РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Сыс
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пан Лес
 
Неапаленая купіна1
 
Пацеркі
 
*** Поле поле ў німбах сланечнікаў сланечнікаў...
 
*** Радзіма пачынаецца з жанчыны...
 
Дзед перад сьмерцю
 
Рай
 
*** Бацька так і не сьсівеў...
 
*** Пад бярозаю косьці...
 
*** Мой радавод вёў летапіс свой плугам...
 
Нізка абаранкаў
 
Блудны сын
 
Брукаванка
 
Браты
 
Мара пра сына
 
*** Гэта памятае толькі маці...
 
Радзіма
 
*** Трэснуў лёд, быццам трэснула жыла...
 
*** Як па зорках, па расе...
 
*** Безь мяне будуць жаць...
 
Апакаліпсіс
 
Кола
 
*** Я дарэшты ў тваёй уладзе...
 
У шкляным саркафагу
 
Перад цыганскім дажджом
 
У чароце птушка начавала. З народнага
 
Натхненьне
 
Паэт
 
Суд птушак
 
Воўк
 
Маналёг расстрыгі
 
*** Пайду туды, адкуль прыйшоў...
 
*** Хто натхніць мяне на сьмерць?..
 
Чацьвёрты цьвік
 
*** спаўзаючы зь церня...
 
О Неба
 
*** Берасьцянае неба, роднае...
 
Капцы
 
*** – Самыя жывыя багі – багі дзядоў...
 
*** – Самыя жывыя багі – багі дзядоў...
 
Смага
 
*** Берасьцянымі трубамі ў небе гудуць журавы...
 
Агонь
 
Бераг
 
*** Сівыя пчолы...
 
Зьмяіны Цар
 
Лес
 
Пан Лес
 
Чырвоны радок
 
Дух
 
Марыя
 
Маналёг адступніка
 
*** Ён шкадаваў турэмных пацукоў...
 
Штучная раса
 
*** «Каб ты каменем стаў!»...
 
Вільня, 1864 год. Эшафот на Лукішкаўскім Пляцы
 
Памяць пра яцьвягаў
 
Маналёг Сяргея Палуяна
 
Званы
 
Маналёг Рамуальда Жакоўскага
 
Маналёг Уладзімера Жылкі
 
*** Злачынцы брыдуць на споведзь...
 
*** На скрыжаваньні сьцяжын...
 
Крыжавалі крумкача
 
Тапталі поле валуны
 
Бажавоўк
 
Маналёг Язэпа Драздовіча
 
Данута Бічэль-Загнетава
 
*** Калі алені адшукаюць вадапой...
 
Як жыў я бяз солі
 
Чорная гадзюка, белая зьмяя. З народнага
 
Як я прадаў сябе агню
 
Пошасныя
 
Вяпрук
 
Пра што шэпчуцца мурашы
 
Яблыня
 
Пацір
 
*** Ляцелі ў вырай ветракі...
 
Паэт
 
Адвечным шляхам
 
Вужака
 
Баляда пра птаха
 
Маналёг Алеся Гаруна
 
Чорная быль
 
Маналёг Апанаса Філіповіча
 
Сабака
 
Прачытаўшы верш Пімена Панчанкі «Разьвітаньне»
 
Маналёг «тутэйшага»
 
Урода мая, уродачка
 
Ружа
 
*** Журавы сьпяваюць паланэз і іх...
 
*** Я зжэр бы свой народ...
 
Вам, на ложку зямным...
 
*** Я п’ю адзін чырвонае віно...
 
*** У кніжцы маёй безыменнай...
 
Песьня пра жану
 
Эй, ювелір
 
Ветах
 
*** У нябёсах маіх дагараюць вагні...
 
У чырвоным касьцёле
 
Скарпіён
 
Не хадзіце за мной
 
*** Пад вакном журба зьбірае мяту...
 
*** – З чаго пачаць?.. Пачну з Радзімы...
Неапаленая купіна1
165
            Калі я быў малы, дык часта думаў, чаму ў мяне маці такая
старая і непрыгожая, а аднойчы адважыўся запытацца
пра яе шнары на твары, якія глыбока ў душы любіў, якія тысячы
разоў цалаваў.
            – Ох, сынок мой! Гэта ж здарыўся пажар, і яшчэ з адной
жанчынай абгарэлі крэпка. Жанчына тая памерла. I ў мяне былі
абпаленыя і рукі, і грудзі, і твар... I была я цяжарная табою,
сынок мой, і ўсе казалі, гэта я даведалася потым, што ці я памру,
ці дзіця народзіцца мёртвым. Аж нарадзіла я цябе, сынок мой,
жывенькага, толькі на твары была чырвоная плямінка.
Я думала, сьлед ад пажару, аж аклямаўся ты трохі, і яна зьнікла,
сынок мой. А была я прыгожая да пажару. Ды хіба ў непрыгожай
маці мог нарадзіцца такі сынок мой?..


 
Як сьвятарны абраз, людзі вынесьлі маці з пажару,
бы вужаку, маланку аддзёрлі ад белых грудзей,
каб суцішыць пакуты, паклалі пад цёмную хмару
і, каб смагу спатоліць, размову вялі аб вадзе,
 
а яшчэ гаварылі: Пярун выбірае шчасьлівых.
маці верыла людзям, на шчасьце, цяжарная мной,
і шаптала замову: калюжыны – гадам вашывым,
полю жытняму – дожджык, а рэчка – крывінцы маёй...
 
Бы вужака, маланка смактала у полымя грудзі
і плявала адрыжкі на самых прыгожых жанчын,
Неапаленай Купіне – маці – маліліся людзі,
і пачуў я ва ўлоньні: з пакуты народзіцца Сын...
 
Неапаленай Купіне – маці – малюся адзінай,
я ўсмактаў з малаком і любоў, і праклёны яе:
хто плюе на жанчыну – той нелюдзь плюе на Радзіму,
хто гандлюе сьвятыняй – той маці сваю прадае.
 
 
 
 
Пацеркі
Гэтыя драўляныя пацеркі з шыі маёй бабулі
насампраўдзе бурштынавыя. Штоночы яны
падкочваюцца да маёй галавы
і самотным голасам
пытаюцца пра сваю гаспадыню.
 
Адчуваю, як мяне пранізваюць бурштынавыя
промні, і я, зачараваны, узіраюся ў іх мэту,
а там немаўлячы беларусік у прыполе
сівой бабулі гуляе бурштынавымі маністкамі.
– А ў перапёлкі галоўка баліць... –
замест калыханкі сьпявае яму бабуля.
– А ў перапёлкі ручкі баляць...
Хлапчанё засынае і ўсё жыцьцё
задумваецца пра гаротніцу-перапёлку.
 
...Гэныя драўляныя пацеркі насампраўдзе
бурштынавыя. Іх згубіла перапёлка,
калі нагнулася расы папіць...
 
 
 
 
*  *  *
Поле поле ў німбах сланечнікаў сланечнікаў
жоўты жоўты вецер пчолаў лашчыць лашчыць
страшна страшна страшна вее вее вее
жоўтым жоўтым жоўтым ветрам ветрам ветрам
ходзіць ходзіць ходзіць полем вечнасьць
вечнасьць пчолы пчолы пчолы джаляць маці маці
ў вочы вочы вочы
па шчоках сьцякаюць сьлёзы сьлёзы сьлёзы сьлёзы
сьлёзы сьлёзы сьлёзы сьлёзы сьлёзы сьлёзы
сьлёзы сьлёзы
 
 
 
 
*  *  *
Радзіма пачынаецца з жанчыны.
Я гэта адчуваў, а ўразумець
яшчэ ня мог – дзіцём шчапаў лучыну,
каб хворую матулю адагрэць,

і разам зь ёй да позьняе гадзіны
мы слухалі трывожна крыгалом,
ня ведаў я, што грэў тады Радзіму
і не падманным, а жывым агнём.
 
 
 
 
Дзед перад сьмерцю

Ён свае ногі дажыў...
#Са слоў майго бацькі

 
Ён свае ногі дажыў,
сьляды, як сьліну ваўчыцы,
скаўталі сьнягі, лаўжы –
маўчыце пра гэта, ваўчыцы.
Маўчыце, як пахне ён,
ня рушце зубамі полы –
матуля трапала лён,
каб справіць чугай да Міколы.

Забудзьце, як пахне ён,
карстагі – яшчэ карыты,
прысьніце, ваўчыцы, сон,
што вы на зіму ўсю сыты.

Ня слухайце поўсьцю лес,
ён вам цераз поле ня чутны,
ён толькі што з крушвіцы зьлез,
такі барадаты і цудны.

Масьніцы на сто сукоў
скрыпяць пад яго нагамі,
кашара на трох быкоў –
бярыце, ваўкі, быкамі,

пакіньце яго сьляды –
чаўны пагудастых кроснаў.
Кажух, як алень руды,
маячыць у шчыльных соснах.

За лесам па пояс сьнег,
за лесам поле памерла.
Ваўчыцы галоднай сьмех
у гурбах захрас па горла.

А ён, як у сенакос
свой клін адбрыдаў калісьці,
над сьнегам нагу занёс,
над полем насьпех памаліўся.

Дарога у белы сьвет –
уцёкі ад шэрай ваўчыцы,
што носам у цёплы сьлед,
бы лапамі ў куст чарніцы.

Вось поле б змагці наўпрост
да пчол у глухіх калодах.
Там пахне ня кнотам воск,
а мёдам.
 
 
 
 
Рай
Самыя вясёлыя і галасістыя салаўі –
на вясковых могілках. Напэўна, таму,
што і днююць, і начуюць ня ў гнёздах,
а ў душах маіх спрахлых дзядоў. Яны ж,
як сьведчыць тутэйшы народ, былі
самымі жыцьцярадаснымі і жартаўлівымі
людзьмі на Палесьсі.
 
I бярозы тут самыя белыя...
Такія белыя, што ўначы здаюцца
прывідамі. Дзяды і нават божышчы
маіх дзядоў, як тварамі, так і думамі,
былі такімі ж сьветлымі.
 
I толькі жвір на вясковых могілках
калючы і цяжкі, калі прыходзіцца кідаць
свае тры жмені наўсьлед нябожчыку, як
самыя важныя словы, якія не пасьпеў
сказаць яму яшчэ учора.
 
Жыве старэнькая бабулька каля самых
могілак. Яна іх называе не інакш як
раем і ўсё часьцей і часьцей думае
пра яго. «Чаму?» – неяк запытаўся ў
яе. «Таму што ў пекле ўжо нажылася».
 
 
 
 
*  *  *
Бацька так і не сьсівеў,
хоць гадоў было парадкам,
у смузе, як у сяйве,
на клады пралегла кладка.
 
Кладка, хісткая яна,
толькі целу ўжо ня мулка,
калдыбалася труна
на плячох сыноў і ўнукаў.
 
Быццам пчолаў яго мёд,
быццам жвір яго магілы –
рушыў русы радавод –
за труной ішоў пахіла.
 
Бацька так і не сьсівеў,
бацька так і не нажыўся,
у смузе, як у сяйве,
сын яму ўлюбёны сьніўся.
 
 
 
 
*  *  *
Пад бярозаю косьці,
                                          а ў кроне гняздо птушка мосьціць,
тут вячыста – надзіва – здаецца:
                                                                        я сам тут ляжу –
на вясковым пагосьце
                                                  збаўляюцца людзі ад злосьці,
ён, як гай запаветны, зьдзіўляе спакоем душу.
 
