РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Зьміцер Смалякоў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Шлёма
...
        Шлёма сядзеў у халодных сутарэннях. Бульбы заставалася крышку на дне меха. Дзякуй Богу, што было лета, яшчэ троху вясны і Шлёма бы не выжыў. Застніся ён на мінулым месцы, ужо б даўно гніў. Цяпер жа ён сядзіць на халоднай цэментаванай падлозе і чакае пакуль скончыцца вайна.
        
        Шлёма быў равінам. Калі лёс склаўся так, што Шлёма павінен быў чытаць тору, то ён супраць гэтага нічога не меў. З дзяцінства у яго было найглыбейшае пачуццё лёсу. Меркаваў, што ўсё што не робіцца, робіцца справядліва і за кожны рух маецца адпаведнае наступства. Тое што ён равін, ёсць ушанаваннем яго праўдзівага і добрага жыцця. Гэтая ганаровая прафесія можа быць толькі ў людзей шчырых, як узнагарода за ўзорныя паводзіны.
        
        Да вялікага няшчасця час змяніўся і цяпер не асабліва спрыяў Шлёмавай прафесіі. Моладзь усё меньш хадзіла ў сінагогу. Яна ўсё больш апранала скураное паліто, кабуру на пояс і хромавыя боты на ногі. Час быў не літасцівы да рэлігіі. Святароў забівалі, таму Шлёма вымушаны быў працаваць на заводзе. Зрэшты, гэтая праца не перашкаджала яму чытаць тору ў сінагозе. Дзякуй Богу, сярод чкістаў было даволі жыдоў у якіх яшчэ заставалася пачуцце лучнасці са сваімі каранямі. Але Шлёма ведаў, што калі будзе загад, то яго, Шлёму, ніякія пачуцці сваіх супліменнікаў ніяк не захаваюць ад смерці.
        
        Дваццаць год чакання смерці нарадзіла ў равіне навязлівае пачуцце млосці. Гэтыя дваццаць год выжывання, гэтага бясконцага бясплённага чакання, што вось зараз прыйдуць і вывядуць, пасадзяць у машыну, і адвязуць назаўсёды, зрабілася часткай свядомасці Шлёмы, часткай свядомасці, якая пасьпела яму абрыдзіць да надзвычайнасці.
        
        У той жа час, якой бы абрыдлай не была гэтая частка свядомасці, менавіта яна дазволіла выжыць равіну ў гэтых сутарэннях. Вось ужо як некалькі месяцаў ён знаходзіцца ў напаўразбураным будынку. Вось ужо як некалькі месяцаў Шлёма на кожны шорах, як чорны пацук праціскаецца праз навалы прамысловага смецця ў бясьпечныя сутарэнні. Там ён сядзіць у цемры, у невыносным смуроды да таго самага моманту, пакуль не вырашыць, што на версе зрабілася бясьпечна. Тады ён як апошні злодзей, асцярожна, рыхтуючы кожны рух праціскаецца на свет Божы. Калі б не глыбокая, калі б не навязлівая прысутнасць смерці, то выжыць тут было бы справай выключна невыканальнай. Любое пачуванне сябе ў бясьпецы імгненна бы выклікала жахлівыя наступствы.
        
        Шлёму абрыдла смерць, гэтыя бясконцыя ямы, гэтыя бясконцыя стрэлы, гэтыя бясконцыя машыны з брэзентаванымі кузавамі і без брэзенту. Вось ужо як дваццаць год яму мроіцца гэтая, самая апошняя, самая яго яма. Кожны вечар, кожны Божы вечар ён чуў далікатныя гукі с суседняга парку, і кожны раз ён запэўніваў сябе, што наступны ціхі і далікатны для навакольных гараджанаў стрэл, будзе ягоны, Шлёмавы стрэл. Тады ён зваліцца ў яму і там, сярод такіх жа як ён, яго закапаюць чкісцкімі рыдлёўкамі, каб пахаваць без знаку.
        
        Дваццаць год, дваццаць год страху не зрабілі са Шлёмы злодзея. Нават пасля працяглага трэрміну боязі за ўласнае жыццё, равін усё адно заставаўся чалавекам добрым і да надзвычайнага шчырым. І нават тая акалічнасць, што вось ужо як некалькі месяцаў ён не бачыў аніводнага чалавека, усё адно не пазбавіла яго найлепшых чалавечых якасцяў. Так, Шлёма не здзічэў, ён акуратна сачыў за сабою, за Шлёмам.
        
