РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вэраніка
 
Вершаванае апавяданьне
Ê un pensier del mio capo.  
Яна – выдумка маёй галавы.  
Джавані (італ.)
Giovanni
 
Я на душы ўражлівай маю
Жыцьця мінулага пячаць:
Схачу свой вольны верш пачаць –
І ўраз пра прошлае згадаю;
У даль вядуць мяне сьляды
Да вас, дзіцячыя гады.
 
Ўстае перад маім паглядам
І вулка, веючая сном,
І ціхі, старасьвецкі дом
Зь цяністым, адзічэлым садам;
Над ім шпакоўніца ўгары,
А ўкруг схіліўся тын стары.
 
Дом гэты да паноў Забелаў,
Суседзяў нашых, наляжаў;
Я змалку там штодзень гуляў,
Зь дзяцьмі іх лез на дахі сьмела,
Рваў яблыкі, рабіў садом
І крыкам поўніў цэлы дом.
 
Вясёла йшлі гулянкі нашы:
Пад шум і гук размах рукі
Зьбіваў здалёку гарадкі,
Быў чутны сьмех пры відзе «кашы»,
І кожны стрымываў свой плач,
Калі ўразаўся ў плечы мяч.
 
А вечарком мы выпускалі
Ў паветра белых галубоў:
Зрабіўшы неколькі кругоў,
У вышыню яны шыбалі,
Як чысты сьнег, кружылі там
І падалі на дахі к нам.
 
Калі ж сачыўся бледнаваты
Зор сініх сьвет празь небасхіл
І уплятаўся вулак пыл, –
Мы ўсе пяялі каля хаты,
І напаўняў нягучны хор
Маркотнай песьняй сьціхшы двор.
 
Так у гулянках пралятала
Маё дзіцячае жыцьцё,
А поруч ціхае дзіцё,
Дачка Забелаў, узрастала.
Яе я мала знаў: яна
Ўсягды была сама, адна.
 
Жылося цяжка Вэраніцы
(Хай так дзяўчынку будзем зваць):
Яе памерла рана маць
І не было саўсім сястрыцы,
А бацька сэрца хоць і меў,
Ды прытуліць яе ня ўмеў.
 
Таму з маленства палюбіла
Хавацца ў сад стары яна,
Дзе веяла дыханьне сна,
І цішыня ў паветры плыла,
І нерухомы быў спакой,
Маўляў у глыбіні марской.
 
Не калыхнуцца лісьцяў хвалі,
Ўспляснуўшы пенаю цьвятоў
Паверх чарэшневых кустоў;
Кіпіць шум места дзесь там далі,
А тут і глуха і цямно, –
Не зварухне марское дно.
 
І забывала Вэраніка
Між зёлак з кніжкай аба ўсём,
А ўзгляне – сад кіпіць жыцьцём:
Над ёю куст шыпшыны дзікай,
Бруяе блізка сонны шмель,
І горка пахне тонкі хмель.
 
Ізноў страніца за страніцай
Раскрытай кнігі шалясьціць;
Нячутна час кудысь бяжыць,
Раяцца думкі Вэранікі, –
Усё расьце душа яе
І ў паўнаце красы ўстае.
 
Калі ж асеньнія навіны
Зьмянілі сад, калі зь бяроз
Рваў лісьце вецер, а мароз,
Наліўшы ягады рабіны,
Траву губіў, і мы нагой
Ўзрывалі прэлых лісьцяў слой;
 
Калі патроху чырванелі
Чаромха, ліпа, стройны клён,
А гнёзды змрочныя варон
Між голага гальля чарнелі,
І грозны вечара пажар
Пылаў між бура-шызых хмар;
 
Калі асеньні вецер дзіка
Стагнаў і глуха па начах
Грымеў у наш жалезны дах, –
Тады да лета Вэраніка
Ад нас зьнікала ў інстытут
І не будзіла згадак тут.
 
А час усё каціўся далі,
Хаваючы на дне гадоў
І гарадкі і галубоў;
Мы непрыкметна падрасталі,
А іншы ўжо шчыпаў вусы
І лічыў іх гарой красы.
 
І толькі ўжо тады я ўгледзеў,
Што поруч, як цьвяток лясны,
Ўзрасла ў красе сваёй вясны
Дачка самотная суседзяў.
I – помню я – тады жа ўперш
З маей душы паліўся верш.
 
Ён там кіпеў струёй жывою,
Праз холад мысьлі працякаў
І ў цьвёрдых формах застываў,
Як воск гарачы пад вадою,
Каторым трэба вам гадаць,
Аб чым той вершык меў казаць.
 
Я ж сам скажу йшчэ тое толькі,
Што к Вэраніцы твор паслаў
І млеў і ўсё адказ чакаў.
Аж вось прайшло маруды колькі
Трывожных дзён, а ўсё няма
Ні Вэранікі, ні пісьма.
 
Калі ж я неяк зь ёй спаткаўся,
Загаварыўшы, як у сьне, –
Яна зірнула на мяне,
І раптам з вуст яе сарваўся
Такі бязьвінны, чысты сьмех,
Што на яго злавацца – грэх.
 
Сьмех гэткі маюць толькі дзеці
Ды людзі зь яснаю душой;
І ён, як жаваранак той,
Зьвінеў і ўжо каханьня сеці
Нячутна нішчыў, як ураз
Сарваўся, дрогнуў і пагас.
 
Накрыла ясны твар дзявочы
Задумы сумная імгла,
На плечы ручка мне лягла,
Спагадліва зірнулі вочы,
І даляцеў к маім вушам
Ласкавы шэпт: «Мо больна вам?»
 
Не, зорка, мне было ня больна,
Бо бачыла адно душа,
Як ты сьвяжа і хараша,
Як рада ты жыцьцю нявольна,
Уся пад срэбнаю расой
Са йстужкай скромнай між касой.
 
І мела дзеўча выгляд маці,
Калі тады ка мне яна,
Трывожнай ласкаю паўна,
Схілілася як да дзіцяці,
Зіяючы перада мной
У новай пекнасьці жывой,
 
У тэй, што з постацьцю дзяўчыны
Зьлівала мацеры чэрты.
О, як прыгожы-дзіўны ты,
Двайной красы аблік ядыны!
Ажыў у ім твой вечны цэль,
Мадонн тварыцель, Рафаэль!
 
І прад высокаю красою,
Увесь зачараваны ёй,
Скланіўся я душой маёй,
Натхнёнай, радаснай такою,
А ў сэрцы хораша было,
Там запалілася цяпло.
 
Дасюль яшчэ яно пылае;
Здаецца – ўмёрла, але ўраз
Праб’ецца зноў, і пройшлы час
Прад ім у згадках праступае,
Як пры агню ці цеплаце
Таемны подпіс у лісьце.
 
І конь крылаты да Парнаса
Мой дух імчыць тады, каб я
Былое апяваў пасьля.
Ды як знайсьці сьляды Пэгаса
На бруку места? Цяжка ўперш!
Спачынь жа трохі, верны верш!

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.