РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Балаган
 
*** Чорнае неба...
 
*** Жыцьцё прыцісьне, як магільная зямля...
 
*** І расколаты, звон не забудзе ніколі свой голас...
 
Позна
 
Забыць Венэцыю
 
Балаган
 
*** воля выбару...
 
Недзе ў Эўропе
 
*** Не падкажуць на разьвітаньне...
 
Кляштар
 
Ікар – пасьля...
 
*** Не для вас пішу. Не для сябе...
 
Шчасьлівая
 
*** Першая. Апошняя. Чужая...
 
Дуалізм Срэбнага веку
 
*** Хай нікому больш і ніколі...
 
*** Шлях пясчаны, пыльны, доўгі...
 
*** Па дарогах радасьці зямной...
 
*** Загараецца першая зорка ад подыху ночы...
 
*** Колькі разумных!..
 
*** Толькі балота ня здрадзіць ніколі...
 
*** Кароль Пясчанага замка ўладарыць Сусьветам поўні...
 
*** Ноч пачынаецца першаю сьмерцю...
 
Партрэт бабулі
 
Двухтварасьць
 
Два крыжы 1937 года
 
Алюзіі
 
*** Гэта – горад карынфскіх калон...
 
*** Гэта восень. Яшчэ незаўважная...
 
Стары Запавет
 
Імпрэсія
 
Антракт
 
2000
 
Страла
 
*** Зрабіцца ценем у краіне ценяў...
 
*** Зь нікуды – у нікуды мой цягнік...
 
Варагі
 
*** Ці абуджаюся – ці паміраю...
 
*** І зноў забівае сонца...
 
*** Выснова дня: ён мог бы і ня быць...
*  *  *
Чорнае неба
                          над гэтай зямлёй блаславенай.
Крышыцца ціша на сотні асколкаў зьвяглівых.
Не нараджае багіню азёрная пена,
Не вырастаюць між купаў ядлоўцу алівы.
Ціха ідзе Герастрат да забытага храма.
Сьцены кране –
                                    і, забыты, вяртаецца ў немач.
Вогнішча паліць жабрак
                                                      ля касьцельнае брамы.
Курчацца ў полымі кнігі
                                                      пра славу і веліч.
Вабіць дарога, якую прамень пазначае
Ад падваконьня –
                                        да белага берага поўні.
Край блаславёны
                                        калыша ў прадоньнях маўчаньне,
Белы прамень
                                пазначае паэтавы скроні.
 
 
 
 
*  *  *
Жыцьцё прыцісьне, як магільная зямля.
Не распрастаеш крыл, і не расьцісьнеш вуснаў.
Крыжы царкоўныя над горадам ляцяць,
На іх ляцяць раскрыжаваныя Ісусы.
Не адрадзіць нікому горад мерцьвякоў.
Нашто ахвяры, самаспальваньне і вершы?
Я за пісьмовы стол сядаю зноў і зноў,
I зноў натхненьне за радком канае першым.
Усё цяжэй сваю адрозьненнасьць трываць,
Сваю няздольнасьць далучыцца да грамадства
Так неадольна часам хочацца лятаць,
Што застаецца толькі горка расьсьмяяцца.
 
 
 
 
*  *  *
І расколаты, звон не забудзе ніколі свой голас.
Я апошняя ў сьвеце, хто Вежу збудуе сваю.
Па нябёсах чужых залатое пракоціцца кола,
А карэта мая спачывае ля брамы ў Раю.
Басанож, басанож па аскепках люстэрак і мараў,
Па халоднай зямлі, у якой цяжка выкапаць дол.
А камусьці здаецца – я мякка ступаю па хмарках,
І ліхтар нада мной клапатлівы трымае анёл.
Ні крыжа і ні крылаў – жаночыя вузкія плечы.
І каму ты пакажаш палаючы ў сэрцы агонь?
Невыносны мой боль, і нябачны, і, можа быць, вечны...
Але я – ці хачу назаўсёды пазбыцца яго?
 
 
 
 
Позна
Закончыўся вечар у сінім тумане.
Ізноў прасьвятляюцца вочы іконаў.
І горад, які існуе на спадмане,
Каменныя сьпіны згінае стамлёна.
За гэтым вакном – ні кавалачка неба.
Шаргоча, вуркоча начная дарога.
Гніе сарцавіна Адвечнага дрэва.
Галіны ля райскага ссохлі парога.
Ад сэрца да сэрца праходзіць цямрэча
І гасіць, як сьвечкі па службе царкоўнай.
І зноў загараецца лёс чалавечы
Ад ціхага слова, ад цёмнай іконы.
Сусьвет рассыпаецца дробнасьцю сьветаў,
Вялікасьцю хрусткай карон маскарадных.
І сьвеціцца поўня ў вачніцах паэтаў,
Да працы карыснай зямной непрыдатных.
 
 
 
 
Забыць Венэцыю
Забыць Венэцыю.
А заадно – і Рым.
І Дрэздэн, і Верону, і Варшаву.
Ёсьць толькі неба, шэрае, як дым,
Над горадам, зь якога не зьязджаюць.
Хто выдумаў –
                                  не акуеш душы?
І на яе ланцуг знайсьці ня цяжка.
І тут таксама можна добра жыць
Між комінам, і сьметнікам, і пляшкай.
Вось толькі – пра Венэцыю...
Пра сон,
Пра мора, сьмерць ад пацалунку мора,
Пра вітражы гатычныя акон,
Каменных львоў
                                      і брукаваны дворык –
Забыць... Забыцца...
Што Гекуба – нам?
Што мы – Гекубе?
Гамлеты бяз трона.
Квадратныя вітрыны нашых крам
Цямней і таямнічай водаў Роны.
Нібы гандола, месяц праплыве,
Мой човен залаты, маё чаканьне.
І ліст асеньні на сухой траве
Зблісьне тужліва
                                      маскай карнавальнай...
Забыць Венэцыю.
 