        Усё жыццё, усё сваё доўгае і шматпакутнае жыццё Шлёма дапамагаў людзям. Ён рабіў гэта свядома, ён рабіў гэта нехаваючыся і нічога ў замен непатрабуючы. На пачатку дваццатых, калі не ставала хлеба, ён галодны хадзіў на свой завод, але ж апошнія рэшты хлеба аддаваў дзецям. Сваіх дзяцей у Шлёмы было двое, але яны памёрлі недзе на Данбасе, здабываючы вугаль дла савецкай індустрыялізацыі. Жонка згінула пасля, у Менскім гета, але гэта ўжо цалкам іншая гісторыя, якая сканчалася ў іншай яме.
        
        На пачатку трыццатых, калі сыны яшчэ былі жывыя і жонка з'ехала іх наведаць да Шлёмы пастукаліся. Гэта была жанчына у белай падрапанай сукенцы. Шлёма ўпусціў яе ў дом і накарміў. Жанчына была расейскай купчыхай, што зрэшты, зусім не перашкодзіла цяпер пастукацца ў дом менскага жыда.
        
        Шлёма ведаў, хто гэта. Гэта была дачка камерсанта, якая ў маладосці вельмі апеквалася дабрабытам працоўных. Яна будавала для іх адмысловыя шпіталі, дамагалася, каб у іх была магчымасць мець годны адпачынак, а таксама, аддаваць дзяцей у школу. Пасля рэвалюцыі, яны сям'ёй з'ехалі ў Францыю. За НЭПам вярнуліся, мяркуючы, што ўсё прыйшло да пачатку. Цяпер жа, на сярэдзіне трыццатых ад ейнае велічы не засталося і знаку. Добрыя людзі, за мех золата, дапамаглі ёй вырвацца з чкісцкіх лапаў, і цяпер, у памежным Менску, яна шукала шчаслівай магчымасці перайсці мяжу з Польшчай.
        
        Некалькі тыдняў купчыха жыла ў шлёмавым доме. Ён зачыняў яе, а сам сыходзіў на працу. Калі нехта завітваў да Шлёмы з гасцей, то купчыха хавалася ў погрыбу. Кожны стук у шкло, кожны намёк на брэх сабакі заганялі яе ў погрыб. Цяпер Шлёма быў у падобным стане, зрэшты, гэткія пазнавальныя акалічнасці яго ўжо даўно на турбавалі.
        
        Каб не здзічэць купчыха чытала кнігі. У равіна было не асабліва кніг, але ён прыносіў іх з завадской бібліятэкі, спецыяльна для купчыхі. Яна цэлымі днямі чытала іх, чытала газеты, чытала загады, чытала аб'явы і рэкламкі, чытала ўсё. Вярталася ў погрыб, вылазіла з погрыбу і зноў чытала.
        
        Цяпер, у сутарэннях Шлёма не меў аніякіх кнігаў. Працяглы тэрмін ён дакладна не мог сцвердзіць які менавіта зараз час сутак. Для Шлёмы дні і ночы зблытваліся ў адзін вялікі клубок пачуццяў, ціхіх шорахаў і бясконцага пастуквання сківіцамі, калі зуб на зуб не трапляе. Шлёма маліўся. Шлёма на памяць, паўшэптам чытаў тору. Шлёма чытаў вершы, нямецкія, цяпер немцы вынішчылі усіх яго сяброў, усіх знаёмых, але гэта ніяк не адбілася на Шлёмавым стаўленні да нямецкіх вершаў. Зрэшты, усё адно самыя файныя нямецкія вершы сачынілі жыды. Ды й Шлёма не звяртаў увагі да нацыянальных асаблівасцяў верша. Шлёма чытаў іх ціха, часам пра сябе, чытаў настойліва як малітвы.
        
        Калі Шлёма выбіраўся з сутарэнняў у закінуты пакой, то паседзіўшы троху на рэдкіх промнях сонца пачынаў каменнем выдзіраць зорку Давіда на ўласных грудзях. Не зважаючы на боль і на магчымасць хваробы, Шлёма дзёр скуру, усё глыбей і глыбей рысуючы рэлігійны знак. Кроў лілася на яго рукі тонкімі струменямі, але ўсё гэта было для Шлёмы зусім не значна. Ён выгравіраваў на ўласным целе знак, кожны раз паглыбляючы яго вострым каменем ва ўласную самасць.
        
        Шлёма памятаў размову, якая адбылася на пачатку кастрычніка трыцаць чатцвертага паміж ім і купчыхай. Вось Шлёма даведаўся пра смерць сваіх дзяцей, ад жонкі, што вярнулася з Данбасу. Тады, у роспачы, ён запытаўся у купчыхі:
        
        - Такі бачыце, паважаная панна, якія цікавыя і з тым надзвычайна жорсткія наступствы немілажальнага лёсу. Вы гадавалі і падкормлівалі тых, хто цяпер з імпэтам палюе на вас, і калі вы не пяройдзеце савецкую мяжу такі насцігнуць, каб закатаць у слот.
        
