РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юры Несьцярэнка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Той, хто ў курсе – не паверыць
1
        ...Так, уляпаліся ў гісторыю. Сусьветную, можна сказаць... Хоць я ўжо звыкся і іншага жыцьця не ўяўляю. Ведаю, што я сапраўдны салдат і гатовы да ўсяго. Гатовы да любога заданьня. Да самага жорсткага і бязьлітаснага. Дванадцаць гадоў цягнецца гэтая разьня, а я ўсё яшчэ жывы. Тых з беларусаў, хто быў са мной на самым пачатку, ужо даўно няма на белым сьвеце. Яны б моцна зьдзівіліся, калі б даведаліся, як усё перавярнулася... Пачыналася з вайны амерыканцаў супраць Югаславіі, а цяпер Прагрэсіўны Блок Амерыканскага Кантыненту ўзначальвае ня хто іншы, як югаслаў... Ці чуеш ты мяне, дружа мой Олаф? Апошнія пяць гадоў мы былі заўсёды побач. Ці ведаеш, што тут творыцца? Усё пераблыталася. Хоць я тады быў ад цябе ў пяці сотнях метрах, сьмерці тваёй я ня бачыў. Толькі ўвечары Фін сказаў мне, што ты загінуў. Недалёка ад цябе лягла адна з тых новых штук, што выпрабоўвала «Чорная армія»... О-о-о! Пачынаецца... Лепей здохнуць, чым усё гэта цярпець! У-у-у! Не-маг-чыма трываць...»
        — Сястра, укаліце яму што-небудзь.
        — Што іменна, доктар?
        — Што Вы калолі ў мінулы раз? Калі не дапаможа — павялічце дозу...
        «Калісьці я меў, шго называецца, «мірную сьпецыяльнасьць». З маіх саслужыўцаў аб гэтым ніхто ня ведае (з той нагоды, што гэта нікога не цікавіць). Толькі Олаф ведаў, што даўным-даўно я быў музычным журналістам. Гэта ж трэба! Калісьці тое было актуальна! Мала таго, на думку кампаніі, якая рыхтавала наклад майго першага альбому, я пісаў нядрэнныя песьні. Тады я захапляўся рок-музыкай, чытаў нейкія лекцыі, друкаваў апавяданьні на музычную тэму... Карацей кажучы, цалкам быў захоплены творчасьцю... Ой...О-ой... Няма сілаў... Ды што ж гэта?!»
        — Як яго стан?
        — Бяз бачных паляпшэньняў, доктар.
        — Пакажыце мне ўсю інфармацыю за апошнія дванаццаць гадзінаў...
        — Вось здымак. Кроў. Кардыяграма.
        — Добра, паглядзім, як ён справіцца з гэтай ноччу...
        «Самае паршывае, што гэта я забіў Рычы Блэкмара. Так, я ведаю, большасьці да гэтага няма аніякай справы, але той, хто ў курсе — не паверыць... Усё адбылося выпадкова. Мы праводзілі сьпецаперацыю на тэрыторыі, якая раней мела назву Аб’яднанае Каралеўства. Аперацыя планавалася як імгненная высадка з мора і магутнейшы ўдар па праціўніку — толькі ў гэтым выпадку мы маглі разьлічваць на посьпех. Для штурму былі адабраныя лепшыя сьпецпадразьдзяленьні. Быў адзін пункт у інструкцыях ды загадах па гэтай справе — дзеля ўдалага заканчэньня, трэ было зьнішчаць усё жывое без разбору. Зразумела, гэты загад быў адданы не адкрытым тэкстам, але ў раздрукаваным варыянце ішоў з пазнакай «сігма», а ўжо малодшыя камандзіры павінны былі расшыфраваць асабістаму саставу: «Калі вы пакінеце ворага жывым, то ён ня ўпусьціць магчымасьці зьнішчыць вас...»
        Калі мы ўварваліся ў той старажытны замак на ўзьбярэжжы, адразу пачалі «прачэсваць» пакоі: куды кідалі гранату, куды ўсаджвалі сьвінец ледзь не кілаграмамі... У замку, напэўна, нікога не было. Толькі ў тым пакоі, у які я выбіў дзьверы нагой, быў ён. Якім чынам ён пазьбег эвакуацыі, аб гэтым ужо ніхто ніколі не даведаецца. У мяне сэрца ледзь ня выскачыла, калі я яго ўбачыў. З дзяцінства мне быў знаёмы ягоны твар — па фотаздымках з газетаў і часопісаў, па вокладках пласьцінак, відэафільмах... Ён амаль не зьмяніўся, толькі валасы пасівелі, ды як быццам згарбацеў болей... Ці можа падалося? Усё гэта доўжылася імгненьні... Ён упаў нежывы тут жа, каля раялю. На сьцяне вісела шыкоўная калекцыя гітараў... Але ў наступны момант я ўжо выломваў іншыя дзьверы, палі­ваючы паўцёмны пакой цяжкім сьвінцом... А-а-а! Спыніце гэта ўсё! Немагчыма...»
        — Што у нас тут, сястра?
        — У прытомнасьць не прыходзіць. Трызьніць. Стан крытычны.
        — Што рабіць, давядзецца ампутаваць другую руку. Рыхтуйцеся да аперацыі...
        «У мяне нарадзіўся сюжэт новай песьні. За столькі гадоў неяк раптам само сабой атрымалася... Прарвала. Шчыра кажучы гэта ненармальна. Адцягвацца на такія штукі ў нашай справе — сьмерці падобна. Але з іншага боку, аб гэтым, зразумела, ніхто не даведаецца. За гэта я спакойны... I ўсё ж цепліцца надзея — ня вечна ж будзе працягвацца гэтая вайна... Калі-небудзь, дасьць Бог, знайду, хай сабе і лядашчую, гітарку, выйду на сцэну, напрыклад у... Ды якая розьніца дзе! «Дзяўчынка, аб’яві як сьлед!» I прыгожы голас вядучай: «Увага ўсіх прысутных! Выконваецца ўпершыню...».

Крыніца: http://dziejaslou.by/inter/dzeja/dzeja.nsf/htmlpage/nies22?OpenDocument
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.