 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Знакі ўвагі
|
Надвячоркам было халодна. Тут, у гэтым дагледжаным садзе рабілася неўтульна, таму я браў яе за руку і адводзіў у дом. Яна глядзела самотным позіркам на зялёнае хараство саду і моўчкі ўсьміхалася. Яна была небясьпекай усяму жывому, і з нагоды сваёй асаблівасці ад нараджэння, была ў бясконцай роспачы. Хутка пачынаўся дождж. Ён ліў ціха і меланхалічна, нібы ў яго не было ані жадання, ані імпэту ісці шпарчэй і гучней. Шыбы былі новыя і добра трымалі цяпло, таму ў доме было спакойна і ўтульна. Я рабіў гарбату, пакуль марудны дождж разважаў над сваімі далейшымі дзеямі. На праўду, мне было цалкам абыякава ўсё, што міналася гэтымі тыднямі. Час мой павінен быў належыць мне, бо ўсё на зямлі стаміла да надзвычайнасці. Мае спробы і высілкі, мае шалёныя памкненні, мае бясконцыя гайданні і пошукі, раптам зрабіліся бессэнсоўнымі. Скруха апанавала мною, а адзінай суразмоўцай маёй была хіба што роспач. Уласная прага да жаночай кумпаніі мяне стаміла найхужэй, таму зрабілася горай, калі яна ўварвалася. Я не хацеў гэтага, але смурны збег абставінаў змусіў забыцца на ўласную стому. Тады я выялаўся і паклаў дзяўчыну на ложак. Я разліў гарбату ў куфлі і паставіў ля яе. Яна зняла свае пальчаткі і дакранулася да гарачага куфлю. Цяпло перадалася яе рукам і я, нечакана для сябе, заўважыў задавальненне ў ейных чорных вачах. Яна дакранулася вуснамі да куфлю і зрабіла маленькі глыток. Я глядзеў на яе, і мне зрабілася млосна. Я паіў гэтую пачвару гарбатай і кахаўся надвячоркам з ёй. На чорта мне ўсё гэта патрэбна, калі чалавек створаны дзеля шчасця?! Яна ўсьміхнулася і я ўсьміхнуўся ёй у адказ. Яна не ведае пра ўсе мае боязі, пра ўсе мае жаданні, памкненні. Ёй напляваць, адкуль мая пажада і чаго я чакаю ад яе. Яна такая засяроджаная на сабе, што я раблюся спакойным і ўпэўненным. Яна сцішана піла гарбату, пакуль віхор разнастайных думак круціўся ў маіх глуздах, то засяроджваючы на галоўным, то раздзьмуваючы розныя дробязі. Бывала, што я не мог заснуць. Я меркаваў, што пачуцці мае, акурат нагадваюць пачуцці чалавека, які жыве з хворай на СНІД. Ён кожны дзень кахаецца з ёй, ставячы пад небясьпеку ўласнае здароўе і жыццё. Ён мог бы знайсці сабе больш вартую і больш здаровую асобу, але ж па нейкай прычыне свядома і мэтанакіравана кахаецца з той, якая ўжо ніколі не будзе здаровай. Іхныя дзеці магчымы, толькі штучным шляхам, а іх здароўе залежыць ад таго, што маці не будзе карміць уласным малаком. Дзеля чаго ён жыве з ёй? Каханне? Тады каханне ёсць жорсткі і ўсвядомлены крок. Каханне, гэта нахабства ўзведзенае ў абсалют. Каханне – гэта мэтанакіраванае глупства, гэта палёт камікадзэ, альбо стогн жаўнера, што адмыслова кінуўся на калючы дрот. Ад усяго гэтага мяне цягнула на ваніты. Я раптоўна адчуў сябе Гаўтамай, які нечакана для сябе даведаўся, што існуюць хваробы, галеча і смерць. Больш таго, я ўсвядоміў, што яны не проста існуюць, а тое, што яны існуюць вакол мяне, са мной. Яна пацалавала мяне гарачымі ад гарбаты вуснамі. Кожны яе пацалунак цягнуў з мяне сокі. Кожны яе дотык вольнай ад тканіны паверхняй скуры ствараў на маім целе гузакі і драпіны. Мне было да надзвычайнага балюча, але я не знаходзіў сілаў кінуць яе. Тады я браў яе на рукі і адносіў у ложак. Я кахаўся са смяротнай небясьпекай, з кожным штуршком напаўняючыся большым імпэтам, большай праграй, большым нахабствам. Я нібы каціўся з