РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На імперыялістычнай вайне
 
Запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы
Лагер
Пачатак
Мост
Дзённік
Роў
Варшлеген
Прывалы
Фарты
Аленбург
Уцёкі
Нёман
Паварот
Стаім
Пераезд
Горы
Катастрофа
Абоз
Шпіталь
Пабыўка
Ліст
ЛАГЕР
        
ЛАГЕР

        Тэрмін службы для вальнапісаных пачынаўся ў расійскім войску 1 ліпеня. Дык у самым канцы чэрвеня 1914 года, ехаў я ў бязлюдным вагоне трэцяга класа па знямелых ад пякоты і пылу і такіх убогіх жмудскіх палях у N-скую артылерыйскую брыгаду, што кватаравала ў глухім і невядомым мястэчку недалёчка ад нямецкае граніцы.
        Запякло на сэрцы, калі цягнік падходзіў да станцыі нуднай, быццам тая ўжо казарма. Вакол — жоўтыя, голыя пустыры. Усё заліта нуднаю гарачынёю. Усё соннае, пыльнае, ціхае. Выхадзі — як на пакуту.
        Але ў пустых і засмечаных казармах, у цёмным і непрыветным канцылярскім пакоі, даведаўся я толькі ад сухога і цьмянага чарнавусага кашчэя-пісара, што мог сюды я і не ехаць: брыгада была ў лагеры, у суседняй губерні, вёрст за сто адгэтуль.
        — Чаму ты не ехаў проста туды?
        — Куды мяне паслалі, туды я і прыехаў, — адказаў я кашчэю са злосцю, што ён гаворыць мне «ты» і што такія ў іх парадкі.
        Кашчэй толькі ўсміхнуўся, ціха загадаў другому пісару:
        — Напішы яму пасведчанне да лагеру, а білет хай купіць на свой кошт...
        — Чаму так? — не ўмоўчаў я.
        — Таму, што па прыказу цябе ў нашай брыгадзе яшчэ няма... Спаганяй з свайго вайсковага начальніка.
        Усё тут было па-казённаму груба і неахайна. Толькі адно акно трошку адчынілі, а там прыемна, па жывому шавяліў шырокім зялёным лісцем густы клён. I ў мяне супроць розуму з’явілася жалкая, дзяціная пацеха, што хоць жа троху, да лагеру, пабуду яшчэ на волі. Узваліў скрыначку на плечы і ізноў пацягнуўся на станцыю.
        У лагер я прыехаў познаю і цёмнаю начою. Начаваў у канцылярскіх сенцах, на вузенькай лаўцы, што сядзець было вузка, мулка і сцюдзёна, а на сэрцы — страшэнна брыдка. Не супакойвала наўмысная пакора і цярплівасць.
        Гоман і шум у лагеры пачаўся дужа рана. Але я паспеў і ўстаць, і пахадзіць, і пасядзець, і з’есці кавалак драчоны і колькі медунічак — і ўсё яшчэ доўга-доўга мусіў чакаць. Сядзеў на канцылярскім ганачку, на сонцы, — быццам спаў, без жывых думак, без усяго.
        Аж прыйшоў ткі фельдфебель, высокі рыжаваты дзяціна, гадоў пад трыццаць, і з маленькімі і рэдкімі залатымі вусікамі. Узяў мае паперы, сказаў пісару запісаць. Гаворачы, ён клаў два пальцы на ніжнюю лупу, мачыў іх, бздрынкнуўшы па ёй, і падкручваў залатыя вусікі. На мяне стараўся не глядзець.
        Раптам недалёка ад канцылярыі лачуўся шум і голас. Разляглася дужая каманда-крык: «Смірна-а-а!» Гэта ішоў камандзір батарэі ў канцылярыю. I ў канцылярыі ўсе заварушыліся як ашпараныя. Фельдфебель крыкнуў:
        — Устаць! Смірна а!
        Усе ўскочылі, выцягнуліся, скамянелі. Паказаўся высокі і быццам задуманы афіцэр, з вусамі і падстрыжанаю бародкаю.
