РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Зьміцер Смалякоў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жахлівыя сны Марка
...
        Гэтым вечарам Марка сядзеў дома. Гэта было як заўсёды, бо Марка звычайна ў вечары сядзеў дома і глядзеў тэлевізар.
        
        Марка ўжо ведаў, што нешта з ім дзеілася. Нешта адбывалася, але пакуль што Марка не даваў рады сабе ў гэтым. Ён не мог яшчэ ўцяміць, што менавіта адбываецца. Ён дакладна ведаў толькі адну рэч, што гэта не можа не адбывацца.
        
        Па праўдзе, дык ён даўно ўжо заўважыў нейкую няёмкасць у сабе самом. Ён адчуваў нейкі сум, нейкі дыскамфорт, які зацягваў усяго яго. Гэтае адчуванне навальвалася раптоўна, менавіта тады, калі Марка меў магчымасць назіраць нейкую жывую карціну, нейкі відарыс, у якім дзеіцца нейкае імклівае відовішча, дзе хутка змяняюцца кадры ў стужцы. У той момант як раз і з’яўлялася тое дзіўнае пачуцце. Марка напачатку яшчэ не ведаў, чым гэта мусіць быць. Ён стаяў у калідоры, а яго сябры весяліліся. Яны стасаваліся, смяяліся, пілі, але рабілі гэта ўсё без яго. Марка не было, але не было і недарэчнасцей, пустыні, усё было там дзе трэба, акрамя Марка. Марка стаяў у калідоры, але яго не было там, сярод сяброў. Марка стаяў у калідоры, а сябры весяліліся. Жыццё было паўсюль. Яны жылі самі па сабе, разам, але без Марка. Марка адчуваў нейкі неверагодны сум. Тут усё было, акрамя яго. У яго дагледжанай і прыбранай кватэры.
        
        Марка глядзеў чарговую дэманстрацыю антыглабалістаў. Марка спачуваў антыглабалістам і цяпер у прамым этэры назіраў як грэцкі АМАП збівае дэманстрантаў. Марка глядзеў і думаў толькі пра адно: чаму ж яго там няма? Чаму там усё дзеіцца, а Марка сядзіць тут, дома, у сваёй кватэры, дзе ўсё ляжыць па месцах. Дзе вымытая падлога, дзе пасціраная вопратка, раскладзеная роўна і акуратна па адмысловым шафам. Марка ніяк не мог уцяміць тое, што там, у тэлевізары жыццё ідзе, ідзе без яго, без Марка. Там усё адбываецца само па сабе і без Маркава ўдзелу. Па-просту Марка няма там. Ён тут, сядзіць і глядзіць тэлевізар. А там, там людзі, там вадамёты, шалёны бег, гранаты з газам, камяні, тэлевізійныя камеры, рэпарцёры, чорныя грузавікі з кратаваным шклом. Там ёсць усё, а Марка тут, сядзіць і назірае за тым, дзе яго няма. Дзе ён адсутнічае. Дзе жыццё скралі ў яго, ці жыццю ўвогуле не патрэбен Марка, бо яно дзеіцца само, само адбываецца там, за экранам тэлевізара, само па сабе, без намаганняў каго заўгодна і Марка ў прыватнасці.
        
        У гэтае імгненне Марка ахапіў дзіўны сум, нуда, якая яшчэ ніколі не чапала Марка. Ён сустрэўся з тым, што раней было неяк па-за ўвагай, што хавалася ў штодзённых вандроўках на працу, у прыбіранні кватэры, у гатаванні ежы. Яно гублялася за спробамі жыць, за спробамі нешта рабіць, за пошукамі новых ботаў восеньскага сезону. Яно знікала ў спробах. Яно хавалася, але ж раптам прэзэнтавала сабе Марку, які глядзеў тэлевізар. Глядзеў і разумеў, што усе яны там, а Марка тут. Яны без яго, а Марка сядзіць. Марка сядзіць і глядзіць у экран тэлевізара і нічым не можа ні дапамагчы, ні падвесці, Марка можа толькі глядзець, толькі назіраць тое, дзе яго няма.
        