гары. Чым далей ад пачатку, тым хутчэй. Усё з меньшай верагоднасцю спыніцца каля прорвы. Ад веды таго, што спыніцца мне ёсць мізэрным шанцам, я шалеў незвычайна. Мне хацелася біць яе, але маіх здольнасцяў хапала выключна на каханне. Але Гаўтама быў дарослым хлопчыкам. Жыццё з прыгожай жонкай і здаровым дзіцём у замкнёным палацы, сярод раскошы і песняў не маглі знікнуць незаўважна. Народныя міфы кажуць мне болей і горай. Амаль кожны народ мае міф пра жанчыну, якая забівае дотыкам, але ж тым не меньш, не губляе сваіх жаночых якасцяў. Нават калі жанчына забівае дотыкам, яна ўсё адно застаецца жанчынай. Гэтая жаноцкасць і ёсць тым, што адрознівае жанчыну ад самкі. Гэтая жаноцкасць ёсць тым, што прываблівае, што прыўлашчвае, што спакушае. Я думаў пра небясьпеку, але сапраўдная небясьпека ёсць у тым, што я маю магчымасць забыцца на ейную жаноцкасць. Забыцца на тое, што мяне спакушае. Забыцца праз прагу жыцця! Бо лепш падохнуць юнгай на караблі, што прыстаў да выспы сірэн, за тое, каб бегаць воўкам, харчуючыся падлай. Нахабнасць сядзіць глыбока ў мужчынаскай прыродзе. Часам бывае да незвычайнага хочыцца задаволіць і апладніць саму смерць. Начамі рабілася няўтульна і тужліва. Бліжэй да дванаццатай пачыналі катаваць ідыёцкія пытанні: што я хачу гэтым даказаць? Навошта мне усё гэта? Я пакорліва скараўся сваёй патрэбе частавацца шчасцем, але на раніцу ўсё вярталася назад. Я лашчыўся да яе, а яна сонная, яшчэ зусім-зусім нецямная прыгартала мяне пад свае грудзі. Я ляжаў ціхенька, крышку стукала ў вісках. Калі рабілася нясцерпна балюча, то падымаўся і йшоў гатаваць сняданак. Я задыхаўся ад асалоды ўласным свавольствам, а ейным конам задыхалася хата. Яна перадушыла ўсе вазоны. Раней, зялёныя і дагледжаныя, расліны квітнелі ў маіх пакоях. Цяпер жа яны стаялі высахлыя, мёртвыя, пустыя. Я ведаю, што жыццё ёсць усяго толькі пачаткам на шляху чалавека. Жыццё ёсць тым, што трэба забіць дзеля далейшага існавання. Гэткая акалічнасць мяне сцюдзёна прыгнятала, бо матэрыялам у іншым жыцці мог зрабіцца і я сам. Усялякія станоўчыя думкі пра рэінкарнацыю, і пра тое, што я буду жыць у іншым, нагоды для суцяшэння мне не давалі. Я ціха-мірна жыў з дзяўчынай, якая харчавалася мясам. Яна харчавалася мной, а я не ведаў, што рабіць далей. Я хацеў квітнець, адзін. Я глядзеў на яе, усю такую сцішаную і пакорлівую перад уласным лёсам. Яна сядзела ў крэсле і піла гарбату, нагадваючы мне тыгрыцу, што нажраўшыся мясам нецямным позіркам глядзіць на свет. У яе позірку быў мір і суцяшэнне. Яна, пакойная і завершаная, сядзела ў крэсле перад мною, а я не мог адвезці позірку. Калі мне рабілася зусім нясцерпна, і я ўжо быў на адлегласці крока, каб здрадзіць, то падкідаўся з канапы, браў яе на рукі і цягнуў у ложак. Ложак быў адзіным памагатым у маім свавольстве. Яна кахала мяне, гэта я ведаў дакладна. Колькі разоў я ўпэўніваўся у тым, што яна бясконца ўдзячная мне, яна бясконца шчаслівая жыць са мной. Я дакладна ведаю, што аднойчы, калі гэта нарэшце адбудзецца і яна заб'е мяне, то заб'е выключна выпадкова. Яна зробіць гэта нясведама, зрэшты гэтым нічога нельга будзе выправіць. Ды й ці трэба выпраўляць? Я здохну, як чарговая акварыюмная рыбка на ейных руках. Можа менавіта таму, я забараніў ёй лазіць у акварыюм рукамі, а самі рукі забінтаваў ды загадаў насіць пальчаткі. Зрэшты, выключнай бясьпекі дабіцца немагчыма. Яна мірна п'е гарбату, а я жыву на парахавой бочцы. На чорта