны сум і адзіноту праз такі ціхі і далікатны сыход. Было б, магчыма, лепей, калі б яна выпраўляла мяне, ці рабіла мне гарбату, ці павязвала гальштук, ці хаця б развітвалася са мной перад маім сыходам. Я адчуваў сябе неяк ня ёмка, падымаючыся, займаючыся сваімі справамі і разумеючы, што там, у цямрэчы, на канапе пад коўдрай ляжыць ейнае цела. Маўклівая абстаноўка і тое, што я вымушаны не рабіць гучных рухаў, ці наўпрост казаць нешта, каб не пабудзіць яе, яшчэ больш дадавалі адзіноты ў мае ранішнія зборы. Калі б я быў адзін, то, хутчэй за ўсё, наўрад ці бы размаўляў з сабой. Але ж я мог шумець нікому не замінаючы, ці мог напяваць песню, ці ўключыць радыо, ці тэлевізар, я не ведаю. Я быў адлучаны ад хоць якіх гукаў, збіраўся ў цішыні адасоблены ад ўсяго таго, што грукоча, шумаіць, рыпіць ці грыміць. Адзінае што для мяне існавала ў той момант, дык гэта яе нерухомае цела.
        
        Пазней, калі ўжо мінула досыць часу я перастаў зважаць на такую адасобленасць. Збольшага, я цяпер думаю, што і ейнае цела для майго сыхода згубіла былую вартасць. Цішыня і адасобленасць ад рэчаў зляпіліся з маёй ранішняй сутнасцю, ператварыліся ў звычку. Я мог збірацца так, бо я быў прывучаны да гэтага і гучныя гукі самі па сабе ўжо былі мне не патрэбны як не быў патрэбны ейны сон, дзеля якога гэта ўсё раней адбывалася. Яна паступова знікала для мяне ў ранішняй прахалодзе, у непрыемным скразняку з форткі і гарачай гарбаце, пасля якой адслаіваецца скура з языка і вуснаў.
        
        Праз колькі часу я злавіў сябе на думцы, што нічога вакол не адбываецца. Я нібы ў пустыні выціскаю сябе на працу: не грукоча сэрца, маўчыць подых; і толькі ногі ціха шаркаюць па падлозе, нібы скразняк, ці дзверы, якія труцца аб касяк. Ніякіх думак, ніякіх чаканняў, рух за рухам, адныя і тыя ж за ўвесь той час, як я раблю іх. Усё вытрымана, але ж і з тым даксанала да аўтаматызму. Крок, імбрык, газ, ванна, вада, імбрык, куфаль, сесці – у суцэльнай цішыні і пустыні наваколля. Асабліва ў зімку, калі нічога не бачна ў цемры і толькі касыя промні маленькага ліхтара выхопліваюць фрагменты сцен і мэблі.
        
        Гэтыя дзеянні ніколі змяняліся і сярод іх не было нічога, што б звязвала мяне з ёй ці з наваколлем. Пакой знікаў у цямрэчы, дзе ў глыбіні, яна ляжала на канапе, на цёплай бялізне, пад цёплай коўдрай і ўся гэтая цеплыня, усе гэтыя мілыя майму сэрцу веды яе прысутнасці я кожную раніцу пакідаў за спіной. Магчыма таму я ўсё часцей кепска ўспрымаў ейнае ранішняе шавяленне, нібы яна наўмысна мяне выганяла ў пустэчу збораў. Але зачынаючы і замыкаючы дзверы ўсё вярталася зноў, тарахценнем аўтамабіляў, грукатам трамваяў, лаянкай дворнікаў і сотнямі шаркаючых ног, якія разам са мной крочаць на працу. Свет нібы чакаў мяне і навакольныя рэчы пачыналі ажываць, вяртаючы мяне з нябыту сцішаных збораў. Я гэта ненавідзеў.
        
