 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Клятва духу
|
Прысьвячаю любай і дарагой мне Маці
|
1 Час ізноў мае думы пакратаў і наструніў пад грукат гарматаў. Думы песьняй вазьму апрану я, няхай песьня настрою пільнуе; няхай цешаць пульсацыяй вёснаў гукі музыкі звонка-узьнёслай. Яны сэрца крануць і расчуляць, маці боль свайго сына адчуе. Калі-ж песьня мая зьіржавее, думы вецер дашчэнту разьвее; гукі музыкі, любай і шчырай, адлятуць у няведамы вырай; і настрой, хоць і сьлёзна заплача, гэтай страты ніяк ня зьіначыць. Дык расьцеце, і думы, і песьні, узьлятайце у сінь паднябесься! У нястрыманым вашым развоі радасьць словамі сум перакроіць. Я скажу ўсім: ідзеце сюды вы слухаць песьні жыцьця агнявыя, песьні працы і песьні змаганьня – думы блізкага, сьветлага раньня! Гэта час мае думы пакратаў і наструніў пад грукат гарматаў.
|
2 Калісьці сокамі грудзей паіла продкаў ты, зямліца, і мы, каб род не парадзеў, прыйшлі пітва твайго напіцца. З маленства сьнілася у сьне, было мацункам нам адзіным. Яму, як сонцу і вясьне, маліцца хочам на Радзіме. Тут ветры ў песьнях шалясьцяць, а песьні – палкія, жывыя. Драбніца кажная жыцьця усімі вызнана навылет. Пакуты цяжкія радні, разбою воражага грукат, уцехі выпітае дні і радасьць даўняга – адчуты. Тут нылі з посьніцы бацькі, і самі скораму ня зналі. Ішлі, узяўшыся за кій, у сьвет шляхамі чэрствых даляў. Ня год які мо’ і ня два у край чужы ішлі нясьмела. Сухая, гойстрая жарства пякла ног струджанае цела. Ня мелі болю чым уняць сыны твае у дзікім сьвеце: халоднай поўначы штодня калечыў сэрца льдзяны вецер. Цяпер зірні: перад табой стаім на варце ганаровай. Скажы – і рынемся у бой усе, ня вымавіўшы слова. Пакуль-жа сокамі грудзей, як продкаў некалі, зямліца, напой, каб род не парадзеў, каб ніцма целам не зваліцца. Прыймі да споведзі! Вазьмі прысягу шчырую. Прычасьці не пашкадуй – сваймі грудзьмі цябе заслонім ад напасьці.
|
3 Пасьля доўгіх і цяжкіх разлучын радасьць стрэчы кальнула балюча. На парозе часіны інакшай скрыжаваліся погляды нашы. І мацней ’шчэ браты мае, сёстры горасьць вычулі прыкрага посту... У зьняважанай бацькаўскай хаце частавала сыноў сваіх маці. Спаласкалі атруту былога хмелем моцным пітва дарагога. Кроплі дзіўныя першае чары абдалі цела палкасьцю вару. Гэта, збыўшы пакуты разлучын, радасьць стрэчы кальнула балюча.
|
4 Каля сьвятыні на пагосьце, пад бел-чырвона-белым сьцягам, усе знаёмыя і госьці зышліся выслухаць прысягу. Быў цёплы чэрвенеўскі вечар, а неба ўходзіла у прыцем. Сьвяточныя гарэлі сьвечы, і месяц слаўся у блакіце. Ўсе тройчы ўкленчылі ўрачыста і пакляліся моцна, гучна адолець сілы дух нячысты, што пнецца зганьбіць нашу лучнасьць; што мкнецца край цудоўны, любы і скарбы велічныя краю аддаць на зьдзек людскі, на згубу у стан разбойнай, хіжай зграі; і даўнасьць – сэрца асалоду – зьняславіць квапіцца, расьцерці, і дух адроджаны народу расьпяць на пляцы і усьмерціць. І пакляліся моцна потым каля сьвятыні на пагосьце адпомсьціць часу за сіротаў, за кроў, за бацькаўскія косьці.
|
5 Сіла клятвы, о, сіла сьвятая, дух ваяцкі, бы птах, узьлятае: узьлятае на крылах і кліча войска грознага лік павялічыць. Яно прыйдзе і стане із намі, сіла духу дзе б’ецца крыламі, дзе ў пякельных агнёх навальніцы сінь крывёю гарачай імгліцца. Яно прыйдзе шляхамі крутымі, клятвы помнячы словы сьвятыя: – Для цябе, беларускі народзе, сіла збройная шчасьце народзіць; ахрысьці на ахвярныя чыны у змаганьні за славу Айчыны! Аніякай навале ніколі не скаваць, не змагчы нашай волі! Сіла клятвы, о, сіла сьвятая, дух ваяцкі, бы птах, узьлятае.
|
6 Грымяць і грымяць цягнікі у бляску крывавых усхліпаў. У спрыце вар’яцкім такім трывога да шыбаў прыліпла. Сьціраюць марозны узор із вокан далонямі людзі. Мігценьне агністае зор цяпло выціскае і студзіць. А шлях не кароткі яшчэ... наперадзе шмат кілямэтраў. Імчацца, здаецца, шпарчэй калёсы наўсуперак ветру. У воблік дрыготкай начы вачыма ўпіваюцца воі. Ў тугую ляцяць далячынь і іхныя думы-настроі. Грымяць і грымяць цягнікі у бляску крывавых усхліпаў. У спрыце вар’яцкім такім трывога да шыбаў прыліпла.
