 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Фантазія
|
Клубок Зямлі, агорнуты крывавым туманом і згараючы ў ім, рабіў свой вечны шлях у сістэме Сонца. Найгусцей прыпаў туман на прасторы Беларусі. Пад гулкі грукат гармат, траскатанне стрэльбаў і кулямётаў, пры водбліску страшных пажарышчаў раздаваліся дзікія воплі і балючыя стагнанні забіваных, рэзаных, паміраючых з голаду людзей. Могілкі і турмы перапоўнілісь. Грэх спавіў кожнае сэрца. Крывёю і слязьмі пазаплывалі вочы. Сцені памёршых продкаў у смяротнай нудзе стаялі над распятай краінай і адварачываліся ад сваіх затопленых смуроднаю запечанай крывёй могілак. З расцерзаным да краю сэрцам вялікага гуманіста вылез у поцемках з няведамай патомкам ямы панураны Францыск Скарына і падаўся ў начавым паветры да свайго радзімага Полацка. Даўгія, шырокія полы мантыі доктара лекарскіх і вызваленых навук развяваліся ад ветру, а яркі арэол наўкола сумнай галавы то разгараўся, то змяркаў. Пралятаючы над слаба асвятлёным дзеля боязні аэрапланаў Менскам, сцень доктара шукаў вачмі таго шпіталя, дзе ляжаў пры смерці хворы з галадухі Янка Купала. Пабачыўшы над цёмным домам ззячую кружэлку арэолу песняра, сцень спусціўся ў ціхую палату і стаў над сваім нядужым сябрам. – Як маешся, мой браце? – без слоў спытаўся доктар у стагнаўшага паэта. Хворы з трудом заварушыўся і сумна паглядзеў на гуманіста. – Не мукі цела страшны, – прачытаў Францыск Скарына ў кроткіх галубых вачах, – баліць душа. – Лячу ў Полацак, хачу даведацца, што цяпер там? – сказаў цераз невялікае маўчанне доктар. – Скрозь адно... Што тут, што ў Вільні, што ў Смаленску і скрозь на Бацькаўшчыне мілай... – пакратаў перасохшымі ад смагі вустамі паэт. Доктар засмучона схіліўся галавою да грудзей і доўга так стаяў. – На сход! – сказаў у непрытомнасці Купала і збудзіў ад чорных дум паніклы сцень. – Каму і на які? – азваўся рэхам сцень. Памаўчаў і прамовіў горка: – Магутны кліч твой раздаецца ўжо даўно – і скрозь, ад краю ў край, па Беларусі... А шмат з'явілася? Народ за доўгія вякі няволі аглох і зрабіўся нячулым. – Што рабіць? – ізноў, як у гарачцы, застагнаў Купала. – Што рабіць? – перапытаўся доктар, – тое, што ты і робіш. Але каб зразумеў народ наш паспаліты патрэбу сходу, ці не сабрацца спачатку толькі нам, будзіўшым яго на дабро ўсе вякі і кожны час? – Добра... – прашаптаў паэт і сціх. Сцень вылецеў з палаты і не падаўся далей к Полацку, а павярнуў назад к Ашмяншчыне. Здалёку ўвідзеў ён на могілцы ў Жупранах вялікі яркі арэол народнага баяна. Францыск Скарына спусціўся ля касцёла і чыркнуўся няўмысля палою мантыі аб спячага п'янога легіянера. – Пся крэў! Холера! Быдло бялоруске! – закрычаў патурбаваны доктарам жандар, а яму рэхам адазваўся з-пад зямлі жудасна-балючы стогн бацькі адраджэння. – Не стагні, мой браце любы! Барзджэй бяры ты сваю «Дудку» й «Смык», пойдзем на сход склікаць! – сказаў яму заместа прывітання доктар. З магілы ўзняўся сцень вусатай постаці. – Засіпла мая дудка, а смык не маець скрыпкі... – безнадзейна пажаліўся Багушэвіч і дадаў, падумаўшы аб сваёй музе: Каб ты так іграла, Каб немарасць брала!.. – Твая «Дудка» грыміць, мой браце, на ўвесь край, а да «Смыка» дарабіла ж «Скрыпку» Цётка. Пойдзем зараз у Лідчыну на той вясковы могільнік, пабудзім на сход найперш яе, бо гэтая руплівая сяброўка склікаць умее найлепш за ўсіх. І два сцені паляцелі побач у Лідчыну. Поўная запалу і энергіі, хаця худзенькая і бледная, ляцела ўжо сама да іх пяснярка і паэтычна, ціханька пяяла ў адказ на свае думкі: Можа, хто з дзетак скруце жалейку, Унучку паломанай ліры. І так заіграе, што ўсенька зямелька Пачуе мой одгалас шчыры... – Ах, браточкі-галубочкі! – загаманіла яна без дальніх слоў. – Трэба так: адзін на ўсход, другі на захад, а я з тым-сім паклічу тых, што спачываюць на чужыне, – і зараз паняслася. Неўзабаве сцені памёршых і духі жывых сцякаліся на свой Парнас з усіх бакоў. Пакашліваючы, брыў з далёкай Ялты калматабровы Максім Багдановіч. Спяшаўся, як заўсёды, з Галіцыі, з сваей магілы ў Закапаным, запыханы Іван Луцкевіч. Глабаўся з-пад груду трупаў брацкай магілы ў Коўне Лявон Гмырак. Шыбка йшоў у хутры і ў зімовай сібірскай шапцы з Кракава даўгі Алесь Гарун. Важна і спакойна пасуваўся з Меншчыны пан Вінцук Дунін-Марцінкевіч. Як непрытомны прыбліжаўся з Кіева празрыста-белы Сяргей Палуян з сінім шнурам на шыі... Прысадзіста калдыбаў разважны каранасты Карусь Каганец. Там ішлі яшчэ й другія. А клубок Зямлі, згараючы ў крывавым тумане, ляцеў а ляцеў сваім вечным шляхам, як бы нічога не было.
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|