        
        
        
        Некалькі тыдняў запар яна прачыналася за дваццаць хвілінаў да таго, як звычайна спрацоўваў будзільнік. Смажыла стэйкі. Гатавала гарбату. Ставіла усё на стол, а потым будзіла мяне. Я прачынаўся ад ейнага дотыку, пакой быў асветлены, бо яна перад гэтым запальвала святло. Я ішоў у ванну і чуў, як яна ўключае тэлевізар. Ён пачынаў гудзець навінамі і музыкай.
        
        У асветленым жырандоляй пакоі я бачыў кожную шафу, кожнае крэсла, кожны стол, усё было відавочна і напоўнена гукамі. А бачыў як калыхаюцца фіранкі ля форткі, я чуў як смажацца стэйкі, я адчуваў як усё навокал прабуджаецца разам са мной і я зусім не першы, а таму зусім не адзін.
        
        Я выходзіў з ванны і садзіўся за стол. Еў стэйкі з гарбатай і слухаў пра ейныя планы на дзень. Яна хутка перадавала свае жаданні, памкненні, распавядала, што будзе рабіць удзень. Пераказвала навіны і глядзела як я харчуюся. Гарбата не пакідала слядоў апроч смаку. Ніякіх апёкаў языка ці вуснаў. Не трэба было давіцца сухім батонам.
        
        Я ставіў куфаль у ракавіну, а затым апранаўся на працу. Цяпер мая вопратка ляжала ў пакоі. Там было цёпла і ўтульна, як на бабуліным лецішчы. Я нацягваў нагавіцы, апранаў кашулю, тады яна падыходзіла і павязвала гальштук. Я глядзеў на яе, як яна засяроджана накручвае вузлы. Скончыўшы, яна апускала каўнер і прыглядалася. Ледзь улоўным рухам пальцаў папраўляла кашулю, ці гальштук.
        
        Яна выпраўляла мяне ля дзвераў і на развітанне цалавала. Я пераступаў парог і нічога не змянялася. Яна нібы перадавала мяне ў тое балбатлівае быццё свету. Я выходзіў з дому і абарочваўся, глядзеў у вакно. Там стаяла яна і махала мне рукой. Я адказваў ёй тым жа. Потым доўга адчуваў яе позірк на спіне, нібы нейкі талісман, які праводзіць мяне праз пусткі. Але гэта ўсё хутка скончылася. Яна зноў знайшла працу.
        
        Некалькі тыдняў я засмучана прыгадваў той цудоўны час, калі яна будзіла мяне і выпраўляла на працу, але гэта хутка сыйшло. Я вярнуўся да свайго звычайнага рытму пабудкі праз будзільнік, з той толькі акалічнасцю, што пачаў прачынацца на тры хвіліны раней. Гэта давала мне магчымасць яго выключаць да таго, як ён пачынаў звінець. Яго звон з нядаўняга часу пачаў мяне надта раз'юшваць. Дайшло да таго, што калі ён спрацоўваў днём у выходны, я падхопліваўся з канапы, хоць бы нават і не спаў, і пачынаў збірацца на працу. Толькі праз імгненне я супакойваўся і адключаў будзільнік. Цяпер я яго ўвогуле не чуў, ставіў выключна дзеля страхоўкі, на той выпадак калі прасплю.
        
        Цяпер я прачынаўся ў суцэльнай цішыні. Уключаў адсвятленне на будзільніку, звяраў час і адключаў яго. Мяне зноў сустракала цемра і ў гэтай цемры спачатку малымі плямамі, а затым і цэлымі мазкамі пачалі праступаць чырвоныя і фіялетавыя колеры. Ад малых кропелек да вялікіх лужынаў яны ўсё з большым імпэтам праціскаліся ў мой сцішаны свет. Я больш і больш уважліва прыглядаўся да іх і яны глыбей і глыбей зацікаслі мяне ў сваю каляровую прастору. Затым я заўважыў змены на кухні – стол і вакно афарбоўваліся фіялетавым колерам, а праз цені галінастых дрэў на вуліцы тонкімі серпанцінамі пачалі прарывацца кусты.
        