        Марка думаў, што усё хутка скончыцца. Ён спрабаваў глядзець тэлевізар меньш, але ўсё неяк не вярталася на былыя рэйкі. Усё неяк ператваралася ў хаос, у знікненне усяго, і гэтае ўсё было Маркам.
        
        Марка прыгадваў, як нешта змянілася. Цела цяпер не жадала слухацца. Яно не жадала мець стасункі. Яно знікла. Яно пакінула Марка сам-насам. Марка ляжаў з адчыненымі вачыма, глядзеў паўз жанчыну, якая завіхалася над ім. Жанчына стагнанала, заплюшчыўшы задаволена вочы, а Марка глядзеў паўз яе ў столю, у белую столю з жоўтымі разводамі па-замінулага дажджу. Марка ведаў толькі адно – што нічога ўжо не будзе, што ён малады, а для яго ўжо ўсё скончана. Скончана не з нейкай прычыны, а з велікодных абставінаў, якія тую прычыну скралі. Усё ў моцы Марка, але ж Марка нічога не можа зрабіць. Марка ляжыць на ложку, а на Марку скача жанчына. Яна танюткая, ад яе прыемны водар, яна атрымлівае задавальненне, ці робіць выгляд і ня важна, бо нудотна.
        
        Жанчына сапраўды была прыгожая. У яе былі добрыя прыемныя грудзі, чорныя вочы, доўгія духмяныя валасы. Яе чырвоныя яблыкавыя вусны цалавалі Марка. Яны ласкалі Марка і Марка глядзеў на ўсё гэта. Ён глядзеў сваім марудным позіркам, ад якога не гублялася нішто. Ён глядзеў у нейкай аддаленасці, сам-насам.
        
        У сёняшняй цемры нешта адбывалася. Спачатку Марка еў, частаваў жанчыну. Потым яны пайшлі на ложак, жанчына распранулася, Марка пачаў яе цалаваць, але нічога не адбывалася і ўсё скончылася столей. Марка глядзеў у столю, у белую столю з жоўтымі разводамі пасля па-замінулага дажджу. Цяпер Марка нават не смяяўся, яму было нудотна. Ён мог усё, але ж зрабіць што-небудзь было немагчыма. Марка ляжаў у цішы, хоць і жанчына стагнала. Яна скокала з заплюшчанымі ад задавальнення вачамі. Яны харчаваліся колькі імгненняў таму. Марка яе пачаў цалаваць. Марка памятаў гэта.
        
        Жанчына была прыемная. Яна была тут, з Маркам, на ложку. Яна ляжала, адпачывала, яна нават заснула. Марка чуў яе роўны подых. Марка адчуваў яе цела. Яму хацелася зжаць яе шыю і прыдушыць, але Марка нават баяўся дакрануцца да яе. Яго пальцы не слухаліся. Усё зрабілася невядомым, чужым, варожым. Усё нібы было такое далёкае, што дотык мог сапсаваць усе. Датыкацца было нельга, можна было толькі глядзець і слухаць.
        
        Праз дзень ён усадзіў відэліц у сваю далонь. Ён глядзеў як па далоні палілася кроў. Чырвоная свая кроў. Але Марка глядзеў на гэта з нейкай пагардай навукоўца. Ён глядзеў на ўласную далонь, нібы гэта была не яго далонь. Ён усадзіў у сваю руку відэліц. Ён адчуваў боль, але яму было ўсё роўна. Ён сачыў як кроў капала на падлогу, яму прыдзецца прыбіраць сваю жа кроў, якая цячэ з яго ж далоні, але Марка глядзеў на гэта ўсё, як на невядомае відовішча, як на чужыя пакуты, хоць гэта былі яго пакуты. Ён забінтаваў сваю далонь, а потым доўга і нудотна пазіраў на ўласныя шрамы на правай руцэ.
        