 
 
 
*  *  *
Мой радавод вёў летапіс свой плугам.
I, як радком чырвоным, баразной
мядзяны конь ішоў адвечным кругам
пад Князем-Сонцам, Поўняю-Княжной.
На мокрай грыве крумкачы драмалі
ды прагнулі гарачае крыві,
і ваўкалакі зь лесу цікавалі,
каб баразну мядзяны конь скрывіў.
 
Былі сухмені, і былі залевы,
і стрэхі хат, як прывіды, плылі,
тагды алені, журавы і дрэвы
да астравоў мой радавод вялі.
Патоп спадаў, і вецер, як пэргамэнт,
сушыў палі і ажыўляў лугі,
птушыны шлях – начных нябёс атрамант –
шукаў барознаў новыя кругі.
 
 
 
 
Нізка абаранкаў
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Блудны сын
1

 
Маці крыжыкам вышывае,
не адвесьці ад рук вачэй,
нітка – кроў на радно жывая
з пальца ўколатага цячэ.
 
У зашыйку заціхлі мышы,
а на сьпіцах стары павук
павуцінкаю ружу вышыў,
падсачыўшы узор у рук.
 
На каленях ручнік чырвоны,
быццам самы каханы сын,
пахнуць жаўранкамі і лёнам
яго белыя валасы.
 
Маці крыжыкам вышывае,
павуцінку павук пляце,
маці песьню мышам сьпявае
пра дарослых сваіх людзей.
 

2

 
Вышый мяне на падушцы сваёй,
памякчэюць грачыныя пер’і,
я прыснюся табе – еду зноўку дамоў,
да зямлі адтуліўшы бязьвер’е.

Блудны сын, блудны сын –
разам з сэрцам маім
лямантуюць на рэйках колы.
Блудны сын, блудны сын, блудны сын –
словы, быццам кусьлівыя пчолы.
 
Мама, мама, што мне парабіці з сабой,
калі позна дадому прыеду,
калі ў хату зайду – анямелы сабор –
безь вясьнянак, бязь лясканьня бёрдаў?

Ты сьпявай, ты сьпявай,
ты сьвяці, ты сьвяці,
расьсьцялі ручнікі, як сьцяжыны,
можа, здарыцца так, я заблудну ў жыцьці,
тагды выйду па іх да Айчыны.
 
 
 
 
Брукаванка
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Браты
Расьце раса!
Так расьце добры сон,
так расьце радасьць дзіцяці,
так расьце таемнасьць поўні.

Расьце раса!
Так расьце мая душа.
Адвяду вочы:
добры сон забываецца,
дзіця пахмурнее,
а поўня прасьвечваецца,
як парожняя шклянка.
 
Расьце раса... –
па інэрцыі вышэптваюць мае вочы,
асьлепленыя ранішнім сонцам.
Адтуляюся.
I сустракаю радасны братаў позірк:
расьце сонца!

Брат, уражаны сонцам,
з вакна, як шалёны, выскаквае ў канюшыну.

...І гіне раса...
 
 
 
 
Мара пра сына
Над белай як сьнег ракою
воблакаў астравы

дайце цяжарнай спакою
быццам цяжарныя Вы

і сына яна народзіць
асьвенціць вадой з ракі

князь-рыба ў Дунаі ходзіць
каб вырас і сын такі!
 
 
 
 
*  *  *
Гэта памятае толькі маці,
як вясной я любіў крыгаход,
калі зайцы, нібы паяцы,
каля рэчкі зьбіралі народ.
 
Было сьмеху і сьлёз дзіцячых,
калі заяц ішоў пад лёд
ці па крыгах скакаў, як мячык,
не зважаючы на народ.
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Гэта ведае толькі маці,
як засьцігнуў мяне крыгаход,
як і зайцам зрабіў, і паяцам
і для зьдзеку сабраў народ.
 
 
 
 
Радзіма
Я – зямля, на якой не растуць дрэвы.
Я – дрэва, на якое не садзяцца птахі.
Я – птах, якога ня сочаць нават паляўнічыя.
Я – паляўнічы, у якога вечна галодныя сабакі.
Я – сабака, якога не баяцца злодзеі.
Я – злодзей, якога ня гоняць ад вогнішча.
Я – вогнішча, якое не сьцеражэцца леяў.
Я – лея, якой не шкада вандроўнікаў.
Я – вандроўнік, якому ўсё адно, куды вядзе дарога.
Я – дарога, якая ня сьніць ройсты.
Я – ройста, на якой валацуга бязмысны.
Я – валацуга, які страціў радзіму.
Я – радзіма...
                              Я – радзіма?
Паляўнічы, сабака, бадзяга, злодзей...
 
 
 
 
*  *  *
Трэснуў лёд, быццам трэснула жыла.
Я спыніўся. Угледзеўся ў дно –
плынь падлёдная варушыла
на тапельніцы кос радно.
 
I глядзелі мне рыбы ў вочы,
бы русалкі, і ўспомніў я,
як кароткай купальскай ноччу
тут зайшлася душа мая.
 
 
 
 
*  *  *
Як па зорках, па расе
твой апошні шлях праляжа,
памірай, а жыта сей.
Рунь пра сейбіта раскажа.
 
 
 
 
*  *  *
Безь мяне будуць жаць
і губляць зь перасьпелых калосьсяў
залатыя зярняты
на Белую нашу зямлю,

птушкі іх падбяруць
як падзяку за жніўныя песьні,
хто ў крыле, а хто ў дзюбе
у гнёзды свае прынясуць.
 
Безь мяне прарастуць
у зямлю жаўруковыя гнёзды,
і, шануючы звычай,
іх жнеі сярпом абмінуць.
 
 
 
 
Апакаліпсіс
Плывуць
                    вужы
                                на санцапёкі,
лятуць буслы на астравы,
жыцьцё – хай зорка то ці вока –
заўсёды з прожылкам крыві
Іюды, птушкі, чалавека
зямной, таму сьвятой крыві,
зласлоўем мёртвых воч крані,
і кроў праступіць праз павекі.
 
Плывуць вужы да глюг чырвоных,
ляцяць буслы да хітрых ліс,
і нат за мной зь зялёнай кроны
цікуе чалавек ці рысь.
 
А я? –
напэўна, паляўнічы,
на бельмах – прожылкі крыві,
мае хтось дні сурочыць-зьнічыць,
і я лічу чыесьці дні.

I нават калі я заплачу,
адчай, бы сэрца, загрызу –
ня чыстую сьлязу, –
убачу
з крывавым прожылкам сьлязу.
 
 
 
 
Кола
Кожны дзень мяне пераязджае кола.
Прадбачу, але не прыкмячаю
аніколі
ягонага набліжэньня.
I толькі потым чую, як аддаляецца грукат
у той бок, куды я сьпяшаю.
Ані здагнаць яго, ані ўбачыць.
Ну і д’ябал з табою, кола!
 
А яно заходзіць па новаму кругу,
і зноў зьнянацку,
яшчэ глыбей уганяе мяне ў глебу дый кажа:
і д’ябал са мною, і Бог са мною...
Ух, як мне становіцца вусьцішна –
гэта ж і я іду па кругу і калісьці ж
яго замкну. I няма моцы збочыць,
і няма мужнасьці супыніцца,
ад гэтага такая злосьць на сябе разьбірае...
Не-е! На гэты раз я ўхаплю цябе за абады!
Адважна падымаю галаву, але...
Скрозь паўз дарогу папераджальныя знакі:
НЯ СУНЬ РУКІ Ў СЬПІЦЫ!

Ну, д’яблава кола!
А яно пасьпела зайсьці па новаму кругу
і яшчэ глыбей увагнала мяне ў глебу:
я і д’яблава, я і Богава...
 
 
 
 
*  *  *
Я дарэшты ў тваёй уладзе
што хочаш рабі з маім брыдкім целам
і распуснай душой –
хочаш любі
а хочаш забі

я сьцярплю
таму што мая пакутная любоў
мацьней за самы жахлівы боль

ня страшна – калі вырываюць пазногці
страшна – калі д’яблавымі пазногцямі
                                                                                      па душы
няхай нават бруднай
але ж яна невінаватая

вінаватае цела
я дарэшты ў тваёй уладзе
ды толькі аб адным прашу цябе
НЕ! ЗАКЛІНАЮ ЦЯБЕ! Лепш забі
зьдзекліва
                      высакародна – неістотна
толькі ня здрадзь
бо тады я ніколі не вярнуся ў гэты сьвет
а я ж так яго люблю...
 
 
 
 
У шкляным саркафагу
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Перад цыганскім дажджом
Не з Дняпра, гэта з воч рыбакоў вырастае вясёлка,
вось-вось-вось перакуліцца воблак з цыганскім дажджом,
быццам з дробнаю рыбай кульнецца кашолка,
і луска заіскрыцца пад сонцам жывым серабром,
як маністы на нітку, на промні наніжуцца кроплі,
Перуновы вятрыска абудзіць сурму за Дняпром,
сурмачовае граньне палоніць, як боскія крокі,
валацужлівы воблак за сонца сплыве, як паром.
 
 
 
 
У чароце птушка начавала
З народнага
У чароце птушка начавала,
ой-лю,
пад галоўку скрылечка падклала,
ой-лю.
 
А як ночку мне заначаваці,
не пускае ў хату мяне маці,
 
а чарот на возеры вяночкам,
ночка, ахрысьці майго сыночка,
 
а ў грудзёх разьбітае сардэнька,
ночка, дзе мой любы казачэнька?
 
У чароце птушка начавала,
ой-лю,
пад галоўку скрылечка падклала,
ой-лю.
 
А як мне заначаваці,
не пускае ў хату мяне маці.
 
 
 
 
Натхненьне
Узгалоўем да ўсходу сонца рэкі сьпяць –
такая велічная традыцыя.
Сьпяць жа ў муз у нагох паэты –
захавальнікі рыцарства.

А паўз рэкі крадуцца лісіцы рыжыя –
ноч мулкая дзённымі вобразамі,
нат калі на мяне віно пральеце –
па інэрцыі паэзіі гнеў мой вобразны.

Хто закусвае там вальдшнэпамі,
вы хоць ведаеце, як балюча сьнегу,
калі сьняжынкі на гарачых губах плавяцца?
 
А ты прабач, у мяне закаханая,
не да сьлёз мне тваіх каляровых,
я сягоньня на крыжы паэзіі,
бы крывёю, сыходжу словамі.
 
 
 
 
Паэт

Ахвярую Алегу Бембелю

 
На памежжы чужыны з Айчынай
па начох ходзіць сумны паэт,
ён запаленымі вачыма,
як агнём, апякае сьвет.
 
А камусьці са спрат здаецца:
блудзіць зорка па-над мяжой,
быццам ёй не хапае мейсца
і нябёс на зямлі сваёй.
 
Хто пакрыўдзіў цябе, паэце?
Хто прымусіў цябе блудзіць –
Бог ці дэман у гэтым сьвеце?
Што ты хочаш душы здабыць?
 
I за што ты марнуеш цела?
Можа, досыць зь цябе ахвяр?
Сядзь, даверся паперы белай,
і надзея асьветліць твар.
 