 
 
 
Балаган
Пажоўклая трава. Ня зьвяў адзін палын.
Мядзьведзь на ланцугу пляцецца за павозкай.
Гірляндам штучных руж натомлены факір
Бліскучасьць надае пры дапамозе воску.
Зялёнае трыко цыруе акрабат.
А збоку, ля калёс, маленькая цыркачка
Сьмяецца і пяе пра салаўіны сад,
Падкідваючы ўверх жанглёрскі сіні мячык.
Заўсёды будзе хлеб – іх не пакіне Бог.
Навошта сумаваць?.. Іх рамяство – вясёласьць.
Вазьміце і мяне ў апошнюю з дарог,
Абрыд мне балаган, дзе тонкасьці гавораць.
Абрыдла фальш вакол, разумнасьцей смуга,
Куды там зорку ў лоб – задавальняйся шнарам.
Мне спрыту не стае. Сьмяецца балаган.
Ды за пацеху ў ім ня кідаюць дынары.
Парыпвае вазок, пагруквае ланцуг...
Дзяўчынка ўсё пяе пра салаўя і ружу.
А песьня ўсё далей... Асоту белы пух
Усьлед за ёй ляціць між аблачын і лужын.
 
 
 
 
*  *  *
воля выбару
застаюся ў раі
зьмей прыніжана адпаўзае
каменьні што склалі б Вавілонскую вежу
рассыпаныя па бездакорным Сусьвеце
ніводзін зь іх не падымецца на Авеля
таму што не народзіцца
ні ахвяра ні забойца
толькі я
буду спатыкацца
аб нямыя бясформенныя глыжы
занадта паслухмяная
нават для таго
каб прыбраць іх з дарогі
 
 
 
 
Недзе ў Эўропе
Зноў выпаў сьнег.
Забілі сьвятара.
Красуня не заторгвае фіранкі –
Жаўнеры едуць. Золатам гараць
Іх эпалеты гэтым ясным ранкам.
Нічога не зьмянілася.
                                              Чужы
Прыйшоў – і пойдзе.
Вадзіцца дарэмна.
Касьцёлы, як іржавыя нажы,
Прымерваюцца да нябёсных венаў.
I вось ужо пайшоў крывавы сьнег,
Але растаў...
У белым – болей сьмерці.
Заторгнутых фіранак ціхі грэх
Ніколі не адкрые бедны Вертэр.
Назаўтра на далёкую вайну
Зноў чужакі паедуць празь мястэчка.
Рукамі абдымаючы сьцяну
У сьнег спаўзе чарговы чалавечак.
Сам вінаваты –
                                  думай пра сям’ю.
А тут жыцьцё ня скончыцца ніколі.
I людзі песьні новыя сьпяюць
Пра горад свой, які ня хоча волі.
 
 
 
 
*  *  *
Не падкажуць на разьвітаньне,
дзе чакае Харонаў човен.
Давядзецца самому крочыць
уздоўж балоцістых берагоў,
у цямрэчы, па самай твані,
з камарыным піскам над вухам
(я ня веру, што ёсьць балота –
хай за сьветам – без камароў).
Будзеш доўга ісьці і падаць,
добра, сам сябе не пабачыш,
перапэцканага дарэшты.
Пад нагою нешта сьлізгае –
ці то жаба, ці то гадзюка –
што за клопат? Ты – ужо мёртвы.
Шлях бясконцы, гразкі і ціхі –
не пляскочуць у Стыксе хвалі.
Ну, каб ведаў – не паміраў бы.
Дзе басяцкі той перавозчык?
Анічога нідзе. І нават
разумееш – і не было.
 
 
 
 
Кляштар
Каменная вежа на фоне адлігі.
Вада ў каляінах люструе аблокі.
Ідуць да калодзежа ціхія мніхі,
Крывавыя звады віруюць далёка.
Разьятраны Арэс у шлеме пагнутым
Разводзіць і зводзіць асьлепленых злосьцю.
Брунгільда над чашаю, поўнай атруты,
Чакае цара пераможнага ў госьці.
«Бог з намі», – гарлаюць абодва натоўпы.
Як гэта далёка.
                                Як гэта дарэмна.
Каменныя вежы, нібыта цыклопы,
Ахоўваюць востраў кляштара таемны.
Шаргочуць малітваў нягучныя словы...
Работа няхітрая па гаспадарцы...
А звону няма.
                                Бо метал адмысловы
Спатрэбіўся воям – каб зброяю стацца.
Тут сэрцаў ні сьмерцю крануць, ні дарамі.
Тут – вечная ціша і вечная любасьць.
І ў гразкай калюзе ля самае брамы
П’е неба груган акрываўленай дзюбай.
 
 
 
 
Ікар – пасьля...
1

 
Ня ўзьняцца – таму,
хто заручаны з сонцам.
Яго пацалунак –
цудоўная сьмерць.
Упасьці...
Люстэркам крывым раскалоцца,
I кожным асколачкам збліснуць пасьпець...
А што, як ня воск быў замягкі,
а сэрца,
Падступна –
як сьвечку ў царкве заламаць,
I ты не разьбіўся.
Жывеш – як жывецца,
I нават у багне
спрабуеш сьпяваць.
Асьлеплы, аглухлы,
пазбаўлены крылаў,
Жывеш у краіне балотных людзей.
I раску зганяеш да купін бясьсіла,
Каб сонца адбілася ў чорнай вадзе.
Памры ж!
А табе ўжо кугічуць – «Патрэбны!»
I ёсьць апраўданьне бяскрылым гадам.
Якое, аднак, непрытульнае неба.
А можа, сапраўдны – застаўся ты там?
Не!
Клічуць гарластыя жабы балота.
I п’яўкі спраўляюць крывавы абрад.
I сам забываесься –
скуль ты і хто ты,
Ікар, Фаэтон
ці Паньційскі Пілат?
Такі шараговы...
Аблеплены тваньню...
Васковае сэрца –
з адбіткам стралы.
Маё існаваньне – маё пакараньне.
Былы – не памерлы – былы....
 