        Па-заўчора на Марку скокала жанчыны, сёдня ж Марка схапіў нож і парэзаў сваю правую руку. Ён адчуваў як ляза датыкаецца да скуры, як скура падзяляецца лязам і праз скуру з’яўляецца кроў, якая залівае ўсё, што навокал Марка і самаго Марка. Але ж нудотна.
        
        Жанчына выгібалася. Жанчына выгібалася. Марка не глядзеў на жанчыну. Марка не памятаў пра кроў. Марка глядзеў у столю з жоўтымі разводамі пасля па-замінулага дажджу. Марка прыгадваў як глядзеў у столю і нішто. Вір не надыходзіў, не браў Марка ў сябе, выкінуўшы яго з самаго Марка. Што жа здарылася такое? Дзе ж гэта мела месца адбыцца?
        
        Легчы й пачытаць кнігу на канапе, але ж нудотна. Марка занадта педантычны хлопец. Ён меў магчымасць што дня глядзець праз вакно на вуліцу. Ён і глядзеў кожны дзень на вуліцу праз вакно. Па вуліцы хадзілі людзі і Марка ўсё гэта бачыў праз вакно. Яшчэ Марка адчуваў, што нешта адбываецца. Што нешта пачынае жыць асобным жыццём ад Марка. Ён гэта зразумеў, калі глядзеў у вакно. Спачатко вакно зрабілася жывым і там усё пачало здарацца само па сабе. Цяпер жа ўжо ў самім Марку нешта жыло само па сабе. Марка знікаў усё хутчэй, чым гэта пачало жыць больш. Гэтае больш выцягвала Марка з сябе і вось ужо рука ў крыві пад вадой, хутчэй з рэфлексу і слабасці. Было цяжка. Вярнуць сябе. Спрабаваць даведацца з чаго. Прынамсі сама цікаўнасць. Педантычнасць больш не ратавала. Марка сябе памятаў. Усё было па месцах. Марка спрабаваў, але ж нічога не атрымалася. Праз вакно. Менавіта праз вакно. Шкада, што цяпер жанчына. Па-просту жанчына цяпер і ўсё. Ўсё і жанчына, а Марка ляжыць і глядзіць у столю з белымі разводамі пасля па-замінулага даджу. Усё па месцах. Усё па месцах трывала, спроба, а потым шрамы і нават не зашытыя, бо ж няважна і няма на што, бо нудотна.
        
        Урэшце з’явілася цемра. Марка заснуў і гэта было самым прыемным за цэлы дзень. Марка не жадаў прасыпацца. Там Марка быў Маркам.
        
        А сёмай зазвінеў будзільнік, але Марка ўжо не спаў. Ён з адчыненымі вачамі чакаў сігнала і сігнал прагучаў.
        
        Марка падняўся. Ён пайшоў у ванну. Там памыў з мылам твар. Завярнуў спачатку вінцель гарачай вады, потым халоднай. Выцерся ручніком. Зірнуў на сябе ў люстэрка. Там быў ён – Марка.
        
        Марка слухаў радыё. Учора ўвечары ён набыў пяць патрэбных ампул (тры па справе, дзве пра запас) і столькі ж шпрыцаў (адпаведна тры па справе і два пра запас). Усё астатняе ён падрыхтаваў раней. Марка набыў ваты, бінтоў, мяккую пракладку, йод, спірт этылавы, скальпель, пачак кандомаў. Ён усё зноў праверыў па спісе, упэўніўся ў адпаведнасці і канчаткова супакоіўся. Калі раней трывога была выключна ў яго сэрцы, то цяпер яна і адтуль знікла. Марка не чакаў гэтага.
        