        - Што паробіш, - адказвала купчыха. - Але вось якое пытанне. Тая веда, што плён вашага дабра прастрэліць вам галаву на бруднай дарозе, менавіта гэтая веда, ці змусіць вас супыніць вашыя добрыя высілкі?
        
        - Хоць вы і маскалька, а размаўляеце з жыдоўскім імпэтам! - усьміхнуўся тады Шлёма.
        
        - Зусім не, - купчыха зірнула тады ў Шлёмавы вочы і прамоўвіла тыя словы, якія назаўжды засталіся ў памяці равіна. - Усё дабро, усё што толькі заўгодна станоўчага я здзейсініла за жыццё, здзейсніла менавіта я. Мая смерць, маё агіднае забойства, не мае ніякага ўздзеяння на мяне як на асобу. Калі б я нават і ведала, што за маё дабро мне будзе ўшанаваннем смерць ад кулі ў неглыбокай яме, то ўсё адно я бы дзейсніла дабро.
        
        Гэтыя словы Шлёма памятаў і цяпер, менавіта цяпер калі вострым каменем ён паглыбляў акуратны рысунак ва ўласныя грудзі. Гэтыя два раўнавугольных трохкутнікі, якія цяпер ламалі лёсы, былі немілажальнай нагодай для таго, каб патрапіць у душагубку.
        
        Зрэшты, Шлёма не скардзіўся на небясьпечны знак. Равін памятаў, як ён ішоў па менскай вуліцы, якая была застаўлена шыбініцамі, дзе жыдоў і не было зусім. Ён ішоў па гэтым агідным калідоры надвячоркам і шаптаў малітву. Ён шаптаў малітву да таго часу, пакуль не залез у нейкую пустую зямлянку, дзе свярнуўшыся вожыкам заснуў да раніцы. Доўгімі днямі ён прыгадваў гэтыя шыбеніцы, гэтыя растрэлы, гэты строкат аўтаматаў і вусны самі пачыналі шаптаць вершы, усё глыбей рукі прадзіралі камянём роўныя трохвугольнікі на грудзі.
        
        Шлёма памятаў, як першы раз вершы самі сабой пачалі прамаўляцца. Гэта здарылася, калі ён праводзіў купчыху да чалавека, які мусіў перавесці яе праз мяжу. Здарылася так, што да гэтага чалавека яны так і не дайшлі. Патруль схапіў купчыху, пакінуўшы Шлёму аднаго на вуліцы. Менавіта тады, ён пачаў шаптаць нямецкія вершы, вывучаныя ў светлым і святочным дзяцінстве. Цяпер, у начы, чуючы раптоўныя далікатныя стрэлы, Шлёма ціха чытаў вершы. Яму мроілася, што менавіта цяпер сваю ямку знайшла купчыха. Гэтых далікатных гукаў было столькі, што купчыха памірала пасля кожнага стрэлу, пасля кожнага гуку ў суседнім парку. Для Шлёмы яна цяпер жыла толькі падчас гэтага стрэлу. Убачыць яе на праўду Шлёма ўжо не спадзяваўся. Зрэшты, пазней ён яе так і не сустрэў.
        
        Што падабалася Шлёме ў бальшавіках? Дык гэта іх выключна далікатны характар. Зрэшты, менавіта ў горадзе бальшавікі мелі гэтакі характар, які яны мелі характар на вёсцы, Шлёма не ведаў і ведаць не хацеў. Яны прыяжджалі ціха, забіралі каго трэба, а потым з гэткай жа далікатнай цішынёю стралялі ахвяру ў бліжэйшым лесапарку. Бальшавікі не надакучалі сваёй патаснай прысутнасцю, хіба толькі што ў свядомасці, якая непакоілася за заўтрашні дзень на працягу дзесяцігоддзя.
        