2

 
Ты – анёл,
абпалены ўласнай гардыняй?
Раскажы, як зьнікаюць крылы...
...Я бясьсілы...
Ты птах?
У вачах тваіх неба сіняе.
Раскажы, як зьнікаюць крылы.
...Я бясьсілы...
Ты – гэрой,
прагай вышняга ў неба ўзьняты?
Я – пракляты.
 
 
 
 
*  *  *
Не для вас пішу. Не для сябе.
Вось цяпер, пры гэтай лямпе цьмянай,
З водбліскам гардыні на ілбе,
Зь беднай зоркай у вакне туманным,
З кім вяду бясконцы дыялог?
Перад кім мая начная споведзь?
Не наважуся прамовіць: «Бог»,
І ніколі праўды не прамовіць.
Ціша разьліваецца – ці гук?
І няма самоты ў час вызнаньня,
І аловак выпадае з рук,
Быццам важыць болей за чаканьне.
Дык пры чым да гэтай прагі жыць,
Да пакутаў гэтых і любові
Той, хто смутным вокам прабяжыць
Зноў па кратах чатырохрадкоўяў?
Не, няхай галодны Мінатаўр
Сьцішыцца ў замкнёным лябірынце.
Хай сьляды губляюцца між траў
На далёкім рамантычным Крыце.
 
 
 
 
Шчасьлівая
Ці Цэзар, ці ніхто... Чакаць зацята.
Фіранкі непразрыстыя завесіць.
І сыпаць у камін сухую мяту,
І ля вагню пісаць, пісаць і крэсьліць...
І ўсё чакаць. Ці Цэзар, ці самота.
А прыйдзе ён – стары, зьнямоглы, брудны.
Ён толькі што з каня. Ён піў з балота.
І час на лбе яго накрэсьліў руны.
Ён зойме ложа, крытае вісонам,
Не для каханьня – выспацца з дарогі.
І раніцою рушыць легіёны
Да новай легэндарнай перамогі.
Падымеш перакуленыя вазы,
Дап’еш віно зь яго пустога кубка,
Завесіш вокны, перамысьліш фразы
І да агменю зноў працягнеш рукі.
Ці Цэзар, ці ніхто. Няхай мястэчка
Віруе ад неверагодных плётак.
Ты нешта зноўку пішаш кожны вечар
І зноў на вуснах адчуваеш дотык.
А побач – шчасьце са штодзённым супам
І пацалункам, звыклым, быццам грошы.
А ты ў самотным доме шэпчаш: «Любы...»
А хто – ні ўспомніць, ні ўявіць ня можаш.
 
 
 
 
*  *  *
Першая. Апошняя. Чужая
Чара вечнай ісьціны жыцьця.
Мне няма пакласьці што на шалі,
І ня зьлітасьцівіцца судзьдзя.
Ноч перацякае падваконьне
Водарам язьміну і нуды.
У каменных сотах – сто агоній
Бедных душаў царства нематы.
І ніяк, ніяк мне не ўсьвядоміць,
Дзе напрацаваны намі мёд,
Ці ў нябёсным, недасяжным доме
Робяць сьвечкі з воску нашых сот?
Ці ў начы, сасьмяглай ад сьпякоты,
Кіпень пераварыцца жыцьця
І сьцякуць у глебу мёд і соты,
І абрыне шалі ўніз судзьдзя.
 
 
 
 
Дуалізм Срэбнага веку
Халодны позірк Апалона,
Дыянісійскі цёмны шал
Па-за жыцьцём, па-за законам.
Гляджуся ў крышталёвы шар,
У кроплю, дзе адбітак сьвету
Сьляпое вока бажаства,
Дзе зьліўся ў белы колер ведаў
Вітраж зямнога хараства.
А там, за сьценамі кумірні,
Вакханкі ў міртавых вянках.
Іх целы пахнуць мёдам вінным,
I скачуць бубны ў іх руках.
Як гэта проста, як натхнёна –
Згубіцца ў карагодзе іх.
I стрэлы-промні Апалона
Ня выб’юць чару з рук маіх.
Але – між мармуровых сьценаў
У прахалодзе й цішыні
Са мной вядуць размовы цені,
Размовы поўняць сэнсам дні.
Плывуць у глыбіні крышталю
Карціны велічы зямной.
Усё міне, і варты жалю
Былы ўладар, былы гэрой.
I для чаго ламаць зацята
Тугое гольле юных лоз,
Калі састарацца менады,
Калі віно гарчыць ад сьлёз.
I толькі мокрая лістота,
Дзе карагод кружыў, гніе.
А вечар сьветлай адзіноты
Такі ж, як раніца яе.
 
 
 
 
*  *  *
Хай нікому больш і ніколі
не спатрэбяцца барэльефы,
мармуровыя рукі німфаў
і Мадон бяздонныя вочы.
Хай ніколі ніхто ня кіне
нават самай дробнай манеткі
ў чашу выцьвілую фантана –
сын фіялкі і сын п’яўкі
сьпяць аднолькава моцна ў небе.
Разбураецца храм стагодзьдзя.
Вавілонскую вежу зараз
Мы будуем ня ўверх, а ўніз –
у пачварныя сутарэньні,
за паверхам паверх – у цемру
па сьпіралі з бэтонных плітаў.
Пераблытаны рай і пекла,
пераблытаны лёс і грэх.
 
 
 
 
*  *  *
Шлях пясчаны, пыльны, доўгі.
І царква каля дарогі,
У якой ня бралі шлюбаў –
Адпявалі самагубаў.
Шлях пясчаны, звон і вецер.
Ты куды ідзеш, паэце?
Перапеў пра ўсё, што ведаў,
Быў паэтам між паэтаў.
Стаў шукаць сябе ці Бога –
І вакол цябе – нікога.
Толькі шлях пясчаны, доўгі.
І царква каля дарогі,
Толькі сьпісаныя сшыткі
Ды дарэмна лёс пражыты.
 