        А восьмай Марка прыгатаваў сабе смачны сняданак. Там было шмат фруктаў. Яшчэ ён прыгатаваў сабе боршч. Прынамсі бурак ён яшчэ ўжываў і ў сырую. Ён выпіў тры кубкі гарбаты з шасцю лыжкамі цукру ў кожнай. Марка выключыў радыё і вымыў посуд. Выйшаў у калідор і паадчыняў усе замкі. Пярэднюю дзвер ён нават пакінуў напаў-адчыненай. Усё было ў адпаведнасці.
        
        А дзевятай Марка напоўніў ванну халоднай вадой. Вады хапала, каб Марка мог пагрузіцца ў ваду па грудзі. Вышыня была вядома. Марка ўжо рабіў гэта чатыры разы раней. Рабіў з невядомай прачыны. Ён садзіўся у халодную ваду, а потым дрыжаў. Яму напэўна падабалася дрыжаць, пакуль не зрабілася нудотна.
        
        Калі ванна ўжо набралася вады, Марка затэлефанаваў у хуткую дапамогу. Туды ён паведаміў свою адрэсу, паведаміў, што ў пацярпелага буйны крывацёк і маецца небясьпечная для жыцця рана. Папярэдзіў, каб ехалі худка.
        
        Як толькі ён паклаў слухаўку, дык адразу накіраваўся ў ванну, дзе пасля таго як распрануўся залез у ваду па грудзі.
        
        Праз колькі хвілінаў ён вылез. Расклаў перад сабой усё прыгатаванае.
        
        Недзе далёка прагучалі сірэны. Хуткая дапамога спяшалася, а значыць Марка наўрадці памрэ ад недахопу крыві. Медыкі ведалі сваю справу слаўна. Марка пасьпеў упэўніцца ў гэтым. Зрэшты, калі гэтыя сірэны і не да яго, дык справы тое не рашае. Усё ўжо вырашана, гэта напэўна
        
        Марка апрануў гумкавыя пальчаткі. Узяўшы ватны тампон пінцэтам, ён абмакнуў яго ў спірт, пасля чаго колавымі рухамі, павялічваючы амплітуду пачаў абмываць пах. Пачаўшы на машонцы, ён скончыў недзе ля пупка. Марка выкінуў ва унітаз тампон і ўзяў другі. Гэты ён абмакнуў у йод, зноў жа такі паўтарыў мінулую аперацыю. Наступным тампонам, ён ужо дасканала прамыў патрэбнае мейсца.
        
        Зрэзаў першую ампулу. Набраў вадкасць у шпрыц, іглу не змяняў. Зрабіў укол пад машонку. Наступны укол зрабіў злева ад чэлеса. Трэці зрабіў зправа. Усе шпрыцы і ампулы Марка таксама выкінуў ва унітаз.
        
        Марка дастаў з пачкі кандом і абрэзаў нажніцамі верхнюю частку. Потым змясціў патрэбную гумку ў спірт. Марка пачуў, як загуд ліфт. Медыкі ўжо падымаліся. Тады ён пінцэтам выцягнуўшы гумку са спірту, узяў яе ў рукі і перажаў усё, што трэба было перажаць.
        
        Узяў стэрыльны скальпель і аскапіў сябе. Зрабіў ён гэта хутка. Усё атрымалася досыць празаічна.
        
        Наклаў на рану мокрую пракладку. Сваю плоць, пальчаткі, скальпель словам усё што засталося пасля апірацыі Марка выкінуў ва унітаз і змыў. Праз хвіліну ўвайшлі медыкі.
        
        
        У палаце іх было трое. Акрамя Марка, там яшчэ ляжалі Пятро і Нестар. Пятро быў будаўніком, на яго скінулася вялізная жалезабітонная сцяна, якая аддавіла таму нагу. Пятро пашанцавала, ён адразу страціў прытомнасць, таму не памёр ад болю. Цяпер ён ляжаў і ўсміхаўся.
        
