 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Паломаныя рэбры
|
Беларуская група ў Тароньце купіла новы, куды большы, чым ранейшы, дом, такі, зь якім "можна будзе ў людзі паказацца". Плянавалася навасельле, рабіліся дэкарацыі вялікай залі, жанчыны рыхтавалі стравы на кухні, а мяне, - здаецца ці не Алесь Грыцук, - папрасіў пайсьці ў горад і купіць партрэт Альжбеты Другой, каралевы Брытанскага Камэнвэлту, Канады й іншае... - Яна-ж каралева Канады, ведаеш. Наш Янка ёсьць, слаўны Кастусь таксама, а без каралевы аніяк нельга, бо й госьці высокія будуць, - тлумачыў мне Алесь, хаця й непатрэбна тое было. Я прыехаў у Канаду на два гады раней за яго й ведаў краіну й мову лепш чымся ён. У гэты дзень пайшоў я "шукаць каралеву". Пасьля роспытаў у вялікіх і меншых крамах мяне зьдзівіла, што ня мог нідзе знайсьці патрэбнага партрэту ў гэны час маладой і прывабнай жанчыны. Дарэчы, яе бацьку Джорджа ВІ-га і яе давялося мне бачыць у 46-м годзе. - Ведаеце, нармальна ў нас партрэтаў каралевы няма. Які тут на яе рынак... Калі вось яна прыедзе наведаць Канаду, дык тады спэцыяльныя пртрэты яе прадукуюць такія газэты, "Таронта Стар", ці іншыя, - тлумачыла мне маладая прадаўшчыца ў краме Вулварт. - Ну а калі я хачу цяпер купіць, дык дзе знайсьці? - Спрабуйце ў Ітана ці Сімпсана. Вось так і пасылалі мяне ад Джана да Джова. Людзі тут, як я спасьцярог, жывуць у матар'яльным дастатку й нашы пэўне адсталі ад іх ззаду на паўстагодзьдзе. Праўда, нашых вечна з войнамі, ці бязь іх, вынішчалі дзярлівыя суседзі. І цяпер тут поўны дастатак, а партрэт каралевы цяжка купіць. Там-жа, у маскоўскім ярме ў крамах і наагул нішчымніца й бесканечныя чэргі, але ўсюды і адсюль пазірае на цябе "айцец усіх народаў". Зьбіваючы падноскі на таронцкіх ходніках у пошуках партрэту каралевы, прыгадаўся мне зімовы дзень... Першай зімой, як вызваліла нас ад усякага дабра бальшавіцкая бязбожная навала, аўдавелы бацька ледзь даваў сабе раду зь дзецьмі і гаспадаркай. Акупант вычысьціў у сьвіране аруды. Бацька будзіў мяне зімою дзесьці а гадзіне чацьвертай раніцай і пасылаў у хлебную краму ў адлеглае за тры кілямэтры мястэчка. Ад другоее гадзіны па абедзе да восьмае вечарам наведваў я ў тым-жа мястэчку савецкую школу, а раніцай бегаў за хлебам. Малыя, такія як я, прыходзілі ў хлебную чаргу раней, зяблі гадзінамі, каб папярэдзіць "быкоў"... Быкамі мы называлі старэйшых дзяцюкоў, што зьяўляліся перад крамай незадоўга перад яе адкрыцьцём, нас, малых, крыўдзілі, з чаргі выціскалі... У адзін марозны й ветраны дзень я быў на самым перадзе чаргі. Калі мяне прыперлі да клямкі, нешта кальнула ў грудзі. Вялікая боль. Я самлеў. Калі ачуняў, ня мог адразу сьцяміць дзе знаходжуся. Чаму я ляжаў на сьнягу, чаму так балела ў левай грудзіне? Вецер неміласэрна сьцёбаў дзьве "чырвоныя анучы" - сьцягі над дзьвярмі крамы, а вышэй іх, на вялікім і доўгім чырвоным палатне, белыя літары крычалі: СПАСІБО ТОВАРІШЧУ СТАЛІНУ ЗА СЧАСТЛІВОЕ ДЕТСТВО! Я спрабаваў устаць, разглядаўся. Людзі, няйнакш, зьвярмі парабіліся. Пакінулі мяне, скалечанага, самлелага, на сьнягу. Я неяк даклыпаў дамоў ізь слязьмі ўвачох і памятаю, што доўга балела ў грудзёх. Лекара ня было. Прырода ўзяла верх. Гады чатыры пасьля пачуў я ад мэдычнага афіцэра Восьмай арміі ў Італіі: - А дзе й калі ты рэбры паламаў? Гэта яны зрабілі прасьвятленьне грудзей для праверкі здарўя пры ўступе ў армію. - Як кажаце? Рэбры паламаў? Ніколі, здаецца... - Глядзіце сюды, - казаў мне медык, паказваючы клішу маіх грудзей. - Гэта вось вашыя рэбры, тут дзьве зрасьліся. Гэтыя белыя палоскі паказваюць дзе косьці зрасьліся. Запраўды, уважней прыгледзеўшыся, я пераканаўся, што мэдык гаварыў праўду. Але й дзе й калі паламаў я рэбры? І памяць адшукала той далёкі зімовы дзень, чаргу за хлебам, васпаваты грузінскі твар і "счастлівое детство", калі мне было чатырнаццаць. Там партрэтаў поўна, а хлеба заўсёды не хапае. Гэтта людзі жывуць у дастатку, хоць шматлікія нялёгка працуюць. А навошта на вуліцах ці на крамах партрэты каралевы ці мясцовага лідара? Калі пашану да каго маеш, то яе ў сэрцы носіш...
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|