 
 
 
*  *  *
Па дарогах радасьці зямной
Я дарэмна пазьбівала ногі.
Толькі вораг добры быў са мной,
А сябры ў сяброў гулялі толькі.
Што ж, прымаю правілы гульні.
Толькі вось якая незадача –
Выпадковай ласкай падмані –
І душа, усьцешаная, плача.
І дарэмна розум важыць фальш,
І да дна відаць падману прорву.
Ад самоты сьлепне розум наш
І на веру ўсе ўспрымае словы.
І нашто мне ведаць, Божа мой,
Хто кідае мне ў сьпіну каменьне?
Па дарозе горычы зямной
Радасьці нясу і летуценьні.
 
 
 
 
*  *  *
Загараецца першая зорка ад подыху ночы.
Забываецца першая радасьць
                                                                  у дні прамінулым.
Не разгледзяць далёкага шчасьця
                                                                          стамлёныя вочы.
Памірае пяшчота.
                                      Сьціхае атручаны вулей.
Пойдзем, браце, да зорак!
                                                          Нічога нас тут не трымае.
Бедны Йорык сьмяецца
                                                      апошняй кашчавай усьмешкай.
У даведнік укладвае ружу
                                                          апошні рамантык.
І сівее ад крэйдавай фарбы
                                                          забытая вежа.
 
 
 
 
*  *  *
Колькі разумных!
                                        Ніколі ня скончыцца восень.
Як паважаюць сябе!
                                              Не згарае лістота.
Юрад праходзіць па сьцежцы бэтоннае босы,
Ён размаўляе зь нябёсамі.
                                                          Ён не самотны.
Колькі выбітных!
                                      А ў лужынах плавае лісьце.
Нехта ілбом сагравае аконную шыбу.
Кветкі ў празрыстай абгортцы гніюць на граніце,
Дзе пасадзіў генэрал пэрсанальную ліпу.
Колькі тут помнікаў!
                                              Восень прастуе праз горад.
Дзеліцца юрад з варонай кавалкам батона.
Людзі вакол мікрафона разумна гавораць
І захлынаюцца розумам ля мікрафона.
Сыплецца дождж і лістота на бедныя душы.
Кроплі на дахах бляшаных грукочуць, што кулі.
Юрад кружляе паміж лістападу і лужын.
Словы нячутныя ў небе над ім патанулі.
 
 
 
 
*  *  *
Толькі балота ня здрадзіць ніколі.
Прыме тваю адбалелую душу.
Сьвет патанае ў самоце паволі.
Гіне краіна паэтаў нядужых.
Толькі балота ня здрадзіць...
                                                                У нэтрах
Шчыра схавае і зьвера, і князя.
Подых дрыгвы пад дарогаю шэрай –
Штучная скура асфальту ўзьнялася.
Толькі балота...
                                  А што застаецца
Нам у нявернай смузе верасьнёвай?
Гаці гаціць непакорлівым вецьцем,
Покуль зьбіраюцца ў замку на ловы?
Толькі... Над глебай, парослай крыжамі,
Лётае сіні балотны агеньчык.
Толькі цікуе дрыгва пад нагамі,
Покуль з дарогі саступіш у вечнасьць.
 
 
 
 
*  *  *
Кароль Пясчанага замка ўладарыць Сусьветам поўні.
Усё, што поўня асьвеціць, – яму свой лёс уручае.
Кароль Пясчанага замка учора свайго ня помніць,
А ўсё, што збудзецца заўтра, ён ведае да адчаю.
Лунаюць яго фрэгаты па хвалях срэбных аблокаў,
Празрыстыя воі ходзяць празь сьцены нашых кватэраў.
Кароль Пясчанага замка жыцьцё забірае лёгка.
Пяском прасыпецца вечнасьць, і вецер зьмяце паперы.
Кароль Пясчанага замка з лускою і доўгім джалам.
Ён скручвае цела ў кольцы. Блішчыць у кароне зорка.
Пясчаны замак аднойчы дзіця маё збудавала.
Мы больш не былі ніколі на тым пясчаным пагорку.
 
 
 
 
*  *  *
Ноч пачынаецца першаю сьмерцю.
Вокны анёл расчыняе імкліва.
Што адратуе ў бязьлітасным сьвеце –
Кніга заклёнаў ці кніга малітваў?
Цяжка прызнацца – ня бачу дарогі.
Цяжка зьмірыцца – ня будзе сьвітаньня.
Сьцелюцца цені начныя пад ногі,
Быццам бы зьмеепадобныя здані.
Звон бранзалетаў па гулкай падлозе –
Сьведкай каханьня ці сьведкаю сьмерці?
Падаюць рукі на коўдру ў зьнямозе
Абараніцца ад ночы ў Сусьвеце.
Колькі дарэмнага сказана ўчора.
Колькі разумнага лёгка растала.
Вершнікі топчуць павержаны горад.
Душы ўзьлятаюць над ідалам славы.
 
 
 
 
Партрэт бабулі
Прабачце, паненка, у строях шляхетных, цнатлівых,
Зь бялюткім праборам у гладкіх, як лён, валасах.
Былі вы з гасьцямі прыветнай, прыстойна-маўклівай.
І думка адна пра каханьне навейвала страх.
А мне ўжо нічога ад вас не пакінулі воды,
Імклівыя воды старой радаводнай ракі.
Спадніцы крухмальныя сталі пялюшкамі потым,
Каўнер-самавяз памяняны на лыжку мукі.
І рукі, што ўмелі задумліва клавішы лашчыць,
І крыжыкам шыць, і лацінскія кніжкі гартаць,
Пасьля навучыліся працы штодзённай, бяднячай,
І ўнукам нічога амаль не змаглі перадаць.
І я ці змагу на калені ў царкве апусьціцца
Так проста і шчыра, ці маўзеру ў вока зірнуць
І, на'т не зьбялеўшы, чужынцу шпурнуць завушніцы
І шлюбны пярсьцёнак – а годнасьці – не забяруць.
Прабачце, паненка у строгім шляхецкім убраньні.
Я ведаю – вы не такой уяўлялі мяне.
Ды нейкую сувязь пакінула неба між намі,
Таму і вісіць ваш партрэт у мяне на сьцяне,
Таму і складаюцца гэткія дзіўныя вершы,
Таму непамысна мне ў тлумных сучасных сяброў,
І дом мой заўсёды – як ціхая кутняя вежа,
І мову – адну выбіраю між роднасных моў.
 