        Нестар страціў рукі болей празаічна. Яго газавая пліта пашкодзілася ў нейкім месцы, таму перад тым як Нестар запаліў запалку ля яе, вакол ўжо было досыць газу, каб не толькі апаліць Нестара, але і вынесці ўсё ў кватэры. На шчасце для Нестара, Нестар страціў выключна рукі. Цяпер яны з Пятро вясёла ўсміхаліся. Яны былі інвалідамі, але ж жывымі інвалідамі.
        
        Ня гледзячы на тое, што Пятро не мог хадзіць, а ў Нестара больш не было рук, яны абодва вельмі спачувалі Марка. Марка здавалася б мог рабіць усё, але для Пятро і Нестара гэта не з'яўлялася перашкодай, каб спачуваць свайму сябру па няшчасці. Яны глядзелі на яго самотны позірк і казалі адзін аднаму: “Вось жа непашанцавала хлопцу!” Яны нудзіліся з-за Марка. Да яго яны маглі адчуваць спачуванне, у той момант як самі былі ў больш жахлівых умовах. Адзін быў без нагі, другі пазбавіўся рук.
        
        Яны смяяліся, у той час як Марка ляжаў моўчкі з самотным позіркам. Пятро і Нестар асабліва не чаплялі яго, бо думалі, што тая траўма, якую, атрымаў Марка самая жахлівая на свеце. Марка пазбавіўся не нагі, ня рук, ён пазбавіўся нечага свайго, нечага звышпатрэбнага, нечага самавартаснага.
        
        Старажытныя людзі дужа часта рабілі сабе пашкодзіны. Сучаснай навукай, гэта тлумачыцца як рытуальны акт, ці то для асабістага адрознення ад прыроды, ці то дзеля нейкіх чараўнічых патрэб. Марку ж гэтыя ўсе тлумачэнні былі не да спадобы. Ён лічыў, нібы першабытны мозг яшчэ быў да такой ступені слабы, што ўласная свядомасць, яшчэ не магла атаясамляць асобу з целам, у якой яна знаходзілася. Цела выглядала нечым вонкавым і знешнім. Дзікуны як свой дом аздаблялі цела рознымі ўпрыгожваннямі, вытачвалі прыгожымі тату малюнкі, спецыяльным чынам даглядалі галаву ці ногі, каб тое расло ў адпаведнасці дзікунскім патрэбам. Менавіта ўсё так для Марка і выглядала, цела было яшчэ не іх маёмасцю, дзікуны яшчэ не ведалі, што цела гэта ўсё яшчэ яны самі. Можа таму і было ў іхніх павер’ях вера ў перасяленне душ. Можа яно тым і выглядала, што душа па-просту глядзела з цела, як гаспадар глядзіць праз вокны з хаты. Хата старэе, гаспадар у іншую пераходзіць. Але ж тое для Марка было хоббі. Ён любіў цікавіцца дзікунамі... хутчэй з нудоты.
        
        Вечарам па калідоры правозілі чалавека. Ён быў вельмі пашкоджаны. Марку было непрыемна глядзець, але ён глядзеў. Спачування не было, чалавека правозілі на каталцы, а Марка проста глядзеў. Глядзеў і нічога не адчуваў. Такім жа позіркам ён мог глядзець на любую навакольную рэч. Ён не счарствеў, не, гэта было нешта іншым. Гэта хутчэй нагадвала стомленнасць, а можа і патрэбы аніякай не было ў спачуванні. Дактары гэта тлумачылі паслятраўмавай дэпрэсіяй. Марка піў лекі, прынамсі магчыма, што і праз лекі, ён глядзеў на пашкоджанні і нічога не адчуваў.
        