        
        
        
        Я не ведаю як гэта пачалося. Магчыма, спачатку я не захацеў прачынацца, а можа і наўмысна пачаў прасыпаць пабудку. Гудзенне будзільніка нібы вырывала мяне з глыбіні сна, каб кінуць у патаемныя мроі – чырвоныя сады з фіялетавай травой, шэрым небам з белымі хмарамі. Я прачынаўся ля фіялетавага возера, на беразе якога я мог купацца і апранацца ва ўсё свежае.
        
        Чырвонае сонца сустракала мяне даўгімі промнямі і я дакладна памятаю, як усьміхаўся яму. Мне было цёпла і ўтульна, як на бабуліным лецішчы, тады я паварочваўся да сонца спіною і яно грэла мне спіну. Можна было кінуцца на дыван з травы і атрымліваць цудоўныя сонечныя ванны. І я колькі секундаў адпачываў на духмянай фіялетавай траве, слухаў як паветра наліваецца спевамі птушак. Тады я падымаўся і крочыў у высокую траву, дзе апусціўшы галаву, назіраў за статкамі вялізных звяроў, якія пасвіліся наводаллі.
        
        Я гатаваў сабе гарбату. Яна грэлася ў счарнелым жбанку з якога падымалася белая пара перамешаная з дымам. Я засыпаў туды заварку, а потым працэжваў кіпень. Наліваў кубачак і смакаваў заядаючы свежым батонам, на які тоўстым слоем клаў масла. Я аж моршчыўся ад задавальнення, робячы кожны глыток павольна, адчуваючы кожную ноту смаку той гарбаты. Я часта апякаўся, але ж тое было зусім не дзіва, бо піў суцэльны кіпень, толькі працэжэны.
        
        Над галавой скокалі малпы. Яны пералялатлі з галіны на галіну ў неверагодных позах, хапаючыся доўгімі лапамі за тонкія галінкі дрэў. Яны харчаваліся лісцем і блакітнымі фруктамі, якіх было дастаткова на самым версе. Яны як вавёркі вакол ствала дрэва ўзбіраліся наверх і там харчаваліся пладамі, сярод мяккіх промняў сонца. Я ўздымаў галаву, прыкладаючы руку да вачэй, глядзеў як малпы скокаюць пад самым сонцам у гэтым фіялетавым выраі.
        
        Я глядзеў як буялі кветкі. Яны вытырквалі даўгія зялёныя стрэлы і тыя пакрываліся фіялетавымі кветкамі. Яны распускаліся так хутка і так буйна, нібы маленькія белыя выбухі, якія гараць яркім колерам і абдаюць незвычайна прыемным пахам. Усё нібы мёдам водарыла, буяла так шыкоўна і так шчыльна, што падавалася, нібы сама зямля квітнее расліннасцю і буяе цудоўнымі кветкамі.
        
        Я адчуваў як непакоіцца зямля пад тупатам вялікіх і пухнатых статкаў. Яны прабягалі тысячамі па даліне ў суцэльнай цішы, такой дзіўнай цішы аж тая ціснула на вушы. Я пачынаў шаптаць: «О, як яны бягуць! Як яны лятуць над травой гэтыя вялікія пухнатыя статкі»! Яны праслізгвалі паміж гарой і морам, знікаючы ў фіялетавым гаі амерыканскіх піхтаў. Яны выплывалі з высокіх раслінаў і ў высокіх раслінах знікае, як плямы рухомага жыцця ў гэтым бясконцым каралеўстве раслін.
        
        Калі я адчыняў дзверы, то шэрая чорная маса высоўвалася з іх, паядаючы ўсю фіялетавую экспрэсію. Знікалі мае сады, патынала ў цемры трава, выспамі тапілася сонца, неба і возера. Выпараліся малпы і тонкія галіны дрэў лопаліся як феерверкі стухаючы ў цемры. Свет за сценкай зжыраў мой фіялетавы вырай. Прагнуў мяне сваімі гнілымі водарамі, п'янымі оргіямі і чорнымі нябёсамі з якіх амаль год запар льецца дождж. Я выходзіў са сваёй кватэры і патынаў у гэтай смярдзючай цемры. Мне трэба было ісці на працу для таго, каб раніцай зноў прачнуцца ў сваім выраі і хоць колькі імгненняў пасядзець там у святле пад сонцам. Гэтае буянне, гэтыя кветкі, пухнатыя статкі і высокія дрэвы разам з малпамі знікалі так хутка, што нібы кніга зачынялася, пакідаючы ў сабе ўсё тое, што выбіць і падабаецца. Ніба зачыняліся дзверы, пакідаючы за сабой той дзіўны свет і я пакідаў яго, грукаючы дзвярмі і замыкаючы на два абароты.
        