мне ўсё гэта патрэбна, калі чалавек створаны дзеля шчасця?! Не, чалавек створаны дзеля нахабства і з усіх нахабных я самы нахабны! Я прыгадваў вобразы, дзікія вобразы платаяднага кахання. Бясконцае паяданне плоці, цела, рук, ног, пусканне крыві. Прыгожая, прывабная вампірша, якая высасвае праз шыю жыццё, тым не меньш не высасвае прагу. Яна атручвае цела смерцю і гэтая смерць усяго толькі акалічнасць новага жыцця ў зусім іншым стане. Няма нараджэння, няма смерці, але ж бясконцае прыўлашчванне і прывабнасць. Альбо маленькія феі з матыльковымі крыльцамі, што атрутна-пяшчотнымі вочкамі глядзяць на падарожнага. Яны адрываюць кускі мяса ад ягонага цела, але не робяцца агіднымі яму. Яны прыгожыя і мілыя, мясаеды, якіх надзвычай хочацца схаваць у лесе, пасяліўшыся там назаўсёды, бавіць недабразычлівы час. Русалкі, дзяўчыны, што патапіліся, прывабныя і маладыя трупы. Прыўлашчваюць, запрашаюць на спатканне. Смяюцца сваімі мяккімі галасамі, як званочкі, што накіроўваюць падарожнага ў спякотныя абдымкі тых, што немілажальна топяць жыццё. Топяць у вадзе, дзеля таго, каб чарговы тапельнік пасяліўся рабом страсці ў іхных хрустальных палацах. Але тая, што са мной, сядзіць у маім крэсле, пяшчотна глядзіць на мяне не з'яўляецца трупам, што выцягвае жыццё. Ёй не пашэнціла нарадзіцца нармальнай, як некаторым не пашэнціла на бясплоднасць. Яна п'е мае сокі, але ўласна, што мне з таго. Мая прага ўзрастае, калі я з ёй, але, сілаў робіцца меней, і ўся моц знікае. Я Адысей у гроце Каліпсо і выбар мой будзе не ў бок Пенелопы. Як, якім чынам мне здрадзіць свайму шаўковаму шаліку на танюткай шыі, што марудна сціскаецца, зацягваючы сасуды, спыняючы рух крыві? Як кінуць мне сваю Клеапатру, гэты мярзотны наркотык, што трымае на адлегласці выцягнутай рукі? Ды й сэнс? Ці ёсць скутак у тым, што я назаўжды скончу стасункі з гэтым дзіцёнкам Мары? З гэтым мілым стварэннем пустыні і хаоса. Колькі разоў яна ператваралася ў Медузу-Гаргону. Колькі разоў твар яе змяняўся ў маёй свядомасці і з прыгожай дзяўчыны яна ператваралася ў зялёнага монстра, у агіднага цмока, якога патрэбна было забіць. Колькі разоў жах вымушаў мяне бегчы ў суседні пакой, каб там, забіўшыся ў кут дрыжаць. Потым яна заходзіла ў пакой. Я глядзеў у ейны твар, на гэты дзіцячы твар, што хвіліну таму нагадваў пысу жахлівай пачвары і я суцяшаўся. Браў яе на рукі, клаў на ложак і кахаў, з усёй мужчынскай прагай і злосцю на якую толькі быў здольны. Я уціскаў у яе ўвесь імпэт, увесь свой жах і ўсю сваю боязь. Я плакаў знясілены на ложку, калі яна сцішана глядзела ў запацелае акно. Ад недалікатных дотыкаў ветру на дварэ гудзелі дрэвы. Ёй хацелася на вуліцу, да жыцця, але жыццё не прымала яе. Усё дохла на яе далонях. Усё, акрамя майго імпэту. Яе твар змяняўся, змяняўся кожную хвіліну, пераліваўся формамі і фарбамі ў маёй свядомасці. Ад прыгажосці да фанабэрыстай агіды прыходзіў яе вобраз да мяне. Усё залежыла ад узнёсласці майго духу, часу сутак і асвятлення. Бывала, што палохаўся яе, хоць па жыцці і непалахлівы. Мне здавалася, што ў ёй сядзелі платаядныя дэманы, якіх трэба выганяць, хоць бы і бізуном. Але я быў не здатны на гвалт. Я біўся галавой аб сцену, ці кулаком у дзверы. Яна не бачыла гэтага, бо, напэўна, спалохалася бы і сышла ад мяне. Зрэшты, ёй няма куды пайсці. Яна нідзе больш не знойдзе прытулак і ніхто ёй не прапануе гарбату гэткага кшталту, якую маю я. Я не наважваўся забіць у ёй цмока, каб