        Харчаваўся Марка добра. Ён з’ядаў усё, што было ў порцыі, але рабіў гэта без апетыту, хутчэй як робат, які падсілкоўвае свае акамулятары. Ён еў без жадання, але да канца. Павольна, перажоўваючы страву. Яму не падабалася есці, але еў ён дастаткова прагна, еў так, нібы гэта магло нешта змяніць. Змяніць тое, што сам Марка не мог усвядоміць. Гэта было недзе далёка ў ім. Марка з’ядаў усё. Ён глядзеў на пустую талерку, падымаўся і адносіў яе на мыйку. Потым вяртаўся ў палату. Марка ведаў, што нудзіць сваёй прысутнасцю Пятро і Нестара, але на гэтую акалічнасць не зважаў. Яму не было ўсё роўна, па-просту ён глядзеў у сцену.
        
        Марка прыгадваў, як ён першы раз адчуў свабоду. Сапраўдную свабоду, свабоду і нішто. Яму тады зрабілася вельмі сумна. Ён ня ведаў, што рабіць і дзеля чаго рабіць. Тады ён зразумеў, што свабода спараджае нудоту і нічога. Уся гісторыя чалавецтва для яго цяпер ператварылася ў крывавую барадзьбу якая пачыналася з гвалту, а скончылася нудоццем. Можа трэба было звярнуць свой позірк на нешта іншае? Можа ёсць нешта акрамя свабоды?
        
        Марка не распавядаў анегдоты, як Пятро і не смяяўся з анегдотаў, як тое рабіў Нестар. Марка сядзеў нудотны, пазіраючы нерухомымі вачамі на сценку. І тое сапраўды ўяўлялася цяжкім для яго сяброў, у якіх хаця бы была надзея. У Марка ж была свабода і нішто.
        
        Увечары Марка ані чытаў кнігу, ані глядзеў тэлевізію. Ён ляжаў і глядзеў у сценку. Спачатку Пятро спрабаваў павесяліць яго, але праз колькі няўдалых намаганняў пакінуў Марка сам-насам. Урэшце Марка выпісаўся, што было вельмі да шчасця Пятро з Нестарам.
        
        Марка сядзеў у сваім пакоі. Ён вярнуўся са шпіталю. Усё было на тых жа месцах.
        
        Перш-наперш Марка вымыў сляды, якія пакінулі медыкі з хуткай дапамогі. Цяпер жа ўсё было ў належнасці. Цяпер усё зноў было так як трэба. Усё па месцах. Усё там, дзе пакінуў Марка. Па сістэме. Там, дзе патрэбна. Там, дзе ўладкаваў усё Марка. Па ўласнай волі. Толькі Марка. Толькі воля Марка і нішто. Марка сядзеў на канапе і глядзеў навокал. Ён памятаў кожны свой рух, уладкавання ўсяго. Ён памятаў гісторыю кожнай рэчы ў кватэры, але ж нічога. Усё зноў пачынала жыць сваім жыццём і Марка губляўся, ён хутчэй заснуў, бо сядзець так болей не мог, бо знікаў.
        
        На заўтра прыйшла жанчына. Маці? Жанчына даглядала Марку, глядзела яму ў вочы, охала, гатавала ежу. Яна хадзіла па кватэры, змяняла месцамі рэчы, гатавала страву. Марка ляжаў на канапе. Ён бачыў як усё вакол яго дзеіцца гэтай жанчынай. А Марку няма. Марка ляжыць на канапе, пасля шпіталю, напэўна няшчасны, хутчэй за ўсё з псіхічнай траўмай, верагодна з невядомымі хібамі. Марка ляжыць на канапе і глядзіць як жанчна робіць усё. Усё і жанчына. А Марка тут, ляжыць і нішто. Марку рабілася ад гэтага млосна. Адказнасць? Якая адказнасць калі Марку там няма!
        
        Калі яна сыйшла, Марка падняўся і вярнуў усё па сваіх месцах. Ён наноў вымыў падлогу. Яму палягчэла. Цяпер ён ужо не ўключаў тэлевізар. Ён усадзіў сабе ў ягадзіцу іголку шпрыца і ўпрыснуў жоўтую вадкасць. Спачатку па целе прайшоў халадок, потым лёгкія канвульсіі і вось Марка мірна спіць. Марку няма.
        