        — Здарова, братцы! сказаў ён ціхавата і вугнава.
        — Здраў-жлаў, ва-скродзь!!! — вякнулі ўсе на ўсю сілу і як адзін.
        Фельдфебель, як чытаючы па кніжцы, злажыў рапарт і сказаў пра мяне. Камандзір з нейкаю няласкаю ці пагардаю павёў галавою ў мой бок.
        — Здраўствуй!
        — Здраўствуйце!
        Ува ўсіх прабег смех, а ў фельдфебеля і прыкрасць. Хоць я быў яшчэ ў вольнай адзежы, для іх такі адказ камандзіру быў смешан і дзік.
        — Ты праваслаўны?
        — Праваслаўны.
        — Абстрыгчы і выдаць абмундараванне! — прамармытаў ён, ужо не гледзячы на мяне.
        — Слухаю, ва-скродзь! — крыкнуў фельдфебель, і абодва пайшлі з канцылярыі ў абход. У канцылярыі ўсе павесялелі і загаманілі.
        Змясцілі мяне ў адной палатцы з другім вальнапісаным, на прозвішча Шалапутаў, нейкім шапялявым і, відаць, дурнаватым юнкерам, прысланым у батарэю з вайсковае школы ці то за благія ўчынкі, ці то за няздольнасць у навуках. I на пачатку мае службы найгорш мне было цярпець яго размовы і манеры, жывучы з ім разам у адной цесненькай палатцы. Вечна ён або жор, як у якую прорву, так у свой вялікі лантух, каўбасу з салам і сітны хлеб з батарэйнае крамкі, або малоў усякую лухту. Вось аднойчы гострыць ён галяк скрабсці сваю тлустую і ўсю ў чырвона-чарвівых скулачках шыю; неяк умеў гэта рабіць: сам сабе галіў шыю, нават намыльваў і нават без люстра. Я ляжаў на койцы і чытаў вайсковы статут. Касалапы, потны, падходзіць ён на сваіх кароткіх нагах-тумбах, круціць нада мною нагостраны галяк і шапялявіць:
        — Які шысты халяк! Гляджыча, шэры: халяк на яч!
        «На яць» — было ў яго ўлюбёным выразам, а «шэрым» ён зваў мяне, як навабранца.
        Не ўгледзеўся я ў яго пальцы-абрубачкі з уціснутымі і вывернутымі кіпцікамі, як галяк скаўзануў з іх мне на грудзі ля самае шыі.
        Калі я пярэчыў яму ў чым-небудзь, ён казаў без усякага жарту: «Вы яшчэ шэры, а я стары юнкер і ваш старшы». — «Ну і што?» — «А тое, што вы не салдат, а індык, бо вы ўсё нешта думаеце, як індык... Чорт вас ведае, аб чым вы ўсё думаеце». Калі я купляў яму каўбасу і сітны хлеб, ён рабіўся ветлівейшы, менш лаяўся, бо я гэтага не любіў, і даваў мне рады: «Кідайце, калега, сваё інтэлігенцтва! Ведаеце, што з інтэлігента салдат, як з гразі куля». Лаяўся ён ціха, але так паскудна, што я думаў — ніхто больш у брыгадзе гэтак не ўмее. Аднак я памыліўся. На другі ці на трэці дзень пачулі мы крык на галоўнай дарожцы перад палаткамі. Выбягаем... Маленькі, з чырвоным носікам, але з вялікімі і разлеглымі бурымі вусіламі, фарсісты афіцэр страшэнна лае салдата нашае батарэі. А лае такімі брыдкімі словамі і так іх камбінуе, што куды там дурному Шалапутаву... Салдат стаіць, выцягнуўшыся ў струнку, і маўчыць, — маўчыць, як анямеўшы, толькі тарэшчыць вочы і цягнецца яшчэ болей. Пытаюся ў Шалапутава: «Хто гэты паршывы афіцэр? Няўжо з нашае батарэі?» Шалапутаў паглядзеў на мяне з гневам, а тады са смакам адказаў, што гэта — камандзір адной батарэі нашае брыгады падпалкоўнік Гноеў, найлепшы афіцэр у брыгадзе і «шырокая руская натура».