Сядзь, пакайся за раны целу,
яно ж братам тваёй душы.
Ці жадала яно, ці ж хацела,
каб ты з гэтай пакутай жыў? –
на памежжы чужыны з Айчынай.
 
...крок яшчэ – і няма мяжы...
 
 
 
 
Суд птушак
Калі сэрца дзяўбуць крумкачы,
гнеў сочыцца. Не да болю.
Крылы чорныя, быццам мячы,
паласуюць няшчадна долю.
 
Калі сэрца дзяўбуць буслы,
крыўда сочыцца. Прыкра слухаць
пір крывавы пад галасы
высакародных птушак.
 
Значыць, ёсьць за табой віна,
калі птушка такая судзіць.
Павініся. Не праклінай –
птушкі літасьцівыя, як людзі.
 
 
 
 
Воўк
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Маналёг расстрыгі
Якія цяжкія, гнятлівыя радкі,
нібы іх напісаў паэт-расстрыга,
тут нават кропкі, бы ў дрыгве грудкі,
працяжнікі, нібы на рэчцы крыгі.
 
Прабач, паэт, прабач ты мне, расстрыга,
але я не магу цябе чытаць –
да берага скакаць па сьлізкіх крыгах,
бо ўжо стаміўся ісьціну шукаць,
 
бо разумею, што плыву на крызе
і што, падчас праводзінаў маіх,
мой грэх адпусьціць чалавек у рызе,
які калісьці і мяне расстрыг.
 
 
 
 
*  *  *
Пайду туды, адкуль прыйшоў.
Па-за зямлёю, па-за часам.
Я тут нічога не знайшоў,
хаця сваю і выпіў чашу.
 
Ды лепш бы разьдзяліў яе,
няхай са злосьнікам ці зь сябрам,
камусьці ж жыткі не стае
і дачасова сушыць зябры?
 
Але у чым мая віна?
Віна майго наканаваньня?
Жыцьцё – вялікая мана.
I толькі сьмерць яе пазнаньне.
 
 
 
 
*  *  *
Хто натхніць мяне на сьмерць?
Я такой ня маю волі.
Маю толькі болі.
Болі – каб пасьціцца і гавець.
 
З гор сыдзі, як з купалоў,
Дух у вобразе старога,
праз пакуты дай мне Бога,
дай мне Богавую кроў.
 
Не жыву – хаджу, што сьцень,
брыдкі і чужы паветру,
хаця выйшаў колісь зь ветру,
выйшаў і азмрочыў дзень.
 
Ты
натхніш мяне на сьмерць,
чалавек, цяжарны Богам,
празь цябе мая дарога,
моцы дай яе здалець.
 
 
 
 
Чацьвёрты цьвік
Калі чацьвёрты цьвік загналі ў цела,
мае пакуты крыж сабе забраў,
і на каменьне, што ў мяне ляцела,
я воч ня меў, таму не паглядаў,
бо я пакінуў цела.
 
 
 
 
*  *  *
спаўзаючы зь церня
кроў смокча сьлёзы
 
уп’юся ў яго вачамі – Бог
вуснамі – чалавек
 
насустрач нашы любові
як два сонцы
імкнуцца ў поўдзень
 
урэшце зьвяла нас
вузкая сьцяжына ў жыце
ён дастаў з душы хлеб
я – зь цела – віно
ён прыгубіў
я асушыў кубак
і паплылі вянцы
                  цярновыя
                              жытнёвыя
                                            васільковыя
хто ты мне?
бацька брат сын?
 
ізноў хачу упіцца ў яго вуснамі
а Юда ўва мне шэпча
упіся ў яго зубамі
 
 
 
 
О Неба
Купалы расколюцца расколюцца і званы
о Неба сіняе блакітнае чырвонае чорнае
а ўсё лепей
ты ня медзь ня золата не бел-камень камень
                                                                                                  ён і ёсьць
о Неба
а словы пра цябе мае цялесныя цялесныя
яка птушкі ў табе губляюцца губляюцца
яка птушкі губляюцца мае словы
                                                                          цялесныя нягодныя
яка стрэлы ў твае вочы
яка стрэлы стрэлы стрэлы
з вуснаў што храм ад зямлі зямлі
                                                                        да крыжа крыжа
да птушынага памёту памёту
на златкупале цалавалі цалавалі
ня любячы любячы ня веручы веручы
малітвы ня кажучы нат ня ведаючы
о Неба
абрыдлі мне храмы абразы рызы абразы
                                                                                          і рызы
вазьмі мяне агнём ветрам вадою
які птушку яка дрэва яка хочаш
а праваляцца храмы і людзі ў храмах
                                                                                  і жывёлы вакол іх
на сытных пашах пашах і лясы
                                                                    вакол іх у лясох
кішачых лясох кішачых і ўсе рэкі рэкі пад горы
выцякуць выцякуць і зямля
                                                              ад смагі парэпаецца
рэпаецца яка фрэскі пра жывот чалавечы
о Неба
як расказаць разгадаць твае знакі апошнія
 
 
 
 
*  *  *
Берасьцянае неба, роднае.
Мір астральны мой – ад цябе,
бо зямное, нібы падлёднае,
да паветра палонку б’е.

Галавою.

А трэба б сэрцам
растапіць безнадзейны лёд,
а іначай у паняверцы
урасьце ў яго ўвесь народ.
 
Зашклянеюць і кроў, і вены,
мозг раструшчыцца, быццам шкло,
ад яго ледзяной гангрэны
патыхне чалавечым тлом.
 
Берасьцянае неба. Выратуй!
Ачышчальным агнём сваім
спапялі чалавекавырадкаў,
разьмяці іхны прах і дым.
 
 
 
 
Капцы
На дне агню танцуюць саламандры,
блукае прывідамі шэры дым
па небе,
як алень па чорных лядах,
між зоркамі губляючы сьляды.
 
Надыдзе дзень. Паснуць агні і зоркі,
любоў аддаўшы людзям і зямлі,
павырастуць з палёў капцы-пагоркі,
балючыя, нібыта мазалі.
 
Як людзі ўмерлі, не сказаўшы штосьці,
так і яны дзірваньнем зарасьлі,
і толькі птахі ды зьвяры – іх госьці
у час чырвонай золкавай расы.
 
Араты прыйдзе, кіне рупным вокам,
адчуўшы сум і боль нямых капцоў,
зямлю ўзарэ і шчыра, і глыбока,
збудзіўшы жрыц паганскіх і жрацоў.
 
Іх ноч засьцігне разам за бяседай
пра гэты час і пра тутэйшы люд,
і ў белым жрэц прамовіць:
– А я ведаў...
Забылі нас і занядбалі тут.
 
 
 
 
*  *  *
– Самыя жывыя багі – багі дзядоў,
багі сыноў і ўнукаў такія ж смяротныя,
                                                                                      як і іх творцы.
– Я ёсьць і сын і ўнук.
Значыць, мае багі сьмяротныя?..
– Але.
– Аднак жа і ў дзядоў былі бацькі, дзяды
і нават прадзеды...
– ...Бацькі, дзяды і прадзеды тваіх дзядоў
                                                                                          былі багамі.
– Значыць, людзей зусім не было?
I хто ж ім тады пакланяўся?
– Птушкі, зьвяры, дрэвы...
– Няпраўда!
– Праўда.
Ты ўглядзіся ў сябе... Бачыш?..
— ...дрэва...
 
 
 
 
*  *  *
– Самыя жывыя багі – багі дзядоў,
багі сыноў і ўнукаў такія ж смяротныя,
                                                                                      як і іх творцы.
– Я ёсьць і сын і ўнук.
Значыць, мае багі сьмяротныя?..
– Але.
– Аднак жа і ў дзядоў былі бацькі, дзяды
і нават прадзеды...
– ...Бацькі, дзяды і прадзеды тваіх дзядоў
                                                                                          былі багамі.
– Значыць, людзей зусім не было?
I хто ж ім тады пакланяўся?
– Птушкі, зьвяры, дрэвы...
– Няпраўда!
– Праўда.
Ты ўглядзіся ў сябе... Бачыш?..
— ...дрэва...
 
 
 
 
Смага
Цячэ з-пад каменя вада
таемна,
сьцішана,
упарта,
а ў полі сьмягнуць гавяда,
ральля,
гайворан
і араты,
 
нібыта з самых першых дзён
ральля ня ведала расінкі,
і Евін лён – дарэмны плён –
вышэй зямлі,
ніжэй былінкі.
 
Гэй, узьніміся да нябёс,
гайворан чорны, сябра верны,
знайдзі вады блакітнай вены
і камень, што ў імшары ўрос,
 
і пабрыдуць табе наўсьлед
без супачынку,
безь пярэрвы
і людзі,
і зьвяры,
і дрэвы
празь сьмерць,
праз жвір,
праз час,
празь сьвет.
 
 
 
 
*  *  *
Берасьцянымі трубамі ў небе гудуць журавы,
берасьцянымі крыламі атуляюць дзьве зорачкі дзённыя,
мая любая, гэна ж мы, паглядзі, гэна ж мы,
а нябёсы блакітныя, быццам азёры прадонныя!
 
О, як гожа і вечна вядуць карагод журавы,
і паганскія гукі складаюцца ў песьні астральныя.
На тым беразе неба прачнуліся зорныя львы –
гэна ж ты, мая любая, песьні запела купальныя.
 
 
 
 
Агонь
У небе зьнічаваньняў трыццаць тры
зьліліся
у адзін Агонь адвечны,
наўкол Агню зьбіраюцца вятры,
іх трыццаць тры,
і кожны мае сьвечку.
 
I кожны мае іншым што сказаць
ці памаўчаць – маўчаньне зразумеюць.
Іх трыццаць тры,
і сьвечкі іх гараць,
і душы каля вогнішча гавеюць.
 
 
 
 
Бераг
Мяне выкінуў акіян
на чырвоны, гарачы бераг
і сказаў: гэты бераг ты
да апошняй тваёй пясчынкі.
 
I адчуў я: па мне паўзуць
супраць сонца штодня вужакі
і брыдуць ім наўсьлед зьвяры,
пыл чырвоны нясуць на поўсьці.
 
Нават птушкі, што ў вышыні
пралятаюць да акіяна,
афарбоўваюцца ў колер мой
да апошняй сваёй пушынкі.
 
Да апошняй сваёй пылінкі
я належу зьвярам, вужакам
і далёкім самотным птушкам
на тым беразе акіяна.

Я заўсёды камусь належу –
хоць каханы, хоць ненавідны,
я – за сонцам і супраць сонца,
я – прычына бяды і шчасьця.
 
 
 
 
*  *  *
Сівыя пчолы,
                          сівыя птушкі,
                          сівыя людзі,
я заблудзіў, бадзяга, у ваш лес,
дзе дацьвітае пяціпалы бэз,
каб вашу мудрасьць, як раку, прыгубіць.
 
                          Сівыя людзі,
                          сівыя птушкі,
                          сівыя пчолы,
па вашых пожнях сьцелецца смуга,
у вашым небе выраяў туга –
там чутны голас маёй птушкі кволай.
 
                          Сівыя людзі,
                          сівыя пчолы,
                          сівыя птушкі,
прыйду да вас аднойчы назаўжды,
прыйду празь сьнег, сьпякоту і дажджы,
віном зь сьлязою прошласьць памянуўшы.
 
