У вёсцы
|
Lumen coeli, sancta rosa!
*#Сьветач мысьлі, сьвятая ружа! (лац.)
|
А. Пушкін
|
Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастаці, І душы мацярэй нас могуць чараваці; Вышэйшая краса – ў іх зьлітнасьці жывой! Артысты-маляры схіляліся прад ёй, Жадаючы зьявіць цераз свае халсьціны Пачуцьці мацеры у вобліку дзяўчыны. Красы тэй сымбалем, Маць-Дзева, стала ты, - І глянулі твае з-пад пэнзаляў чэрты. З таёмным трэпетам на іх я пазіраю, А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю. Мінулае сваё прыпамінаю я! Між цёмных абразкоў прайшоўшага жыцьця Шукаю сквапна штось трывожнаю душою, І здараньне адно ўстае перада мною.
| *
Калісьці летняю рабочаю парой Празь вёску я ішоў. Панураю чаргой 3 абох бакоў крывой і вузкай вулкі хаты Стаялі – шэрыя, струхлеўшыя; як латы, Віднеліся ў сьцянах сьляпыя вокны іх, І аж чарнелася салома стрэх гнілых. Ўсё руйнавалася, старэла, адмірала І мала што вакол хоць трохі аздабляла Вясковую нуду; мак яркія цьвяткі Рознакалёрныя, як тыя матылькі, У градах высыпаў і цешыў імі душу, Ды можна йшчэ было там-сям пабачыць грушу, Крывую, старую, вось толькі і ўсяго. І да таго ж зь людзей ня відна нікаго,– Яны на полі ўсе; не мільканець спадніца, Ня пройдзе зь вёдрамі па воду маладзіца, Ня ўгледзіш белую магерку мужыка, Ў паветры не памкне іржаньне жэрэбка І песьня сумная не паліецца звонка... Што ж дзіўнага, калі, раптоўна крык дзяцёнка Пачуўшы, дрогнуў я і аглядзеўся. Ах! Я спудзіў хлопчыка; на руках і нагах Ён, бедненькі, папоўз па траўцы ля сьцяжынкі, Да нянькі траплячы – так год васьмі дзяўчынкі. І вось, дабраўшыся, ў падолак разам к ей З трывожным голасам уткнуўся ён хутчэй; І, як схіляецца ад ветра верх бярозкі, Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, сьлёзкі Сьціраючы яму, штось пачала казаць, Каб заспакоіць плач – зусім як быццам маць, І саліваліся ў жывы абраз ядыны Той выгляд мацяры ды з воблікам дзяўчыны – Дзіцячым, цененькім; і ў гэты час яна, Здавалася, была аж да краёў паўна Якойсь шырокаю, радзімаю красою, I, помню, я на міг пахарашэў душою. А можа, не краса была ў дзяўчынцы той, – Дзяўчынцы ўпэцканай, і хілай, і худой, – А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі Стараўся выявіць праз Маці Божай лікі.
| *
Страніца лепшая ў штодзёньніку жыцьця! Зноў зь ціхай радасьцю цябе чытаю я. Хай шмат чаго <ўжо> с тых гадоў крыніца змыла У памяці маёй, хай той дзяўчынкі мілай Ўжо воблік губіцца у цёмнай глыбіне, – Я веру, ў цяжкі час ён гляне на мяне.
|
|
|
|