 
 
 
Двухтварасьць
Калі чалавек – гэта ліст,
адкінуты дрэвам на вецер,
ён мае, як ліст, два бакі –
зялёны і срэбны.
Два твары – зялёны і срэбны – ён мае.
Зялёны, да сонца павернуты, твар
піў сонца, цягнуўся за ім,
як мог, выварочваў зялёны хрыбецік,
адпіхваў суседзяў, між ценяў варочаўся, быццам
у коле гарачых вугольляў смарагдавы скарпіён,
абы жыватворныя промні
злавіць, паглынуць, увасобіць
ва ўласную прагную плоць.
А срэбраны бок – прахалодны заўсёды,
мяккі і пяшчотны, але анікому ня бачны,
твар месячны і патаемны, задумлівы, сонны,
заўсёды глядзеў на зямлю,
гэта значыць – на сьмерць,
цьвярдую, пляскатую сьмерць
для лістоў і людзей.
Гляджу ў свае вочы і бачу
зялёны і срэбраны колер,
у зманлівым мігаценьні –
як ліст на вятры трапеча.
Дзьве існасьці. Два абліччы.
Такі вось сюррэалізм.
 
 
 
 
Два крыжы 1937 года
На крыжы маланак соладка памерці.
Прад усім Сусьветам праблішчэць пакутай.
А абраць Галгофай тую кучу сьмецьця,
На якой жывеш ты – гэта ж на сьмех юдам.
Ведаць, што ўзьнясесься, – чым не ўзнагарода.
А сысьці ў нямоцтва – чаша для аскета.
На крыжах з маланак – гэніі народа.
На крыжах аконных – ціхія паэты.
Божа літасьцівы, не пазбаў надзеі
За зямлю хоць гукам, словам зачапіцца.
Не для нас так страшна неба залацее,
Ды затое пахне тлом – для нас – ігліца.
За раскрыжаваных п’е народ штодзённа,
Толькі не падыдзе зьняць з крыжа – ніводны.
Над крыжом з маланак – скіпетр і карона,
Высахлая кветка – пад крыжом аконным.
 
 
 
 
Алюзіі

#1. Высокая літаратура
Лаўравы ліст,
                              дастаткова засохлы і хрусткі,
Бронзавы ключ, відавочна мастацкай работы,
Што адчыняў – невядома.
                                                          Высокай натуры
Гэта прыдасца...
                                      Кавалачак высахлых сотаў,
Месячны промень,
                                          абрывак калючага дроту –
Гэта, панове,
                              высокая літаратура.
Пэўна ж, рэцэпт дасканалы.
                                                              Галінка агрэсту,
Фігавы лісьцік ад першай мадэлі Адама,
Два паламаныя алоўкі,
                                                  чыясь тэлеграма
З доўгім шматкроп’ем замест шараговага тэксту,
Трохі тугі па нязбытным.
                                                      Пяро херувіма,
Усьведамленьне сваёй непатрэбнасьці.
                                                                                      Бура
У крышталёвае шклянцы.
                                                        Дзьве порцыі дыму –
Ад цыгарэт і спаленага гунамі Рыма –
Гэта, панове,
                              высокая літаратура.
Трохі крыві ад уласнага сэрца.
                                                              ?Атрута,
Што выдзяляе гніючае цела натхненьня.
Рогат нармальнага дурня.
Бутэлька аблуды.
І папяровыя крылы твайго пакаленьня.
І Апалонам садраная з Марсія скура –
Гэта, панове,
                              высокая літаратура.

 

#2. Аліса
Дзяўчынка ў карунках
                                                  сьпявае анёльскую песьню.
Стракозы над рэчкаю крэсьляць арабскія лічбы.
А човен плыве.
                                  І раўнюткую лінію крэсьліць.
І ў хвалях люструюцца
                                                    дрэвы, карункі і німбы.
Дзяўчынка ў карунках
                                                  і пастар у чорным касьцюме.
Над імі стракозы, аблокі
                                                      і вокны ў Засьвецьце.
Сьціскаецца час і расьцягваецца,
                                                                          як гума,
І ў сьвет за люстэркам
                                                  зьнікае карункавы вецер.
Дзяўчынка ўтаропіла ў неба блакітныя вочы.
Яна не патрапіць ніколі на баль каралевы.
А пастар у чорным
                                          паверыць у гэта ня хоча,
Вяслом разьбіваючы
                                              німбы на хвалях і дрэвы.
Дзяўчынка падзякуе за незвычайную казку,
Зь люстэрка асыплецца выцьвілы слой амальгамы.
І што нашы казкі,
                                      алюзіі, німбы і маскі
Прад яснай вітрынаю галантарэйнае крамы.
Дзьве ручкі ў пальчатках
                                                      пакручваюць сон-парасонік,
Стракозы мільгаюць, як феі.
                                                          ?Пэйзаж пастаральны.
І белым пылком
                                    безнадзейнасьць асыпала скроні.
У шлях празь люстэрка, паэце.
У шлях разьвітальны.