        Мне было прыемна, што хоць камандзір нашае батарэі не любіць лаяцца. Наогул, мне адразу кінулася ў вочы, што ён нечым выдзяляецца спаміж афіцэраў. 3 выгляду ён быў высокі і плячысты мужчына, злёгку пахілены, яшчэ малады, але з вусамі і барадою, падобна як на партрэтах у цара — «каб і з выгляду быць падобным да свайго імператара», як вытлумачыў мне Шалапутаў, мусіць, са слоў нейкага афіцэра. Але вочы ў яго — глыбокія і тужлівыя. Відаць, чалавек з нездаровымі нервамі, дужа дражлівы. Я думаў, што, мусіць, ён пагарджае людзьмі — і салдатамі і афіцэрамі,— але сэрца ў яго баліць, ён заўсёды аб нечым тужыць, нешта яго турбуе без адчэпкі. I я заўважыў, што ўся батарэя дужа яго баіцца, але што цішком з яго ўсе пасміхаюцца. Чуў я пра яго дзівоты: вялікай набожнасці, драбязлівай прывязнасці да парадку і ахайнасці. Казалі, што ён дужа пасварыўся з адным афіцэрам за тое, што той паклаў на яго ложак сваю шапку і газету. 6 ліпеня — першае свята, як я быў у лагеры,— усіх пагналі ў лагерную царкву. 3 людзей, незанятых дзяжурствам, толькі я адзін сядзеў у палатцы; балазе ніхто мне нічога не сказаў, дык я і не пайшоў. Камандзір з Хітруновым (гэткае прозвішча было фельдфебеля) абходзіў палаткі і пачуў мой кашаль.
        — А гэта хто там такі?! — грозна спытаўся ён у фельдфебеля.
        — Новы вальнапісаны, васкродзь! — вінавата адказаў Хітруноў.
        — Чаму ён не ў царкве?!
        — Не магу ведаць, васкродзь, — ухіліўся ад праўдзівага адказу Хітруноў, а каб яшчэ лепей вывернуцца, дадаў двухзначна: — Не захацеў пайсці... Можна было зразумець і так, што мяне пасылалі, ды я спрацівіўся і не пайшоў.
        — Як яшчэ «не захацеў»?! — гняўліва і ў злосці крыкнуў камандзір.
        — Чаму вы не паслалі яго?.. Вымаўляю вам, фельдфебель! — крыкнуў і шпарка засігаў даўгімі нагамі далей.
        Мне было дужа прыкра і цяжка. Я сядзеў тады ў палатцы, як паняволены, і баяўся яго крыку. Але ён мяне не зачапіў, а накрычаў за хітрыкі на Хітрунова — і я адчуў, што пры ўсёй сваёй нервовасці ён умее думаць і разбірацца.
        Затое другім разам зрабіў ён са мною неспадзяваную для мяне штуку... Раніца пачалася дужа добрым надвор’ем, а потым стала горача і парна, а перад абедам пайшлі па небе дажджовыя хмары, адразу пахаладнела. Я сядзеў у палатцы і пісаў ліст. Аж прыбягае адзін наш батарэец і кажа, каб я зараз бег у арудзійны парк, бо камандзір мяне кліча. Мяне?!. Здзіўлены, я схапіўся бегчы, выскачыў не апрануўшыся, а дождж вось-вось хлыне. 3 парку разыходзіліся ўсе салдаты, толькі пры адной гармаце двое нешта рабілі, і над імі стаяў камандзір. Я пабег, і ён сказаў мне: «Стой тут». Я стаяў і глядзеў, нічога не разумеючы, што яны там робяць, і чакаў дажджу. Зараз дождж і пайшоў, і буйны... Тады камандзір загадаў салдатам апрануцца (шынялі іх ляжалі тут жа, а сам не апрануўся і мякнуў на дажджы, хоць тут жа на пяску ляжала і яго накідка. Мяне ў адной летняй гімнасцёрцы за хвілінку прамачыла наскрозь, а я ўсё мусіў стаяць,— камандзір нават не паглядзеў на мяне. Нарэшце ён адпусціў іх, ускінуў на руку накідку — і пайшоў сабе моўчкі з парку, ізноў жа нічога мне не сказаўшы. Тады — што ж мне стаяць? — паплёўся за ім следам, троху астаўшыся, і я, і па дарозе стараўся дадумацца, навошта ён мяне вымачыў і навошта сам без патрэбы мокнуў, калі і накідка ляжала...