 
 
 
Зьмяіны Цар
Мой гаспадар Зьмяіны Цар,
ты ведаеш, як словы
над вогнішчам купальскіх чар
складаюцца ў замовы.
 
Мой гаспадар Зьмяіны Цар,
сьвятлом сваёй кароны
ты кажаш шлях сярод імшар
у храм дуброў зялёных.
 
Мой гаспадар Зьмяіны Цар,
ад хіжакоў дубровы
хаваюць дзіўны твой аўтар
без абразоў і словаў.
 
Мой гаспадар Зьмяіны Цар,
твайго аблічча рысы
да аўтара нясём, як дар,
і я, і сёстры рысі.
 
 
 
 
Лес
Хутка змрок абцяжарыць
                                                        пчаліныя лёгкія скрылцы,
мёдам Лес набрыняе да сутвы нямых каранёў,
але – Лес не нямы: і ў лісточку,
                                                                      і ў кволенькай жылцы
мова тчэцца лясная
                                          зь мільярдаў лясных галасоў.
 
Нават самы няздатны
і самы глухі з чалавецтва
зразумее яе
 
і забудзе, прасьветлены ёй,
пра людскую душу,
што спазнала пакуты калецтва,
калі смагу спатоліла брата Іюды душой.
 
 
 
 
Пан Лес
Лес – гэта храм.
У ім акрыяе Хам.
Лес – гэта сьвятарнае мейсца,
для душаў аблудных меса.
 
Меў золата, срэбра Крэз,
але калі б ён убачыў
хоць раз
                  наш
                          бурштынавы Лес
вышэй ад варагавых мачтаў, –
паблякнула б срэбра яго
і золата б паржавела,
пад ногі б каменьнем лягло
і сэнсу б суздром ня мела,
 
бо Лес – гэта больш чым лес.
Вам ранілі гострым сэрца,
крывавіць, баліць парэз,
і хочацца толькі сьмерці,
 
стрывайце, знайдзіце моц
дайсьці, дапаўзьці да Лесу,
ён з боскай крыві прарос
пакутнікам правіць месу,
 
ён спыніць жывіцай кроў –
такога ня змогуць людзі,
і, быццам прадвесьні гром,
у Вас  н е м а ў л я  прабудзіць.
 
Жыцьцё і тым болей сьмерць
загубяць свой сэнс цялесны –
Пан Лес не дазволіць мець
пачуцьцяў, што шкодзяць Лесу,
 
бо нельга паганіць храм,
бо нельга сьвятое нішчыць,
куды ж тагды прыйдзе Хам
ад хамства душу ачысьціць?
 
 
 
 
Чырвоны радок
кожны мой золак пачынаецца з сонца
як пэргамэнты Слова пачыналіся
                                                                          з чырвонай літары
а паганскія сьвяты
з ахвярнай крыві Богу Сонца
 
бо спачатку было Сонца
і Сонцам быў Я
і выкрэсьліў Я вам Слова
і пачалося яно з крыві Ігара
 
 
 
 
Дух
...ды слова не прагняві,
Бо слова належыць Духу,
Кіньце слова гайні –
I паляціць пацяруха.
Змоўчыць абражаны Дух,
Новае слова народзіць,
Спыніць натоўпу рух,
Каб гаварыць аб народзе.
Зноў прыляціць гайня,
Выйдзе зь яе плюгавы.
«Дух – гэта, людзі, Я!» –
Скажа, а сам з рагамі.
Людзі разявяць рот –
Як жа ж, такія словы:
«З намі – увесь народ!
Шлях – да адзінай мовы!»
Людзі закрыюць рот,
Кожны сябе спытае:
«Гэта ж і я – народ –
Лёс такі прычакаю?»
Людзі закрыюць рот,
Людзі апусьцяць вочы...
Вось табе і народ,
Думаць прывыкнуў моўчкі.
З думай такой і вы:
Выжыве Дух-заступнік,
Знойдзе для нас правы,
Зьнішчыць пасад наш кутні...
Выжыве – гэна так!
Знойдзе... I вам на тацы
Медны падасьць пятак:
«Вось вам на хлеб, засранцы!»
 
 
 
 
Марыя
Вечнасьць зрывае пялёсткі з ружы...
сее, нібы насеньне,
па сухадолах людскія душы,
па чарназёмах каменьні.
 
Сонца ўрастае ў чужое поле
і вырастае з чужога,
а калі ўзыдзе –
сьвятлом, як сольлю,
раны пячэ нябогу.
 
З болем сваім ён пад дрэва сядзе,
высыпле жвір з сандаляў,
столькі самоты ў яго паглядзе,
колькі блакіту ў далях.
 
Птушка загледзіцца ў твар нябогі,
скрушна перажагнецца,
ад разьвярэджаных ног дарога
травамі захінецца.
 
Па чарназёмах гудуць каменьні,
душы – па сухадолах:
стань, небарака, стань на калені,
любіць пакорных доля.
 
Ён жа намацае лёс кавенькай,
выбрыдзе да жанчыны,
жыта зьмятае яна ў сявеньку
белым крылом гусіным.
 
– Сьветлая! – наймя ёй дасьць нябога. –
Выгаі мае раны,
Сьветлая, мроя мая й трывога,
золачак мой крамяны.
 
Сьветлая вымавіць:
– Я – Марыя,
з твару змахне змаршчынкі
і бедаку, як душу, раскрые
дзьверы сваёй хацінкі.
 
Зёлак настоіць на першым сьнезе,
нанач яго напоіць,
скура, як з вужа, зь нябогі зьлезе,
згіне з душы нябогасьць.
 
– Любы мой, – скажа яму Марыя, –
шчасьце тваё ў пакутах.
Дзьверы адчыніць, бы сьвет, старыя,
пойдзе на холад люты,
 
пойдзе, ды сьніцца начамі будзе:
з крыжам яго нібыта,
ходзіць па вёсках, па ўбогіх людзях,
Богам самім забытых.
 
 
 
 
Маналёг адступніка
Я трапіў у сіло журбы,
я сам у гэтым вінаваты,
я быў – здаецца, ўчора – быў
на радасьць і сяброў багаты.
 
Заўчасна разарваць сіло
я мог бы, ды баюся болю –
яно да жылаў прырасло,
як роздум мой прырос да столі,
 
пусты і быццам бы ня мой,
як знак сьціхотнага вар’яцтва,
і брыдкі па начох, як лой
ці кроў на езуіцкіх пальцах.
 
Адкуль, адкуль прыйшло яно?
Калі з граху, дык грэх мой – шчасьце.
Я сам, я сам прыдбаў яго –
гайворана віновай масьці.
 
 
 
 
*  *  *
Ён шкадаваў турэмных пацукоў,
карміў з рукі і, нават пасьля ката,
даваў лізаць ім на кайданах кроў,
а сам паглядам пілаваў на вокнах краты.
 
Ён ненавідзеў гэтых пацукоў,
калі ішоў чарговы раз да ката,
за тое, што лізалі яго кроў
і пільнавалі ад пагляду краты.
 
Ён ненавідзеў і любіў сяброў,
што прадалі яго за срэбнік кату.
Гаіла сонца прамянямі кроў
і пілавала прамянямі краты.
 
 
 
 
Штучная раса
Торф ня смокча
                                  штучную расу,
і ня п’юць у лузе перапёлкі,
я зьбяру яе і аднясу
у агонь, бы ржавыя іголкі.
 
Ды агонь аддасьць расу назад,
скажа ўсьлед: «Я полымя шаную».
I яшчэ наўсьлед сабе пачую:
 
«Чалавек, як мог ты? Ты ж мой брат».
I раса мне скуру апячэ.
У агонь атруты больш ня кіну,
лепей сам пазбаўлюся вачэй,
але вочы брата не загінуць.
 
 
 
 
*  *  *
«Каб ты каменем стаў!»
I я стаў...
                      сярод поля.
Ані жыта засеяць, ані пожні ўзараць.
Разам з гневам у мне скамянела патоля –
ацяжэлых вачэй на людзей не падняць.
 
I калі б я заплакаў – паўпіваліся б сьлёзы
скамянелым струпеньнем у шчокі мае,
толькі я не заплачу, бо рана ці позна:
«Каб ты здраднікам стаў!» –
хтосьці зноў пракляне.
 
 
 
 
Вільня, 1864 год
Эшафот на Лукішкаўскім Пляцы
Перад сьмерцю зязюля кувае,
перад сьмерцю жыцьця многа зычыць,
а паходня, як сонца, палае,
ды жыцьця, як агню, не пазычыць...
 
Ты адкуль прыляцела, зязюля?
Можа, гоніць цябе па ўсім сьвеце,
быццам ястраб, шалёная куля,
быццам коршак, драпежны вецер.
 
Сьціхні ж, сьціхні, дурніца-птушка!
Ці ня чуеш: гудуць вяругі,
вецер шыбенікаў гушкае
і, як коршак, ірве харугвы.
 
Памаўчым...
Не збылася воля,
толькі лепшых сяброў забрала
і пакінула сярод поля
кос ды вілаў зламаных джалы.
 
Памаўчым,
але боль ня сьцішым –
будуць помніць забойцаў раны.
Слоў і клятваў ня трэба лішніх,
шлях да волі навек абраны.
 
 
 
 
Памяць пра яцьвягаў

                                    ...ані табе мовы,
                                    ані табе сьцяга...
                                    памяць пра яцьвягаў –
                                    помста за яцьвягаў...

 
Выстудзілі хату...
Памяць адубела...
бы яцьвяг кудлаты –
шэрая кудзеля.
 
Кашляе крывёю
выстылая хата...
страшна... за сьпіною
здань – яцьвяг кудлаты.
 
Азірнуся тройчы: вочы...
літасьць просяць.
Белы ветах ноччу
зоркі ў небе косіць.
 
I галосяць зьнічкі
над пустою хатай...
Ветах – сэрп крывіцкі...
...кроў... яцьвяг кудлаты.
 
Азірнуся: вочы!
Гэта ж вочы брата!
...Мала зорак ноччу
над маёю хатай.
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
I галосяць зьнічкі,
па жывых галосяць,
гэта люд крывіцкі
чорны ветах косіць.
 
 
 
 
Маналёг Сяргея Палуяна
Няма вады. Сыду са смагай.
Прымі мяне, вільготны жвір.
Прысьню: са мною кастарагу
варушаць цёмныя глыжы.
 
Ні ашчаперыцца, ні ўстаць мне,
ні клікнуць сонечны прамень,
я – белы ў чорным немы Страцім,
цяжкі, як яравы камень.
 
А нада мной сыпун шапоча:
ты ж піць хацеў, дык пі мяне...
I мурашамі лезе ў вочы,
шыпіць, як гадзіна ў гайне.
 
Даволі, злодзей, я ўжо сыты,
ну як паклікаць мне сьвятло,
ты ж голас, як агонь, засыпаў,
ты ж позірк мой зачмурыў тхлом.
 
А там, за сьненьнем, вырай сонцаў
губляе пёрачкі ў Дняпро,
і вочы маміны бясконца
выглядваюць мяне ў вакно.
 
Я наталюся, акрыяю,
адрыну чорныя глыжы
і сам расою запалаю
на руні роднае мяжы.
 
 
 
 
Званы
Ахвярую Алегу Мінкіну
 

I


Жыў калісьці на Палесьсі
майстра адмысловы,
ён ствараў званы, як песьні,
ён вучыў іх словам.
 