|
7 Зышліся у грозным баі вялікія, грозныя сілы. Краіна на варце стаіць, да сну анікога ня хіліць. Да сьцежак прыцёртых прыляж, да плітаў – часіну паслухай... Дрыжыць пад нагамі зямля, прыймаючы радасьць і скруху. Расчулены месяц пасе падзеі напятыя сутак. Няпрошанай госьцяй прысеў ля крыжа збуцьвелага смутак. Тут кліча прачнуцца, устаць сыноў дарагая Матуля і вобраз вялікі Хрыста да сэрца гарачага туліць: – Зірнеце, сыночкі, з магілак сырых на сьвет гэты Божы, на наскі!.. Малюся і плачу, каб нашай зары ізноў не пасеклі на часткі...
|
8 Ні матулі, ні горкага плачу і ня чуюць сыны, і ня бачаць, ані сонца, ні зораў, блакіту, ані медзі ня бачаць ракітнай. І сьмяротны узьлёт навальніцы не згадаецца ім, ня прысьніцца. Прыняла іх зямліца ў пасьцелю, вецер лісьцем курганы усьцеле. Пракувае зязюля ураньні пра ахвяры цяжкога змаганьня. Неба хмары сівыя падоіць і напоіць сыноў сырадоем...
|
9 Сьпеце, славы крывіцкай героі, дух ваяцкі клянемся патроіць. Пасьля гнеўных баёў і адплаты прыйдуць любыя вашы дяўчаты. Пакладуць яны кветкі жывыя, плачам цьвіласьць курганную змыюць і вяночкі із ружаў паложаць – яны любасьць былую памножаць. Росным раньнем улетку і ўвесну прасьпяваюць вам сьлёзныя песьні:
Дзе ты, любы сокал, дзе ты, чарнавокі? Я цябе шукаю, клікаю, гукаю... Любы, адгукніся! Ой, ды знаю, знаю... Сорам, што гукаю... Ты за цёмным борам ды за сінім морам... Любы, адгукніся! Вернешся дадому пад вясёлы гоман... І у роднай хаце стрэну я і маці... Любы, адгукніся! Ой, ды знаю, знаю... Сорам, што гукаю... У сырой ты сьпіш зямельцы, кажа маё сэрца. Любы, адгукніся!
| Будуць дні і цалюткія ночы гаварыць аб нядолі дзявочай. Шчасьце з даляў сваё будуць клікаць па усёй па краіне вялікай. ...Я-ж кахала цябе, мая радасьць... Помніш росныя сьцежкі у садзе? Помніш рэчку, крынічка дзе звоніць, ты прыходзіў ды з кветкай півоні. Хвалі беглі, каціліся ў далі, квола кветкі-півоні гайдалі... Ўспамінаюцца дні тыя, ночкі... Дзе ты, кветка уцехі дзявочай? Я-ж кахаю цябе, мая радасьць... Помніш росныя сьцежкі у садзе? Сьлед каханьня, цяпла не заліпне і крывёю гарачых усхліпаў. Сьпеце, славы крывіцкай героі, дух ваяцкі клянемся патроіць.
|
10 А часамі гавораць гэтак: «Нам сваё наймілей бывае... Няхай восень сабе ці лета узьвівае свой сьпеў над краем». Ёсьць у кажнай праяве доля, ёсьць і солад, і горкі чэмер. Не адолець цяжкога болю, хоць і сэрца сваё ушчэмім.
|
11 Хай, што хочуць, гавораць людзі, – не такі ўжо вялікі грэх: сяньня тое злачынствам будзе, калі думка чыя памрэ. Не здалее ніхто на сьвеце красавацца, як трэба, жыць, калі ўзьлёт ейны злосьнік-вецер узапне на шпяні мяжы... Чаго варта цяпер істота у цяжкую жыцьця пару, што наровіць, бы смоўж, употай прысмактацца да моцных рук? Мо’ таму й боль душу сьціскае і спадае сьляза з вачэй?.. Дарма сяньняшні грэшнік-Каін на ражне славу дзён пячэ!.. У мінуўшчыне – час пражыты – думку продкі радзілі дням, каб да сонца, крывёй абліты, гонар Бацькаўшчыны ўзьняць. Шанаваць, сьцерагчы нам трэба, гартаваць і далей расьціць, каб пад родным блакітным небам наканованы шлях прайсьці. Хай шпурляе крывёй навальніца, хай няўмольныя б’юцца агні, хоць падзем, можа стацца так, ніцма – кляцьве духу ня зрадзім ані. Дык няхай і гавораць людзі, – не такі ўжо вялікі грэх: сяньня тое злачынствам будзе, калі думка чыя памрэ.
|
12 Прыйдзем, вернемся ў родную хату сьвяткаваць найвялікшае сьвята, сьвята мужнасьці нашае, сілы, што нядолю ліхую скасіла. Маці стрэне, гасьцінна расчыніць урачыстыя дзьверы сьвятыні. І памолімся, палячы сьвечы, за шчасьлівую нашую вечнасьць. Думы новага часу і песьні узьлятуць у блакіт паднябесься.
|
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|