        Яму снілася цемра. У гэтай цемры не было нічога светлага, суцэльная, бясконцая цемра. Сярод цемры не выяўлялася нічога, усё было не адным і тым жа, ні розным. Не было нічога, каб бы было яно чым-небудзь.
        
        Марка цешыўся цемрай. Няма чаго бачыць і няма чым бачыць. Уніз пустыня і ўверх пустыня. Ад Марку заставалася адна цемра, больш таго, гэтай цемрай быў сам Марка. Ён ня бачыў ні сваіх рук, ні ног, Марка нічога свайго не бачыў. Ад Марка засталася толькі думка пра Марка, якая лунала ў цемры, гайдалася па нічым і нідзе. Адзінае што Марка мог падумаць, дык толькі што ён, Марка ёсць, што ён пра сябе думае, а чым Марка ёсць, Марка ня ведаў. Жаху не было. Сон быў літасцівы і на думку Марка – дурны. Усё было іншым і пустым, нібы Марка выкінулі з жыцця, выкінулі, а змясціць у нешта іншае забылі.
        
        Ён прачнуўся а поўдні. Ужо свяціла сонца. Людзі ішлі на працу.
        
        Марка ляжаў на канапе. Ён баяўся падыйсці да вакна, у акне магло здарыцца ўсё, што заўгодна, тым больш, што Марку хацелася адпачыць, лепшым жа чынам ён адпачываў на канапе.
        
        Марка ўжо даўно не чытаў газеты. Прэса выклікала ў яго алергію. Кожны раз як ён прачытваў чарговы артыкул, ён ведаў толькі словы, словы і нічога акрамя слоў, якія заставаліся пасля чытання. Ён нічога не бачыў, ён толькі чуў. Ён хадзіў па пакоях, потым сядаў насупраць тэлевізара глядзеў, назіраў і адчуваў, як глеба знікае ў яго з-пад ног. Усё сыходзіла кудысці далёка, а Марка быў пакінуты тут, на канапе. Ён сядзеў і не ведаў што рабіць. Нічога не было. Ён еў, піў, паліваў пасохлыя кветкі, але ж нічога не адбывалася. Ды й нічога не было, бо не хацелася нічога.
        
        Раней Марка пісаў вершы, ды й гэта закінуў, бо яны таксама пакідалі адныя словы. Вершы губілі Марка яшчэ больш, пасля іх не заставалася і самаго Марка. Было нешта, што ён перачытваў і жахаўся. Вершы жылі сваім жыццём, без Марка. Марка губляў самога сябе і свет губляў Марка.
        
        – Пляваць мне на смерць! – казаў ён жанчыне, - мяне ўжо няма!
        
        Марка лупцаваў сябе кабелем ад тэлевізара. Пачаў ён гэта рабіць тыдзень таму. Ён па-просту ўзяў кабель і пачаў сябе лупцаваць. Ён адчуваў боль, але хутка боль знік. Знік, як і ўсё у Марка пачало знікаць. Ён пёк свае пальцы, але гэтым ён перастаў адчуваць хоць нешта. Трэба было б выклікаць урача, але ўрач быў нежывы. Урач быў сам па сабе. Без Марка. Без волі Марка. Урач сам прыходзіў, сам прызначаў сустрэчы, сам аглядаў Марка. А Марка сядзеў бы і глядзеў на ўрача. Не, на такое Марка пайсці ня мог. Ён адмовіўся ад ўрача. Ён тыднямі цяпер сядзеў на балконе і скідаў уніз бутэлькі з вадой. Яму лягчэла, калі запушчаная ім бутэлька падала долу. Яна падала і разбівалася. Разбівалася Маркам.
        
        Ён лупцаваў сябе да знямогласці. Чорны кабель пакідаў глыбокія раны, але Марку было ўсё адно. Ён раны прамываў халоднай вадой, што рабіла яму яшчэ большы боль. Ён адчуваў боль, а потым падаў. Дапаўзаў да канапы і засынаў.
        