        
        
        
        Чырвоныя сляды мяне накіроўвалі ў самы гушчар. Я ішоў праз буйныя расліны с мяккім, шаўковым лісцем. Яно прыемна датыкалася да маёй скуры, лашчыла мяне. Голыя ступні крочылі па чырвонай траве і гэта былі самыя прыемныя дотыкі ў свеце. Кожны крок дадаваў сілы і кожны рух быў прасякнуты любоўю да наваколля дзе ён адбываўся.
        
        Я крочыў марудна і ўпэўнена. Абмінаючы шпаркія ручаі і праводзячы рукой па расе, якая захоўвалася ў глыбінях шырокага лісця. Нібы няўлоўная сіла мяне клікала і накіроўвала ці то да сябе, ці то па нейкаму следу. Я йшоў і з тым быццам мяне нехта вёў да нечага адмысловага, не майго, але з тым таго, на чым трымаюцца ўсе мае сады, жывёлы, ручаі і нават кветкі, якіх не супыніць ані плугам, ані нітратамі.
        
        Прасунуўшыся ў гушчар я падыходзіў да дрэва, старога і вялікага, са зморшчанай карой, такой тоўстай, што ніякая піла не возьме яе. Аніводнага дупла, аніводнай трэшчыны ці шчыліны, і толькі вялізарная крона з тысячамі фіялетавых лісцікаў шапацела ў суцэльнай цішыні на ветры. Сярод лісця падміргвалі белыя кветкі. Я паўтараў сабе: «ш-ш-ш, ш-ш-ш», і вецер пачынаў гудзець мною ціха і меланхалічна: «у-у-у»! Сыпаліся пялёсткі белым дажджом і гэты дождж доўга не сціхаў міргаценнем у фіялетавым паветры.
        
        Кара спляталася ў цудоўныя ўзоры, выкшталцоўныя арнаменты і кожная бароздка кары марудна рухалася, нібы марская хваля, усе разам ў такт. Я здзівіўся калі бароздкі склаліся складкамі чалавечага твару і расліннымі вуснамі кары прастагналі мне «радасць»! Я ўсьміхнуўся ім і таксама паўтарыў сваімі вуснамі «радасць»! Тады складкі ўсьміхнуліся мне, разыйшліся на свае месцы і застылі сапраўднай карой, сапраўднага фіялетавага дрэва. Я лёг на ягонае шырокае карэнне і глядзеў у неверагоднае неба. Там лёталі птушкі з даўгімі хвастамі, надзвычай хуткія і рэзкія як стрыкозы.
        
        Мяне пакінула ўсё, што раней знаходзілася са мной. Я нібы парваў апошнія ніці, якія трымалі мяне на той тканіне, якую больш не адчуваў. Нешта неўлоўнае знікла, магчыма нешта істотнае, але я гэтага незаўважыў. Было такое ўражанне, нібы нехта выйшаў за дзверы, нехта пра каго я ведаю, але ж з тым, гэты нехта, ад каго была ў мяне тая адзінота. Магчыма менавіта яна і знікла, хоць і я быў упэўнены, што гэта не так. Адзінота была адчуваннем неабходнасці таго, што не са мной. Цяпер неабходнасць знікла, цалкам магчыма, што менавіта яна абарвала тыя ніці, адарваўшы мяне ад мінулай тканкі і кінуўшы на магутныя галіны гэтага дрэва.
        