 

#3. Замак Эшэр
Мой замак патанае.
                                          Па сьцяне
Расколіна прабегла, як маланка.
Ён для мяне надзейным быў прыстанкам,
Каб паміраць наяве,
                                            жыць у сьне.
Загасьлі ўсе лампады.
                                              Кажаны
У вітражы запыленыя б’юцца.
І промні дня ў расколіны ліюцца,
Зьнішчаючы ілюзіі і сны.
Гляджу – у першы і апошні раз –
Пры асьвятленьні дзённым на пакоі.
Іржа на ланцугах, іржа на зброі,
І там не дыямэнт блішчыць, а страз.
О, колькі пылу!
Мёртвых матылёў,
Аплыўшых сьвечак,
                                          павуты і друзу!
Я тут жыла, прымала фей і музаў,
Памерлых каралеў і каралёў...
Кідаюцца пад ногі пацукі.
Яны вішчаць, як вязьні Тарквемады.
І возера ўваходзіць вадаспадам
Праз вокны, што зачынены вякі...
Што ж, прызнаю паразу...
                                                          Гэты сьвет
Трымаўся на сьвятле трапяткім сьвечак,
Што пакідала ад істот і рэчаў
Бязважкі вытанчаны сілуэт.
Навошта ж мне трымацца за жыцьцё,
Бязьлітаснае ў плоцевасьці грубай?
Расколіны ўсё большаюць.
І кубак
Напоўнены марэньнем і асьцём.

 

#4. Парцэлянавая пастушка
На каміннае паліцы
                                            так высока, так спакойна.
Мерна тахкае гадзіньнік,
                                                      пыл кладзецца на падлогу.
Не шапчы, што ў іншым сьвеце
                                                                      сьвежы вецер, сьветла, зорна.
Не шапчы, што на паліцы
                                                          не спазнаць сябе, ні Бога.
Парцэлянавае цела
                                          разьбіваецца так лёгка
Разам зь лялечнай красою
                                                          і маленькім нашым шчасьцем.
І ў аповедзе жыцьцёвым
                                                      застануцца, як апостраф, –
На’т ня літара, ня слова –
                                                        выбітныя нашы страсьці.
І таму – куды сьпяшацца!
Ціха дзынькае званочак
Музыкальнага куфэрка,
                                                  дзе захоўваюцца зоркі.
А інакшых не пабачаць
                                                    парцэлянавыя вочы.
І чаго ты, камінар мой,
                                                    плачаш горка, гэтак горка?
Ад таго, што недзе – вецер,
                                                              недзе – месяц, недзе – воля?
Ад таго, што, як ні пніся
                                                      быць найпершым над другімі,
А рукі дзіцячай дотык выпадковы –
                                                                                і ня болей –
І асколкі на падлозе,
                                              а душа, як пыл, над імі.

 

#5. Крошка Цахес
Прычэсвае фея маленькага злога калеку
(Адорваюць феі заўсёды маленькіх і злых).
Няшчасны карузьлік, асуджаны лёсам на зьдзекі,
Цяпер ператворыцца
                                                ў талентаў зьмесьцішча ўсіх.
Чужых, не сваіх, зразумела.
                                                              А справа якая
Натоўпу, які пакланяцца кароне прывык?
І моўчкі паэт пажаўцелыя сшыткі гартае,
І моўчкі хавае ў шуфляду,
                                                        бы ў склеп, чарнавік.
Маленькі карузьлік
                                          здаецца прыгожым і дужым.
Уладай надзелены –
                                              мае і вартасьці ўсе.
Красуні свой гонар яму прапануюць,
                                                                                  як ружы.
Нашто яму ружы –
                                          ён душы, як цукар, грызе.
А толькі пакіне яго дабрадатная фея –
Імгненна затопчуць,
                                              у вазе патопяць начной.
І зноўку паэт перагортвае аркуш надзеі,
І пырскае новы карузьлік на троне сьліной.
І фея ўсё тая ж
                                пачвары расчэсвае космы
І верыць, што ўлада надзеліць яго дабрынёй.
Ніколі ня скончыцца гэтая метамарфоза.
І можа, паэт і карузьлік зьліваюцца ў ёй.
Ніколі на троне паэт не застаўся паэтам.
Ніколі на троне карузьлік
                                                      ня выпрастаў горб.
Але распрасьцёрты ля колаў бліскучай карэты,
Адны залатыя пантофлі і бачыць натоўп.
 
 
 
 
*  *  *
Гэта – горад карынфскіх калон,
Ордэн рыцараў зьмененай веры.
Збудаваны зь пяску Вавілон,
Быццам неба асеньняе, шэры.
Тут, за сьценамі цёмных дамоў,
За кулісамі вечных трагэдый
Адлятаюць самотныя зноў
І нічога ня чуюць суседзі.
Бедны храм мой ля ціхай вады.
Толькі ты ў гэтай сварцы – лагода.
І ўзьлятае твой крыж залаты,
Быццам хоча зьляцець назаўсёды.
І вядзе мяне твой херувім –
Дождж змывае зь яго залачэньне –
Пад узвышаным ценем тваім
Я прымаю другое хрышчэньне.
І нічога мне тут не шкада,
І нікога я тут не баюся.
І сьцякае па твары вада,
Быццам дотык самога Ісуса.
 
 
 
 
*  *  *
Гэта восень. Яшчэ незаўважная.
                                                                        Што ж спадзявацца
На яшчэ адзін шанс,
                                            на яшчэ адну спробу зьдзяйсьненьня.
Пахне верасам.
І што карысьці гаворкі дарадцаў,
Што яшчэ маладая
                                          і вартая сьлёзаў натхненьня.
Я – падсудная ў гэтым забруджаным,
                                                                                  стомленым сьвеце.
Я свой крыж не ўсьцягнула
                                                              і да палавіны дарогі.
Я лічыла аблокі,
                                    лавіла абдоймамі вецер
І ні разу ў зямной баразьне не запэцкала ногі.
Непатрэбная самая
                                          ў сьвеце патрэбных і важкіх,
Нават восень сваю
                                          самавіта сустрэць не ўгадаю.
Аблятае лістота.
Мой крыж анічога ня важыць.
І лічу я аблокі.
                                І новую песьню складаю.
 