        — Бягом!! — знянацку аглянуўся і крыкнуў ён на мяне. — Бягом!.. Прастудзіцца хочаш?! — I столькі ж было дражлівасці і хваравітага злавання ў яго словах.
        Я пабег, смешны сам сабе і дужа пакрыўджаны.
        I так блізу два тыдні жыў я ў лагеры, як астрожнік. 3 лагеру мяне нікуды не пускалі, а па лагеры я і сам хадзіць баяўся, пакуль не ўмеў аддаваць чэсці афіцэрам. Я завучваў на памяць прозвішчы ўсіх сваіх начальнікаў, ад вайсковага міністра да ўзводнага і аддзялённага. Чытаў нялюбыя мне статуты вайсковае службы. Сотні раз станавіўся «ўва фрунт» перад бярозавым калом замест начальніка, сотні раз «казыраў» — і ўсё было яшчэ нядобра, усё яшчэ не ўмеў.
        У палатцы днём было душна і пыльна; ліплі, як злыя чэрці, конскія мухі. Начою было сцюдзёна і непакойна: увесь час на вадапоі ці на стайні хто-небудзь стукаў, бразгаў, крычаў на коні, лаяўся. Паднімалі ўсіх а пятай гадзіне раніцы, і выспацца было немагчыма.
        Толькі яда была не дужа дрэнная, прынамсі, не горшая, чым у звычайнага, сярэдняга гаспадара ў нашай вёсцы. Адно што — мусіць, у цэлым свеце не было больш неахайных салдатаў, як у нашай батарэі (так мне тады думалася). I я еў з усімі разам, але не з агульнага баку, а з свае асобнае місачкі, як елі і некаторыя салдаты татары і яўрэі дзеля сваіх рэлігійных звычаяў. Бакаў ніколі не мылі; добра, калі хоць абдавалі перад ядою сцюдзёнаю вадою з калодзежа. 3 аднаго баку елі і варыва і кашу. Лыжкі толькі аблізвалі і насілі іх за халявамі ў ботах, пры потных анучах.
        Час праходзіў ад каманды да каманды. Я хадзіў на малітвы і цягнуў з хрыпаватымі басамі і тэнарамі «Отча наш...» або «Спасі, госпадзі, людзі твоя...» — цягнуў ці маўчаў і горка пасміхаўся. Хадзіў у парк глядзець, як робяць гімнастыку ці вальтыжыроўку, хадзіў на абед і на вячэру, піў з Шалапутавым гарбату і ўсё дзівіўся на яго сабачую жарлівасць — так многа паядаў ён каўбасы і сітнага хлеба! — вучыўся аддаваць чэсць і чытаў нудныя статуты. I так жыў. I так, можна сказаць, жылі тут усе.
        Увесь час мне было цяжка на сэрцы. Лісты ні з дому, ні адкуль не прыходзілі, і ад гэтага мне было яшчэ болей цяжка.
        Газет, як прыехаў, я і ў вочы ні разу не бачыў. Я ўжо не ведаў, каторы я тут дзень і які цяпер дзень: можа, субота, можа, пятніца...
        Я са страхам думаў, што мушу так жыць цэлых два гады[1]. Мне шкода было загубленага часу, загубленых маладых сіл. I калі па вечарах у пяхотнай частцы лагеру прыгожа і вясёла іграла вайсковая музыка, мяне так хапала нуда за сэрца, што слёзы мімаволі накручваліся на вачах. Я пачынаў нервавацца.
        ___________
        Зацемкі:
        1: Звычайныя салдаты служылі на цэлы год болей, і я пайшоў вальнапісаным, каб скараціць гэты тэрмін.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.