        
        
        
        Нешта відавочна змянілася хоць і ўсё было тым жа самым. Гэта слова ўкінула невядомае семя ў маю душу зарадзіўшы неспакой. Нешта павінна было адбыцца і чаканне гэтага адбівалася азнобам і дрыжаннем рук. Усведамленне той радасці выспела ўсведамленнем нейкай згубы, нешта згубілася, нешта цалкам выйшла, нешта тое, чаго і раней не было, але прысутнасць чаго адчувалася.
        
        Тым вечарам я прыйшоў позна. Быў стамлённы пасля працы і нічога не хацелася. Прыняўшы душ я быў хацеў пад'есці, але вырашыў, што моцы не хопіць на гэта. Тады я лёг у ложак і заснуў. Заснуў з неверагоднай трывогай нібы забылася нешта, нібы нечага нехапала ў маім вяртанні, нібы я прамінуў штосьці, што было раней, але чаго ў гэты вечар не было на месцы.
        
        Я не памятаю як з'явіліся мурашы. Яны наўпрост выйшлі з высокай чырвонай травы, якая расла ля самага гушчара. Яны ішлі роўнымі шэрагамі абгрызаючы наваколле. Я бачыў як беглі звяры, як падалі дрэвы наводдалі. Я адчуваў як падымаецца дым і ўсё згортвалася ў той дым, знікала фіялетавай дымкай і чырвоным пылам, ад якога было цяжка дахыць. Ён забіваўся ў рот і ў нос, слязіліся вочы, пачынаўся кашаль.
        
        Яны наступалі быццам мора, быццам навальніца, у якую патрапляла ўсё жывое, усе створанае мною. Усе мае фіялетавыя набыткі сцякаліся ў нішто і ад гэтага рабілася невыносна тужліва. Нібы ком набіўся ў горле. Навярнуліся слёзы. Мной авалодала пачуцце бессэнсоўнасці і суцэльнай безабароннасці. Нічога нельга было зрабіць, нават бессэнсоўнна было рабіць намаганні. Бясконцая моц кону і смурная туга. Гэта раздробленая сіла крочыла ўпарта і нішто не мела магчымасці спыніць яе.
        
        Падалі перагрызеныя дрэвы, выгрызалася трава, выпіваліся рэкі і возера. Адно толькі сонца свяціла на гэтую сцэну знішчэння, што надавала надзею. Яно марудна крочыла з усходу на захад, чырвонае, па ружоваму небу. Яно крочыла дакладна ў час, нібы спрадвечны механізм спрадвечных гадзіннікаў. Яго крок надаваў нейкую ўпэўненасць, нейкую надзею, нейкі род задавальнення ад таго, што гэтым знішчэннем нічога не зменіш. Гэты незаўважны рух сонца сведчыў пра тое, што нічога не змянілася апроч таго, што знікае мой свет такім, якім ён быў раней.
        
        Мурашы выгрызлі ўсё наваколле за некалькі хвілінаў ператварыўшы сады ў пустку. Яны яшчэ гадзіну бегалі пад маімі нагамі, шукаючы хоць якую раслінку, але нічога не засталося пасля іх. Яны спрабавалі жэрці зямлю, але пустая і скамянелая зямля нічога не магла ім даць. Тады яны пачалі дохнуць, адзін за адным, адзін за адным. Спачатку марудна, ажно нельга было заўважыць, а потым усё больш і больш выразна. Нарэцше зрабілася відавочным, што нішто не выратуе іх ад смерці. Набухалі цэлыя выспы з цел мёртвых мурашоў. Тыя, што яшчэ жылі, сыходзілі ў невядмым накірунку, шукаючы збавення, але збавання не наступала. Яны здыхалі па дарозе, мяньшэлі ручаі і тыя ручайкі перасыхалі, дзяліся на тонкія ніткі, якія абрываліся і знікалі ў нішто. Некаторыя грызлі трупікі сваіх суродзічаў, некаторыя зргызалі жывых і гэта яшчэ больш паскрала іх канец. Нарэшце наступіла суцэльная цішыня. Ад сонца трупікі раскрашыліся і ператварыліся ў пыл, які разнёс вецер.
        