 
 
 
Стары Запавет

#1
Цудоўны Іосіф

350
Калі Іосіф прыйшоў да братоў сваіх,
яны зьнялі зь Іосіфа адзежу яго,
адзежу рознакаляровую, якая была на ім;
і ўзялі яго, і кінулі яго ў роў...
#Быцьцё, 37:23–24


І прадалі цябе твае браты,
Каб каляровай не насіў адзежы,
Абрыдзеў – бо інакшы... Зараз ты
Няпэўнай хвілі і купцам належыш.
Над хвалямі бясконцымі пяскоў
Цыклопам вісьне сонца Палесьціны.
Браты нясуць у клунку да бацькоў
Тваю адзежу і кіпцюр ільвіны.
Ну хоць цяпер навучысься ілгаць,
Анёльскі хлопчык?
                                          У людзях – прыдасца,
Там, дзе стаіць эгіпецкі палац
І пальмы ў Ніл замутнены глядзяцца.
Маленькі дабрадзей чужой зямлі,
Снабачаньнік, аматар лашчыць словы...
Цябе браты ўсё роўна прадалі б.
А не насі адзежы каляровай.

 

#2
Нараджэньне Майсея

350
...і вось, дзіця плача ў кошыку;
і зьлітавалася над ім дачка фараонава...
#Сыход, 2:2


Нібыта папірусны зьвітак, разгорнуты дзень.
Дачка фараона сядзіць перад бронзавым люстрам.
А кошык з маленькім Майсеем плыве па вадзе,
Нікім не заўважаны.
Сёньня на беразе пуста.
Ніхто не абудзіць скароны, згалелы народ.
Калыска лазовая зробіцца ў хвалях труною.
Прынцэса глядзіцца ў люстэрка, прыкладвае лёд
Да шчокаў смуглявых, каб зьзяць прыгажосьцю зямною.
А маці на крык немаўляці ня сьмее ісьці.
І кошык сплывае туды, дзе мядовыя рэкі.
І што нам чакаць у эгіпецкім нашым жыцьці,
Калі нараджаюцца нашы прарокі так рэдка.
І мы не ўратуем нікога з прарокаў сваіх.
Пад нашымі стрэхамі ім не знаходзіць прытулку.
І крык немаўляці ў вільготным тумане заціх,
І маці трымае на вуснах скрываўленых руку.

 

#3
Сыход з Эгіпта

350
Калі народ пабачыў, што Майсей
доўга не сыходзіць з гары, то зьвярнуўся
да Аарона і сказаў яму: устань і зрабі нам бога...
#Сыход, 32:1


То манна нябесная, то перапёлкі,
То льецца вада са звычайнай скалы...
Ды толькі былыя рабы – не анёлкі.
Абрыдлі ім скалы, пясок ды арлы.
Ану, паспрабуй адысьціся на хвілю,
Прыўзьняцца да неба, да Бога Айца...
Унізе зь металу каштоўнага вылье
Твой брат улюбёны куміра-цяльца.
Куды ты вядзеш іх, зьвяглівых, дрыготкіх,
Няўжо спадзяешся, што ў новай зямлі
Забудуць на зайздрасьць, нянавісьць і плёткі
І ўспомняць прарока, якога клялі?
І мала ім цудаў, іх вера ня ўздыме,
І хочацца зноў пад чужую руку...
І Бог паміж іх – не заўважаны імі.
Скрыжалі разьбітыя ў хвалях пяску.
 
 
 
 
Імпрэсія
...Патрапіць у парыжскую газэту,
пад вустрыцу зь лімонам прачытаць...
І просіцца да рыфмы цыгарэта,
вядома, з залачоным абадком
і прысмакам мэнтолу...
Цьху... Ніколі
табак і мяту ў водар не зьяднаць.
Тым больш бяз рыфмы прамаўляць жадаю.
І не куру.
Парыжская газэта,
абавязкова белы капялюш,
кавярні крэсла белае таксама,
і сіні-сіні на стале абрус
падкрэсьлівае тонкасьць філіжанкі.
А як жа кава? Кавы я ня п’ю,
але карціна вымагае кавы.
Хай гэта будзе вадкі шакалад,
гарачы і густы... Але самота –
самота – у Парыжы? Божа мой,
ці варта турбаваць тады ўяўленьне?
Насупраць – за сталом – вядома, Ён.
Чытае моўчкі... Курчыцца газэта
ў руках, што звыклі шанец свой лавіць
за дужае крыло ці за капыта –
якое ўжо аблічча прыме Ён.
Дыміцца кава. Шаргаціць газэта.
«Віншую. Ты ў зэніце».
І пайшоў,
як вустрыца, халодны і закрыты.
І плашч ягоны колеру пяску
мне нагадаў бязьлітасную пустку.
Ну што, дамроілася? На стале
мігціць у крышталёвым кубку сьвечка,
нібы на беларускія Дзяды.
Нябожчык ёсьць – гармонія памерла.
Скамечаны газэтны шар ляжыць
у сумачцы са скуры ведзьмака,
які мне нагадаў маю дарогу.
Нікому анічога не кажы,
я не вярнулася з парыжскае кавярні.
Калі ня верыш – пачытай газэты.
 
 
 
 
Антракт
Працягу ня будзе.
Вяртайце білеты, панове.
Джульета памерла
                                          яшчэ да зьяўленьня на сцэне.
Стары драматург
                                      скарыстаў свой аловак да кропкі,
Якім сто партрэтаў стварыў
                                                              маладой Мельпамэне.
І ролі няма мне на сцэне,
                                                      стаптанай да бляску
Абцасамі ўсіх,
                                што шукалі высокае долі.
Будзённае сёньня здымае катурны і маскі,
І ўсіх абдымае
                              крыжамі парослае поле.
Прынцэсы занятыя
                                          варкай гарохавай кашы.
Куды мне падзецца
                                            з маёй папяровай каронай?
Кардонная поўня ляжыць у маім сакваяжы,
А зь ёй – арсенал
                                      дасканалых усьмешак і стогнаў.
Але – у тэатры пакуль што
                                                          адкрыецца рынак,
Маленькія эльфы з грымёрных
                                                                    выносяць люстэркі.
Тэатр не закрыты, панове.
Але перапынак
Надоўга зацягнецца,
                                              мусіць, да лепшага веку.
 