I яго званы, бы людзі
крывіцкага роду,
не хавалі медны грудзі
за сваім народам.
 
Біў пярун па тых званіцах,
што натоўп склікалі,
ды ад лёсу адхрысьціцца
людзі не жадалі.
 
А званы нясьлі па вёсках
ад Дняпра да Буга
словы волі, голас боскі:
Дзіда! Меч! Кальчуга!
 

II

 
Куды вядзе мяне дарога?
Каго спытаць пра гэты шлях?
Хіба што званара старога,
ён будзіць нашых продкаў прах,
 
ён атрасае гучным звонам
расу ў краіне верасоў,
і перад гэтым цуда-громам
капелюхі ляцяць з галоў,
 
капелюхі ляцяць далоў,
калі званар, як птах магутны,
нібыта крыльлем, да званоў
рукамі і душой прыкуты.
 
Куды вядзе мяне дарога,
я ведаю, каго спытаць,
ісьці нямала і нямнога,
ісьці – пакуль званы зьвіняць.
 
Так, будзе цяжка, пеклам здасца
бальшак да ісьцінаў зямных,
здалець яго – такая ж праца,
як з чорнай медзі ліць званы.
 
 
 
 
Маналёг Рамуальда Жакоўскага

            Рамуальд Жакоўскі – малады беларускі артыст. Пачаў
працаваць у трупе Першага беларускага таварыства
драмы і камедыі, якое было створана Ф.Ждановічам
пры ўдзеле І.Буйніцкага і У.Фальскага ў 1917 годзе.
Выконваў ролю старца ў «Раскіданым гняздзе», стварыў
глыбока псіхалагічны вобраз. Пекна дэкламаваў.
Пісаў зграбныя, настраёвыя вершы. Дваццацідвухгадовым
юнаком 1 студзеня 1919 года скончыў жыццё самагубствам,
паўтарыўшы лёс Сяргея Палуяна.

 

Беспрытульная птушка прыстанку ў аблоках шукае,
на убогай зямлі ёй нябесных вятроў не стае,
сьпее ў небе маланка, і скроні мае адчуваюць,
як сьмяротным агнём наліваюцца вены яе.
I аднойчы сябрам я скажу, што ідзе навальніца,
абдыму іх, адзіных, і скронь прытулю да грудзей,
і так блізка ля скроні іх сэрца жыцьцём будуць біцца...
Толькі я з навальніцай пайду ў іншы сьвет ад людзей.
Гэта лёс. Вы ня верце, што гэта стыхія,
пэўна ж, трэба камусьці вось так расказаць пра жывых,
каб пачулі глухія, відушчымі сталі сьляпыя
дый убачылі – зоркі ўзыходзяць таксама й для іх.
Вось і ўсё – маланка ля скроні шугае.
Перадайце наступніку: хай у народзе сваім
праз стагодзьдзе зімы, на Сьвята, мой твар адшукае,
і мы – вочы у вочы, шчасьлівыя – стрэнемся зь ім!
 
 
 
 
Маналёг Уладзімера Жылкі
Дваццаць рэчак –
дваццаць стагодзьдзяў –
шукаюць свайго акіяна,
зьбіраюць у рэчвы
вякоў разводзьдзі
ад самых часоў Траяна.
 
Замест маякоў – берагі ў бажніцах
ды ў зыркіх вагнёх Купальля,
і поўня княжною ў ваду глядзіцца
у зорных сваіх каралях.
 
Ці вечныя зоры?
Ці вечныя рэчкі?
Ці вечныя мае словы?
Сьціхотна у сьвеце.
Бажніцы, як сьвечкі
у Бога... у Бога ў галовах.
 
 
 
 
*  *  *
Злачынцы брыдуць на споведзь,
як коней, вядуць грахі,
між імі нямая повязь –
ня вырваць аброць з рукі...
 
А з вуснаў ня вырваць слова. –
Ну што ж вы, прыйшлі маўчаць?
Здыміце хоць шапкі з галоваў,
Ня бачыце – сьвечкі гараць!
 
То вашых ахвяраў душы...
Замрыце! Бо нават рух
сьвятло іх навек патушыць,
і ў цемрыве зьнікне дух.
 
Маўчыце! Запозна кленчыць.
...Сьвяты – для сьвятых абраз...
Ідзіце! Ахвяры енчаць –
балюча ім бачыць вас.
 
 
 
 
*  *  *
На скрыжаваньні сьцяжын
воўчых і чалавечых
крывёй набрыняў бурштын
і лютасьцю сярэднявечча,
 
і смокчуць бурштын смаўжы,
каўтаюць смаўжоў гадзюкі,
аб косткі каля сьцяжын
гайвораны гойстраць дзюбкі.
 
Адсечаная галава –
пакоціцца долу поўня,
ваўкоў прывядзе сава,
ахрышчаная Ваўкоўняй.
 
Насустрач з глухіх сьцяжын
людзей прывядзе паходня:
драпежных на кроў жанчын,
на славу мужчын галодных.
 
Патушыць паходню жах,
завыюць ваўкі і людзі,
і ў іхніх шкляных вачах
людскога цяпла ня будзе –
 
На скрыжаваньні сьцяжын
воўчых і чалавечых
крывёй набрыняў бурштын
і лютасьцю сярэднявечча,
 
і смокчуць бурштын смаўжы,
каб выжыць – гадуюць рогі,
і косткі, нібы нажы,
вандроўнікам раняць ногі.
 
 
 
 
Крыжавалі крумкача
Крыжавалі крумкача за колер чорны
дый гадалі: а якая ў яго кроў?
– Чорная! – прамовіў кат вучоны.
Чорная, нібы яго крыло.
 
Крыжавалі лебедзя за колер белы
дый гадалі: а ў яго якая кроў?
I забілі цьвік,
і кроў пабегла
барваю на белае крыло.
 
– Чорная! – ускрыкнуў кат вучоны. –
гэткіх д’яблаў з крыжа не зьнімаць!
Чорная! Таму што сам ён чорны,
а за гэта грэх не крыжаваць.
 
 
 
 
Тапталі поле валуны
Тапталі поле валуны,
па ім качаліся са сьмехам,
нібы вялізныя збаны,
нібы гіганцкія гарэхі.
 
А ў небе галасіў жаўрук,
і ўсім, хто чуў яго хаўтуры,
займала дых, займала дух,
праймала ад душы да скуры.
 
Быў сіні лён, стаў чорным лён,
як д’яблы, валуны рагталі
і поле, жаўруковы дом,
тапталі, рылі, катавалі.
 
 
 
 
Бажавоўк
Можна забіць, і спапяліць,
і прах пусьціць на вецер,
а потым людзям абвясьціць,
што ён ня варты сьмецьця.
 
Але нябесныя вятры
ягоны прах па сьвеце
зьбяруць, як семя ў макатры,
жывой вадой асьвенцяць.
 
I ўратаваны, зь неба Дух
зноў сыдзе чалавекам,
зноў будзе жыць сярод падлюг
ды іх марыянетак.
 
Ён бажавоўкам праслыве,
прыблудным патарочам,
ніхто яго не праміне,
ня плюнуць каб у вочы.
 
Плююць. Свае і ганакі,
са сьмехам, без прынукі,
і Духу гэныя пляўкі
страшней за яд гадзюкі.
 
Ды зганьбаваны сотні раз,
зьнявечаны натоўпам,
Ён прыйдзе ў самы горшы час
сваім адвечным тропам
 
да тых, хто выплюнуў душу,
хто ў паднябесных храмах
блюзьнерствам замяніў імшу,
а Сьвятароў на Хамаў.
 
 
 
 
Маналёг Язэпа Драздовіча
Вяльможны лес. Дубы-машэкі
прыспалі рэха даўніх дзён,
а ў нэтрах Велесавы рэкі
зьбіраюць ручаёвы звон.
 
Стыхія сьпіць, і толькі зрэдку
дзевяцісотгадовы зубр,
яцьвяжскае загубы сьведка,
рыкае ў дзевяць срэбных труб.
 
Жалобны рэквіем зубрыны
на мой
              народ
                              наводзіць
                                                  сум...
I каб ня ўмерці – ручаіны
жабруюць па лясох расу,
бы я сьцяжынаю жабрачай,
а думы – пра адвечны шлях –
там крыўская Пагоня скача,
і німб над ёй, як зорны шлях.
 
 
 
 
Данута Бічэль-Загнетава
Бязродная песьня паэтава,
што птах са сьляпымі вачыма.
Данута Бічэль-Загнетава –
якая паэтка айчынная!
 
I родам і племенем гожая.
Як рэчка – зьмялелы брод,
хаваеш ад вока варожага
Айчыны сваёй радавод.
 
Зь мінулых крывавых стагодзьдзяў
ляціць за табой страла,
а час, усім злодзеям злодзей,
выскубвае пёры з крыла.
 
Ды пёры твае не радзеюць,
і словы ад сэрца твае,
як сьлёзы, як зоркі, ірдзеюць,
як кроплі расы на траве.
 
Сьлязою, расою і зоркай
да Бацькаўшчыны далучы,
ральлёю і пожняй колкай
аблудных дзяцей лячы.
 
Вось коціцца кола з дубовых лісьцяў
і кліча цябе ў Кушляны,
там здані паўстаньняў яшчэ не зьвяліся,
там мова Мацея ў пашане.
 
Цьвітуць на мурох старажытных зёлкі,
лячы імі люд тутэйшы.
Баляць Беларусі цярновыя зоркі,
паэтам – цярновыя вершы.
 
Вось коціцца кола зь цярновых лісьцяў,
каляных, суздром засохлых,
ты ўстала, ты ведаеш:
трэба выйсьці
насустрач сваёй Галгофе.
 
 
 
 
*  *  *
Калі алені адшукаюць вадапой,
калі мядунцы самых смачных кветак
да сівераў зьбярэ пчаліны рой,
калі засьцігне паляўнічых ніцы ветах –
 
памрэ лясьнічы.

Калі чаляднік выкуе падкову
і акрыяе ў горане агонь,
як зь небыцьця адроджаная мова,
калі адчуе цяжкасьць срэбра скронь –
 
памрэ каваль.
 
Калі прыбой абернецца дакорам
за лаштыр, што шыкоўным пледам стаў,
калі штоночы будзе сьніцца мора
і верныя сябры каля кастра –
 
памрэ рыбак.
 
          Калі памрэ ляснічы,
          калі памрэ каваль,
          калі памрэ рыбак –
                    памрэ паэт.
 
 
 
 
Як жыў я бяз солі
Ахвярую Алесю Наўроцкаму
 
як жыў я бяз солі...                     
сек дровы
параніў палец
а кроў нішчымная
 
араў поле
да сёмага поту
і пот нішчымны
 
калі ж ад’язджаў –
цалаваў маці
а вусны як немаўляці
 
і як жыў я бяз солі?
Хацеў бы паплакаць
ды вочы ня мелі волі.
 
 
 
 
Чорная гадзюка, белая зьмяя
З народнага
Белая гадзюка –
белая каса,
чорная гадзюка –
чорная раса.
 
Белая гадзюка,
як дзіцёнак сьпіць,
чорная гадзюка
хоча укусіць.
 
Белую гадзюку
зельлем напаю,
чорную гадзюку
варам абалью.
 
Белую гадзюку
на чырвоны кут,
чорную гадзюку
на ганебны слуп.
 
