 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Паэма пра вусны
Фрагмэнты
|
|
|
|
На вялікім гэтым сьвеце Безьліч вуснаў – зімных, весьніх: Мазаічнае суквецьце Ў залатых адлітых песьнях. Ружаў сьвежыя бутоны, Пышны бэз лілёва-сіні. I пялёсткі ад чырвоных Маку, астры і вяргіні. I пунсовыя півоні, I гвазьдзікі палявыя, Нібы зьнічкі у прадоньні, Трапяткія ды жывыя. Чырвань рознага адценьня – Ад іржы да жару. Брызкі Смагі, моцнага хаценьня Ўсіх –высокіх, звыклых, нізкіх. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Сьціплы зацішак улетку I прыгожыя мясьціны Нам прыносяць неўзаметку Свой утулак – дар гасьцінны. Адвячоркам любавацца, Захапляцца ў парку будзем. Хочам выйсьці мы на шпацыр Добрай цемрай і бязьлюдзьдзем. А куды ні ткніся – пары, Як сіямскія блізьняты. Урасьліся разам твары – Пацалунак п’юць зацяты. Ой, да ранку шчэ далёка. Сонца грэе, ў клёне грае, I цярусіць жарсьці блёкат Ды на вуснах дагарае. Тыя – чэпістыя п’яўкі, Гэных – выпятрылі сьцюжы. Колькі іх парыўных, мляўкіх, Смаглых, моцных і нядужых. Маладзенькіх і старэчых, Хітрых, зрадных, зь неспадзевам. Дражняць, годзяцца, пярэчаць, Плешчуць рогатам і гневам. Не дасі ніякай рады. Вунь, напрыклад, тое ліха Б’е ад першага пагляду Вас пагардаю і пыхай. Бровы-ніткі ўгору ўзьняты, У вачох агню нямала. Як гарэшак нос кірпаты, Змаляваныя няўдала Дзьве расьціснутыя вішні, I пагардная усьмешка: – Адыйдзеце! Вы тут лішні. Я... я дама, а вы пешка. Вішні брудзяць цыгарэту, I ляціць пярсьцёнак дыму. Лепш пакінем даму гэту – Сумны згустак пудры й грыму. Адступаючы, ня цяжка Прыгадаць: – Мадам, бывае У гульні часамі ў шашках Пешка дамку выбівае. Гэты жарт сьцінаюць зубы, Быццам блазан тупнуў ботам. На багне апошняй згубы Зацьвіла мая журбота. Бросьне ў думках густа-часта: – Ці жыве мая Палешка, Што бяз хвальшу, без памасты, Без акторства, а з усьмешкай. I пяюць мае ўспаміны Аб красе былой, вясковай. Вёсны вуснамі дзяўчыны Выклікаюць краску слова. Кармазынавыя стужкі Ды завязаныя жычкі... Вось такія у пастушкі, У князёўны, у мужычкі. Ціхі шэпат вуснаў пульхных, Супраціву, просьбы жменькі: – Кінь, ня трэба! Не, ня слухай. Ах, яшчэ... яшчэ... дурненькі. I з-пад ценю так нясьмела К сонцу цягнецца суніца. Вуснаў ягада сасьпела, Хоча ў мёдзе утапіцца. Дзьве істоты. I каханьне Ўжо расьце, вяршыняў прагне. А далей – як на экране У фільмовай дыяфрагме. Тут усё: і спрыт, і сіла Пазнаецца жарскім чынам. – Ха-ха-ха, – сьмяецца міла Ўсхваляваная дзяўчына. Паразьбегліся суніцы. Горсьць рамонкавых пялёсткаў На дзьве занізі, як быццам, Вецер сьмехам парасплёскаў. Юр жыве, бяжыць гульлівы Па кустох, і кліча-надзе. У мурынаў, як алівы Твары ў нейкім марынадзе. I яны ў лісьцьвянай браме, Прытуліўшыся употай, Зьліплі бурымі грыбамі, Родзяць Афрыку сьпякотай. Так сваё знаходзяць шчасьце У жыцьці цяжкім, зьнібелым. Паміжсобку – сэрцы насьцеж, I сулад на зайздрасьць белым. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Сілы роду у бясстрашшы. Скрозь – чаруюць і варожаць. А страшныя мукі нашы, А страшная наша пожадзь! Губы ў сьвятасьці і ў брудзе, Маюць шчырых і няшчырых. Круташалам нэрвы прудзяць, Іх нічым не ўціхамірыць. Толькі ў прыязьні – прыгожа, А у злосьці – гідзь-пачвара. Дзе нянавісьць, дух варожы, Там бязьвінная ахвяра. Дзе каханьне, там і згода Без маны і крывадушша. Абмінаць закон прыроды Ёсьць злачыннае – нарушыць. Нават посьніку-аскету I самотніку манаху Не забыць любошчаў сьвету I... дрыжаць у Божым страху. Словы пацерамі ніжуць, Прыкладаючы да вуснаў Цела срэбранае крыжу: – Не вядзі нас да спакусаў. А і ў часе урачыстым Іх любоў не пакідае – У адзеньні белым, чыстым, Як на шлюбе маладая. За людзей – братоў і сёстраў, За ратунак душ маліцца! Вобраз вытачаны гостра, Лёг на кніжную паліцу. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Вусны – зыркая паэма Ў пачуцьцёвай завірусе. (Мабыць злосьнік вые нема, Што і я судзіць бяруся). Вусны – сонечны акраец На ружовым небасхіле. Нам арганы гімны граюць I жывое слова ў сіле. У паэты вусны ў сэрцы. Да народу песьняй гожай Тое сэрца, каб ня ўмерці, Ў вусны пойдзе – пераможа. Спаміж кніг, як у сыгнэце Самацьвет, так пад рукамі Заіскрыцца, засьмяецца Друкаванымі радкамі. Вусны цешацца і грэшаць, Замаўляюць ліхалецьце. Нібы ластаўкі з падстрэшша Разьлятаюцца па сьвеце. Шумны порт, о людны бераг! Не змаўкае рык суровы. З гулам вуліцаў на сквэры Паміраюць, таюць словы. Навакол, як вока схопе: Вусны, вусны – ружы ў цьвеце. У жывым калейдаскопе Мазаічнае суквецьце.
|
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|