 
 
 
2000
На верхняй прыступцы стагодзьдзя,
                                                                              якая вядзе
Зусім не да неба –
                                      а значна ніжэй і бяздоньней,
Зьнікаю ў халоднай самоце, нібыта ў вадзе,
І падае цень ад крыжа на маё падваконьне.
На верхняй прыступцы стагодзьдзя
                                                                              прытулку няма.
Таму што адбыўся падзел
                                                          на крылатых і сьлізкіх.
А я – на мяжы,
                                  я ня здольная выбраць сама,
Куды падавацца
                                      ад гэтай мяжчасавай рысы.
Мне добра і тут.
Праплываюць сузор’і і дні,
                                                          а дні – як эоны,
А я – перачытваю казкі
На верхняй прыступцы стагодзьдзя,
                                                                                пры зорным агні,
З наіўнаю верай
                                    у сілу спагады нянаскай.
 
 
 
 
Страла
У вадзе халоднай праплываюць цені.
Човен серабрысты зачарпнуў вады.
І вясло сплывае, і стралок пацэліў
У другую постаць.
                                        Зловяць чараты
Тонкімі рукамі
                              ўцекачоў зьнямелых.
А стралок устане з мокрае травы,
Абтрасе адзежу,
                                  пералічыць стрэлы
І па грошы пойдзе
                                          ў замак радавы.
Сьпіць срабрысты човен
                                                        у тумане срэбным.
Прада мной – папера, а ў руцэ – агонь,
І празь белы аркуш праплываюць цені,
І стралок у лозах
                                      грэе, трэ далонь.
Дай паплыці думкам
                                              срэбнымі радкамі –
Знойдзецца да сэрца
                                              востры шлях стралы,
Замак, дзе заплацяць,
                                                і магільны камень,
І анёльскіх, белых, лёгкіх
                                                        два крылы.
 
 
 
 
*  *  *
Зрабіцца ценем у краіне ценяў,
Кружыцца ў карагодзе сумных сноў,
Тужыць, і спадзявацца зноў і зноў –
Народзіцца Арфей, які ацэніць
Пагаслы гэній твой, і прызаве,
I выкліча твой прывід зь пекла часу,
I будзе новы сьвет, і будзе шчасьце,
I лаўравы вянец на галаве.
Марэньне ценяў. Што да іх – жывым?
Прыступкі пекла выкладзены зь вершаў.
Ты зразумей: ніхто ня будзе першым,
I кожнага атруціць часу дым.
Цень не парушыць сонечны спакой –
Арфей заняты песьняю сваёй.
 
 
 
 
*  *  *
Зь нікуды – у нікуды мой цягнік,
Ляцяць травой парослыя адхоны.
Манеты лічыць бледны праваднік,
Яго калісьці клікалі Харонам.
Важдацца з чоўнам – старасьвецкі міф.
Куды прасьцей – цягнік, вагоны, рэйкі.
Жыцьцё па-за жалезнымі дзьвярмі
Да хваль марскіх свае зганяе рэкі.
Забудуся на цёмныя віры
У бездані, у вогненным бязьмежжы.
І коціцца каменьнямі з гары
Мной збудаваная калісьці вежа.
 
 
 
 
Варагі
У сябе зазіраць неахвота маленькаму вою.
Там нічога няма, у душы,
                                                        што названая вечнай.
Расьсьцілаюцца ў небе сьпісаныя лёсаў сувоі,
І замежнага князя ўсё кліча аблуднае веча.
Праплывае па самай паверхні снабачаньня ява.
Пазірае спалохана князь на чужыя натоўпы.
Быццам пластыр на рану,
                                                          прыліпла абрыдлая слава,
І змушае цягнуцца да ўзораў паважнай Эўропы.
Захлынаецца болем
                                          ?чарговы маленькі паўстанец,
І нікога ня збудзіць
                                          яго пахавальная песьня.
Перад князем русалкі
                                              вясельны выконваюць танец,
І па новай труне
                                      распаўзаецца белая плесьня.
 
 
 
 
*  *  *
Ці абуджаюся – ці паміраю.
Стукае сэрца ў сусьветную цьвердзь.
Раскрыжаваць на прыступцы да раю –
Вытанчаней пакараньня ня мець.
Праведны люд падымаецца ў неба,
Лёгка ступае на грудзі мае.
«Так і належыць, напэўна, так трэба», –
Нацыянальны характар пяе.
Часам пасядуць вакол херувімы,
Каб адпачыць ад ухвал і сьвятла...
Не адарвацца ад любай радзімы.
Усімі цьвікамі ў душу мне ўвайшла.
 
 
 
 
*  *  *
І зноў забівае сонца
                                          сьведкаў свайго гарэньня.
Крылаў яно ня любіць
                                                  і Вавілонскіх вежаў.
Толькі ў напрамку сонца
                                                      нашы лятуць марэньні,
Толькі ў напрамку неба
                                                    зноў вырастаюць вершы.
Сыплецца попел шэры
                                                    на зямныя галовы.
Апёкі гараць на душах,
                                                  і чырвань перад вачыма.
І зноў у напрамку сонца
                                                      ўзьлятаюць сьляпыя строфы,
Хоць там яны непатрэбны,
                                                            а тут яны немагчымы.
 
 
 
 
*  *  *
Выснова дня: ён мог бы і ня быць.
Нашто чакалі?
Не збылося слова.
Суцешыць хоча мой анёл-ахоўнік,
Ды ён ня ўмее гучна гаварыць.
Жыцьцё віруе безьліччу спакус.
І хто падкажа – дзе высокі востраў?
Вузей сьцяжынкі і шырэй пагосты,
Стракатае трыко – для нашых муз.
Дзень быў пусты, як душы.
Можа быць,
Мы хутка назавём яго найлепшым.
Я не жадаю болей гэтых вершаў.
Яны – нішто.
Анёл-ахоўнік сьпіць.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.