Белая гадзюка –
мой бялюткі дзень,
чорная – загіне
за свой чорны цень.
 
Зь белаю гадзюкай
буду баляваць,
а па чорнай зьмейцы
тайна гараваць.
 
Чорная гадзюка,
твая сьмерць ня я,
цябе загубіла
белая зьмяя.
 
 
 
 
Як я прадаў сябе агню
Днём і ўночы сьветліцца мой дом.
Мы з агнём на роўных размаўляем.
Не... Вучуся размаўляць з агнём.
Вусны ў вусны. Апякаюся, бывае.
 
Часта заглядаюць у вакно
людзі, а начамі д’яблы,
толькі ў хату не ідзе ніхто,
хаця ёсьць здраньцьвелыя ад зябы.
 
Ён і сон, і хлеб мой, і вада.
Ды аднойчы д’яблы скажуць людзям,
быццам я агню сябе прадаў...
Я аддаў сябе! Хіба ж за гэта судзяць?
 
 
 
 
Пошасныя
Гэтыя людзі дыхаюць цяжэй, чым валуны,
адна зямля ведае, як ім цяжка.
Іх мільёны, цэлы народ –
                                                          і ўсе яны блізьняты,
і толькі выбраныя зь іх
ведаюць паталёгію хваробы свайго народа,
і толькі яны адныя ня могуць звыкнуцца зь ёю,
ім дыхаецца цяжэй, чым каму,
таму хрыпяць іх грудзі,
і душыць жахлівы кашаль,
і разам зь сьлінаю яны выхаркваюць кроў,
наўмысна выхаркваюць на вуліцах горада,
у крамах і на сваіх працоўных мейсцах,
у сваёй сям’і і на чужых людзях,
бо ў гэтай крыві крыецца іх хвароба,
бо ў гэтай крыві выратаваньне іх народа.
 
Сябры спачуваюць ім,
употайкі выплёўваючы сваё харкавіньне,
абывацелі гідзяцца і ўцякаюць,
                                                                    як ад пошасных,
але ўсё адно, калі ідзеш па горадзе,
усё часьцей і часьцей сустракаеш людзей,
якія душацца крывавым кашлем.
 
I я не магу так болей жыць,
я задыхаюся,
я паміраю,
сеначы ў мяне кроў хлынула ротам
на мае рукапісы, на маіх дзяцей,
цяпер і яны пошасныя...
 
 
 
 
Вяпрук
Вяпрук пад шатамі дубоў
вадзіў зьнясіленых сяброў,
на паляўнічых не зважаў,
яго стралялі – ён ляжаў,
галодным быў – карэньне рыў
і думаў: голад паўбяды,
былі і горшыя гады,
пустыя, быццам жалуды.
Вяпрук пад шатамі дубоў,
галодны, думаў пра любоў,
пра тое, што усё жыцьцё
ён чуў адно – сяброў ныцьцё:
маўляў, паганы гэты лес,
савіны ды вужыны спрэс.
I каб ня няў яго народ,
ён ікламі ўгрызаўся ў лёд,
запэўніваў, што жалуды
у іхнім лесе не бяды,
што недародкі ёсьць паўсюль,
калі ж не каштавалі куль –
ідзіце ў свой прывідны лес,
там сьцежкі паляўнічых спрэс,
а я сьцяжынаю вужоў
пайду на голас мудрых соў,
галодны, думаў пра любоў,
пайду, знайду зялёны Дуб
сярод лядзяных, сьнежных гурб
ды ікламі ўгрызуся ў лёд
і зьненавіджу свой народ.
 
 
 
 
Пра што шэпчуцца мурашы
Шэпчуцца ў траве мурашы.
Ані ветру, ані грому,
і толькі расінкі бліскаюць, як маланкі,
а з параненай травы сочыцца зялёная кроў
на рудых мурашоў, на рудую глебу...
Усё зелянее і... бянтэжыцца,
і толькі цвыркочуць самазадаволеныя конікі:
ну што за дзіўны сьвет?
I калі ён паразумнее і ўрэшце зразумее,
што самая высакародная кроў – зялёная?
Але ўсё адно ў зялёнай траве
шэпчуцца рудыя мурашы
пра тое, што гэтая трава
і гэтыя агідныя зялёныя конікі
жывяцца рудой глебай.
 
 
 
 
Яблыня
На яе галінах растуць яблыкі, на карэньнях
камяні. Нават у самыя лютыя маразы, калі
ледзь-ледзь б’ецца сэрца, каб ня даць
дарэшты зьмерзьціся крыві, камяні выцягваюць
зь яе апошнія жылы. Хтосьці іншы даўно
сканаў бы, нат не счакаўшы сваёй першай
пладаноснасьці, а яна ў незямных пакутах
зноў і зноў выходзіць з забыцьця
зімовай анэстэзіі і кожнага разу чакае
сваёй вясны, быццам апошняй
радасьці-спадзяванкі.
 
Але балючай за ўсё зямлі, як той маці
за самае пакутнае дзіцятка.
 
 
 
 
Пацір
Знайшлі пацір, сьлязамі поўны,
ніхто ня ведае – чыймі.
Сярэбранае ў срэбным –
поўню
пакутнік нейкі расчыніў.
 
Ад зла, спакус, грахоў замову
гугнявіў голас за сьцяной...
Знайшлі на дне паціра слова,
з малітвы выпала яно.

КАХАЮ –
вочы прачыталі,
КАХАЮ –
вусны прашапталі,
КАХАЮ –
душы прастагналі,
КАХАЮ –
людзі закрычалі.

 
Каго?
 
Паэт сказаў: Айчыну!
Жаўнер: дзяўчыну!
Хтось: сябе!
I сталі дружна,
шчыра, шчыльна,
як на касьбе ці на сяўбе.
 
А ён канчаўся у зьнямозе –
ніхто яго не пакахаў,
з паціра выплюхнулі сьлёзы,
і налілі праз край віна,
 
і сталі дружна, шчыра, шчыльна,
як на касьбе ці на сяўбе,
паэт сказаў: п’ем за Айчыну!
I кожны выпіў – за сябе...
 
 
 
 
*  *  *

Ахвярую Анатолю Клешчуку

 
Ляцелі ў вырай ветракі,
гублялі клёпку, быццам пёры,
я чуў, як тыя ветракі
ляцелі, думалі пра мора.
 
Я чуў, бо ўгледзець іх ня змог –
гняло мяне цямрэчай неба,
я чуў, а сам, як той мурог,
туліўся думамі да глебы:
 
куды мне ў вырай, мурашу,
мой дом урос па пахі ў поле,
я неба ў Бога не прашу,
я не прашу птушынай долі,
 
цяпер мне сумна паглядаць
на ветракі паміж аблокаў
і чуць, як крылы іх рыпяць
і дахі слуцкага барока.
 
Калі ж такі надыдзе дзень –
па небе сум
                          адросьціць крылы,
і палячу я да людзей
за моры, горы, небасхілы,
 
няхай сустрэнуцца тагды
мне ветракі сярод пуціны
і скажуць: «Хлопча, нікуды
вядзе дарога ад Айчыны».
 
 
 
 
Паэт
Ніхто ня мае права жыць з Паэтам,
кахаць, пакутаваць і раўнаваць яго,
ня тыя дні, калі б ён дбаў пра гэта,
ня той напой, які б ён піў нагбом.
 
Ніхто ня мае права мець Паэта,
рабіць яго паяцам пры двары,
таму што гэта... ды таму, што гэта –
народа і паэзіі падрыў.
 
Ніхто ня мае права біць Паэта,
ён нават сам ня вольны над сабой,
магчыма, ён адзіны на паўсьвета,
а вы за ім нібыта за гарой.
 
Паэт ня мае права быць паэтам
цнатлівае і чыстае красы,
калі ў айчыне загніваюць рэкі
і засыхаюць на вачох лясы.
 
 
 
 
Адвечным шляхам
Ахвярую А.Р.
 
вырасьце трава
і траву адшукае раса
 
вырасьцем мы
і нас адшукаюць сьлёзы
цярновыя і палыновыя
самотныя і радасныя
цёплыя і сьцюдзёныя
 
і празь сьлёзы мы ўбачым сьвет
белы і чорны
зямны і нябесны
шчасьлівы і пякельны
 
але вырасьце зноўку раса
і траву адшукае раса
 
і вырастуць нашы дзеці
 
 
 
 
Вужака
Мае згрызоты зьбіваюцца ў клубкі як вужакі
і я – уладар гэнага паганага кодлішча –
бы цмок па адной вышмыргваю вужак з клубка
і адпускаю да людзей а тыя не зважаючы
на бяскрыўдныя жоўтыя вушкі прымаюць
іх за гадзюк а мяне за сапраўднага цмока
і ў гэты час я сапраўды пачуваюся цмокам
такой надчалавечай істотай
бо я пад панцырам бо я страшны
і толькі самая звычайная бестурботная
раніца сонцам і сьвятлом змывае зь мяне
гадаў бруд і я бягу і шукаю людзей і тлумачу
што вужакі добрыя і разумныя істоткі
і што яны не вінаватыя ў сваім падабенстве
на гадзюк што іх можна пазнаць
па залатой кароне
 
а людзі разгубленыя ўглядаюцца ў мае вушы
а мне ў адчаі здаецца
што яны ўглядаюцца ў мае рогі
і тады ўсе мае душэўныя болькі
як бяздомныя чорныя галубы каля
цёплага коміна туляцца да адзінага чалавека
які любіць мяне – вужаку з залатой каронай.
 
 
 
 
Баляда пра птаха
Не ў званы б’юць...
Б’юць званы.
Языкі ім вырвалі.
Птах па-воўчаму завыў,
як вярнуўся з выраю,
як убачыў гэткі зьдзек
над братамі роднымі,
плакаў, быццам чалавек,
і кружляў над Гродняю.
 
Нарадзіўся птах і жыў,
разьдзяліць каб муку
з тым, хто сьмягнуў на крыжы,
хто канаў на бруку,
 
нарадзіўся птах і жыў
неўпрыкмет, як рэха,
на мяжы і на глыжы,
на сялянскіх стрэхах.
 
Паляўнічы не чапаў
яго сьветлай песьні,
вецер пёры не шчапаў,
аднак і ня песьціў,
 
жыў пад кронаю зямлі,
па зямных законах:
што шапталі карані –
паўтарала крона.
 
Кронаю былі званы,
і аднойчы ў сьвяты
песьню загулі яны
пра свой лёс пракляты:
 
каты, каты, каты, каты, –
нібы ў небе Бог рыдаў,
нібы ў гневе трушчыў краты
той, хто справу не прадаў, –
 
каты, каты, каты, каты, –
рэхам адгукнуўся птах,
над краінаю аратых
ён лунаў, як волі сьцяг.
 
I прыйшлі-прыбеглі каты,
нацкавалі груганоў,
як сабак,
на песьню птаха,
на бунтарны сьпеў званоў.
 
I прыйшлі-прыбеглі суддзі,
абвясьцілі свой прысуд:
біць, пакуль ня трэснуць грудзі,
біць, пакуль ня ўкленчыць люд!..
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Час мінае, ды ня лечыць...
Прытуліся да вякоў –
Чуеш? Птахаў голас енчыць...
Бачыш? Чырванее кроў...
 