        Фашысты цалкам розніліся ад бальшавікоў. Фашысты нехаваючыся забівалі, кідалі ў яму, вешалі на шыбеніцах. Калі бальшавікі працавалі хаваючыся, гадамі бясконца адстрэльваючы людзей, робячы выгляд нібы нідзе нічога не адбываецца, то фашысты усё ладзілі адкрыта, без душэўных пакутаў і пытанняў чалавекалюбства. Фашысты ўсё рабілі хуценька, праз што з'яўлялася такая вусціш, якую нельга было пераадоліць нічым. Менавіта праз гэта Шлёма адчуваў той неверагодны жах ад чорнай формы нямецкага афіцэра. Халодны позірк, які не лічыў Шлёму за чалавека. Гэты жах быў значна мацнейшым за тую самотную бальшавіцкую прыніжанасць. Менавіта на падставе гэтай акалічнасці Шлёма рабіў вынік, што жыць зрабілася горай. Раней трэба было рабіць выгляд, што ўсё ў парадку, цяпер жа ён павінен быў зрабіць выгляд, што яго, Шлёмы, і не было ніколі. Равін павінен быў знікнуць, яго не павінна было быць. Гэтыя думкі змушалі Шлёму ўсё грамчэй шаптаць нямецкія вершы. Такое дыкламаванне троху дапамагала яму. Шлёма супакойваўся і засынаў.
        
        Цяпер на дварэ пачынаўся ліпень. Шлёма дакладна адчуваў набліжэнне канца, канца гэтага бясконцага жаху, гэтага несупыннага жаху, які нараджалі немцы. Шлёму выключна не хацелася паміраць, у чым, праўда, савецкая авіяцыя яму ніяк дапамагчы не магла. Шлёма вельмі разыкаваў седзячы ў гэтых сутарэннях. Праўда, што было небясьпечней, сядзець тут пад бамбёшкай, ці выйсці на вуліцу да нямецкіх жаўнераў, Шлёма выршыць так і не здолеў. Шлёма сядзеў ціхенька, як мыш, заўчасна шэпчучы пра сябе малітвы і вершы.
        
        Шлёма так і не змог прывыкнуць да нахабнага ўварвання ў дом. Што немцы, што савецкія камесары, прыходзілі нахабна, як да сабе ў хату, і паводзілі там, што гаспадары. Равін ведаў, што паўсюль дома можа пачуваць сябе толькі кароль. Цяпер ні караля, ні цара не было. Былі шэрыя людзі, ад скураной кабуры якіх павявала холадам смерці. Цяпер хто меў пісталет, той і быў каралём. Гэткая няпэўнасць асабліва катавала Шлёму. Ён не мог засярэдзіцца на рэчаіснасці. Рэчаіснасць была такая размаітая, што сама па сабе, як такая, была для Шлёмы выключна страчанай.
        
        Што было за Царом Шлёма не памятаў. Ён памятаў школу, цяжкую завадскую працу. Ён памятаў, што людзі былі тыя ж, толькі троху далікатнейшыя. Цяпер яны зрабіліся злымі і напалоханымі. Зрэшты, прыйшлі немцы, якія не шкадавалі ні жыдоў, ні камесараў. Пра немцаў, Шлёма ведаў толькі нямецкія вершы. Гэтыя вершы шаптаў ён і цяпер. Паўтараючы іх, запэўніваў сябе на гэтай цэментаванай падлозе.
        
        Раптоўна пачуліся гукі. Яны ішлі зверху. «Напэўна правяраюць дамы», - падумаў Шлёма. Ён шчыльней прыціснуўся да сцяны затаіўшы подых. Равін усё чуў, чуў як раскідваюць разламаныя шыбы, што хавалі ўваход у сутарэнні. Чуў як лаюцца нямецкія жаўнеры. Ён бачыў, як святло ліхтара хадзіла па падлозе. Такое здаралася і раней, але на гэты раз яно такі патрапіла на падзёртыя Шлёмавы ногі.
        
        Яго выцягвалі на Белы свет як брудную жывёлу. Шлёма стагнаў па-нямецку, што ён добры чалавек, што ў жыцці нічога благога не зрабіў, што ўсё што ён дзейсніў, было выключна дабром.
        
        Яго цягнулі праз рэшткі цэглы, праз вострыя куты, праз пабітыя прыступкі. Некалькі разоў Шлёма балюча ўдарыўся аб патрэсканыя сцены. Яго выкінулі на вуліцу і той патрапіў у брудную лужыну, што засталася пасля ўчорашняга дажджу.
        
        - Няўжо гэткая паганая смерць будзе расплатай мне за ўсё маё дабро, што я пасьпеў зрабіць за жыццё? - у роспачы па-нямецку запытаў Шлёма.
        
        - Ну, - з меланхалічнай усмешкай прамоўвіў нямецкі афіцэр, - сабачая смерць, яшчэ не нагода для брыдкага жыцця.
        
        Ён перадзёргнуў затвор пісталета і націснуў на курок. Сплюнуўшы, афіцэр паглядзеў на чыстае менскае неба. Яму трэба было спяшацца. Да наступнага налёту, трэба было прагледзіць яшчэ некалькі дамоў, што цудам ацалелі пасля бамбёжак.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.