        Гэтым разам Марка прачнуўся ад дзіўнага свісту на кухні. Калі Марка расплюшчыў вочы, то ўбачыў як гарачы імбрык праплывае па пакоі ў накірунку куфлікаў. Імбрык сам па сабе разлівае гарачую ваду па куфлікам і адлятае назад на кухню. Раптам разыйшліся фіранкі і сонца зірнула ў вочы Марка. Адчыніліся вокны. Марка глядзеў на гэта з дзівосным непаразуменнем. Ён даўно ўжо чакаў гэтага, але як заўсёды гэта бывае, быў не гатовы да гэтага. Пачалі адчыняцца шуфляды ў стале. З шуфлядаў выляталі паперы і раскідаліся па падлозе. Загуд тэлевізар. Ён беспарадкава пераключаў каналы з аднаго на другі, потым зашыпеў і задыміў. Уключалася і выключалася адзіная лямпачка на люстры, але выключна да таго імкнення, калі люстра звалілася на падлогу. З кухні пачалі вылятаць лыжкі, відэльцы, нажы. Яны біліся аб сценкі, падалі на падлогу, падымаліся ў паветра зноў. Марка чуў як на кухні б’юцца талеркі. Яны разбіваліся з асаблівым гукам, які шкодзіў слых Марка. Усё гэта здзяйснялася само сабой. Марка глядзеў на гэта, хаваючыся пад коўдрай. Тужліва завыла батарэя. Зварачныя швы не вытрымалі і на падлогу пырснула вада. Праз колькі імгненняў яна затапіла ўсё навокал і Марка ўжо плаваў на канапе па затопленай падлозе пакоя.
        
        Раптоўна забілася шафа. Яна стукала, нібы адтуль нехта мусіў быў выйсці. Некага моцна трымалі дзверкі, але ж вось яны вылятаюць і з шафы з’яўляецца чорнае, жахлівае поўдзіла, якое дзіка рыкае. Яно без вачэй, без носа. Яно чорнае з вялізнай пасцю на ўсё цела. На ім няма ані поўсці, ані скуры. Яно жывое, але сэрца ў яго не б’ецца. Яно галоднае і Марка ведае пра гэта.
        
        Раптоўна поўдзіла хапаецца за падлогу, яно пачынае жэрці ліноліум. Яно носіцца па пдлозе падымаючы вялізныя хвалі іржавай вады. З шафы з’яўляюцца яшчэ такія ж поўдзілы. Яны хапаюцца за сцены, грызуць шпалеры, зжыраюць фіранкі, некаторыя пачынаюць згрызаць тэлевізійныя кабелі. Пасля іх нічога не застаецца, толькі чорная пустыня. Пустыня, дзе няма нічога і нікога. Суцэльная адсутнасць усяго.
        
        Марка бачыць як за шклом усё тыя ж жахлівыя істоты зжыраюць дамы, неба. Яны згрызаюць сонца, якое марудна патухае ў жахлівым перапляценні бяздоннай цемры, чорных поўдзілаў, і яшчэ пакуль непажаванай рэчаіснасці. Яны грызуць траву, людзей, жывёлаў. Марка бачыць як адна з поўдзілаў разам са шклом Маркавага вакна зжэрла пасохлых мухаў у празрыстым павуцінні разам з павуком. Поўдзілы жэрлі асфальт на вуліцы, машыны, электрычныя правады, ліхтарныя слупы. Яны жэрлі неба разам з аблокамі. Жэрлі прагна, нібы тысячу год былі галодныя і ў рэшце-рэшт вызваліліся, каб наталіць свае змарнелыя страўнікі.
        
        Марка глядзіць на гэта з жахам. Ён спрабуе крычаць, але ліхаманкавы крык знікае ў пашчах чорных поўдзілаў. Яны жэрлі яго ногі, а потым Марка канчаткова знік.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.