 
 
 
Маналёг Алеся Гаруна
Гараць камяні ў маім вогнішчы,
расьцьвеленыя агнём,
нібы ваўчаняты ў логвішчы
сонечным прамянём.
 
У твар мне шугае полымя,
ды я ўсё адно бяру
каменьні рукамі голымі
і гэткім, як сам, дару.
 
Бяруць і да сэрцаў туляць:
няхай нас ратуе боль
і вучыць пра бліжніх думаць,
пра тых, хто гібее ў золь,
 
пра тых, хто прамёрз да костак,
хто шлях да агню згубіў,
хто д’яблу чырвоным хростам
Айчыну сваю пазбыў.
 
Дай Бог, каб маё каменьне
аднойчы іх апякло,
прымусіла ўстаць з каленяў,
пайсьці на маё сьвятло.
 
Я – тут! Я шугаю полымем!
Праз боль я зь сябе бяру
каменьні рукамі голымі
і гэткім, як сам, дару.
 
Дай Бог, каб маё каменьне
Жар-птахам дайсьці змагло
да тысячных пакаленьняў
і сэрцы іх апякло.
 
 
 
 
Чорная быль
Плыў белы дзень – крыло самотнай птушкі
нас ратавала незямным сьвятлом, –
pадыхаў дол і прашчуравы душы,
крыві й зямлі вяртаючы цяпло.
 
Плыў белы прывід даўнімі кладамі,
і выглядаў прарокаў скрозь дзірван,
і вёў іх за сабой над гарадамі,
над чорнымі ільдамі ў Белы Храм.
 
I Белы Храм зьявіўся над ільдамі,
яго не ашчасьлівіў боскі перст,
ён не сьвяціў здалёку купаламі,
а Белы Храм – быў чорны хвойны лес.
 
Не абразы, а змучаныя твары
крыніцы адбівалі, а Дняпро
цягнуў, як баржы, д’яблавыя хмары –
трымцелі жылы і цяжэла кроў.
 
Шчымелі крылы у палескіх птушак,
балелі рукі у тутэйшых баб,
і чорным цьветам расьцьвіталі грушы,
атрутным сокам наліваўся сад –
 
груган накрумкаў ці спрадвечны вораг
мінулым векам не дапіў крыві?
I ўсе гады, зладзюга, нашым горам
сваіх дзяцей выродлівых карміў,
 
і, прычакаўшы зручнае часіны,
ён запусьціў, як гада, ў сьпячы Храм
нянавісьцю ускормленага сына,
такому б пазайздросьціў Юда сам.
 
А белы цень прысьпешваў прарокаў,
на гэты раз ня верачы жывым, –
там далягляд сьлязіўся, быццам вока,
а ў Храме вычвараўся сукін сын.
 
 
 
 
Маналёг Апанаса Філіповіча
У гэтай краіне ня маю я дому,
вось воблака – сяду і ў сьвет палячу
над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
ні грошай, ні славы – я волі хачу.
 
У гэтай краіне ня маю я долі,
вось посах і торба і сотні дарог.
Па долі пайду. Не вярнуся ніколі.
Няхай мяне судзяць хоць людзі, хоць Бог.
 
У гэтай краіне ня маю я Бога,
ушчэнт разапселі яго сьвятары:
дзе церні павінны насіць – носяць рогі,
які ж тагды Бог, калі служкі зьвяры?
 
У гэтай краіне ня маю я роду,
забыўся народ мой найменьня дзядоў,
і сьвету ня бачыць далей азяроду,
і дзецям ня дорыць на шчасьце падкоў.
 
У гэтай краіне ня маю я песьні,
якая б народнай была і маёй,
якую б сябрына запела ў Бярэсьці,
а рэха ўзышло за Дняпром, за Дзьвіной...
 
У гэтай краіне ня маю я дому,
вось воблака – сяду і ў сьвет палячу
над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
ні грошай, ні славы – я волі хачу,
 
бо ў гэтай краіне ня маю я волі...
 
 
 
 
Сабака
Сабака ў горы пасівеў,
нікому ў вочы не глядзеў,
на'т спачуваньня не шукаў,
бо меў адмеціну: шакал.
 
I ўсё ж, абпалены таўром,
ён вартаваў забраны дом,
забраны двор, забраны сад,
магілы продкаў ля прысад,
 
бо ўлезе брудная сьвіньня,
клады разрые сярод дня,
каб потым рохкаць і крычаць:
«А продкі вашыя маўчаць?!
 
А можа, мову адняло?
Яе ж у вас і не было...»
Ён вартаваў гаротны дом,
ды ўжо ня быў гаспадаром,
 
адно, была яго – душа,
нібы дзяржаўная мяжа
паміж чужынцамі ды ім,
сабакам, да шаленства злым,
 
а сьвіньні рохкалі наўкол,
лычамі разрывалі дол
і крылі матамі князёў,
што так глыбока пад зямлёй
 
іх прах хаваюць плывуны
ад Бога, чорта, сатаны...
Бо дзе той Бог, калі сьвіньня,
нібы карыта, сярод дня
 
труну цягае па кладах
ды топча капытамі прах.
А ўночы прывіды плылі,
яны жылі, яны былі.
 
I ўночы жудасна хтось выў –
Алесь Гарун сабакам быў.
 
 
 
 
Прачытаўшы верш Пімена Панчанкі «Разьвітаньне»
Родны мой Пімен Панчанка,
Вы сказалі: настала зьмярканьне?
Вы сказалі на маці мачыха?
Бо настала Вам разьвітаньне?
 
Зь яе словам – ужо ня родным,
зь яе сонцам – ужо халодным,
зь яе людам – спрадвек галодным,
нават Богу й таму няўгодным...
 
Адыходзіце ці зракаецеся?
Ці сухімі сьлязамі каецеся?
Пад крыжамі Сафіі Полацкай
бюракрат за Вас не памоліцца,
 
а памоліцца за Вас мачыха,
за сыночка свайго, за Панчанку,
і ў галовах запаліць сьвечачку.
Можа, ўзімачку, а можа, ўлецечку
 
Скрозь расстаньне і скрозь зьмярканьне
на агеньчык паэт прыстане,
скажа: родны мой Пімен Панчанка,
я Вам верыў, ды вера страчана.
 
I ў галовах патушыць сьвечачку,
можа, ўзімачку, а можа, ўлецечку
пад крыжамі Сафіі Полацкай
Ён за Белую Русь памоліцца,
 
за наступнікаў і за прадзедаў,
ён памоліцца так, як дадзена,
як вучылі Купала з Коласам –
крэўным словам, родным голасам.
 
Вы жывымі сьлязамі заплачаце,
за паэтам народ убачыце
скрозь расстаньне і скрозь зьмярканьне,
Вам за сьмерць сваю прыкра стане,
 
бо пад небам Сафіі Полацкай
на народных паэтаў моляцца.
 
 
 
 
Маналёг «тутэйшага»
Ахвярую Максіму Танку
 
Люцыян, уяві, ты адзін,
ты застаўся адзін на славяншчыне,
і нікога няма, паглядзі,
і нікога з Купалавай спадчыны,
 
і забралі жанчыну тваю,
віна налілі ёй атрутнага,
загадалі: адпі за сям’ю,
а да дна – за радзіму акрутную,
 
і сканала жанчына твая,
і памерла радзіна апошняя,
і паглохлі зязюлі ў гаях,
а ў нябёсы ўсмакталіся коршакі,
 
захлынуўся крывёю Пярун,
зразумеўшы ў запозьненым плачы,
як сваёю крывёю Гарун
і ягоную кроў прадбачыў,
 
і зьліліся ў адну раку
і атрута, і кроў, і сьлёзы,
і на выспу, як на руку,
селі коршакі, як залозы.
 
А ў тваім, Люцыян, Дняпры,
што жывіў спакон веку гоні,
тры русалкі, славянкі тры
янычаравых мыюць коней,
 
а ў тваім, Люцыян, Сажы
на грудзёх з камянём пудовым
твой паэт апошні ляжыць,
бы ў труне – у Сажы лядовым.
 
Ты адзін, ты адзін, ты адзін,
ты застаўся адзін на славяншчыне,
і Радзіма твая, паглядзі, –
русакосая янычаршчына,
 
а калісьці ты гаварыў,
а калісьці ты нават кляўся:
не патухне Зьніч на Гары!
Ён патух. Ты яму пакайся
 
за ягоны пакутны прах,
за Радзіму сваю нявінную,
янычары яе ў палях
крумкачам ды ваўкам пакінулі,
 
ты пакайся за свой спакой,
што зубамі ня грыз вяроўку,
бо здушыўся і ты на ёй,
ад жывёльнага поту мокры,
 
Кайся, кайся за свой жывот,
не забудзься і пра Купалаў,
бо цяпер ты адзін – народ,
быццам храм на шляху вандалаў.
 
ДЫ ПАКУЛЬ ТЫ ЯШЧЭ ЖЫВЕШ,
ЗАПАЛІ ПРАД КУПАЛАМ СЬВЕЧКУ,
ПРАЧЫТАЙ I СПАЛІ МОЙ ВЕРШ,
А ВАНДАЛАМ СКАЖЫ:
              Я ВЕЧНЫ
 
 
 
 
Урода мая, уродачка
Не хавай не хавай ня жахайся за сьпіною крылаў
прывыкай прывыкай да ўродства мая ўродачка
а ідзі ў луг луг луг там зялёныя астравы астравы
астравы белыя журавы журавы журавы
а ідзі ў поле поле поле там чорныя груганы груганы
груганы
а ўсё лепей
яны не задзяўбуць не абплююць не абалгуць
ідзі ідзі ідзі а навучаць лётаць лётаць лётаць
ідзі ідзі ідзі а людзей пабачыш зь нябёсаў нябёсаў нябёсаў
а скубанеш пёрачка не баліць баліць баліць
а кінеш ім залаценькае ценькае ценькае
а залюбуюцца табою замілуюцца
а паўзьбягаюць на горкі горкі горкі
а паўзьлазяць на стрэхі стрэхі стрэхі
а з горак пакоцяцца пакоцяцца галоўка закружыцца
а са стрэхаў скокнуць скокнуць ножкі вывіхнуць
а ты паплач паплач паплач над бяскрыдлымі
а ты прысядзь прысядзь прысядзь не на іх двары
а ты прысядзь прысядзь прысядзь на зялёныя астравы
там з вачэй сьлёзы выцеруць з сэрца стрэмкі выцягнуць
белыя журавы журавы журавы.
 
 
 
 
Ружа
Маё жыцьцё – гняздо з калючых руж.
Не Беларусь, маё жыцьцё – Радзіма.
О Божа-мазахіст – і я, бы вуж,
дзяру зь сябрамі скуру каля Рыма.
 
Ты ведаеш па імені усіх,
Ты ж сам прызнаў: было спачатку слова,
і мне  м а ё  ты вымавіў услых
і не габрэйскай, а тутэйшай мовай.
 
I ружу ружай ты назваў
і даў,
я да крыві скалоў дзіцячы рукі,
ня Ты,
я сам крыві сваёй жадаў –
Твой вучань – вымаўляў з табою гукі
 
радзіннай кветкі,
цёплай, быццам кроў
Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
О Божа – мазахіст уласных слоў,
глядзі мне ў вочы –
там любоў і скруха.
 
