 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Вентылятар
|
Мужчына ляжаў на канапе i чытаў газету. Ён адпачываў. Мужчына паклаў пад галаву падушку i няспешна праглядаў артыкулы i фотаздымкi. Ён лiчыў, што мае поўнае права паляжаць вечарам на верандзе ў цiшынi i паглядзець газету. У другiм кутку веранды ў вялiкiм крэсле спаў сiвы дзед. Ён быў у тым узросце, калi ява i сон вельмi хутка i амаль незаўважна змяняюць адно другое. Дзед прыйшоў на веранду, каб пагаварыць з сынам, але не заўважыў сам, як заснуў у старым любiмым крэсле. На светлай падлозе стаяў белы вентылятар. Ад вентылятара да разеткi струменiўся тонкi дрот. Вентылятар нетаропка паварочваў цылiндрычную галаву i абвяваў вялiкую частку веранды, ад канапы да крэсла. – Цiкавы факт, – гучна, каб пабудзiць бацьку, сказаў мужчына. – Як? – дзед павярнуў галаву. – Людзi крадуць грошы ў дзяржавы... На, пачытай... – Я не чытаю вашых газет. – I калi гэта ты газеты перастаў чытаць? – Як вы пачалi пiсаць пра ЯГО. – Пры чым тут ЁН?! Я кажу, людзi крадуць дзяржаўныя грошы, кладуць у сваю кiшэню мiльёны i не баяцца, што iх выкрыюць i застрэляць. Цiкавы факт – у Маскве... – Нецiкава мне, – бацька не дае сыну дагаварыць. – Мне нецiкава чытаць i глядзець тэлевiзар. Радыё яшчэ магу паслухаць, калi музыка, але шум вентылятара мне больш падабаецца. Вуркатанне вентылятара я люблю слухаць удзень, а ўночы прыемна ўслухоўвацца ў шапаценне вiнаграднай лiстоты. – Ты кажаш так, быццам я вiнаваты, што пра ЯГО пiшуць. – Ты не вiнаваты. Нiхто не вiнаваты. Ты не пiшаш i не крадзеш, я не чытаю. Вiнаватыя адышлi ў нябыт. Ты хочаш спрэчкi, табе патрэбна дзеянне, а мне спакой. Выключы вентылятар, калi ласка. Мужчына ўстаў i выключыў вентылятар. Пластыкавыя пялёсткi застылi ў цiшынi, з якой выплыў шолах вiнаграднай лiстоты. Вечар прынёс палёгку. На веранду прыйшла прыемная пасля дзённай задухi прахалода. Вiнаград шчыльна аплятаў веранду, i па сценах плавалi дрогкiя авалы святла. Зайшоў загарэлы хлопчык i спытаў: – Можна, я пайду ў порт паглядзець, як адыходзiць карабель? – Гуляй у двары, – адказаў мужчына i лёг на канапу. – Та-а-ат, – зацягнуў хлопчык. – Якi сягоння карабель? – спытаў дзед. – "Расея" i "Эстонiя". "Эстонiя" адыходзiць, а на яе месца, каля другога прычала, стане "Беларусь". Тры караблi ў порце. Та-а-ат, мне хочацца схадзiць. Усе хлопцы з двара iдуць. – Адпусцi яго. Тры вялiкiя караблi не часта збiраюцца ў адзiн дзень. У свой час я цябе адпускаў, – заступiўся за ўнука дзед. – Ідзi, але потым адразу дадому. – Дзед, а я табе вячэрнюю газету прынясу, хочаш? – Прынось. – Дзед, а хочаш, я табе вентылятар уключу? – Ідзi ў порт, глядзi на караблi, – дзед усмiхнуўся ўнуку. Хлопчык выбег з веранды. – Нашто газета, калi не чытаеш? – Табе аддам. – А ў порт, дарэчы, ты мяне не заўсёды пускаў. – Трэба было зусiм не пускаць, бо ты так нiчога i не зразумеў. – Растлумач. Чаго я не зразумеў? – Ты не зразумеў, што карабель падобны да сабора. Ёсць урачыстасць i падзея, калi карабель пакiдае порт. З’яўляецца сум. Здаецца, адкуль? Знаёмых на караблi няма. Чужыя людзi на палубе, чужыя на прычале. Ты стаiш сярод чужых людзей, глядзiш, як адыходзiць карабель, i адчуваеш адзiноту i страту. Разам з пачуццём саборнасцi i ўрачыстасцi да цябе прыходзiць адзiнота, адчуванне iмгненнасцi твайго быцця. Дзецi таму i ходзяць у порт, яны не разумеюць, а толькi адчуваюць страту, iм нязвыкла. I яны просяць бацькоў адпусцiць i ходзяць у порт глядзець на караблi. – Карабель больш падобны да дома. Дом на вадзе. Ён разварочваецца, а народ чакае, што карабель не развернецца, а зачэпiцца за прычал, i ўсе стануць сведкамi катастрофы. – Дом, – цiха, самому сабе, сказаў дзед. – Капiтан – домакiраўнiк, а каманда – супрацоўнiкi домакiраўнiцтва. Можна было б i ў домакiраўнiцтвах увесцi форму з фуражкамi i чорнымi брылямi, з кукардамi i лычкамi. Толькi спачатку будзе смешна, як сустрэнеш сантэхнiка з аксельбантамi i пагонамi. – Ты паедзеш на дачу? – бацька спынiў развагi сына. – I чаму гэта я свой дом называю "дача"? Скажы, чаму я кажу "дача" на свой дом? Я ўсё жыццё працаваў, каб мець дом. Я працаваў пры ІМ i пасля ЯГО. Я зразумеў, што на свеце ёсць адзiн культ – КУЛЬТ ЗЯМЛІ. Я хацеў мець свой дом на сваёй зямлi. Я купiў дом, а цяпер называю яго "дача". Чаму? – Не выпадае мне ехаць. – Электрычнасцi там няма, але можна жыць i без электрычнасцi. – Наступнымi выхаднымi з’езджу. – Так кожны раз. А я не магу. Гэта адзiнае, што я хацеў бы зрабiць i чаго не магу. Усё ж дом надта высока ў гарах. Баюся, што не дайду. Надта высока... – Без электрычнасцi нават вентылятар не працуе. Дзед устаў з крэсла i выйшаў з веранды. Ён не пачуў сынавых слоў, бо сказаў самому сабе: – Пайду спаць. Мужчына перагарнуў старонку i пачаў чытаць. Ён адпачываў на асветленай вечаровым сонцам верандзе.
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|