        «У-у-у» прашаптаў сабе я. «У-у-у» прагудзеў вецер разносячы пыл па спустошаным каменні знішчанага свету. Сонца марудна закацілася за небасхіл і наступіла цемра. Цемра ў бясконцай цішыні якая ціснула на лоб, прыціскала цела да камення, вырывала душу з цела.
        
        
        
        
        Я прыйшоў у сябе на ложку ў сваім доме. Яна выйшла на кухню. Я зразмеў тое, па вадзе якая стукала на кухні ў ракавіне, а затым па гуку куфля, які напаўняецца вадой. Суцэльная цемра і толькі гэтыя вадзяныя гукі чужой прысутнасці. Прысутнасці, якая авалодала наваколлем, але якая зараз не была заўважна. Гэтая прысутнасць нібы сыйшла ў паралельны свет, вяртаючыся далёкімі гукамі з суседняга пакоя.
        
        Я нацягнуў на галаву коўдру і заплюшчыў вочы. Вочы слязіліся, а на душы было кепска, як заўсёды бывае пасля начных жахаў. Гэты душэўны цяжар нібы вырываў мяне ў гэты свет, рабіў пачуцці яскравымі, вызваляў жыццё, праўда адасобленае ад усяго ў пакоі. Заставалася толькі гэтае пачуцце, якое перамешвалася з пачуццем адзіноты і тая прысутнасць, якая адбівалася крокамі жаночых ног па халоднай падлозе.
        
        У вачох стаялі фіялетавыя плямы. Яны ссыхаючыся, адна за адной, знікалі ў цемры, нібы маўклівыя ліхтары, якія гаслі пад дзеяннем невядомай сілы. У вушы біла цішыня і толькі чужое жыццё невядомымі вібрацыямі, незразумелым адчуваннем пакідала прамень упэўненасці сярод мярзотнай цемры.
        
        Пад коўдрай было цёмна, так жа ж як і ў маім спустошаным свеце. Суцэльная пустыня і бясконцая адзінота, накладзенае на адчуванне голаду. Я адчуў як нешта залазіць пад коўдру і ціха падцягваецца да мяне. Тады яе рука з'явілася ў мяне на грудзі і спіной я адчуў ейны жывот. Яе прысутнасць сагрэла мяне і гэтыя дотыкі прымусілі супакоіцца. Я адчуў ейны роўны подых, які адбіваўся ў мне адмысловым рытмам. Я схапіў гэты рытм і адчуў, як усё супакойваецца. Тады я заплюшчыў вочы і заснуў.
        
        
        
        
        Я вярнуўся ў свой спустошаны свет, дзе на ўсходзе распалялася зарыва. Спачатку зачырванела чорнае і вольнае ад зорак неба, а затым з'явілася першымі промнямі сонца.
        
        Усё тая ж адзінота і ўсё тая ж пустыня, але нешта змянілася ў мне самім. Гэтая неўлоўная прысутнасць, гэты клейкі матэрыял які схопліваў усё наваколле, але быў ледзь улоўны. Улоўны скурай, пахам, цеплынёй, словам, крывізной прасторы і гэта ўсё было адчувальна і зразумела. Тая ж туга, тая ж засяроджаная туга і смутак ад суцэльнай закінутасці, варожасці да ўсяго таго, што ёсць і створана навокал, але ж гэтая клейкая матэрыя ахоплівала мяне і прыціскала да наваколля, рабіла яго часткай. Нават калі ўсё гэта і было створана мной самім, усё адно, толькі зараз я сапраўды адчуўся сябе часткай гэтага ўсяго.
        
        З першымі промнямі выцягнуліся фіялетавыя расткі з каменнай зямлі. Яны разбуралі грунт, змяльчаючы яго і напаўняючы вільгаццю. Тады я лёг на гэтую новую зямлю і паглядзеў на неба. Неба было чырвоным і жывым – спіной я адчуваў як мой свет падхоплівае мяне, сам па сабе, да кожнай сваёй часткі прасякнуты чужой прысутнасцю. Фіялетавыя галіны падымалі мяне ўсё бліжэй да сонца і тады ўжо сонца ў ва ўсёй сваёй глыбіні святла ўсьміхнулася мне і прашаптала: «радасць»!

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.