 
 
 
*  *  *
Журавы сьпяваюць паланэз і іх
не шкада над беднай Беларусьсю
 
я паэт прыгоннае паэзіі
і такім да сьмерці застануся
 
журавам ня трэба ў зорнае жніво
з поўняй на гарбу ляцець на паншчыну
колькі б нас пасьля Купалы ні жыло –
плюнеш – не паэты – самазваншчына.
 
 
 
 
*  *  *
Я зжэр бы свой народ,
бы зерне ў недарод,
і, як віном,
сваёй крывёй запіў бы.
На Захад ды на Ўсход
жыве чужы народ –
скарміў бы іх арлам
свае ваніты,
вярнуўся б да Зямлі,
бы ядам да зьмяі,
вярнуўся б да адзінае жанчыны,
прамовіў бы: каб нам
ня біць паклон арлам –
Айчыне трэба новыя мужчыны!
Таму і зжэр народ,
бы зерне ў недарод,
бо згаладаўся я
бяз долі й волі.
Растаў Харонаў лёд,
пярэйдзем Сьцікс уброд,
зачнем, Айчына, сына ў чыстым полі.
 
 
 
 
Вам, на ложку зямным...
I калі на радзіме я зьбяру ўсіх сьляпых
каля сініх вачэй, каля сініх вазёраў,
запрашу іх за стол, як законны жаніх
ды на кут пасаджу сваё гора,
а на твар і на сьмех напушчу весялосьць
і на вусны – усьмешку, як вестку,
запытаю гасьцей: ці відушчы хто ёсьць,
каб падняў першы тост за нявесту.
 
Каля сініх вачэй, каля сініх вазёр
той, хто помніў мяне з маладосьці,
калі цноту ўначы забіраў я у зор,
падаў зь неба, ламаў юны косьці,
той, хто помніў мяне, скажа тост,
той, хто самы сьляпы ды відушчы.
Стане ціхім мой хвэст, як пагост
каля сініх вазёраў у пушчы,
 
бы ў зялёным бурштыне застынуць зьвяры
у лістоце. Бы ў сінім бурштыне
не ў сьвяточнай кашулі,
а у змроку вярыг
я зьнявечанай зоркай застыну.
 
А зямныя нявесты, калі засынаюць мужы,
страшным шлюбам пабраныя з ноччу,
з-пад падушак пасажных дастаюць нажы,
сьпячым выкалюць сінія вочы.
 
А я ў змроку вярыг
веру любай сваёй
і стальнога пяра не хаваю,
як законны жаніх,
боскай шлюбнай зарой
сам лязом ёй пад сэрца пыраю.
 
Вам, на ложку зямным,
не спасьцігнуць мой кайф –
вы з крываваю зоркай ня спалі –
разгадайце ж наколку на босых нагах
у Ісуса Хрыста:
              «ОНИ ВСТАЛИ!»
 
 
 
 
*  *  *
Я п’ю адзін чырвонае віно
і вам налью, а мне крыві наліце,
сваёй крыві – чужой не падманіце,
я п’ю адзін, я кроў ня піў даўно.
 
 
 
 
*  *  *
У кніжцы маёй безыменнай,
над вершам маім безназоўным,
на белай як сьнег паперы
сузор’е ўзышло з трох зорак –
трынаццатым знакам «Сэрца».
 
Ды я з той пары самотны,
начамі сачу за небам –
у пыле нямых сузор’яў
там з лукам Стралец блукае.
 
 
 
 
Песьня пра жану
Ахвярую Юрыю Кузьняцову
 
У расейцаў шаблі касыя,
у расейцаў вочы Батыя,
конскія хвасты за плячыма,
потная кабыла – Айчына.
 
Не патрап пад шаблі касыя,
не павер у вочы Батыя,
не сядлай жарэбай кабылы –
прывядзе да цёмнай магілы.
 
А ў мяне ж свая ёсьць магіла,
а мяне ж яна палюбіла,
палюбіла сынам і мужам,
як жану, я біў яе гужам,
а я біў-пытаўся: ці мала
да мяне з чужынцамі спала?
 
«Спала з маскалём, спала зь ляхам,
ды была пасьцельлю мне плаха,
спала з тваім бацькам – ліцьвінам,
а цяпер з табой – маім сынам,
 
паглядзіся ў рэчкі лясныя,
хіба ж маеш вочы Батыя,
хіба ж конскі хвост за плячыма,
паглядзі – з кім спала Айчына,
 
а ў расейцаў шаблі касыя,
а ў расейцаў вочы Батыя,
конскія хвасты за плячыма,
потная кабыла – Айчына.
 
Не патрап пад шаблі касыя,
не павер у вочы Батыя,
не сядлай жарэбай кабылы –
прывязе да цёмнай магілы,
 
а ў цябе ж свая ёсьць магіла,
а цябе ж яна палюбіла,
палюбіла сынам і мужам,
як жану, ты біў яе гужам,
а ты біў-пытаўся: ці мала
да цябе з чужынцамі спала.
 
Спала з маскалём, спала зь ляхам,
ды была пасьцельлю мне плаха,
спала з тваім бацькам – ліцьвінам,
а цяпер з табой – з маім сынам,
 
паглядзі у рэчкі лясныя, –
хіба ж маеш вочы Батыя,
хіба ж конскі хвост за плячыма,
паглядзі – з кім спала Айчына».
 
 
 
 
Эй, ювелір
Эй, ювелір!
У кулю пералі маё пяро!
Я кроў здабуду – не люблю атрамант,
сем зьнічак налічу – сваю душу
прастрэлю уначы, нібы пэргамэнт.
 
Я не баюся ўласнае крыві –
я стрэлю не ў душу,
я стрэлю ў рану.
Эй, ювелір!
Пергамэнт не парві,
вазьмі яго ў бярозавую раму
і падпішы маёй крывёй:
«Душа».
 
 
 
 
Ветах
Паміж дажджоў, сьнягоў,
за белым сьветам,
у самай гушчы зорак маладых,
век дажываў забыты ўсімі ветах
і для спачыну выбіраў клады.
 
Ён дзень і ноч, самотны, дбаў пра гэта,
але наўкол былі адны сады
і хоць бы крыж для нейкае прыкметы
альбо зямлі прыгорачак руды
паміж дажджоў, сьнягоў,
у раі, ў пекле,
але ў зямлі –
нібыта ў грэшнай Тэклі.
 
 
 
 
*  *  *
У нябёсах маіх дагараюць вагні,
Непрытомныя гаснуць ад холада.
Што сабраў я сабе на апошнія дні...
Срэбра веры ці мудрасьці золата?
 
Ці любіў я? Любіў!
Сяброў, маці, віно...
Кляўся Бацькаўшчыне да магілы,
Ды ў сузор’я майго,
Бы ў калосься ў жніво,
Ад пакуты надтрэснулі жылы.
 
I куды б я ні йшоў –
Яно ходзіць за мной?
Можа, хмару наклікаць якую?
Каб ня бачыць яго над сваёй галавой
Хоць тагды, калі зь любай балюю.
 
I таму не пытай, чаму сумны такі,
I любі мяне толькі шчасьлівым,
За віном, за сяброўскім сталом гаваркім,
За лістом да матулі – маўклівым,
 
Бо ў нябёсах маіх дагараюць вагні,
Непрытомныя гаснуць ад холада,
Бо сабраў я сабе на астатнія дні
Прагу жыць, а ня срэбра й ня золата.
 
 
 
 
У чырвоным касьцёле
У чырвоным касьцёле,
за вобразам Боскага Сына,
ёсьць таемныя дзьверы,
дзе нехта нябачны ўначы
шумна іх расчыняе,
і ў храм уваходзіць жанчына,
і завалы жалезныя лязгаюць, быццам мячы,
 
і ад іскраў жалезных жанчына запальвае сьвечкі,
і труну засьцілае арнатам літым залатым,
і касьцельнае ўбраньне зіхціць у нагох
Шляхам Млечным,
быццам шлях перад дзевай
у папскі аблудлівы Рым,
 
і з труны, бы са склепу,
ў пацірах віно падаецца,
і калі зазірне нецярпліва жанчынаў яго –
 
яно тварам распусным
расьпяцьцю Хрыста усьміхнецца
і вачыма ўвап’ецца,
нібыта ў мужчыну свайго,
 
і заплача віно,
і атруціцца ўласнай сьлязою,
і на белых грудзёх адаб’ецца крывавым таўром,
 
валасы расплятуцца –
аблудная іх сівізною,
ногі Боскага Сына атуліць, нібы серабром.
 
У чырвоным касьцёле,
за сьпінамі боскай сябрыны,
ёсьць таемныя дзьверы,
дзе нехта дрыготкай рукой
золкам іх расчыняе,
і з храма выходзіць Хрысьціна,
і да боскай сябрыны вяртаецца
боскі
спакой.
 
 
 
 
Скарпіён
Вакол раю майго
запляліся ў вянок карані
гэта сад мой
прахожы
ты яблык з яго не крані
 
вакол суму майго
запляліся галіны ў вянок
а над садам
нябёсы
сузор’е ўзяло на замок
 
вакол лёсу майго
запляліся каса у касу
дзьве каханкі мае
я да сьмерці між іх не засну.
 
 
 
 
Не хадзіце за мной
Не хадзіце за мной! Не хадзіце!
Бо я маю рахункі з сабой.
Не кахайце мяне! Не любіце!
Бо каханьне для дурняў – сымболь.
 
Вы мяне цалавалі – плаціце!
За мінутную слабасьць маю,
Вар’яцейце над прорвай у жыце,
Вось лязо! Я вам шанец даю.
 
Не будзіце мяне! Не будзіце!
Не сачыце за мной, калі сплю.
Я у сьне – на вайне, як над прорвай у жыце,
Ці Хатынь, ці бацькоўскую хату палю.
 
Вы мяне спакушалі – плаціце!
Але ёй вырак – за шчасьце для Вас.
Не хачу быць сымболем! Ідзіце
У царкву, там ёсьць файны абраз.
 
I, хоць трэсьніце, ногі цалуйце
Хоць Марыі Сьвятой, хоць Хрысту,
 
Не хадзіце за мной! Не хадзіце!
Я ў жыцьці, як у шторме ладдзя.
Не судзіце мяне! Не судзіце!
Знаю, што і ў мяне ёсьць суддзя...
 
Але ж я заблуджуся ці згіну,
Ну й ... зь ім! Згіне д’ябал са мной,
А вас, мілая, кіну ды рыну!
Вось такі я, Радзіма, гэрой.
 
Не ганіце мяне! Не ганіце...
 
 
 
 
*  *  *
Пад вакном журба зьбірае мяту,
А расьціла радасьць яе тут.
Калі Бог пашле паэта ў хату –
Пасадзіце на чырвоны кут.
 
З абраза сьвятою павуцінай
Павучок, як Дух, чало кране...
За паэтам я зайду ў хаціну –
Не пускайце да яго мяне.
 
 
 
 
*  *  *
– З чаго пачаць?.. Пачну з Радзімы.
Так абавязаны пачаць.
– Але ў яе ты не адзіны,
Навошта пра любоў крычаць?
 
– Няхай, няхай я паўтаруся
Ў любові тысячу разоў,
Затое шчыра ў ёй клянуся,
Бяз фальшу, без падробных слоў.
 
– Што ж, пачынай. Сам выбраў долю...
Й нядоля знойдзецца сама.
Перад табою поле бою –
Тут не адзін паэт сканаў.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.