ператварыць яе ў пладародную глебу. Я не меў да гэтага ані здольнасцяў, ані веры. Я быў няпэўны ў сваіх далейшых дзеях. Мне хапала таго, што яна перастала забіваць, калі я забінтаваў ейныя рукі. Я бінтаваў ейныя грудзі, ейны жывот. Я бінтаваў ейныя ногі. Яна нечым нагадвала мумію, што ў мяне выклікала ўсьмешку. Было троху камічна, але ж напраўду смеху было мала. Кожны дотык да яе мог зрабіцца маім апошнім дотыкам. Памерці цяпер я не мог, бо без мяне яна б не выжыла. Яна мне нічога не казала, моўчкі піла гарбату. Яна заўсёды ведала, што мне патрэбна. Падцягвала свае забінтаваныя ногі пад сябе, хавала ступні ў чырвоных шкарпэтках ў карычневую палоску. Глядзела паўз мяне, кудысьці ў кут. Ці то мне ўсё гэта мроілася, бо момантамі я глядзеў на яе як на карціну. Тады яна рабілася неверагодна прывабнай скульптурай у атачэнні іншых рэчаў. Я затоіваў подых і нясцерпна чакаў таго моманту, калі спыніцца час. Тады я змагу адпачыць і вярнуцца больш моцным. Мае рукі, мая скура, мае шалёна развітыя пачуцці губляліся паміж разнастайнымі марамі, летуценнямі, пажадай. Мяне кідала з лёду ў полымя. Плынь маіх жаданняў і памкненняў, то вымушала кідацца да яе на калені, то выпраўляла ў сад нудзіцца. Там, у садзе, я бачыў праз дзіркі плоту людзей. Яны праходзілі ходнікамі і знікалі ў нябыт. Дзіўна, але мая маленькая хатняя пачвара змушала забыцца на тое, што за плотам існуюць таксама хваробы, смерць, старасць. Мой маленькі забойца змусіў лічыцца толькі з сабой. Дзіўна, чаму я перастаў зважаць на траўрныя картэжы ды старых. Я іх перыядычна бачыў з вокнаў свайго дому, я датыкаўся да старасці, калі паціскаў руку старому суседу. Чаму я засярэдзіўся толькі на сабе і не бачыў нічога звонку? Зрэшты, усе гэтыя картэжы праходзілі ў мяне па пакою, яны прывабна віхлялі бёдрамі і загадкава ўсьміхаліся. Зноў жа такі, я ніколі не мог адмовіцца ад гэтых знакаў. Цела губляла моц, але тым не меньш цягнулася за ёй, плялося ад пажады, у ейныя палымяныя абдымкі гвалту. Як бы там не было, але ж яна была да надзвычайнага прыгожай. Яе танюткія рукі, даўгія валасы, даўгія ногі. Гэтыя ейныя банцікі, і непасрэдны выраз твару. Гэтыя ейныя рухі, якія мне нічога не казалі. Я глядзеў на ўсё гэта і разумеў, што няма гэткага чалавека, якога б я кахаў так, як кахаю яе. Увесь час пакуль яна піла гарбату, сваім позіркам, сваімі рухамі, яна давала мне знакі. Гэтыя знакі марудна праслізвалі ў маю свядомасць, хвіліна за хвілінаю, раздзьмуваючы шалёнае полымя. Нарэшце яна дапіла гарбату. Запаволеным рухам танюткай рукі паставіла куфаль на стол. У гэты момант яна была чароўнай, незвычайнай, казачнай. Яна зірнула мне ў вочы і ўсьміхнулася загадкавай усьмешкай. Тады яна зцягнула з сябе свэдрык, кінула яго на пальчаткі. Моўчкі раскруціла ўсе бінты, што я так доўга на ёй закручваў. Я глядзеў на гэтыя ейныя дзеянні спалохана і трывожна. Я не мог нават падумаць, што яна будзе рабіць пасля. Урэшце скончыўшы з бінтамі яна падыйшла да мяне: - Смерць – усяго толькі чорныя стужкі ды траўрныя вянкі. Калі ты памрэш, то нават не заўважыш. Яна пацягнула мяне за руку і мы накіраваліся ў ложак. Тады мяне прашыб пот і цела задрыжала ад чакання. Яна кінула мяне на канапу і я адчуў, першы раз за доўгі-доўгі час, дотык аголенага ейнага цела. Я скарыўся, у бясконцым танцы. Уся боязь знікла, калі я зразумеў, што каханне было ўсяго толькі свавольствам знакаў увагі.
|
|
|
|
|
2009–2017. Беларусь, Менск.
|
|
|